ТЫЛКО́ЎСКІ (Tylkowski) Войцех (1624, Мазовія, Рэч Паспалітая — 1695),

польскі філосаф-тэолаг. Выкладаў у езуіцкіх калегіумах, працаваў у Ватыкане. У 1677—81 праф. Віленскай акадэміі, пазней кіраваў папскай семінарыяй у Вільні. Аўтар твораў па філасофіі, тэалогіі, прыродазнаўстве. У гал. яго працы — 9-томнай «Займальнай філасофіі» (Кракаў, 1669), прысвечанай логіцы, метафізіцы і этыцы, шмат звестак па гісторыі прыродазнаўства і медыцыны. Нягледзячы на ўстарэласць звестак і езуіцкую казуістыку, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў творы Т. былі для езуіцкіх прафесараў адной з гал. крыніц прыродазнаўчых ведаў. З дапамогай лагічных прыёмаў і фармальных доказаў ён абгрунтоўваў і абараняў догматы рэлігіі, існаванне Бога як стваральніка сусвету і бессмяротнасць душы. У поглядах на гісторыю Т. прытрымліваўся правідэнцыялізму, паводле якога ўся дзейнасць людзей — гэта ажыццяўленне раней прадугледжанага «божага плана»; гісторыя і мінулае маюць значэнне толькі таму, што ў іх ёсць божыя прадбачанні сучаснага і будучыні.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971. С. 29—33.

Г.​А.​Маслыка.

т. 16, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАЧО́ВА Таццяна Уладзіміраўна (н. 24.9.1952, г. Валожын, Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1972 актрыса Нац. акад. т-ра імя Я.​Коласа. Яе мастацтву ўласцівы дакладная распрацоўка характараў, эмац. напоўненасць, сцэн. культура. Сярод роляў: Даміцэля («Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Ганна («Сымон-музыка» паводле Я Коласа), Люська, Русалка, Люці («Радавыя», «І быў дзень...», «Люці» А.​Дударава), Ульяна («Пакрыўджаныя» Л.​Родзевіча), Франя («Пакахай мяне, салдацік» паводле В.​Быкава), Ганна («Пад сонцам» В.​Маслюка), Соня, Аня («Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Маша («...Таму што люблю» А.​Паповай), Валянціна («Летась у Чулімску» А.​Вампілава), Юлька («Адпачынак пасля ранення» В.​Кандрацьева), Вольга («Стары дом» А.​Казанцава), Зінуля («Зінуля» А.​Гельмана), Хвеська («Панначка» Н.​Садур), Джульета, Кардэлія («Рамэо і Джульета», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Эйке («Свой востраў» Р.​Каўгвера); Данута («Час быка» К.​Саі), Маці («Дацкая гісторыя» паводле Х.​К.​Андэрсена) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯБЕ́Т ЦУКРО́ВЫ, цукровая хвароба,

эндакрыннае захворванне, абумоўленае поўным (інсулінзалежны Д.ц.) або адносным (інсуліннезалежны Д.ц.) недахопам у арганізме гармону інсуліну або яго нізкай біял. актыўнасцю. Характарызуецца парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і пашкоджаннем буйных і дробных крывяносных сасудаў. Д.ц. — вынік недастатковага ўтварэння ў падстраўнікавай залозе інсуліну з прычыны функцыян. прыгнечанасці або арган. пашкоджання β-клетак астраўкоў Лангерганса ў выніку парушэння абмену рэчываў, інфекц. хвароб, выдзялення вял. колькасці гармонаў антаганістаў інсуліну, атрафіі і перараджэння парэнхімы падстраўнікавай залозы, хранічнага пераядання і інш. Пры недахопе інсуліну памяншаецца ўтварэнне глікагену з глюкозы, таму тканкі не засвойваюць цукар і не могуць выкарыстоўваць яго як крыніцу энергіі, што вядзе да павышэння ўзроўню цукру ў крыві (гіперглікемія) і выдзяленню яго з мачой (гліказурыя). У больш цяжкіх выпадках парушаецца функцыя печані: у ёй не сінтэзуецца і не назапашваецца глікаген, не абясшкоджваюцца прадукты распаду бялкоў і тлушчаў, што прыводзіць да ацыдозу, які можа выклікаць дыябетычную кетаацыдатычную кому. У хворых на Д.ц. адзначаюцца празмерны апетыт і смага, выдзяленне вял. колькасці мачы (да 8 л за суткі) з высокай удз. в., скурны сверб, запаленне слізістых абалонак поласці рота і інш. Лячэнне — дыета, інсулін і таблеткі, якія зніжаюць цукар.

Літ.:

Балаболкин М.И. Сахарный диабет. М., 1994;

Справочник по клинической эндокринологии. Мн., 1996.

