ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),
спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.
Літ.:
Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;
Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХМО́ЎНЫ СЛО́ЎНІК, перакладны слоўнік,
тып лінгвістычнага даведніка, у якім змест слоў адной мовы перадаецца сродкамі іншай мовы. Часцей за ўсё гэта робіцца шляхам перакладу: напр., «Практычны расійска-беларускі слоўнік» М.Я.Байкова і М.І.Гарэцкага (1924). Больш глыбокая і навук. семантызацыя зместу рэестравых слоў ажыццяўляецца ў тых Д.с., якія змяшчаюць да слоў адной мовы разгорнутыя дэфініцыі на іншай (напр., «Кароткі эканамічны слоўнік», 1993). Існуюць і больш апасродкаваныя спосабы семантызацыі, напр. у Д.с. ідэаграфічнага тыпу; так, у «Тэматычным руска-беларускім слоўніку мовы навуковых справаздач» (1993) словы не толькі перакладаюцца, але і ілюструюцца эквівалентнымі па зместу тэкставымі фрагментамі на рус. і бел. мовах, дзе гэтыя словы ўжываюцца. Існуюць Д.с., у якіх сумяшчаюцца ўсе магчымыя спосабы семантызацыі рэестравых слоў: «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1990).
Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с. агульныя («Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995; «Беларуска-рускі слоўнік», т. 1—2, 2-е выд., 1988—89) і спецыяльныя або тэрміналагічныя («Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М.М.Касцюковіча, У.В.Люшціка, В.К.Шчэрбіна, 1995). Паводле прызначэння вылучаюць агульныя і школьныя Д.с. (напр., «Руска-беларускі слоўнік», 6-е выд., 1993, і «Беларуска-рускі слоўнік», 3-е выд., 1991, С.М.Грабчыкава; «Руска-беларускі слоўнік: Для пачатковых класаў» А.К.Кобызевай, Г.П.Хаткевіч і М.Я.Шчарбун, 1985). Паводле характару інфармацыі аб рэестравых словах адрозніваюць агульныя і аспектныя, сярод апошніх Д.с. моўных цяжкасцей, паралексічныя Д.с. (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я ААН,
галоўны дарадчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У ёй прадстаўлены ўсе члены ААН. Можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута ААН, даваць рэкамендацыі дзяржавам-членам і Савету Бяспекі ААН па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, якія з’яўляюцца паўнамоцтвам Савета Бяспекі. Генеральная Асамблея ААН атрымлівае і разглядае справаздачы інш. органаў ААН, выбірае непастаянных членаў Савета Бяспекі, членаў Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, некат. членаў Савета па апецы ААН; сумесна з Саветам Бяспекі выбірае членаў Міжнароднага Суда ААН, па рэкамендацыі Савета Бяспекі назначае Генеральнага сакратара ААН, разглядае і прымае бюджэт ААН, новых членаў ААН. Рашэнні па найважнейшых пытаннях падтрымання міру і бяспекі, бюджэту і прыёму новых членаў ААН патрабуюць большасці ў ⅔ галасоў, па інш. пытаннях — простай большасці. Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзяцца штогод (з 3-га аўторка вер. да сярэдзіны снеж.) у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Могуць склікацца спец. сесіі (напр., па патрабаванні Савета Бяспекі ці большасці членаў ААН). Большасць пытанняў кожнай сесіі размеркавана паміж 6 гал. к-тамі Генеральнай Асамблеі ААН (па раззбраенні і міжнар. бяспецы; эканам. і фін. пытаннях; сац. і гуманіт. пытаннях і пытаннях культуры; спец.к-т па паліт. пытаннях і дэкаланізацыі; па адм. і бюджэтных пытаннях; па прававых пытаннях), 2 пастаяннымі — Кансультатыўным к-там па адм. пытаннях і бюджэце і К-там па ўзносах, а таксама шэрагам спец. к-таў (ствараюцца як пастаянныя, так і часовыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЛІНГ ((Kipling) Джозеф Рэдзьярд) (30.12.1865, г. Бамбей, Індыя — 18.1.1936),
