нямецкі юрыст, заснавальнік гістарычнай школы права. Праф. Гётынгенскага ун-та. Аўтар шэрагу навук. прац па праве. Першы абвясціў ідэю самабытнага развіцця права і супастаўляў яго з развіццём мовы і нораваў народа. Задачай права лічыў зацвярджэнне пэўнага і трывалага парадку ў краіне, абараняў непарушнасць усякага станоўчага права. Гал. довадам захавання права лічыў тое, што яно ўжо існуе і што «людзі да яго прывыклі». Сваё вучэнне называў філасофіяй станоўчага права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗО́НЫ, бозе-часціцы. 1) мікрачасціцы, якія падпарадкоўваюцца Бозе-Эйнштэйна статыстыцы. Да іх адносяцца фатоны, α-часціцы, π-мезоны, ат. ядры з цотным лікам нуклонаў і інш. 2) Элементарныя ўзбуджэнні ў макраскапічнай сістэме, т.зв.квазічасціцы (феноны ў цвёрдым целе, эксітоны ў паўправадніках і малекулярных крышталях). Базоны маюць нулявы або цэлы спін, што адрознівае іх ад ферміёнаў. Характэрная асаблівасць базонаў — адвольная іх колькасць у пэўным квантавым стане, што дае магчымасць растлумачыць з’явы звышправоднасці і звышцякучасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНІТРЫФІКА́ЦЫЯ (ад дэ... + нітрыфікацыя),
працэс аднаўлення нітратаў у глебе, вадзе і інш. субстратах да малекулярнага азоту. Адрозніваюць Д. прамую, якая ажыццяўляецца факультатыўна-анаэробнымі мікраарганізмамі — дэнітрыфікатарамі, і ўскосную, пры якой адбываецца хім. ўзаемадзеянне нітратаў з амінійнай соллю, амінамі ці амідамі, што суправаджаецца выдзяленнем газападобнага азоту. Найб. інтэнсіўна Д. ідзе ў глебах з высокай вільготнасцю і дрэннай аэрацыяй, што з’яўляецца адной з асн. прычын страты з глебы мінер. азоту і зніжэння каэфіцыента выкарыстання раслінамі азотных угнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТА-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання (спектра) электронаў ці пазітронаў, што ўтвараюцца пры бэта-распадзе, а таксама электронаў, якія вылучаюцца рэчывам пры ўздзеянні на яго іанізавальных выпрамяненняў.
Асн. характарыстыкі бэта-спектрометра: раздзяляльная здольнасць (найменшая розніца ў энергіі электронаў, якая можа быць зарэгістравана) і святласіла (адносіны колькасці электронаў, што папалі ў дэтэктар, да ўсёй колькасці электронаў дадзенай энергіі, якія вылучаны крыніцай). Здабытак святласілы на плошчу крыніцы электронаў наз. свяцільнасцю: чым яна большая, тым больш адчувальны бэта-спектрометр. Адрозніваюць бэта-спектрометры, што вымяраюць энергію электронаў па выніку іх уздзеяння на рэчыва (іанізацыйныя камеры, сцынцыляцыйныя лічыльнікі, паўправадніковыя дэтэктары), і бэта-спектрометры, якія прасторава раздзяляюць электроны розных энергій у эл. і магн. палях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,
прылада для вызначэння дзённага часу па Сонцы; адзін з найб. старажытных гадзіннікаў. Па ценю, што адкідваецца пласцінай (стрыжнем) на цыферблат, вызначаецца сапраўдны сонечны час з дакладнасцю некалькіх мінут. Вядомы з 3-га тыс.дан.э.; у наш час выкарыстоўваецца ў дэкар. мэтах (для ўпрыгожвання садоў, паркаў), аднаўляецца ў гіст. месцах.