Т.​В.​Мохарт.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́РЭР (Cassirer) Эрнст (28.7.1874, г. Вроцлаў, Польшча — 13.4.1945),

ням. філосаф, прадстаўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. (1919—33) і рэктар (1930—33) Гамбургскага ун-та. З 1933 у эміграцыі. Даследаваў праблемы гісторыі філасофіі, гнасеалогіі і філасофіі культуры. У створанай ім тэорыі паняццяў аспрэчваў аб’ектыўны змест навук. абстракцый, сцвярджаў, што існуе адзіны «свет культуры», у якім матэрыяльная рэчаіснасць падпарадкоўваецца шэрагу прынцыпаў «чыстага мыслення»; апошнім надаваў значэнне канстытуцыйных, г.зн. стваральных пачаткаў усяго, што існуе. Адмаўляў аб’ектыўны сэнс катэгорый прасторы і часу, а прычынныя сувязі паміж рэчамі і з’явамі прадстаўляў у якасці функцыянальных залежнасцей. Суб’ектыўныя па сваёй прыродзе стваральныя пачаткі К. называў «сімвалічнымі функцыямі» і ўзводзіў іх на ўзровень вышэйшых каштоўнасцей. Паводле К., чалавек стварае сімвалы, таму навук. і пазнавальная дзейнасць людзей з’яўляецца адной з форм «сімвалічнага мыслення», якое распаўсюджваецца і на інш. «сімвалічныя формы» (мову, міфы, рэлігію, мастацтва, гісторыю, філасофію). Разнастайныя галіны культуры К. разглядаў як самастойныя і незалежныя. Даследаваў філасофію Г.​Лейбніца, І.​Канта, Р.​Дэкарта, філас. ідэі Адраджэння, Асветніцтва і інш. Аўтар прац: «Праблема пазнання ў філасофіі і навуцы новага часу» (т. 1—4, 1906—57), «Філасофія сімвалічных форм» (т. 1—3, 1923—29) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь и учение Канта. СПб., 1997.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЫ ГО́ДА,

перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33′). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51° паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.

Да арт. Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЦЫН, Сацыні (Socyn, Socinus Sozzini) Фауст (5.12.1539, г. Сіена, Італія — 3.3.1604), італьянскі тэолаг-антытрынітарый, філосаф, заснавальнік сацыніянства. Скончыў ф-т права ў г. Ліён. Служыў сакратаром пры двары фларэнційскага князя Казіма I Медычы. З 1574 займаўся рэфарматарскай дзейнасцю (гл. Рэфармацыя) у тагачасным цэнтры рэліг. вальнадумства г. Базель. З 1579 у Кракаве, актыўна ўключыўся ў радыкальна-рэфармацыйны рух Польшчы і ВКЛ. З 1588, калі на сінодзе ў Брэсце прыхільнікі С. атрымалі ідэйную перамогу, ён стаў ідэолагам польскага і бел. антытрынітарызму. У ідэйнай спрэчцы правага і левага крыла антытрынітарыяў займаў цэнтрысцкія пазіцыі. Успрыняў і развіў некат. сац. і рэліг.-філас. ідэі С.​Буднага, але асуджаў яго вучэнне пра натуральнае паходжанне Ісуса Хрыста і выступаў супраць атэіст. тэндэнцый у антытрынітарызме. Вырашальным крытэрыем у ацэнцы Бібліі лічыў індывідуальны чалавечы розум. Сцвярджаў, што чалавек валодае свабоднай воляй, якая кіруе розумам і мараллю. Таму ва ўратаванні чалавека вызначальную ролю адыгрываюць не царк. прадпісанні, а свабодны выбар. Антрапалагічнаму песімізму кальвінізму проціпаставіў гуманістычны аптымізм, заснаваны на веры, што кожны чалавек здольны заслужыць уратаванне пры дапамозе індывідуальных духоўна-маральных намаганняў.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

С.​А.​Падокшын.

т. 15, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі, што адбываюцца пад уздзеяннем святла (фотахімічныя рэакцыі). Падзяляецца на: Ф. малых малекул (дынаміка элементарнага акта ва ўзбуджаных электронных станах малекул); арган. і неарган. Ф. (фотапераўтварэнні хім. злучэнняў і метады фотахім. сінтэзу), фіз. Ф. (механізмы і кінетычныя заканамернасці фотахім. рэакцый). У Ф. найб. пашыраны метады імпульснага фатолізу, спектраскапіі, таксама электроннай мікраскапіі, дэнсіта- і сенсітаметрыі.