англійскі пісьменнік; адзін з прадстаўнікоў неарамантызму. Вучыўся ў каледжы ў Вествард-Хо (Англія, 1876—81). Дэбютаваў зб. вершаў «Школьная лірыка» (1881). Аўтар кніг паэзіі «Песні казармы» (1892), «Сем мораў» (1896), «Пяць нацый» (1903), раманаў «Святло пагасла» (1890), «Кім» (1901), зб-каў апавяд. «Простыя апавяданні з гор» (1888), «Горад Страшнай ночы», «Сватанне Дзіны Шад» (абодва 1890), «Жыццё дае фору» (1891) і інш. У творах увасабляў ідэі актыўнага дзеяння, служэння закону і імперыі, пераўтварэння свету. Лірыка вызначаецца эмацыянальнасцю, дынамічнай рытмікай, блізкасцю да нар. балад і песень, грубаватым гумарам. Лепшы лірычны цыкл для дзяцей — кнігі пра Маўглі («Кніга джунгляў», 1894; «Другая кніга джунгляў», 1895), а таксама кнігі «Адважныя мараплаўцы» (1897), «Казкі проста так» (1902), «Пак з узгорка Паха» (кн. 1—2, 1906—10) і інш. Яны прывабліваюць сюжэтнай займальнасцю, майстэрствам абмалёўкі экзатычных жывёл і раслін, дакладнасцю. Аўтар аўтабіягр.кн. «Сёе-тое пра сябе» (1936), дарожных нарысаў, рэпартажаў. Паўплываў на развіццё жанраў балады, песні, маршу. Нобелеўская прэмія 1907. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.Маўр, В.Хомчанка, С.Міхальчук, М.Багун.
Тв.:
Бел.пер. — Рыкі-Цікі-Таві. Мн., 1938;
Казкі. Мн., 1939;
Чаму ў слоніка доўгі нос. Мн., 1974;
Маўглі: Апавяданні, казкі. Мн., 1994;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1996.
Літ.:
Аникин Г.В., Михальская Н.П. История английской литературы. 2 изд. М., 1985;
Судленкова О.А., Кортес Л.П. 100 писателей Великобритании. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА ВЫКА́ЗВАННЯЎ,
прапазіцыянальная логіка, раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж простымі і складанымі выказваннямі. Простае (атамарнае) выказванне не ўключае ў сябе іншыя выказванні і разглядаецца як пераменная, якая прымае або ісціннае, або няісціннае значэнне. Канкрэтны змест і ўнутр. структура выказванняў пры гэтым не разглядаюцца. Складанае выказванне складваецца з іншых выказванняў пры дапамозе ўзаемазвязаных лагічных (прапазіцыянальных) звязак. Так, злучэнне двух выказванняў з дапамогай звязкі «і» дае складанае выказванне (кан’юнкцыю), якое з’яўляецца ісцінным, толькі калі абодва гэтыя выказванні ісцінныя. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай звязкі «або» (дыз’юнкцыя), ісціннае, калі хаця б адно з гэтых двух выказванняў ісціннае. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай «не» (адмаўленне), ісціннае, калі толькі зыходнае выказванне няісціннае. Складанае выказванне, атрыманае з двух выказванняў з дапамогай звязкі «калі, то» (імплікацыя), ісціннае ў 3 выпадках: абодва гэтыя выказванні ісцінныя, абодва яны няісцінныя; першае з выказванняў (за словам «калі») няісціннае, а другое (за словам «то») ісціннае, імплікацыя з’яўляецца няісціннай, толькі калі першае з яе выказванняў ісціннае, а другое няісціннае. Мова Л.в. уключае бясконцае мноства пераменных (P, g, r, ... Pi, gi, ri, якія ўяўляюць сабой выказванні), і асаблівыя сімвалы для лагічных звязак: & — кан’юнкцыя («і»), ∨ — дыз’юнкцыя («або»), ¬ — адмаўленне («не» або «няправільна, што»), → — імплікацыя («калі, то»), ↔ — эквівалентнасць («калі і толькі калі»). Л.в. можа быць прадстаўлена таксама ў форме лагічнага злічэння, у якім задаецца спосаб доказу некаторых выказванняў.
Літ.:
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР МУЗЫЧНАЙ КАМЕ́ДЫІ.