Адрозніваюць С.г. экватарыяльныя (плоскасць цыферблата паралельная плоскасці нябеснага экватара), гарызантальныя (цыферблат гарызантальны) і вертыкальныя (цыферблат вертыкальны, размяшчаецца звычайна на сценах збудаванняў). Ва ўсіх тыпах С.г. стрыжань (край пласціны), што адкідвае цень, арыентаваны паралельна восі свету і перасякае цыферблат у яго цэнтры; дзяленне цыферблата, адпаведнае поўдню, знаходзіцца ў плоскасці мерыдыяна, што праходзіць праз гэты цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСЦЭНДЭ́НТНАЕ,
тое, што выходзіць за межы пачуццёвага вопыту і эмпірычнага пазнання; прадмет метафізічнага і рэлігійнага пазнання. Тэрмін «Т.» ўведзены ў сярэдневяковай схаластыцы як супрацьлеглы іманентнаму. Гнасеалагічнае значэнне гэтаму паняццю надаў І.Кант, які тлумачыў Т. як тое, што выходзіць па-за межы чалавечага розуму і тэарэт. пазнання і становіцца прадметам веры (напр., Бог, бессмяротнасць душы і інш.), і супрацьпастаўляў Т. і трансцэндэнтальнае. У крытычнай анталогіі (Н.Гартман), крытычным рэалізме (Дж.Сантаяна), неакантыянстве пад Т. разумеюцца прадметы, незалежныя ад волі і свядомасці суб’екта і недаступныя пазнанню. У рэліг. філасофіі 20 ст. (неатамізм, рэліг. экзістэнцыялізм) да Т. адносіцца ўсё звышнатуральнае, што выходзіць па-за межы пазнавальных магчымасцей чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖЫ́ВІКА (санскр.),
адно з неартадаксальных стараж.-індыйскіх вучэнняў, якое адмаўляла існаванне душы. Заснавальнікам аджывікі па традыцыі лічаць мудраца Маркалідэка (6—5 ст.дан.э.). Паводле вучэння аджывікі, існуюць 4 разнавіднасці атамаў, з якіх пабудаваны 4 стыхіі прыроды: зямля, вада, агонь і паветра; «жыццё» ёсць тое, што ўспрымае і пазнае спалучэнні атамаў. Разнавіднасці атамаў і жыццё ўтвараюць 5 існасцяў, якімі вычэрпваецца ўсё існуючае. Свядомасць уяўляецца як асобны агрэгат звыштонкіх атамаў, што ўваходзяць у «канфігурацыю жыцця»; атамы вечныя, непадзельныя, нікім не створаныя і незнішчальныя. Аджывіка выступала пераважна як матэрыяліст. вучэнне, якое процістаяла стараж.-інд. рэлігіі і філасофіі брахманізму. У Паўн. Індыі аджывіка злілася з дагматызмам і вішнуізмам, у паўд. Індыі існавала да 14—15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТАРЭ́СУ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у сучаснай зах.аксіялогіі і этыцы, блізкі дапрагматызму. Узнікла ў 1920-я г. ў межах натуралізму. Яе прыхільнікі — Р.Перы, Д.Паркер (ЗША), Ф.Тэнант (Англія) і інш. — выяўляюць значэнне для чалавека прадметаў і з’яў рэчаіснасці (іх каштоўнасць, у т. л. і маральную), зыходзячы з суб’ектыўных адносін да іх чалавека, яго інтарэсу. Сам інтарэс разумеецца чыста псіхалагічна — як жаданне, схільнасць, прыязнасць, сімпатыя, любоў (ці наадварот, агіднасць, антыпатыя, нянавісць), якія адчуваюць людзі. Маральнасць разумеецца як сродак узгаднення і прымірэння прыватных інтарэсаў, дабро — як тое, што адпавядае макс. суме індывід. інтарэсаў, а доўг — як задавальненне найб. колькасці жаданняў і імкненняў, што існуюць у дадзеным грамадстве (гл.Утылітарызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́ЦКІЯ СЯЛЯ́НЕ, «гарадскія» сяляне,
катэгорыя сельскага феад.-залежнага насельніцтва, прыпісанага да маёнткаў, што належалі гарадам; існавала ў 15—19 ст. пераважна ў зах. частцы Беларусі. Гарадское землеўладанне склалася ў 15—16 ст. шляхам куплі магістратамі маёнткаў у прыватных асоб, што пацвярджалася прывілеямі вял.кн.ВКЛ. Такія правы атрымалі Брэст (1408), Гродна (1502 і 1506) і інш. У 1611 сейм Рэчы Паспалітай забараніў гарадам набываць маёнткі, М.с. атрымлівалі ў карыстанне зямлю і адбывалі за гэта паншчыну ці плацілі аброк. У 19 ст. некаторыя гар. думы прыцягвалі іх да выканання грамадскіх павіннасцей па прыбіранні вуліц, рамонце мастоў і інш. Пасля 6-й рэвізіі (1811) сяляне гар. вёсак абкладаліся падушным падаткам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАСТА́ЦТВА ДЗЕ́ЛЯ МАСТА́ЦТВА»,
«чыстае мастацтва», назва шэрагу эстэтычных канцэпцый, што грунтуюцца на сцвярджэнні самакаштоўнасці маст. творчасці і яе незалежнасці ад грамадскага жыцця. Філас. аснова гэтай канцэпцыі — вучэнне І.Канта, які абвясціў «чысты» характар эстэтыкі, вольны ад маралі і палітыкі. У тэорыю аформілася да сярэдзіны 19 ст. ў Францыі, распаўсюдзілася ў еўрап. і інш. краінах. Сярод прадстаўнікоў «М. дзеля м.» С.Малармэ, Т.Гацье (Францыя), П.Аненкаў, А.Майкаў, А.Бенуа (Расія) і інш. З крытыкай тэорыі «М. дзеля м.» і яе практыкі, што ігнаравала грамадскую праблематыку ў маст. творчасці, выступалі рус.рэв. дэмакраты, марксісты. Прыхільнікі «М. дзеля м.» ідэалізуюць эстэтыку мінулага, далучаюцца дафармаліст. плыней (абстракцыянізм, акмеізм, дэкадэнцтва, кубізм, сімвалізм, фармалізм).