ПА́РКЕР ((Parker) Роберт) (н. 24.5.1934, г. Шросберн, штат Масачусетс, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р навук па астраноміі (1962). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1962). З 1967 у групе касманаўтаў НАСА. Дырэктар офіса НАСА у Лабараторыі рэактыўнага руху. Удзельнічаў у забеспячэнні палётаў па праграмах «Апалон» і «Скайлэб». 28.11—8.12.1983 і 2—11.12.1990 здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў «Спейс шатл» («Калумбія»). Правёў у космасе 19,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя навуковыя дасягненні», «За выдатнае кіраўніцтва».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУМІПО́Н АДУЛЬЯДЭ́Т, Рама IX (н. 5.12.1927, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША),

кароль Тайланда. Сын аднаго з прынцаў з каралеўскай дынастыі Чакры. Да 1945 жыў з бацькамі ў ЗША і Швецыі. У 1946 заняў прастол Тайланда пасля смерці свайго старэйшага брата. У 1950 каранаваўся каралём пад імем Рама IX. Прымае актыўны ўдзел у паліт. жыцці краіны, прыхільнік мадэрнізацыі на зах. ўзор, шмат зрабіў для ажыццяўлення рэформ, якія спрыялі хуткаму эканам. росту Тайланда і ўсталяванню ліберальнага парламенцкага рэжыму.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРДС ((Richards) Дзікінсан) (30.10.1895, г. Орындж, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.2.1973),

амерыканскі кардыёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Іельскі (1917) і Калумбійскі (1922) ун-ты. У 1945—61 кіраўнік мед. аддзела ў шпіталі Белв’ю ў Нью-Йорку. Навук. працы пра дзейнасць сэрца ва ўмовах траўматычнага шоку, па распрацоўцы і ўдасканаленні метадаў даследавання функцый сэрца і лёгкіх у норме і паталогіі; адзін з аўтараў метаду катэтарызацыі сэрца. Нобелеўская прэмія 1956 (разам з А.Ф.Курнанам, В.Форсманам).

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКЕ́ЙРА ((Siqueira) Жазе) (24.6.1907, Кансейсан, штат Параіба, Бразілія — 1985),

бразільскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыі ў Рыо-дэ-Жанейра, у Сарбоне (Парыж). Праф. Нац. муз. школы. Адзін з заснавальнікаў (1940) і маст. кіраўнік (да 1948) Бразільскага сімф. аркестра. Для яго твораў характэрны яркі нац. каларыт, шырокае выкарыстанне муз. фальклору: балет «Карнавал у Рэсіфі» (1947), опера «Спагадлівая» (1960), араторыя «Кандомбле» (1958), 3 сімфоніі (усе 1951), «4 індзейскія паэмы» (1944), кантаты, інстр. канцэрты і інш. Аўтар муз. дапаможнікаў і падручнікаў.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙОРК (New York),

штат на ПнУ ЗША. Пл. 127,2 тыс. км². Нас. 18137 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Олбані. Найб. гарады і прамысл. цэнтры — Нью-Йорк і Буфала. Большая ч. тэр. занята адгор’ямі Апалачаў. На в-ве Лонг-Айленд, каля воз. Антарыо і ўздоўж р. Св. Лаўрэнція — нізіны. Клімат умераны, марскі. Сярэднямесячныя т-ры паветра на нізінах ад 0 °C (студз.) да 23 °C (ліп.). Ападкаў 800—1000 мм за год. Гал. р. Гудзон, у ніжнім цячэнні даступная марскім суднам. Пад хваёвымі і мяшанымі лясамі каля 25% тэрыторыі. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па аб’ёмах прадукцыі апрацоўчай прам-сці, банкаўскіх укладаў, гандл. абаротаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн., электронная, оптыка-механічная, інструментальная, выраб навук. апаратуры, авіяракетная, судна- і прыладабудаванне; швейная, паліграф., чорная і каляровая металургія, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, харч., гарбарна-абутковая, ювелірная. Выраб спарт. абсталявання і цацак. Здабыча цынкавай і жал. руды, буд. матэрыялаў. Лесанарыхтоўкі. Марское рыбалоўства. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. На в-ве Лонг-Айленд вырошчваюць бульбу і агародніну, на ўзбярэжжах азёр Эры і Антарыо — вінаград і фрукты (яблыкі, ігрушы, вішні). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

