ПЕ́СЦІС (Вітольд Казіміравіч) (н. 22.2.1949, в. Парэчча Гродзенскага р-на),
бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Чл.-кар.Акад.агр. навук Беларусі (1999). Д-рс.-г.н., праф. (1998). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1971). З 1976 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі, з 1982 у Гродзенскім с.-г. ін-це (з 1987 заг. кафедры, з 1991 прарэктар, з 1995 рэктар). Навук. працы па распрацоўцы рэцэптуры кармоў і кармавых дабавак для с.-г. жывёл, тэхналогіі вытв-сці комплексных кармавых дабавак, атрыманні мясц. натуральнай крыніцы бялковай, мінер. і вітаміннай сыравіны, павышэнні эфектыўнасці вытв-сці прадуктаў жывёлагадоўлі.
Тв.:
Эффективность использования новой кормовой добавки в рационах свиней // Актуальные проблемы интенсивного развития животноводства. Горки, 1996;
Аммонизированный сапропель в рационах молодняка крупного рогатого скота // Зоотехническая наука Беларуси. Мн., 1996. Т. 32;
Озерные сапропели — в кормопроизводство // Животноводство Беларуси. 1998. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды, якія маюць у сабе карысныя выкапні (рэдкія і рассеяныя элементы, соль, соду) і выкарыстоўваюцца ў якасці гідрамінеральнай сыравіны. З П.п.в. здабываюць ёд, бром, літый, стронцый, рубідый і інш., таксама кухонную і калійную солі, соду. Асн. паказчык П.п.в. — колькаснае ўтрыманне карыснага рэчыва, мінім. канцэнтрацыя якога павінна забяспечыць рэнтабельнасць здабычы і перапрацоўкі. Мінім. канцэнтрацыі карысных кампанентаў складаюць у сярэднім: стронцый — 300 мг/дм3, бром — 250, калій — 100, ёд — 18, рубідый — 1, цэзій — 0,5 мг/дм3. Звычайна прымеркаваны да глыбінных частак буйных артэзіянскіх басейнаў, якія ўмяшчаюць высокамінералізаваныя воды і расолы хларыднага натрыевага (натрыева-кальцыевага) саставу. Здабыча карысных выкапняў з П.п.в. пашырана на Украіне, у ЗША, Германіі, Японіі, Чылі, Расіі, Туркменістане. На Беларусі (Прыпяцкі прагін) падрыхтавана для распрацоўкі некалькі такіх радовішчаў па здабычы брому і ёду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛОДААГАРО́ДНІННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая перапрацоўвае агародніну, садавіну, ягады. Вырабляе плодаагароднінныя кансервы (у т. л. для дзіцячага і дыетычнага харчавання), сушаную гародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты, мочаную і засоленую гародніну, пладова-ягаднае віно; перапрацоўвае дзікарослую сыравіну (чарніцы, журавіны, грыбы). На Беларусі П.п. сфарміравалася ў сав.час. У 1940 дзейнічалі асобныя цэхі, выраблена 3 млн. ўмоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў і 700 т сушанай гародніны і бульбы. У 2000 працуюць 262 прадпрыемствы і вытворчасці, большасць з якіх аб’ядноўваюцца ў канцэрны «Белгасхарчпрам» і «Белкаапсаюз». Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Клецкі кансервавы завод, Кобрынскі кансервавы завод, Мінскі харчовы камбінат, Пінскі кансервавы завод, Слуцкі кансервавы завод, а таксама кансервавыя з-ды ў Глыбокім, Хойніках, Ляхавічах, Гродне, Гарыні (Столінскі р-н), Красным (Маладзечанскі р-н), гароднінасушыльны з-д у Солах (Смаргонскі р-н) і інш., вырабляюць прадукцыю больш за 300 найменняў. У многіх саўгасах і калгасах працуюць з-ды ці цэхі (больш за 40) невял. магутнасці. Выкарыстоўваецца сыравіна мясц. і прывазная (памідоры, вострыя прыправы), вытворчасць мае сезонны характар. На долю П.п. прыпадае 3,8% агульнай прадукцыі харч. прам-сці, ч. прадукцыі экспартуецца (асабліва з дзікарослай сыравіны). Перспектыўная для Беларусі галіна, але развіта недастаткова з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў (страты сыравіны дасягаюць 30—40%).
