рэлігійна-філасофскае вучэнне, пашыранае ў Шры-Ланцы і Індыі. Узнікла ў Індыі каля 6 ст. да н.э. Заснавальнікам лічыцца Вардхамана, празваны Джынай (пераможцам). Джайны пакланяюцца сваім паўміфічным прарокам як божаствам. Паводле вучэння Дж., не існуе адзінага бога-творца, сусвет бясконцы і нікім не створаны, усе істоты маюць жыватворчы пачатак — душу. Вял. значэнне надаецца прынцыпу ахімсы — непрычыненню зла жывому. У чалавека вызначаюцца 2 сутнасці: матэрыяльная (цела) і духоўная (душа). Выратавання і вечнай асалоды можа дасягнуць толькі той, хто верыць у ісціннасць вучэння, выконвае правілы, выпрацаваныя ў Дж., маўкліва скараецца лёсу. Існуюць 2 асн. кірункі Дж.: дыгамбары (адмаўляюцца ад усіх спакус жыцця) і шветамбары (прапаведуюць менш строгі падыход да жыцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХА́ГАР (Ahaggar), Хогар,
пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУНТ (Wundt) Вільгельм (16.8.1832, г. Мангейм, Германія — 31.8.1920),
нямецкі псіхолаг, фізіёлаг, філосаф, мовавед. Адзін са стваральнікаў эксперыментальнай псіхалогіі (у 1879 у Лейпцыгу заснаваў першую ў свеце лабараторыю эксперым. псіхалогіі, пазней пераўтвораны ў ін-т). Лічыў, што ў галіне свядомасці дзейнічае асаблівая псіхічная прычыннасць, а паводзіны вызначаюцца аперцэпцыяй. Вылучаў 3 ступені працэсу пазнання: пачуццёвае пазнанне паўсядзённага жыцця; разважнае пазнанне асобных навук, якія ўяўляюць сабой толькі розны пункт погляду на адзін і той жа прадмет даследавання; разумнае пазнанне — філас. сінтэз розных ведаў, якім займаецца «метафізіка». Прадмет метафізікі — быццё — вызначаў як сістэму духоўных, надзеленых воляй каштоўнасцей. Яго «Псіхалогія народаў» (т. 1—10, 1900—20) — адна з першых спроб даследавання этнапсіхалогіі — змяшчае псіхал. тлумачэнне міфаў, рэлігіі, мастацтва і інш. з’яў культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎКІ,
сумесі газаў, якія ўтвараюцца пры перапрацоўцы нафты на нафтаперапрацоўчых заводах. Састаў залежыць ад працэсу перапрацоўкі (перагонка, тэрмічны і каталітычны крэкінг, каксаванне, каталітычны рыформінг, гідракрэкінг).
Газы нафтаперапрацоўкі маюць насычаныя і ненасычаныя, у асн. нізкамалекулярныя вуглевадароды (малекулы з 1—4 атамамі вугляроду), а таксама вадарод, серавадарод і невялікую колькасць арган. злучэнняў серы. На ўстаноўках першаснай перагонкі атрымліваюць нязначную колькасць раствораных у нафце (1—1,2% ад масы нафты) газападобных вуглевадародаў. Газы крэкінгу і каксавання маюць даволі многа алкенаў (напр., газы каксавання прыкладна маюць у сабе этылену 5, прапілену 6, бутану 4, ізабутэну 1% па масе). Газ каталітычнага рыформінгу мае толькі насычаныя вуглевадароды і да 60% (па аб’ёме) вадароду. Выкарыстоўваюць як паліва і сыравіну для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЎЛЯ́НКІ.