Існаваў у 1965—70 у Бабруйску. Створаны на базе Бабруйскага муз.-драм. тэатра. Меў муз. і драм. трупу, аркестр. У аснове рэпертуару аперэты класічныя і сав. кампазітараў, муз. камедыі, драм. спектаклі. Пасля расфарміравання тэатра большасць артыстаў перайшла ў Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі. З тэатрам звязана дзейнасць засл. артыстаў Беларусі А.Аркадзьева, Дз.Івановай, Н.Калаптур, Г.Лаўрова, К.Лосева, П.Масцерава, В.Фаменкі, Л.Федчанка, В.Шаўкалюка, засл. артысткі Расіі Н.Равінскай, а таксама Р.Курлыковай, А.Прыходзькі і інш. Рэжысёры: нар. артыст Тадж. ССР Л.Іцкоў, засл. артыст Каз. ССР У.Ажарэльеў, У.Амельчанка, Б.Заўгародні; дырыжоры: В.Віткоўскі, М.Лапцеў, В.Ражкоўскі, У.Шастапалаў; мастак І.Чумакоў; балетмайстары: Я.Шваро, Ю.Волкаў; хормайстар Г.Палянкова.
Сярод муз. пастановак: «Каламбіна» А.Рабава, «Рамэо — мой сусед» Р.Гаджыева (1965), «Лятучая мыш» І.Штрауса, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава (1966), «На світанні» А.Сандлера, «Нядзеля ў Рыме» Г.Крамера, «Прынцэса цырка» І.Кальмана, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.Мурадэлі (1967), «Чорны дракон» Д.Мадуньё, «Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.Легара (1968), «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі, «Баядэра» Кальмана, «Халопка» М.Стрэльнікава (1969); з драм. спектакляў «Позняе каханне» А.Астроўскага (1965), «Так і будзе» К.Сіманава (1966), «Прызнаю сябе вінаватым» А.Мітрафанава (1968).
Л.В.Доўнар-Запольская.
Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. Сцэна са спектакля «На світанні».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКТ РЫБЕНТРО́ПА—МО́ЛАТАВА 1939,
пашыраная назва сав.-герм. дагавора аб ненападзе, падпісанага 23 жн. ў Маскве міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам і наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым тэрмінам на 10 гадоў. Абедзве краіны абавязваліся: не нападаць адна на адну як аднаасобна, так і супольна з інш. краінамі; не дапамагаць трэцяй сіле, якая можа напасці на адну з краін — удзельніц пакта; раіцца адна з адной па пытаннях, якія тычацца іх агульных інтарэсаў; не далучацца да ваен. аб’яднанняў, якія б пагражалі аднаму з бакоў; вырашаць супярэчнасці паміж сабой з дапамогай перагавораў і арбітражу. Да пакта дадаваўся сакрэтны пратакол (ад 23 жн.), паводле якога тэр. тагачаснай Польскай Рэспублікі на У ад рэк Нараў, Вісла і Сан (пераважна ўкр. і бел. землі), а таксама Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя траплялі ў сав. сферу ўплыву; уздымалася пытанне пра аддзяленне Бесарабіі ад Румыніі. П.Р.—М. палепшыў ваен.-дыпламат. становішча Германіі напярэдадні развязвання ёю 2-й сусв. вайны, даў СССР час для ўмацавання абараназдольнасці, але падарваў яго міжнар. аўтарытэт. Ліга Нацый выключыла СССР са сваіх членаў (снеж. 1939) за вайну супраць Фінляндыі. Пакт спыніў дзеянне пасля нападу Германіі на СССР 22.6.1941. Наяўнасць сакрэтнага пратакола да П.Р.—М. кіраўніцтва СССР да 1989 адмаўляла. Гл. таксама Савецка-германскія пагадненні.