Найб. развіта П.п. у ЗША, Канадзе, краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (асабліва ў Італіі), сярод краін Усх. Еўропы — у Польшчы (буйнейшы ў свеце пастаўшчык канцэнтраванага яблычнага соку, замарожанай клубніцы).
Т.Л.Казакова.
Вытворчасць плодаагародніннай прадукцыі на Беларусі
Віды прадукцыі
1985
1990
1995
1999
I. Кансервы плодаагароднінныя, млн. умоўных слоікаў, з іх
432,6
482,5
163,0
272,7
1. Агароднінныя
164,8
143,9
67,6
86,1
2. Памідорныя
36,6
37,4
23,0
36,5
3. Пладовыя, у т.л.
231,2
301,2
72,4
101,9
а. Павідла, варэнне, джэмы
34,7
44,4
7,4
22,2
б. Сокі
98,7
180,2
43,0
63,5
II. Сушаная садавіна, т
117
7
19
112
III. Пладова-ягаднае віно, млн. дэкалітраў
9,9
0,1
5,1
22,2
Да арт.Плодаагароднінная прамысловасць. Харчовы камбінат Белкаапсаюза: 1 — цэх канцэнтраваных сокаў; 2 — прадукцыя камбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУРГІ́Я (ад гала... + грэч. ergon справа),
галіна хім. тэхналогіі, якая вывучае фарміраванне і будову саляных радовішчаў, фізіка-хім. ўласцівасці саляной сыравіны, метады здабычы і перапрацоўкі прыродных солей.
Асн. прадукты галургіі — кухонная соль, натрыю сульфат, калію хларыд, калію сульфат, солі магнію, літыю, злучэнні бору, брому, ёду. Атрымліваюць з прыродных руд і расолаў шляхам растварэння, выпарэння, крышталізацыі, флатацыі. Значную ролю ў развіцці навук. асноў галургіі адыгралі працы Я.Х. вант Гофа, М.С.Курнакова, У.П.Ільінскага, А.Б.Зданоўскага, У.В.Вязавова, А.Дз.Кашкарова і інш.
На Беларусі даследаванні па галургіі праводзяцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН, Бел.тэхнал. ун-це, Ін-це Белгорхімпрам. Знаходзяцца найбуйнейшыя ў Еўропе Старобінскае і Капаткевіцка-Петрыкаўскае радовішчы сільвініту і галіту з агульным запасам солей больш за 10 млрд.т. На базе Старобінскага радовішча працуе ВА «Беларуськалій», якое выпускае калійныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБІ́ЛКА,
машына для драблення кускавых матэрыялаў, пераважна мінер.сыравіны. Бываюць буйнога (для кавалкаў 1500—500 мм), сярэдняга (500—100 мм) і дробнага (100—40 мм) драблення; шчокавыя, конусныя, валковыя, ударныя і стрыжнёвыя (дэзінтэгратары).
У шчокавых Д. матэрыял здрабняецца паміж 2 прамавугольнымі плітамі (шчокамі), адна з якіх хістаецца, а другая нерухомая, у конусных — паміж нерухомай чашай і конусам, што хістаецца і адначасова верціцца, у валковых — паміж 2 цыліндрычнымі валкамі (гладкімі або зубчастымі), якія верцяцца адзін насустрач аднаму, ва ўдарных — ад удараў малаткоў, што замацаваны на ротары шарнірна (у малатковых Д.) або нерухома (у ротарных). Выкарыстоўваюцца ў горнай, хім. і харч. прам-сці, металургіі, буд-ве, у сельскай гаспадарцы (гл.Здрабняльнік кармоў).
І.І.Леановіч.
