РАМА́НАЎ Панцеляймон Сяргеевіч (5.8.1884, с. Пятроўскае Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія —8.4.1938),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1911. У лірыка-псіхал. і сатыр. апавяданнях (зб-кі «Апавяданні», 1925, «Без чаромхі» і «Зачараваныя вёскі», абодва 1927); раманах пра інтэлігенцыю («Таварыш Кіслякоў», 1930; «Уласнасць», 1933) — дух паслярэв. эпохі з яе новай мараллю, сатыра на прыстасаванства, спекуляцыю, бюракратызм. У аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства» (1926) і ліраэпічным рамане «Русь» (ч. 1—5, 1922—36) — маянтковая Расія перадрэвалюцыйнага часу. Аўтар рамана «Новая скрыжаль» (1928), аповесці «Пісьменнік» (1915), п’есы «Землятрус» (1924) і інш. Прозе Р. ўласцівы лірызм і гумар, майстэрства дыялогу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎД (Raud) Март (14.9.1903, Айду, Эстонія — 6.7.1980),
эстонскі пісьменнік. Нар.пісьменнік Эстоніі (1972). Вучыўся ў Тартускім ун-це (1924—25). Друкаваўся з 1919. Першы зб. вершаў — «Міражы» (1924). У раманах «Сякера і месяц» (1935), «Кірмаш» (1937) крах рамант. свядомасці людзей мастацтва ў сутыкненні з прагматызмам тагачаснага грамадства. Аўтар зб-каў вершаў «Далёкі круг» (1935), «Новыя масты» (1945), «Усе дарогі» (1953), «Залатая восень» (1966), «Які адыходзіць» (1978), зб. навел «Твар у твар» (1959), вершаванай п’есы «Летняя ноч наяве» (паст. 1962), паэм, балад, баек і інш. На бел. мову яго асобныя навелы пераклаў А.Кулакоўскі, вершы — А.Разанаў, Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САІ́Д АХМА́Д (сапр.Саід Ахмад Хусанхаджаеў; н. 10.6.1920, Ташкент),
узбекскі пісьменнік. Нар.пісьменнік Узбекістана (1980). Вучыўся ў Ташкенцкім ун-це (1940—41). Першы зб. апавяданняў «Падарунак» (1940). У творах «Ферганскія апавяданні» (1948), аповесці «Прыгавор» (1958) паказвае духоўнае аблічча рабочых і інтэлігенцыі, працу і гераізм народа. Раман «Гарызонт» (кн. 1—3, 1964—74) пра падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Стэпавы беркут» (1960), «Мілыя маці» (1962), «Каштоўны камень Бадахшана» (1966), п’есы «Бунт нявестак» (1976) і інш. На бел. мову некат. творы С.А. пераклаў І.Сакалоўскі.
Тв.:
Рус.пер. — Журавли: Рассказы. Ташкент, 1964;
Пора возвращения аистов: Повесть и рассказы. Ташкент, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙТЛІ́ЕЎ Кара (1.1.1915, с. Караган Бахардэнскага р-на, Туркменістан — 2.5.1971),
туркменскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар.пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Бакінскі пед.ін-т (1941). У 1943—44 дырэктар Туркм.т-ра оперы і балета. У 1963—71 міністр культуры Туркменістана. Друкаваўся з 1938. Аўтар зб-каў вершаў і паэм на тэмы сучаснасці: «Ліра паэта» (1941), «Сістр» (1944), «Крыніца» (1950), «Кветкі Індыі» (1960), «Крылатыя часы» (1962) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Напісаў п’есу «Джахан» (паст. 1946), камедыю «Сын пастуха» і драму «Дачка садоўніка» (з Г.Мухтаравым) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў Ю.Свірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФЕНДЫ́ЕЎ Ільяс Магамед аглы (25.6.1914, г. Фізулі, Азербайджан — 3.10.1996),
азербайджанскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Азербайджана (1960). Нар.пісьменнік Азербайджана (1979). Скончыў Бакінскі пед.ін-т (1938). Аўтар зб-каў аповесцей і апавяд. «Лісты з вёскі» (1939), «Ясныя ночы» (1945), раманаў «Вербы над арыкам» (1958), «Кізілавы мост» (1960), «Тры сябры за гарамі» (1964), п’ес «Светлыя шляхі» (1947), «Песня засталася ў гарах» (1971), псіхал. драм пра праблемы тагачаснай рэчаіснасці «Ты заўсёды са мной» (1965), «Мая віна» (1969), «Вынішчаныя дзённікі» (1970), нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія Азербайджана 1972. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі У.Анісковіч, М.Ракітны, Т.Шамякіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТУ́ШЫС (Baltušis) Юозас (сапр.Альбертас Юазенас; 27.4.1909, г. Рыга — 4.2.1991),
