КА́НДАЛЬ-ЯЛО́ВЕЦ-ВО́ЛЬХАВА,

балота ў Лельчыцкім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл. ў вадазборы р. Прыпяць, паміж ніжнімі цячэннямі р. Убарць на У і канавы Крушынная на 3. Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 27,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 21,5 тыс. га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,5 м. На балоце лес з хвоі і бярозы. Ёсць рэдкія рэліктавыя расліны (сальвінія плывучая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх, рададэндран жоўты). На У балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць, зах. ч. ў межах нац. парку Прыпяцкі.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПА АГРАХІМІ́ЧНЫМ АБСЛУГО́ЎВАННІ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ (Белсельгасхімія) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Створана ў 1979. Мае абл. і раённыя аб’яднанні. Забяспечвае вытворцаў с.-г. прадукцыі мінер. ўгнаеннямі, хім. і біял. сродкамі аховы раслін, меліярантамі глебы, кармавымі дабаўкамі, інш. хім. прадуктамі для раслінаводства і жывёлагадоўлі. Арганізуе нарыхтоўку торфу і сапрапеляў, выконвае па дагаворах аграхім. работы па ўнясенні аргана-мінер. угнаенняў, вапнаванні кіслых глебаў, апрацоўцы пасеваў с.-г. культур хім. і біял. сродкамі аховы раслін, паляпшэнні зямель, павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў. Прадстаўляе ўстановам і арг-цыям платныя кансультатыўныя, пасрэдніцкія і інш. паслугі.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́ТАЎ (Барыс Аляксандравіч) (н. 1.4.1938, г. Арэхава-Зуева, Расія),

бел. вучоны ў галіне тарфяной вытв-сці. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1979). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1960). З 1977 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па праблемах мадэлявання, мадэм. апісання і аптымізацыі тэхнал. працэсаў распрацоўкі радовішчаў торфу з улікам рэсурсазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар падручніка «Тэхналогія і комплексная механізацыя тарфяной вытворчасці» (1988, з В.​А.​Нікіфаравым) і інш. вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Моделирование и оптимизация процессов брикетного производства. М., 1976;

Математические методы в торфяном производстве. М., 1991 (разам з У.​Дз.​Капёнкіным).

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАЎСКІ МОХ,

балота ў Беларусі, у Пухавіцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобласці. У вадазборы рэк Шаць і Асачанка (прытокі Пцічы). Пераважна нізіннага (49%) і вярховага (46%) тыпаў. Пл. 7,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6 тыс. га. Магутнасць торфу да 10,5 м, сярэдняя 3,1 м. Першапачатковыя запасы 32,1 млн. т. На балоце ёсць невял. азёры, на У прымыкае Сяргееўскае воз. Торф ускраінных участкаў прыдатны на подсціл с.-г. жывёле. На пл. 1,5 тыс. га у торфе павышаная колькасць бітуму. Участкі, на якіх торф выпрацаваны, выкарыстоўваюцца як сенажаці. Трапляюцца сухадольныя лугі агульнай пл. 0,6 тыс. га, хваёвы лес.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЧЫ, Галае балота, Баркі,

балота на ПнУ Навагрудскага, Пн Карэліцкага, Пд Іўеўскага р-наў Гродзенскай вобл. і ПнЗ Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., у вадазборы р. Нёман і яго прытокаў — р. Сэрвач, каналаў Жоўта-Нёманскі і Шубіна-Нёманскі. Нізіннага тыпу. Пл. 17,5 тыс. га. у межах прамысл. пакладу 8,7 тыс. га. Глыб. торфу да 4,5 м, сярэдняя 1,7 м. Ёсць сапрапель. Асушаная ч. выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважаюць балотныя алешнікі і бярэзнікі, месцамі драбналессе з хвоі, на глебе асокі і сфагнавыя імхі. Паўн. ч. балота ў межах Налібоцкіх лясоў.

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБА́ТАЎ (Ігар Міхайлавіч) (13.3.1905, Масква — 19.10.1969),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1949). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1954 у БСГА. Навук. працы па біяхіміі глебы і торфу; вывучаў фізіял. дзеянне глеб на працэсы росту, фотасінтэзу раслін.

Тв.:

К вопросу о природе гумуса почв и торфов (разам з Е.​І.​Двойнішнікавай, В.​Ф.​Курбатавай) // Тр. Белорусской с.-х. академии. 1959. Т. 32, вып. 1;

Современные представления о природе гумуса и его роли в жизни почв и растений // Вопросы биологической активности почвы. Горки, 1968.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ЛЕС,

нізіннае балота на Пд Кобрынскага (24,4 тыс. га) і Драгічынската (15,7 тыс. га) р-наў Брэсцкай вобл., у вадазборы Дняпроўска-Бугскага канала і р. Мухавец. Пл. 40,1 тыс. га, у межах прамысл. пакладаў 24,8 тыс. га. Глыб. торфу да 5,6 м, вял. плошчу займаюць забалочаныя мінер. глебы і мелказалежныя тарфянікі. Месцамі ёсць сапрапель і мергель магутнасцю да 3 м. На неасушаных землях пераважае хмызняк і драбналессе з вярбы, вольхі, бярозы; травяное покрыва пераважна з асок. Балота падзелена пясчанымі градамі (агульная пл. 1,2 тыс. га) на некалькі масіваў. Асобныя грады пад лесам з вольхі і бярозы, хмызняком з ляшчыны і вярбы, месцамі ворыва.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́ЙКА (Фёдар Аляксандравіч) (21.2.1908, Мінск — 29.4.1970),

бел. вучоны ў галіне механікі тарфяных машын. Чл.-кар. АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—1961), д-р тэхн. н. (1949), праф. (1950). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1932). Працаваў у Маскве, у 1938—41 і з 1949 у Ін-це торфу АН Беларусі, з 1949 адначасова ў БПІ. Навук. працы па прыкладной механіцы, разліку тарфяных машын і с.-г. тэхнікі, па тэорыі пластычнасці, кантактавай трываласці. Стварыў матэм. тэорыю трэння, спрошчаную тэорыю дакладнасці механізмаў.

Тв.:

Колесный и гусеничный ход. Мн., 1960;

Теория прочности. Мн., 1961;

Торфяные машины. Мн., 1968;

Математическая теория трения. Мн., 1971.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́Ў (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 29.4.1932, г. Беласток, Польшча),

бел. вучоны ў галіне здабычы карысных выкапняў і механікі сыпкіх асяроддзяў. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1984). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў БПІ (1954), дзе і працаваў. З 1987 дырэктар Ін-та торфу АН Беларусі, з 1990 у БПА. Распрацаваў крытэрыі ацэнкі фіз.-мех. і аэрадынамічных уласцівасцей сыпкіх матэрыялаў, выявіў заканамернасць іх накіраванага перамяшчэння пад уздзеяннем вадкасцей і газаў. Даследаваў пытанні інтэнсіфікацыі тэхнал. працэсаў перапрацоўкі цвёрдых карысных выкапняў.

Тв.:

Аэродинамика измельченного торфа. Мн., 1987;

Гидроциклонное осветление воды. Мн., 1990 (разам з Ф.​М.​Санюкевічам);

Пневматический транспорт. Мн., 1998 (разам з Б.​М.​Хрусталёвым).

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жураўлёўскае (радовішча торфу, Глыбоцкі і Докшыцкі р-ны) 3/519; 4/254

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)