ПО́РТА-ФРА́НКА, порт-франка (ад італьян. porto franco свабодны порт),

порт, горад або прыморская вобласць, у межах якіх дазваляецца свабодны, бязмытны ўвоз і вываз замежных тавараў. Прыкладам такой зоны ў 19 ст. служыла Адэса, якая на працягу 40 гадоў разам з прылеглай да яе тэрыторыяй была вылучана з агульнай мытнай тэр. Рас. імперыі. У гэтай зоне дазвалялася выгружаць, захоўваць, перапакоўваць і перапрацоўваць тавары без пошлін і абмежаванняў, пакуль іх не вывозілі ў глыб Расіі.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БСБУРГІ (Habsburger),

дынастыя, якая правіла ў Аўстрыі (1282—1918), Чэхіі і Венгрыі (1526—1918), частцы Італіі (16 ст. — 1816), у «Свяшчэннай Рым. імперыі» (пастаянна ў 1438—1806, акрамя 1742—45), Іспаніі (1516—1700), Нідэрландах. Засн., верагодна, Гунтрамам Багатым (сярэдзіна 10 ст.) з Верхняга Эльзаса. Назва ад замка Габсбург, пабудаванага каля 1020 у швейц. вобласці Ааргаў. Імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» стаў Рудольф I Габсбург (1273—91), ён замацаваў за Габсбургамі герцагства Аўстрыю і Штырыю (1282). У 1526 Габсбургі далучылі Чэхію, ч. Венгрыі, інш. тэр., сталі манархамі шматнац. дзяржавы (у 1867—1918 — Аўстра-Венгрыя). У 1556 дынастыя Габсбургаў падзялілася на 2 галіны — аўстр. і іспанскую. Панаванне ісп. Габсбургаў скончылася ў 1700, калі памёр апошні кароль Іспаніі з дынастыі Габсбургаў Карл II. Аўстр. галіна Габсбургаў абарвалася ў выніку паражэння Аўстра-Венгрыі ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. Устаноўчы сход Аўстр. рэспублікі (3.4.1919) прыняў закон аб пазбаўленні Габсбургаў усіх правоў, выгнанні іх за межы Аўстрыі і канфіскацыі ўсёй іх маёмасці. Найб. значныя прадстаўнікі: ісп. галіна — Карл V [1516—56] і Філіп II [1556—98], аўстр.Марыя Тэрэзія [1771—80], Іосіф II [1765—90], Франц Іосіф I [1848—1916].

Літ.:

Котова Е.В. Династия Габсбургов // Новая и новейшая история. 1991. № 4.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКОЕ СЛО́ВО»,

штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўна-шавіністычнага кірунку. Выдавалася з 4(17).11.1906 да 15(28).6.1912 у Мінску на рус. мове. Працягвала праграму газет «Белорусский вестник» і «Минская речь». Мела падтрымку Мін-ва ўнутр. спраў і асабіста П.​А.​Сталыпіна. Выступала супраць раўнапраўя народаў Рас. імперыі, імкнулася дыскрэдытаваць бел. нац. адраджэнне, бел. друк, адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць беларусаў, раіла выкрасліць назвы Беларусь і беларусы. Абражала бел. пісьменнікаў (Я.​Купалу, Я.​Коласа, Ф.​Багушэвіча, Цётку і інш.), бел. народ і яго мову. Заклікала губ. адміністрацыю не абмяжоўвацца рэпрэсіямі бел. дзеячаў і «Нашай нівы», а «вырваць зло ў самым корані». У шматлікіх аўтарскіх і рэд. артыкулах («Беларускі сепаратызм», «Пра кніжную беларускую мову» і інш.) патрабавала ад урада забароны бел. нац. культуры. Абвінавачвала рус. дэмакр. прэсу, творчасць М.​Горкага, Л.​Андрэева, Ф.​Салагуба, А.​Купрына і інш. у безыдэйнасці і гандлярстве. За распальванне варожасці паміж народамі Рас. імперыі губ. ўлады канфіскоўвалі асобныя нумары газеты. Праграму «М.с.» працягвалі газ. «Минское русское слово» і «Северо-Западная жизнь».

