ПА́ЛУБНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,
марская авіяцыя (самалёты і верталёты), якая базіруецца на караблях, што маюць узлётна-пасадачныя (палётныя) палубы (авіяносец, верталётаносец, процілодачны крэйсер і інш.). Прызначана для знішчэння караблёў, падводных лодак, транспартаў і самалётаў, забеспячэння дзеянняў карабельных злучэнняў, марскіх дэсантаў, парушэння або абароны марскіх камунікацый, а таксама для ППА, процілодачнай абароны сваіх караблёў і інш. Выконвае таксама задачы па высадцы дэсантаў з верталётаў, падтрымцы марской пяхоты, траленні мін, пошуку і выратаванні людзей на моры і інш. Лятальныя апараты П.а. адрозніваюцца канстр. асаблівасцямі, якія забяспечваюць іх шчыльнае размяшчэнне на караблі, скарочаныя ўзлёт і пасадку.
т. 12, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПАСТЭ́РАЎСКАЯ СТА́НЦЫЯ,
медыцынская ўстанова ў Мінску, якая займалася вырабам антырабічнай (супраць шаленства) вакцыны, правядзеннем антырабічных прышчэпак, дыягнастычным даследаваннем жывёл на шаленства і барацьбой з эпідэміямі; была таксама навукова-практычным цэнтрам па падрыхтоўцы ўрачоў для Мінскай губ. Адкрыта 2.2.1911. Пры станцыі працавалі хіміка-бактэрыял. і суд.мед. лабараторыі. Займалася таксама н.-д. дзейнасцю (даследавалі бактэрыялогію туберкулёзнай палачкі, хворых на малярыю). З лета 1920 да ліп. 1922 не дзейнічала. У 1924 станцыя пераўтворана ў пастэраўскае аддзяленне Бактэрыял. (Пастэраўскага) ін-та (зараз Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі).
т. 10, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА (франц. lampe ад грэч. lampo свячу, асвятляю),
асвятляльная або награвальная прылада. Асвятляльныя Л. даюць святло ад адкрытага полымя (пры спальванні газы, масла, спірту, ацэтылену), ад напаленых эл. дугой электродаў (дугавая лямпа) і эл. токам спіралі (лямпа напальвання), ад свячэння газаў або люмінафораў пры эл. разрадзе (люмінесцэнтная лямпа, інш. газаразрадныя крыніцы святла). Да награвальных Л. адносяцца падагравальная і паяльная лямпа, у якіх крыніцай цяпла з’яўляецца полымнае гарэнне. Выкарыстоўвалася таксама цеплаэлектрагенератарная Л. — звычайная асвятляльная газавая Л. з тэрмабатарэяй, што генерыравала ток. Л. наз. таксама шэраг электронна-вакуумных прылад (гл. Электронная лямпа).
т. 9, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ МУНІЦЫПА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР «НО́ВАЯ О́ПЕРА».
Створаны ў 1991. Арганізатар, маст. кіраўнік і дырыжор Я.Колабаў. У рэпертуары пастаноўкі класічных опер, якія не ставіліся на рас. сцэне, а таксама арыг. трактоўкі вядомых твораў. Пастаўлены оперы «Марыя Сцюарт» Г.Даніцэці, «Двое Фаскары» Дж.Вердзі, «Валі» А.Каталані. Эксперыментальную трактоўку набыла опера «Руслан і Людміла» М.Глінкі, створаны арыг. спектаклі «Расіні» і «О, Моцарт, Моцарт!» паводле твораў В.А.Моцарта, М.Рымскага-Корсакава і А.Сальеры, оперы ў канцэртным выкананні «Сіла лёсу» Вердзі, «Дэман» А.Рубінштэйна. У рэпертуары таксама хар. і сімф. канцэртныя праграмы.
т. 10, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],
арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл. Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл. Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).
т. 10, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ЕР (ад англ. player),
малагабарытны магнітафон (ці магнітола), прызначаны толькі для узнаўлення фанаграм, звычайна праз навушнікі. Адрозніваецца адсутнасцю ўзмацняльніка запісу, гучнагаварыцеляў і інш. Існуюць таксама пішучыя П. Відэаплеер прызначаны для ўзнаўлення відэафільмаў праз тэлевізар ці на малагабарытным вадкакрышталічным экране. Ад відэамагнітафона адрозніваецца адсутнасцю радыёканала для запісу тэлевіз. праграм. Носьбітамі інфармацыі для П. з’яўляюцца аўдыё- і відэакасеты з магн. стужкай, кампакт-дыскі (у т. л. лазерныя і магнітааптычныя), а таксама цвердацельныя прылады памяці. Існуюць П., якія маюць выхад для падключэння да камп’ютэра.
А.П.Ткачэнка.
т. 12, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕКСІЛАЛО́ГІЯ (ад лац. vexillum сцяг + ...логія),
сцягазнаўства, спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю ўзнікнення сцягоў і іх сімволікі. Звязана з геральдыкай. Гл. таксама Сцяг, Харугва.
т. 4, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКМЕ́С (тур.),
канцэнтраваны (упараны) сок вінаграду. Мае цукар, арган. к-ты і вітаміны. Выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, вінаробстве, таксама як пажыўны і лячэбны прадукт.
т. 2, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРЭ́Б’Е,
грубая кудзеля, атрыманая пры першаснай апрацоўцы (трапанні) лёну, пянькі, а таксама палатно з такой кудзелі і адзенне з такога палатна (напр., зрэбная кашуля, мешкавіна).
т. 7, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМАРФІ́Я (ад іза... + грэч. morphe від, форма),
незалежнае з’яўленне аднолькавых марфал. прыкмет у прадстаўнікоў розных груп арганізмаў, аддаленых паміж сабой паводле паходжання. Гл. таксама Гамалогія.
т. 7, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)