МЕНО́ЦІ ((Menotti) Джан Карла) (н. 7.7.1911, Кадэльяна, каля г. Варэсе, Італія),
амерыканскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі (1923—27), у Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі (1928—33), у 1941—45 выкладаў у ім. З 1928 у ЗША. У 1958 заснаваў у г. Спалета (Італія) «Фестываль двух светаў» (італьян. і амер. музыкі; з 1977 дубліруецца ў г. Чарлстан, штат Паўд. Караліна, ЗША). З 1974 жыве ў Шатландыі. Яго оперы (больш за 20; многія ставіў як рэжысёр на ўласныя лібрэта) вылучаюцца яскравай тэатральнасцю, меладычным багаццем: «Медыум» (паст. 1946; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1989), «Тэлефон» (1947), «Консул» (1950), «Амал і начныя госці» (тэлеопера, 1951), «Святая з Блекер-стрыт» (1954; усе Нью-Йорк), «Марыя Галавіна» (паст. 1958), «Апошні дзікун» (паст. 1963), «Лабірынт» (тэлеопера; 1963), «Самы важны чалавек» (паст. 1971), «Таму-таму» (паст. 1973), «Герой» (паст. 1976), «Вар’ятка» (паст. 1979), «Гоя» (паст. 1986). Аўтар балетаў «Себасцьян» (паст. 1944), «Падарожжа ў лабірынт» (паст. 1947), «Аднарог, Гаргона і Мантыкора» (паст. 1956); сімфоніі «Зацішша» (1976), сімф. паэмы «Апакаліпсіс» (1951), канцэртаў для фп. (1945), скрыпкі (1952) з арк.; камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАНЕ́ЗІЯ,
адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі (каля 1500 дробных астравоў), у зах.ч. Ціхага ак., гал.ч. на Пн ад экватара. Уключае Марыянскія астравы, Каралінскія астравы, Маршалавы астравы, Гілберта астравы, а-вы Ошэн, Банаба, Науру і інш.Пл. 2,6 тыс.км². Нас. каля 500 тыс.ж. (1998). Карэннае нас. — мікранезійцы. Жывуць таксама амерыканцы, англічане, філіпінцы, кітайцы. Большая ч. а-воў — атолы, астатнія вулканічнага паходжання; самы буйны в-аўГуам. На Марыянскіх а-вах ёсць дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкі ад 2000 да 6000 мм выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года. Частыя трапічныя цыклоны (раён Каралінскіх а-воў). Прыроднае покрыва на вулканічных астравах складаюць вечназялёныя трапічныя лясы, радзей — саванны. Расліннасць на каралавых астравах бедная. Буйныя млекакормячыя жывёлы на М. адсутнічаюць. Найбольш пашыраны пацукі, лятучыя мышы, розныя віды яшчарак, птушкі. Трапічнае земляробства; рыбалоўства. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу. Радовішчы баксітаў, фасфарытаў (Каралінскія а-вы), здабыча фасфатаў (на в-ве Науру). На а-вах М. размешчаны дзяржавы: Маршалавы Астравы, Мікранезія (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі), Науру, Палау, Паўночныя Марыянскія Астравы, асн. частка дзяржавы Кірыбаці (а-вы Гілберта), уладанне ЗША Гуам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСАРО́ГІ, насарогавыя (Rhinocerotidae),
сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. Вядомы з эацэну (каля 45 млн. гадоў назад). 4 роды, 5 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць у трапічных лясах, саваннах, прыбярэжных зарасніках, на балотах. Трымаюцца паасобна, парамі або невял. групамі. Найб. буйны від — афрыканскі белы Н. (Ceratotherium simum, або Diceros simum). На Беларусі знойдзены рэшткі выкапнёвых відаў: Н. валасатага — Coelodonta antiquitatis (больш чым у 30 месцах) і Н. этрускага — Dicerorihinus etruscus (каля г. Смаргонь), якія жылі ў познім пліяцэне і плейстацэне (каля 2 млн. — 50 тыс. гадоў назад). Усе віды Н. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 5 т. Скура тоўстая, цёмна-шэрая, амаль без валасоў. Тулава масіўнае, ногі кароткія, трохпальцыя. На канцах пальцаў капыты, з якіх сярэдні самы вялікі. Шыя кароткая, вочы маленькія. На лбе і пераноссі рогі (1 ці 2, у Н. чорнага — часам да 5), размешчаныя адзін за адным; іх аснову складае патоўшчаная, арагавелая скура. Даўж. пярэдняга рога дасягае 1,58 м. Нюх і слых развітыя, зрок слабы. Расліннаедныя. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці раз у 2—3 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Ануфрыевіч; н. 8.1.1924, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Працаваў у полацкай газ. «Бальшавіцкі сцяг» («Сцяг камунізму»), Літ. музеі Я.Коласа, ЦККПБ. Друкуецца з 1943. Аповесць «Кедры глядзяць на мора» (1960) пра будаўнікоў Брацкай ГЭС, раман «Жанчына» (1963) пра побыт і работу працаўнікоў полацкага з-да шкловалакна. У рамане «Палын — зелле горкае» (1967) малюнкі пасляваен. калгаснай вёскі. Гал. героі аповесці «Самы высокі паверх» (1965—67, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972) — маладыя рабочыя. Вобразы сучаснікаў у аповесці «І нічога ўзамен» (1971) і рамане «Толькі аднойчы» (1979). Трылогія «Верай і праўдай» («Верай і праўдай», 1976; «Літасці не чакай», 1982; «Памерці заўсёды паспееш», 1983) пра партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Для дзяцей і юнацтва кн. «Шкляная нітка» (1970), «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка» (1993), «Прыгоды Муркі» (1997), «Дзівосы Лысай гары...» (1999), аповесці «Скажы мне праўду» (1978), «Белая знічка» (1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎНЕНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
бой партызан з ням. фашыстамі па разгроме гарнізона і чыг. ст. Слаўнае Талачынскага р-на Віцебскай вобл. на лініі Мінск—Орша 28 жн. ў Вял.Айч. вайну. Станцыя была важным пунктам для забеспячэння акупац. войск і хуткага перакіду іх да фронту. Ахоўны гарнізон (каля 120 гітлераўцаў) быў узброены мінамётам, станковым і 10—13 ручнымі кулямётамі, аўтаматамі, умацаваны акопамі, меў каля 10 пастоў аховы. Аперацыю праводзілі атрады С.Г.Жуніна (кіраўнік), Дз.А.Кулікова, Г.С.Місніка 8-й Круглянскай партыз. брыгады. У ноч на 28 жн. партызаны падарвалі масты і чыг. палатно з З і У ад станцыі і ў выніку 3-гадзіннага бою зруйнавалі будынкі станцыі, складоў з харчаваннем і фуражом, эшалоны з тэхнікай і інш., падарвалі і знялі рэйкі на працягу 3 км. У выніку С.а., якая адбылася ў самы крытычны момант Сталінградскай бітвы рух на чыгунцы ням. эшалонаў быў прыпынены на некалькі сутак. Гітлераўцы 2 вер. правялі аперацыю помсты: расстралялі 100 жыхароў, гал. чынам жанчын, дзяцей, старых, іх дамы спалілі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 564.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІ ДРУК,
спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.
Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.