Літ.:

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СТГО́ТЫ, астраготы, грэйтунгі,

германскае племя, усх. галіна готаў. У 3 ст. насялялі Паўн. Прычарнамор’е і часткова Крым. У 375 племянны саюз О. разгромлены і падпарадкаваны гунамі. Асн. маса О. перасялілася ў Панонію. У сярэдзіне 5 ст. яны вызваліліся з-пад улады гунаў і ў 493 заснавалі ўласнае каралеўства ў Італіі са сталіцай у Равене. Сутыкнуўшыся з рым. цывілізацыяй, О. ўспрынялі значную частку яе дзярж.-прававых і сац. ін-таў. У выніку пачаўся працэс збліжэння рым. і остгоцкай знаці, якому спрыяла палітыка караля О.​Тэадорыха [493—526], Пасля смерці Тэадорыха трон заняла яго дачка Амаласунта [526—534], забойства якой антырым. апазіцыяй стала падставай для Візантыйскай імперыі ў 535 пачаць з О. вайну. У 540 візант. палкаводзец Велісарый заняў Равену і захапіў у палон караля Віцігіса [536—540]. Кароль Тоціла [541—552] працягваў вайну з пераменным поспехам да 552, але быў разбіты візант. палкаводцам Нарсесам. Да 555 супраціўленне спынілі апошнія гарнізоны О. Каралеўства О. было падпарадкавана Візантыйскай імперыі і спыніла існаванне.

Літ.:

Буданова В.П. К вопросу о формировании вестготов и остготов (по данным письменных источников) // Взаимосвязь социальных отношений и идеологии в средневековой Европе. М., 1983;

Яе ж. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 11, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫ ГУБЕРНА́ТАР,

вышэйшая службовая асоба ў губернях Расійскай імперыі ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў час ваеннага становішча. Прызначаўся імператарам, з 1846 яго мог прызначаць галоўнакамандуючы арміяй з наступным зацвярджэннем імператарам. Падпарадкоўваўся ген.-губернатару і галоўнакамандуючаму дзеючай арміяй. Нярэдка пасада ваеннага губернатара спалучалася з пасадай ген.-губернатара. Ваенны губернатар абавязаны быў ажыццяўляць нагляд за мясц. адміністрацыяй, падтрымліваць грамадскі парадак і бяспеку, падаўляць антыўрадавыя выступленні і сял. хваляванні, каардынаваць дзейнасць ваен. і цывільнай улад.

А.​У.​Марыскін.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕНТЫНІЯ́Н (І Флавій) (Flavius Valentinianus, 321, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 17.11.375),

рымскі імператар з 364. Абвясціў брата Валента Аўгустам і сваім суправіцелем ва ўсх. ч. імперыі. У 366 выгнаў алеманаў з Галіі, да 374 вёў абарончыя войны з франкамі і саксамі на Рэйнскай мяжы. У 367 зрабіў суправіцелем сына Грацыяна. Пры Валентыніяну адбыліся буйныя антырым. выступленні ў правінцыях: паўстанні Пракопія ў М. Азіі і Фракіі (365—366), Фірма ў Афрыцы (372—373).

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),

старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́ПА (Марк Віпсаній) (Marcus Vipsanius Agrippa; каля 63, Далмацыя — 12 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч, паплечнік Аўгуста. Консул у 37, 28 і 27. Атрымаў перамогі каля Перузіі ў 40 да н.э., у марскіх бітвах каля Мілаў у 36 над Секстам Пампеем, каля мыса Акцый 2.9.31 над Клеапатрай і Антоніем. Фінансаваў буд-ва ў Рыме Пантэона, водаправода, тэрмаў і інш. Пад яго кіраўніцтвам праведзена геад. здымка ўсёй Рым. імперыі, на аснове якой складзена карта свету.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСАРА́БІЯ,

гістарычная вобласць паміж рэкамі Днестр і Прут. У 10—11 ст. у Кіеўскай Русі, потым у Галіцка-Валынскім княстве. З 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. пад уладай Турцыі. З 1812 у складзе Расійскай імперыі, з 1918 — Румыніі. У 1940 паводле «Пакта Рыбентропа—Молатава» 1939 уключана ў СССР. У 1941 захоплена войскамі Германіі і Румыніі, перададзена пад кантроль рум. улад. У 1944 вызвалена Чырв. Арміяй. Асн. частка Бесарабіі — тэр. Малдовы, паўд. частка — у Адэскай вобл. Украіны.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБЕРНА́ТАР (ад лац. gubernator правіцель),

1) у некаторых сучасных дзяржавах вышэйшая службовая асоба тэрытарыяльнай адзінкі. Напр., у ЗША губернатар — кіраўнік выканаўчай улады штата, у Вялікабрытаніі губернатар — службовая асоба, якая ўзначальвае кіраванне калоніяй, у Рас. Федэрацыі губернатар — пасада кіраўнікоў некат. абл. адміністрацый.

2) У Рас. імперыі вышэйшая службовая асоба (начальнік) губерні. Пасада ўведзена ў 1708, на Беларусі ў 1772. Прызначаўся царом па прадстаўленні міністра ўнутр. спраў з вышэйшых колаў дваранства. Пасада скасавана пасля Лют. рэв. 1917.

В.​В.​Швед.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)