Літ.:
Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии, 1939—1941. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ФАЛЬКЛО́Р,
вуснапаэтычныя творы, складзеныя бел. народам на тэрыторыі, акупіраванай ням. фашыстамі ў гады Вял.Айч. вайны. У іх — нянавісць да акупантаў, вера ў перамогу, услаўленне подзвігаў нар. мсціўцаў. Асабліва папулярнымі былі партызанскія песні, прыпеўкі, анекдоты, прымаўкі і прыказкі. Бытавалі таксама легенды, сказы, казкі. Характэрная асаблівасць многіх твораў — маст. адлюстраванне подзвігаў рэальных нар. герояў, у т. л. К.Заслонава, С.Каўпака, дзе сапраўдныя жыццёвыя факты спалучаліся з выдуманымі і падаваліся як рэальныя. Так, у казцы «Як конь Заслонава Парыў ад смерці яго выратаваў» матывы гераічнага эпасу аб’ядноўваюцца з эпізодамі, уласцівымі чарадзейным казкам. У легендах і апавяданнях сцвярджалася бессмяротнасць славутых змагароў з фашыстамі, расказвалася пра храбрасць і надзвычайную ваен. хітрасць легендарных партыз. камандзіраў. Выкарыстоўваліся традыц.фалькл. сюжэты, маст. прыёмы і сродкі, элементы прафес. мастацтва і л-ры. Вял. камічны эфект мелі творы малых форм: анекдоты, жарты, гумарэскі. У іх высмейваліся Гітлер, Гебельс, Герынг, Гімлер, выкрывалася хлуслівая фаш. прапаганда. На ўзор ліста запарожскіх казакоў турэцкаму султану складзена сатыр. пісьмо бел. партызан «бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту дурному Адольфу Гітлеру». Сатыр. накіраванасць уласціва многім прыказкам і прымаўкам. Бязлітасная сатыра на фаш. захопнікаў і іх памагатых, нянавісць да іх адпавядала Думкам і настроям людзей, якія ў акупацыі не скарыліся ворагу і працягвалі барацьбу.
Публ.: Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Ми., 1961; Паэзія барацьбы. Мн 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Мінску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Грамыка, А.Гурло, У.Галубок, Я.Нёманскі, М.Піятуховіч, А.Сянкевіч, а так сама нядаўнія чл. «Маладняка» М.Чарот, М.Зарэцкі, А.Вольны, А.Дудар, А.Александровіч, В.Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот; кандыдаты; М.Зарэцкі, Я.Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел.маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб’яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з інш.літ. аб’яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ. руху канца 1920 — пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася з-за неаднароднасці складу аб’яднання, розных поглядаў і густаў яго членаў. Нярэдка палымянская крытыка была непаслядоўнай, неаб’ектыўнай у ацэнках літ. з’яў.
Літ.:
Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;
Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30 гг.Мн., 1960;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968. С. 142—153;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ЗМА АПТЫ́ЧНАЯ,
цела, абмежаванае плоскімі паверхнямі і празрыстае для аптычнага выпрамянення (святла) у пэўным інтэрвале частот (даўжынь хваль). Бывае дысперсійная (спектральная), адбівальная і палярызацыйная.
Дысперсійная П.а. прызначана для прасторавага раздзялення прамянёў з рознымі даўжынямі хваль. Яе дзеянне заснавана на залежнасці пераламлення паказчыка ад даўжыні хвалі святла (гл.Дысперсія святла). Адбівальная П.а. прызначана для змены напрамку светлавога пучка. Характэрная асаблівасць — святло ўнутры П.а. паслядоўна адбіваецца ад адной ці некалькіх яе граней і ў большасці выпадкаў гэта поўнае ўнутранае адбіццё. Выкарыстоўваецца ў аптычных сістэмах для змяншэння іх падоўжных памераў. Палярызацыйная П.а. служыць для атрымання плоскапалярызаванага святла (гл.Палярызацыя святла). Складаецца з 2 ці 3 трохгранных прызмаў, з якіх 1 (ці больш) зроблена з аптычна анізатропнага крышталю; складальныя склейваюць (канадскім бальзамам, гліцэрынай, рыцынай і інш.), часам яны раздзелены паветр. прамежкам. Святло падае на нахіленую мяжу падзелу двух асяроддзяў так, што ўмовы пераламлення для звычайнага і незвычайнага прамянёў (гл.Падвойнае праменепераламленне) розныя. У залежнасці ад асаблівасцей будовы П.а. могуць даваць 1 ці 2 выхадныя пучкі святла, палярызаваныя ва ўзаемна перпендыкулярных плоскасцях. Выкарыстоўваюцца як палярызатары і аналізатары.
В.В.Валяўка.
Схема ходу прамянёў у дысперсійнай прызме аптычнай: δ — вугал пераламлення; φ — вугал адхілення прамянёў, залежны ад даўжыні хвалі.Схема ходу прамянёў у адбівальнай прызме аптычнай: 1 — прамавугольная прызма; 2 — прызма Дове; 3 — рамбічная; 4 — пентапрызма.Схема ходу прамянёў у палярызацыйнай прызме аптычнай. Лініямі і кропкамі на крышталях паказаны аптычныя восі; стралкамі і кропкамі — напрамкі палярызацыі прамянёў у выхадных пучках: 1 — Ніколя; 2 — Рашона; 3 — Сенармона; 4 — Воластана.