пацешкі, кароткія вершаваныя прыгаворы або песенькі, якімі забаўляюць і суцяшаюць дзіця; жанр дзіцячага фальклору. З. ўзбуджаюць у дзіцяці эмоцыі, прывучаюць да першых самастойных рухаў, знаёмяць з навакольным светам. Умоўна падзяляюцца на звязаныя з рознымі гульнёвымі рухамі («Ладачкі») і на творы, якія пацяшаюць толькі гучаннем («Ходзіць бай па сцяне»). Як і ў калыханках, у іх яскрава выяўляецца імправізацыі. Часцей сустракаюцца дыялагічныя і апавядальныя З., насычаныя экспрэсіўна-эмац. лексікай, рэфрэнамі, у іх шмат гукапераймальных і дзіцячых слоў, пры гэтым асн. сэнсавая нагрузка прыпадае на дзеяслоўныя формы. Канкрэтнасць адлюстравання абумовіла вобразныя сродкі паэт. мовы; эпітэты па знешняй прыкмеце, гіпербалы, літоты і інш., сустракаюцца элементы алегорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНО́Н (лац. Xenon),
Xe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 54, ат. м. 131,29; адносіцца да інертных газаў. Прыродны К. (вылучаны з паветра) складаецца з 9 ізатопаў, найб. колькасць (у % па аб’ёме): 129Xe (26,44%), 131Xe (21,18%), 132Xe (26,89%). У атмасферы 0,8610−5% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 (гл.Крыптон), названы ад грэч. xenos — чужы.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп-108,1 °C, шчыльн. 5,85 кг/м³ (0 °C). Першае злучэнне інертных газаў XePtF6 атрымаў амер. хімік Н.Бартлет (1962). Непасрэдна К. узаемадзейнічае толькі з фторам, утварае фтарыды XeF2, XeF4, XeF6, з якіх атрымліваюць інш.хім. злучэнні. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, магутных газаразрадных і імпульсных крыніц святла; фтарыды — як моцныя акісляльнікі і для фтарыравання ў неарган. і арган. сінтэзах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЯ́РНЕР (Kärner) Яан (27.5.1891, Тартускі р-н, Эстонія — 3.4.1958),
эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1946). Вучыўся ў нар. ун-це А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1911—12). Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў — «Цені зорак» (1913). У 1930-я г. выступаў як паэт-антыфашыст (кн. «Запальваючы словам», 1936). Аўтар кніг пейзажнай, інтымнай і грамадз. лірыкі «Песні часоў» (1921), «Месяц жніва» (1925), «З пройдзеных дарог» (1939), «Загад Радзімы» (1943), «Нянавісць, толькі нянавісць» (1944), вершаванага рамана «Біянка і Руф» (1923) і інш.Найб. значныя раманы: сац.-псіхал. «Жанчына з беднага свету» (1930), гіст. «Народ, які ўздымаецца» (кн. 1—2, 1936—37), аўтабіягр. «Гарады мільгаюць па начах» (ч. 1, 1939) і інш. Пісаў п’есы, літ.-крытычныя артыкулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБРЭ́ТА (італьян. libretto літар. кніжачка),
1) славесны тэкст муз.-драм. твора (оперы, аперэты; раней таксама кантаты і араторыі). Будуецца на паслядоўным сюжэтным развіцці дзеяння, пішацца пераважна вершамі, радзей прозай (часцей у дыялогу). Л. — літ.драм. аснова оперы і не разглядаецца яксамаст.маст. твор. Слова ў ім набывае поўную сілу ўздзеяння толькі ў адзінстве з музыкай. Задума Л., а часам і драматургічны сцэнарны план (сцэнарый) часта належаць кампазітару. Некаторыя кампазітары пішуць Л. сваіх твораў. Можа быць арыгінальным паводле тэмы, але часцей грунтуецца на сюжэтах і вобразах маст. л-ры ці нар. творчасці. Муз. інтэрпрэтацыя драм. тэксту абумоўлівае пераасэнсаванне кампазітарам і лібрэтыстам літ. першакрыніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НГЕЙМ (Mannheim) Карл (27.3. 1893, Будапешт — 9.1.1947),
нямецкі філосаф і сацыёлаг; адзін са стваральнікаў сацыялогіі ведаў. Вучыўся ва ун-тах Будапешта, Фрайбурга, Гайдэльберга, Парыжа. З 1919 у Германіі, з 1933 у Вялікабрытаніі. Лічыў, што грамадскае быццё ўключае рэальныя жыццёвыя дамінанты, якія вызначаюць стыль эпохі (напр., рэлігія ў сярэднявеччы), і не зводзіцца толькі да эканам. адносін вытв-сці. Паводле М., любая ідэалогія — гэта апалогія існуючага ладу, тэарэтызаваныя погляды класа, які дамогся ўлады і зацікаўлены ў яе захаванні. «Ідэалогіям» заўсёды супрацьстаяць «утокі», або погляды апазіцыйных, прыгнечаных класаў, сац. груп, якія імкнуцца да сац. рэваншу і з’яўляюцца такімі ж неаб’ектыўнымі, як і ідэалогіі (гл.Дэідэалагізацыя). Даследаваў праблемы выхавання, сацыялізацыі асобы, гіст. сацыялогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЬ НА БО́ЖЫ ЧАС»,
«Паўстанцкая песня», бел. агітацыйны вершаваны твор перыяду паўстання 1863—64. Магчыма, напісаны Ф.Ражанскім. Надрукаваны лацінкай у падп. друкарні ў выглядзе лістоўкі; распаўсюджваўся таксама ў рукапісе. Задуманы як масавая песня, мае памету «На матыў: I шуміць, і гудзіць». Складаецца з 24 радкоў; у творы выкарыстоўваюцца традыц. для фалькл. песеннай паэтыкі воклічы і паўторы, у змесце прасочваецца ўплыў ідэй К.Каліноўскага. Насуперак пашыраным тады ў вызв. руху салідарысцкім тэндэнцыям «П.п.» заклікала да барацьбы не толькі з царызмам, але і з памешчыкамі. Твор прасякнуты гіст. аптымізмам, верай у бязмежныя сілы ўзбр. народа, у шчаслівы зыход паўстання.
Публ.:
У кн. — Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.:
Кісялёў Г. Стары сшытак // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.