літоўскі пісьменнік. Нар.пісьменнік Літвы (1969). Аўтар кніг апавяданняў і нарысаў «Тыдзень пачынаецца добра» (1940), «Дзяцеліна» (1943), «Пра што ў песні не пяецца» (1959), «Валюсе патрэбны Алексас» (1965), «Па сцяжынах бацькоў і братоў» (1967), «Вялікая луста хлеба» (1974), п’ес «Спяваюць пеўні» (1947), «Раннім ранкам» (1953), раманаў «Прададзеныя гады» (т. 1, 1957; Дзярж. прэмія Літвы 1957; бел.пер. А.Астрэйкі і О.Главацкене 1961; т. 2, 1969), «Сказанне пра Юзаса» (1979; Дзярж. прэмія Літвы 1980) і інш.Гал. тэматыка яго твораў — гіст. лёс, жыццё літоўскага сялянства, яго духоўнае багацце. Па творах Балтушыса створаны фільмы «Жывыя героі», «Вянок з дубовых лістоў» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЧАНЮ́К (Crucenyk) Пётр Аксенцьевіч (12.7.1917, с. Плоць Рыбніцкага р-на, Малдова — 3.1.1988),
малдаўскі пісьменнік. Нар.пісьменнік Малдавіі (1982). Скончыў Літаратурны ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1958). Пісаў на малд. і рус. мовах. Першы паэт. зб-к «У промнях жыцця» (1939). У кнігах паэзіі «Франтавыя вершы» (1942), «Жывая крыніца» (1953), «Вяшчун вясны» (1967), «Чалавечнасць» (1978), «Слова і хлеб» (1982) і інш. паэтызацыя подзвігу народа ў гады Вял.Айч. вайны, асэнсаванне маральна-этычных і сац.-філас. праблем сучаснасці. Аўтар кніг публіцыстыкі «З роду ў род» (1960), «Колас і меч», прозы — «Залпы» (абедзве 1970). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, А.Бачыла, В.Коўтун, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЯ́РНЕР (Kärner) Яан (27.5.1891, Тартускі р-н, Эстонія — 3.4.1958),
эстонскі пісьменнік. Засл.пісьменнік Эстоніі (1946). Вучыўся ў нар. ун-це А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1911—12). Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў — «Цені зорак» (1913). У 1930-я г. выступаў як паэт-антыфашыст (кн. «Запальваючы словам», 1936). Аўтар кніг пейзажнай, інтымнай і грамадз. лірыкі «Песні часоў» (1921), «Месяц жніва» (1925), «З пройдзеных дарог» (1939), «Загад Радзімы» (1943), «Нянавісць, толькі нянавісць» (1944), вершаванага рамана «Біянка і Руф» (1923) і інш.Найб. значныя раманы: сац.-псіхал. «Жанчына з беднага свету» (1930), гіст. «Народ, які ўздымаецца» (кн. 1—2, 1936—37), аўтабіягр. «Гарады мільгаюць па начах» (ч. 1, 1939) і інш. Пісаў п’есы, літ.-крытычныя артыкулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ННІК (Männik) Эдуард (12.1.1906, г. Тарту, Эстонія — 30.1.1966),
эстонскі пісьменнік. Засл.пісьменнік Эстоніі (1965). Друкаваўся з 1921. У сац.-крытычным рамане «Шэры дом» (1930), кнігах апавяданняў і аповесцей «Дваццаць гадоў назад» (1953), «За калючым дротам» (1954) падзеі грамадска-паліт. жыцця даваен. Эстоніі. Кнігі апавяданняў «Выпрабаванне сэрцаў» (1946), «Пятнаццаць крокаў» (1947, Дзярж. прэмія Эстоніі 1948), «Барацьба працягваецца» (1950), «Франтавыя апавяданні» (1962) пра вытокі гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар аповесці «Гісторыя аднаго кахання» (1954), зб. навел «Людзі на чашы шаляў» (1959) маральна-этычнай тэматыкі, кніг сатыры «Папыхваючы люлькай» (1964), «Голас пустой бочкі» (1965). Пісаў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Г.Шупенька.
Тв.:
Рус.пер. — «Через горы» и другие рассказы. Таллин, 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎКШЦЯ́ЛІС (Paukštelis; сапр.Пташынскае) Юозас
(2.3.1899, с. Цітаняй Шаўляйскага пав., Літва — 20.7.1981),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1969). Нар.пісьменнік Літвы (1974). Скончыў Каўнаскі ун-т (1927). Друкаваўся з 1922. У зб.апавяд. «Паўночная балада» (1928), аўтабіягр. рамане «Дзіця ўдавы» (1932), раманах «Першы год» (1936) і «Суседзі» (1939) жыццё літоўскай правінцыі. Трылогія «Юнацтва» (1959), «Не ўзыходзь, сонейка!» (1963) і «Тут наш дом» (1969, Дзярж. прэмія Літвы 1969) пра падзеі ў краіне ў 1940, фаш. акупацыю, пасляваен. калгаснае жыццё. Аўтар кн. мемуараў «Часта ўспамінаю іх» (1979), зб.апавяд. «Быў хмель у квецені» (1971), п’ес, нарысаў. На бел. мову апавяданне П. «На Радзіме» пераклаў М.Кусянкоў.
Тв.:
Рус.пер. — Соседи. Вильнюс, 1959;
Юность. Не всходи, солнышко! Здесь наш дом: Трилогия. М., 1978.