Схема драбілак: а — шчокавая (1, 2 — рухомая і нерухомая шчокі); б — конусная (3, 4 — нерухомы і рухомы конусы); в — валковая зубчастая (5 — валкі); г — малатковая (6 — малаток, 7 — ротар); д — ротарная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сукупныя затраты жывой і арэчаўленай працы на вытворчасць прадукту. Ва ўмовах таварна-грашовых адносін выступаюць у вартаснай (грашовай) форме. Адрозніваюць грамадскія выдаткі вытворчасці (уключаюць перанесеную вартасць выкарыстаных сродкаў вытв-сці і ўсю зноў створаную вартасць, раўняюцца кошту тавару і служаць аб’ектыўнай асновай планавых цэн) і грашовыя затраты прадпрыемстваў на вытворчасць тавараў (яны меншыя за іх вартасць, выступаюць у форме сабекошту прадукцыі, які ўключае выдаткі на спажытыя матэрыяльныя рэсурсы, аплату працы работнікаў, расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі). Велічыня грамадскіх выдаткаў вытворчасці залежыць ад эфектыўнасці сродкаў працы і ад прадукцыйнасці працы. Чым вышэйшая эфектыўнасць сродкаў працы і яе прадукцыйнасць, тым меншыя выдаткі грамадства на выраб прадукту. Зніжэнне выдаткаў прадпрыемства дасягаецца шляхам павышэння прадукцыйнасці працы, лепшага выкарыстання сыравіны, матэрыялаў і асн.вытв. фондаў, паглыблення спецыялізацыі і кааперавання, развіцця камбінавання. Важнейшымі фактарамі зніжэння выдаткаў вытворчасці прадпрыемства з’яўляюцца ўдасканаленне гасп. механізма, пераход да эканам. метадаў кіравання, ліквідацыя безгаспадарчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫЯ АДКЛА́ДЫ,
геалагічныя адклады, што ўзніклі ў выніку дзейнасці ледавіка і яго расталых вод на сушы. Падзяляюцца на ўласна ледавіковыя (гл.Марэна), флювіягляцыяльныя, лімнагляцыяльныя адклады. Л.а. лічыцца і абломкавы матэрыял, перанесены айсбергамі і адкладзены ў моры (ледавікова-марскія ці марынагляцыяльныя адклады). Флювіягляцыяльныя адклады ўтварыліся ў працэсе перамыву марэн і марэназмяшчальных пластоў ільду расталымі ледавіковымі водамі. Гэта пяскі, часта буйназярністыя, са жвірам і галькай. У месцах, дзе такі перамыў адбываўся ва ўмовах гідрастатычнага ціску, узнікалі магутныя пясчана-жвіровыя акумуляцыі з дамешкамі валунна-галечнай сумесі. Флювіягляцыяльныя адклады складаюць водна-ледавіковыя раўніны, зандры, озы, камы. Лімнагляцыяльныя адклады (стужачныя гліны, супескі, суглінкі, тонка- і дробназярністыя пяскі) сфарміраваліся ў прыледавіковых азёрах, у надледавіковых і ўнутрыледавіковых вадаёмах, а таксама ў адкрытых ледавіковых лагчынах. Беларусь — тыповая вобласць акумуляцыі Л.а. З Л.а. звязаны радовішчы цагельнай сыравіны, буд. пяскоў, жвіру, галькі, валуноў, падземных вод. Гл. таксама Ледавіковы комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕ́ДЫКА-БІЯТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т»
(«МБІ»),
навукова-даследчае і праектна-канструктарскае дзярж. прадпрыемства. Уваходзіць у склад канцэрна «Белбіяфарм». Засн. ў 1972 у Мінску як «Белдзіпрабіясінтэз» (Бел. філіял Дзярж. праектна-вышукальнага ін-та мікрабіял. прам-сці «Паўддзіпрабіясінтэз», Адэса), на базе якога ў 1984 створаны Усесаюзны н.-д. і праектна-канструктарскі ін-тмікрабіял. вытв-сцей. З 14.10.1991 Н.-д. і праектна-канструктарскі медыка-біятэхналагічны ін-т Дзяржкампрама Беларусі. З 27.3.1997 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: селекцыя і калекцыяніраванне штамаў мікраарганізмаў-прадуцэнтаў, якія выкарыстоўваюцца на прамысл. прадпрыемствах; кантроль экалаг. становішча на прадпрыемствах і распрацоўка мерапрыемстваў па яго паляпшэнні; распрацоўка новых тэхналогій атрымання прэпаратаў мед., вет. і харч. прызначэння на аснове хім. і мікрабіял. сінтэзу, а таксама на аснове кампанентаў расліннай і жывёльнай сыравіны, тэхналогій і абсталявання для эканоміі энергарэсурсаў. Выкананне праектных работ для бел. і замежных прадпрыемстваў фармацэўтычнай, мед. і мікрабіял. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭЛЕКТРАЛІ́ТЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць іанагенныя групы. Адрозніваюць полікіслоты, поліасновы і поліамфаліты (маюць кіслотныя і асноўныя групы адначасова). Поліамфалітамі з’яўляюцца бялкі і нуклеінавыя кіслоты. Бываюць лінейныя і прасторава сшытыя (гл.Іонаабменныя смолы).