Схема формы і адбітку высокага друку: а — форма з прабельнымі (1) і друкавальнымі (2) участкамі; б — форма з нанесенай фарбай (4) і прыціснутай паперай (3); в — папера з адбіткам фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІЯ́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
пласкагор’е на ПнУПаўд. Амерыкі, на Пн ад Амазонскай нізіны, на тэр. Венесуэлы, Бразіліі, Гаяны, Сурынама і Франц. Гвіяны. Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 2000 км. Выш. да 3014 м (г. Нябліна). Гвіянскае пласкагор’е з’яўляецца шчытом Паўд.-Амерыканскай платформы. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, месцамі перакрытых пясчанікамі і кангламератамі. Радовішчы жал. і марганцавых руд, урану, золата, алмазаў, баксітаў. У рэльефе пераважаюць цокальныя дэнудацыйныя пакатахвалістыя раўніны выш. 150—400 м з асобнымі астраўнымі вяршынямі. Больш горны рэльеф у цэнтр.ч., дзе сталовыя пясчанікавыя плато (Сера-Імеры, Сера-Парыма і інш.) са стромкімі схіламі з’яўляюцца акумулятарамі вільгаці (нараджаюцца шматлікія рэкі, якія належаць да рачных сетак Амазонкі і Арынока). У межах Гвіянскага пласкагор’я — самы высокі на Зямлі вадаспад Анхель. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра 27—28 °C; ападкаў за год ад 1200—1700 мм у цэнтры да 3500 мм на З і У. На З і У вільготныя лясы на чырвона-жоўтых латэрытных глебах, у цэнтры пераважна лістападна-вечназялёныя лясы на чырвоных глебах з участкамі саваннаў, на пясчанікавых плато камяністыя пустыні. Жывёльны свет вельмі багаты; шыраканосыя малпы, ляніўцы, мураўеды, браняносцы, тапіры, пекары, апосумы, ягуары. Шмат птушак, паўзуноў, насякомых. Здабыча карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Прачыстай Божай Маці,
фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял.кн.літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самывял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.Генеберг) і 1935 (арх. А.Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),
восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЛАГІ́ЗМ,
метадалагічная канцэпцыя тлумачэння сусвету, прыроды, грамадства і мыслення праз паняцце «чалавек» як асн. светапоглядную катэгорыю. Пры гэтым чалавек уяўляецца пераважна як з’ява прыроды, г.зн. натуралістычна.
Мае псіхічныя і гнасеалагічныя высновы. У старажытнасці пры адсутнасці дастатковых ведаў у чалавека была псіхічная патрэба пераадолець сваю адчужанасць і залежнасць ад рэальнасці ачалавечваннем гэтай рэальнасці, «насяляючы» яе чалавекападобнымі фантомамі (багамі, духамі і інш.). З пашырэннем ведаў усталявалася сцвярджэнне, што чалавек як вышэйшая істота на лесвіцы эвалюцыі — «мера ўсіх рэчаў». Адсюль і навакольны свет, адлюстраваны ў думках чалавека, можа ўспрымацца як уласнае тварэнне (суб’ектыўны ідэалізм). Вытлумачэнне суб’ектам аб’екта па аналогіі з самім сабой — самы просты і даступны спосаб у пазнанні. Старажытным мадэльным вытокам антрапалагізму быў антрапамарфізм.
Сутнасць антрапаморфных фантомаў думкі адным з першых асэнсаваў стараж.-грэч. філосаф Ксенафан (вобразы багоў людзі лепяць з сябе). Найб. вядомыя прадстаўнікі матэрыяліст. антрапалагізму — К.Гельвецый, Л.Феербах, М.Г.Чарнышэўскі, ідэалістычнага — Ф.Ніцшэ, В.Дзільтэй, Г.Зімель, М.Шэлер. Як метадалаг. прынцып антрапалагізму пашыраны ў філасофіі, сацыялогіі (гл.Антрапасацыягенез), этыцы, эстэтыцы і інш. Марксізм адмаўляў навуковасць антрапалагізму, ажыццяўляў сацыяліст. канструяванне грамадства без усебаковага ўліку асаблівасцяў чалавека, што прывяло да краху яго сац.-паліт. дактрыны.
Літ.:
Чернышевский Н.Г. Антропологический принцип в философии // Чернышевский Н.Г. Избр. филос. соч. М., 1951. Т. 3;