На тэр. Н.-Й., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны іракезаў, першыя еўрапейцы з’явіліся ў 1524. У 1614 галандцы засн. тут гандл. факторыю. У 1621 кіраванне гэтай тэр. атрымала галандская Зах.-інд. кампанія, якая заснавала калонію Новыя Нідэрланды са сталіцай Новы Амстэрдам. У 1664 калонію захапілі англічане і перайменавалі яе і сталіцу ў Н.-Й. У 17 і 18 ст. за валоданне гэтай тэр. ваявалі англічане і французы, паступова выцясняючы індзейцаў на 3. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 тэр. Н.-Й. была ахоплена ваен. дзеяннямі, у іх ліку бітва 1777 пад Саратогай, аблога г. Нью-Йорк. У 1788 Н.-Й. ратыфікаваў канстытуцыю ЗША і ўвайшоў у склад федэрацыі як штат-заснавальнік. З 1-й пал. 19 ст. пачалося інтэнсіўнае эканам. развіццё штата, значны наплыў імігрантаў з Еўропы.

т. 11, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРА́ДА (Colorado),

штат на З ЗША. Уваходзіць у групу Горных штатаў. Пл. 269,6 тыс. км², нас. 3822,7 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — г. Дэнвер. Буйныя гарады: Каларада-Спрынгс, Арора, Боўлдэр, Пуэбла, Форт-Колінс. Гар. насельніцтва каля 80%.

Сярэднюю ч. штата займаюць хрыбты Скалістых гор (найб. выш. 4399 м, г. Элберт). На У — плато Вял. раўнін, на З — плато Каларада. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. на раўнінах і плато 0—4 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рэкі: Каларада (верхняе цячэнне), Арканзас, Саўт-Плат. Расліннасць на У стэпавая, на З паўпустынная, у гарах хваёвыя лясы. Нац. паркі: Меса Вердэ (уключаны ў Спіс сусв. спадчыны ЮНЕСКА), Рокі-Маўнтын і інш. К. — індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, прыроднага газу, урану, каляровых металаў (Клаймакс — буйнейшы ў свеце малібдэнавы руднік). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць навукаёмістыя галіны: авіяракетная, радыёэлектронная (ЭВМ і інш. абсталяванне), маш.-буд. (прылада- і аўтамабілебудаванне, вытв-сць прамысл. абсталявання), металаапр., хім., гумаватэхн., паліграф., харчовая. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 3,2, свіней — 0,63, свойскіх птушак — 4,1. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, бульбу, сланечнік, сорга, сеяныя травы. Садоўніцтва і агародніцтва. Чыг. і аўтамаб. транспарт. Міжнар. аэрапорт. Значныя даходы прыносіць турызм (6,4 млрд. дол.).

М.​С.​Вайтовіч.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСІСІ́ПІ (Mississippi),