У растворы макрамалекула П. — полііон, акружаны эквівалентнай колькасцю процііонаў, памеры якіх значна (на некалькі парадкаў) меншыя за памеры полііона. Моцныя П. (напр., полівінілсульфакіслата) у водных растворах цалкам іанізаваныя, зарад слабых П. (напр., поліакрылавай к-ты) залежыць ад pH раствору. Сумарны зарад поліамфалітаў пры змяненні pH раствору можа мяняць знак (значэнне pH, пры якім зарад роўны нулю, наз. ізаэлектрычным пунктам). Наяўнасцю электрастатычных узаемадзеянняў (адштурхоўвання аднайменна зараджаных груп у макрамалекуле і прыцяжэння нізкамалекулярных процііонаў да полііона) абумоўлена адрозненне ўласцівасцей раствораў П. ад уласцівасцей раствораў неіанагенных палімераў і нізкамалекулярных электралітаў. Выкарыстоўваюць П. ў якасці іанітаў, як флакулянты пры абагачэнні мінер.сыравіны, стабілізатары калоідных сістэм у харч. і парфумернай прам-сці, дабаўкі да паверхневаактыўных рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕР ((Weber) Альфрэд) (30.7.1868, г. Эрфурт, Германія — 2.5.1958),
нямецкі эканаміст і сацыёлаг. Брат М.Вебера. Праф. эканомікі і сацыялогіі Пражскага (1904—07) і Гейдэльбергскага (1907—58) ун-таў. Аўтар тэорыі размяшчэння прам-сці; вызначальным у размяшчэнні прамысл. прадпрыемстваў лічыў зручнасць адносна крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы, магчымасць кааперавання з інш. суседнімі прадпрыемствамі, наяўнасць трансп. шляхоў зносін, што павінна макс. зменшыць выдаткі вытв-сці. «Сацыялогія гісторыі і культуры» Вебера сфарміравалася пад уплывам брата і В.Дзільтэя. Гісторыю расчляняў на 3 працэсы: сацыяльны (фарміраванне сац. ін-таў і структуры), цывілізаваны (паступальнае развіццё тэхнікі і прыродазнаўства, якое вядзе да уніфікацыі) і культурны (творчасць у форме мастацтва, рэлігіі і філасофіі). Яны ўзаемазвязаны, але развіваюцца па сваіх законах. Спецыфічнасць гіст. і сац. змен пэўнай эпохі Вебер звязваў з ірацыянальным характарам культ. працэсу, тварцом якога з’яўляецца інтэлектуальная эліта, таму, на думку Вебера, гісторыю вызначае гульня духоўных сіл.
Тв.:
Kulturgeschichte als Kultursoziologie. Leiden, 1935;
Prinzipien der Geschichts – und Kulrursoziologie. München, 1951;
Рус.пер. — Теория размещения промышленности. М.; Л., 1926.