Першыя фотахім. заканамернасці выяўлены ў 19 ст. У 1818 К.​І.​Дз.Гротгус сфармуляваў прынцып, паводле якога прычынай хім. рэакцыі з’яўляецца святло, што паглынаецца рэчывам. Пазней вызначана, што колькасць прадукту фотахім. рэакцыі прапарцыянальная здабытку інтэнсіўнасці выпрамянення на час яго дзеяння (Р.В.Бунзен, Г.​Роска, 1862) і таму неабходна улічваць інтэнсіўнасць паглынутага выпрамянення (Я.​Х.​Вант-Гоф, 1904). Адно з найб. важных дасягненняў Ф. — вынаходства фатаграфіі (1839), заснаванай на фотахім. раскладанні галагенідаў серабра. Як самаст. навука сфарміравалася ў пачатку 20 ст. пасля з’яўлення квантавай тэорыі і развіцця спектраскапіі. А.Эйнштэйн сфармуляваў закон квантавай эквівалентнасці (1912), паводле якога кожны паглынуты рэчывам фатон выклікае першаснае змяненне (узбуджэнне, іанізацыю) адной малекулы ці атама.

На Беларусі даследаванні па Ф. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі, БДУ і Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Літ.:

Свиридов В.В. Фотохимия и радиационная химия твердых неорганических веществ. Ч. 1. Мн., 1964;

Моро У. Микролитография: Принципы, методы, материалы: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1990;

Уэйн Р. Основы и применения фотохимии. Пер. с англ. М., 1991.

Т.​М.​Вараб’ёва.

т. 16, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШЭ́ЧНІК,

частка стрававальнага тракту ад страўніка да задняга праходу ці клаакі (у чалавека, пазваночных, членістаногіх, кольчатых чарвей) ці страва вальная трубка (у кішачнаполасцевых круглых чарвей). У К. адбываюцца асн. працэсы ператраўлення ежы (поласцевае, прысценкавае, мембраннае і ўнутрыклетачнае страваванне) і ўсмоктвання значнай ч. пажыўных рэчываў і вады.

У чалавека і пазваночных жывёл К. падзяляецца на тонкую (дванаццаціперсная кішка, парожняя і падуздышная) і тоўстую (сляпая, абадочная, сігмападобная і прамая) кішкі. Даўж. К. ў некалькі разоў перавышае даўж. цела [у чалавека ў 3—4 разы (4,5—6 м), у свінні ў 17 разоў і інш.]. К. у чалавека фарміруецца на трэцім тыдні эмбрыянальнага развіцця. Прымацаваны да задняй сценкі жывата пры дапамозе брыжэйкі. Звонку К. укрыты брушынай; сценка складаецца са слізістай абалонкі, укрытай аднаслаёвым эпітэліем, падслізістага слоя, мышачнай (забяспечвае перыстальтыку) і серознай абалонак. Слізістая абалонка тонкай кішкі мае да 150 млн. уласна залоз (крыптаў), шмат складак, да 4 млн. варсінак, мікравырасты эпітэліяльных клетак, таму паверхня слізістай абалонкі павялічваецца да 1300 м². У тоўстай кішцы ўсмоктваюцца вада, мінер. солі, фарміруюцца калавыя масы, расшчапляецца клятчатка расліннай ежы ад браджэння і гніення, выкліканага мікраарганізмамі. Кровазабеспячэнне К. адбываецца з галін брушной аорты — верхняй і ніжняй брыжэйкавых артэрый; адток венознай крыві, што ўтрымлівае прадукты ўсмоктвання, — па варотнай вене ў печань. Адток лімфы забяспечваюць капілярныя лімфатычныя сеткі варсінак (усмоктванне тлушчаў), што зліваюцца ў лімфатычныя сасуды. Дзейнасць К. рэгулюецца вегетатыўнай нервовай сістэмай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАНА ПРА́ВІЛА,

вызначае заканамернасць змянення памераў чалавека і цеплакроўных жывёл у залежнасці ад пануючых тэмператур навакольнага асяроддзя. Устанавіў ням. вучоны К.​Бергман (1847). Паводле Бергмана правіла, у чалавека і жывёл аднаго віду або групы блізкіх відаў памеры цела большыя ў паўн. шыротах і меншыя на Пд. Напр., у жыхароў Скандынавіі сярэдні рост 170—175 см, у Іспаніі і Паўд. Італіі — менш за 160 см, такая ж залежнасць і па масе цела; у ваўка на Таймыры даўж. цела да 137 см, маса да 49 кг, у Манголіі адпаведна да 120 см і да 40 кг; у сярэдняй паласе даўж. цела ліса да 90 см, маса да 10 кг, у Туркменіі да 57 см і да 3,2 кг. Бергмана правіла адлюстроўвае адаптацыю чалавека і жывёл да падтрымання пастаяннай т-ры цела ў розных кліматычных умовах: у чалавека і буйных жывёл адносіны паверхні цела да яго аб’ёму меншыя, чым у дробных, таму меншы расход энергіі для падтрымання ўласнай т-ры цела, што важна пры нізкіх т-рах навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)