КАРАНО́ГРАФ (ад лац. corona вянец, вянок + ...граф),
від тэлескопа для назіранняў сонечнай кароны і храмасферы ў монахраматычным святле. Пазазацьменны К. — даўгафокусная фотакамера з монахраматычным святлафільтрам, у якой Сонца заэкранавана спец. дыскам. У час поўных сонечных зацьменняў як К. выкарыстоўваюць звычайныя тэлескопы са святлафільтрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ВЕР (ад польск. kiwior каўпак),
высокі ваен. галаўны ўбор са скуры (абцягнутай сукном) або фетру з круглым дном, 1—2 казыркамі, падбароднікам і рознымі ўпрыгожаннямі. Існаваў у арміях многіх краін у 19 — пач. 20 ст. (у расійскай у 1803—81, 1906—17).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПНІК,
у беларусаў рэдкая страва з ячных або прасяных круп (крупеня). Забельваюць малаком або вараць з мясам, бульбай. Часам вараць на сыроватцы, са свіной крыві і круп. К. таксама называлі хмельны мядовы напітак або гарэлку, перавараную з мёдам, журавінамі і духмянымі прыправамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПО́Н (франц. coupon),
1) адразны талон у каштоўных паперах (акцыях, аблігацыях) на атрыманне працэнтаў ці дывідэнтаў з іх. Стрыгчы К. — жыць на рэнту, на працэнты з каштоўных папер.
2) Адрэз тканіны на касцюм, сукенку, блузку саспец. аддзелкай (звычайна ў раскроеным выглядзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПІ́ЛІ (ад лац. lapillus каменьчык),
дробныя кавалачкі порыстай вулканічнай лавы. Форма круглаватая або вуглаватая. Памеры ад 2 да 50 мм. Выкідваюцца пры вывяржэнні вулкана і зацвердзяваюць у паветры. Складаюцца з свежых, радзей са старых лаў, не характэрных для вулкана парод, або крышталёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ННЕ,
традыцыйная бел. страва, дадатак да бліноў. Гатуецца як верашчака, са скварак з тукам (часам забельваецца смятанай), а таксама з льнянога ці канаплянага семя; з яец, раскалочаных з мукой і малаком ці вадой, з размятага тварагу з малаком ці смятанай. Вядома ўсюды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНОС (грэч. Knōsos, Knōssos),
старажытны горад на в-ве Крыт, адзін з найважнейшых цэнтраў эгейскай культуры. Паселішча на месцы К. існавала з часоў неаліту; яно павялічылася ў раннемінойскі перыяд (каля 3000—2000 да н.э.), каля 2200 ці 2000 да н.э. К. стаў сталіцай магутнага царства. Найвышэйшы ўздым яго прыпадае на познамінойскі перыяд (каля 1600 — каля 1470 да н.э.), калі яго цары сталі вярх. правіцелямі магутнай раннерабаўладальніцкай дзяржавы са значнай цэнтралізацыяй кіраўніцтва і гасп. жыцця. Пры археал. даследаваннях выяўлены жылыя пабудовы, палацы, прылады вытв-сці, зброя, побытавыя рэчы, т. зв. архіў Кноскага палаца (таблічкі са складовым пісьмом Б).
Палац уладароў К. («Стары палац», пасля 2000 да н.э., зруйнаваны каля 1700 да н.э.; «Новы палац», 17—15 ст. да н.э.) — шматпавярховае збудаванне з параднымі, жылымі і гасп. памяшканнямі. Цэнтр.ч. палаца займаў прамавугольны ў плане брукаваны двор, на З ад яго — парадныя залы і гасп. памяшканні, на У — жылыя пакоі (шмат’ярусныя, размяшчаліся паводле складанага асіметрычнага сотападобнага плана, з сістэмай каналізацый, калонамі т. зв. крыцкага ордэра). Сцены складзены з каменных пліт, умацаваных на драўляным каркасе, атынкаваныя. Захаваліся фрагменты размалёўкі (быт. і рытуальныя сцэны, выявы жывёл і раслін, 16—15 ст. да н.э.), размаляваныя керамічныя пасудзіны, статуэткі, пячаткі. Палац апісаны ў грэч. міфах як таямнічы лабірынт, жыллё цара Мінаса і пачвары Мінатаўра. У К. пры археал. раскопках выяўлены таксама Малы палац, Царская віла, т. зв. караван-сарай, рэшткі каменных жылых дамоў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. На ўскраіне горада — манум. грабніцы (у т. л.т. зв. Храмавая грабніца, каля 1700—1450 да н.э.) і могілкі.
І.М.Каранеўская (архітэктура).
Да арт.Кнос. Кноскі палац: 1 — паўднёвы флігель; 2 — гіганцкія піфасы (тэракота) з заходняй кладоўкі; 3 — багіня са змеямі (фаянс) са скарбніцы. 16 ст. да н.э.Да арт.Кнос. «Парыжанка». Фрагмент размалёўкі палаца. 16—15 ст. да н.э.Да арт.Кнос. Ніжні ярус светлавога калодзежа палаца. Часткова рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЮ́Р (ад франц. velours аксаміт),
тканіна, скура і інш. матэрыялы з мяккім ворсавым аксамітным добрым бокам: велюр-драп, велюр-аксаміт і інш. Вырабляюць з воўны (велюр-драп), са скуры свіней ці рагатай жывёлы хромавым дубленнем (хромавая замша). Выкарыстоўваюць на верхняе адзенне, галаўныя ўборы, абутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Іван) (?, Полацк — 1679),
майстар-чаканшчык па серабры. Састудз. 1660 майстар чаканнай справы Сярэбранай палаты Маскоўскага Крамля. Працаваў пераважна над рэльефнымі ўпрыгожаннямі. Сярод работ срэбраныя пазалочаныя рукамыйнікі царэвічаў Івана і Пятра (1676, зробленыя з Іванам Пракоф’евым, Васілём Іванавым і Ларыёнам Афанасьевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАТА́У, Ала-Тоа (цюрк.літар. стракатыя горы),
назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.