штат на Пд ЗША, на левым беразе р. Місісіпі, на Пд абмываецца Мексіканскім залівам. Пл. 123,6 тыс. км². Нас. 2730,5 тыс. чал. (1997). Адм. ц., найб. горад і прамысл. цэнтр — Джэксан. Большая ч. паверхні — нізінная, месцамі забалочаная раўніна, якую перасякаюць шматлікія прытокі р. Місісіпі. На Пн — узгоркі выш. да 246 м. Клімат субтрапічны вільготны. Т-ра паветра ў студз. каля 8 °C, у ліп. каля 30 °C. Штогод выпадае больш за 1 тыс. мм ападкаў. Пад лесам каля палавіны тэрыторыі. На Пн — лісцевыя лясы, на Пд — лясы з доўгаіглістай хвоі, на ўзбярэжжы Мексіканскага зал. — зараснікі балотнага кіпарысу. М. — індустр.-агр. штат. У прам-сці гал. роля належыць вытв-сці хімікатаў і пластмас, харч. прадуктаў, дрэваапрацоўцы, эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванню (у т. л. рачное і марское суднабудаванне), тэкст. і швейнай галінам. Здабыча нафты (каля 10 млн. т штогод), прыроднага газу, цэм. сыравіны, інш. буд. матэрыялаў. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне бавоўніку, рысу, соі. Меншае значэнне маюць кукуруза, пшаніца, цукр. трыснёг. Гадуюць (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 1300, свіней — 240, птушку — 11 100. Вытв-сць бройлераў. Лесанарыхтоўкі (хвоя, дуб, пароды з цвёрдай драўнінай). Марское і рачное рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі і рачны.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕБРА́СКА (Nebraska),

штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас. р. Місуры. Пл. 200,3 тыс. км². Нас. 1662,7 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — г. Лінкальн, найб. горад Омаха. Большая ч. тэр. штата ў межах Вялікіх раўнін, на З адгор’і Скалістых гор (выш. да 1654 м). Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія месячныя т-ры ад -5 °C у студз. да 24 °C у ліпені. Ападкаў 450—700 мм за год. Найб. рэкі Наябрэра і Плат (прытокі р. Місуры), выкарыстоўваюцца на арашэнне. Характэрна натуральная травяністая расліннасць прэрый. У гарах на З хваёвыя лясы (пл. каля 3 тыс. км²). Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 27,4 млрд. кВт∙гадз (1998). Працуюць ЦЭС на каменным вугалі і АЭС. Гал. галіны прам-сці: харч. (мясакансервавая, мукамольная, масларобная, цукровая), маш.-буд. (с.-г., транспартнае, выраб эл. і электроннага абсталявання), паліграф., хім. (вытв-сць угнаенняў), каляровая металургія. Больш як ​2/3 кошту таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі дае жывёлагадоўля, пераважна мяснога кірунку. Гадуюць (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 6700, свіней — 3600, авечак — 100. Птушкагадоўля (у 1997—12,1 млн. курэй, 2,3 млн. бройлераў). Вырошчваюць кукурузу, сорга, сою, сеяныя травы, пшаніцу, фасолю, авёс, бульбу, цукр. буракі. Значная частка с.-г. зямель арашаецца. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНД ((Brand) Вэнс) (н. 9.5.1931, Лонгмант, штат Каларада, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Каларадскі ун-т (1953). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА 15—25.7.1975 з Т.​Стафардам і Д.​Слейтанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» па праграме ЭПАС, 11—16.11.1982 з Р.​Овермаерам, Дж.​Аленам, У.​Ленуарам — палёт на шматразовым касм. караблі «Спэйс Шатл» («Калумбія»), 3—11.2.1984 з Р.​Гібсанам, Р.​Мак-Нэрам, Б.​Мак-Кандлесам, Р.​Сцюартам — палёт на касм. караблі «Спэйс Шатл». Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДАЛ ((Vidal) Гор) (н. 3.10.1925, Вест-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі пісьменнік. Аўтар раманаў «Уіліва» (1946), «Юліян Адступнік» (1964), «Стварэнне» (1981), «Галівуд» (1990) і інш.; п’ес «Візіт на малую планету» (1956), «Вечар з Рычардам Ніксанам» (1972). Піша кіна- і тэлесцэнарыі, эсэ і крытычныя артыкулы. Перавагу аддае маст. асэнсаванню гіст. асоб і падзей. Дакументальны пачатак спалучае з сац. аналізам, гіст. стылізацыю — з сатырай, псіхалагізм — з натуралістычнымі тэндэнцыямі.

Тв.:

Рус. пер. — Вице-президент Бэрр. М., 1977;

Юлиан. СПб., 1994.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)