МО́ЎЭТ ((Mowat) Фарлі Мак-Гіл) (н. 12.5.1921, г. Белвіл, Канада),
канадскі пісьменнік. Скончыў ун-т у Таронта. Піша на англ. мове. Першы яго твор — «Людзі Аленевага краю» (1952) пра трагічны лёс эскімосаў. Аўтар кніг пра жыхароў і прыроду Поўначы — «Народ у адчаі» (1959), «Выпрабаванне лёдам» (1960), «Трагедыі мора» (1984), пра жывёл — «Не крычы, ваўкі!» (1963), «Кіт на пагібель» (1972), аповесцей для дзяцей «Сабака, які не хацеў быць проста сабакам» (1957), «Лодка, якая не плыве» (1969), аўтабіягр.кн. «І птушкі не спяваюць» (1979) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Вперед, мой брат, вперед! М., 1983;
В стране снежных бурь. Л., 1984;
Следы на снегу. М., 1985;
Мое открытие Америки. М., 1987;
Трагедии моря. М., 1988;
Проклятие могилы викинга. М., 1990;
Собака, которая не хотела быть просто собакой. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
хранічная хвароба мачавой сістэмы чалавека і жывёл, якая характарызуецца парушэннем абмену рэчываў з утварэннем у нырках і мачавых шляхах камянёў з солей мачы ці бялковых. Найб. частая форма М.х. — нырачнакамянёвая хвароба. У чалавека камяні часцей бываюць у правай нырцы, у 15—20% хворых на М.х. — у абедзвюх нырках. Прыкметы залежаць ад месца знаходжання камянёў, напр., камяні нырак выклікаюць тупы ныючы боль у паяснічнай вобласці ці нырачнае калаццё, моташнасць, ірвоту, павышэнне т-ры; камяні мачавога пузыра — раздражненне і запаленне мачавога пузыра, рэзі пры мочаспусканні, дамешкі крыві ў мачы. Ускладанне М.х. — анурыя, пры якой у арганізме назапашваюцца ядавітыя прадукты абмену рэчываў, што вядзе да развіцця урэміі. Лячэнне: тэрапеўтычнае, комплекснае, санаторна-курортнае, хірургічнае, дыета. У жывёл на М.х. хварэюць коні, буйн. раг. жывёла, авечкі, радзей сабакі, пушныя звяры і птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІФА́ГІ [ад палі... + ...фаг(і)],
арганізмы, якія выкарыстоўваюць (у адрозненне ад усёедных) разнастайны корм пэўнай групы (раслінны, жывёльны ці мяшаны). Напр., вусені лугавога матылька (Pyrausta sticticalis) кормяцца прыкладна на 160 відах раслін; рыжыя лясныя мурашкі (Formica rufa) паядаюць сотні відаў насякомых і інш. беспазваночных, а таксама некат. расліны. Мнагаедныя жабы, яшчаркі, некат. драпежныя птушкі (канюкі, каршуны), большасць млекакормячых. У П. пэўныя анат., фізіял. і біяхім. адаптацыі стрававальнай сістэмы (састаў стрававальных ферментаў значна шырэйшы, чым у стэнафагаў). П. могуць станавіцца стэнафагамі (манафагамі) пры адаптацыі да аднаго ці нямногіх відаў корму. У чалавека паліфагія выяўляецца пры празмерным спажыванні ежы. Можа быць абумоўлена павышанай патрэбнасцю здаровага арганізма ў энергіі і бялках (напр., пасля галадання, цяжкай фіз. працы) або пры некат захворваннях (напр., валляк дыфузны таксічны, дыябет цукровы) і інш.Гл. таксама Алігафагі, Пантафагі, Эўрыфагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,
інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.
Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш.ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.
Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.
французскі паэт, дыпламат. Атрымаў адукацыю ў Бардо і Парыжы. У 1916—40 на дыпламатычнай рабоце. Друкаваўся з 1909. У творчасці імкнуўся да эпічнасці, нац. традыцый. Форма верша С.-Ж.П. — версэ (верш, які запісваўся прозай і пабудаваны ў духу традыц.франц. метрыкі). Апяваў свет прыроды, нац. традыцыі Усходу (паэма «Анабасіс», 1924). Адзін з натхняльнікаў Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну (цыклы вершаў «Выгнанне», 1942; «Вятры», 1946). У паэмах «Арыенціры» (1957), «Птушкі» (1963), «Песня раўнадзенства» (1971), «Засуха» (1974) і інш. абарона актыўнай грамадз. пазіцыі, пошукі шляху ў аднаўленні нац. велічы Францыі. Нобелеўская прэмія 1960.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1996.
Літ.:
Балашов Н.И. Сен-Жон Перс // История французской литературы. М., 1963. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСЕН-НЕ́КСЁ (Andersen Nexo; сапр.Андэрсен, псеўд.Нексё) Марцін (26.6.1869, Капенгаген — 1.6.1954), дацкі пісьменнік, прадстаўнік пралет. л-ры. Тагачаснае жыццё адлюстраваў у раманах «Пеле-Заваёўнік» (т. 1—4, 1906—10), «Дзітэ — дзіця чалавечае» (т. 1—5, 1917—21), «У жалезны век» (1929), гіст. трылогіі «Мортэн Чырвоны» (1945—48), «Страчанае пакаленне» (1948), «Жанета» (1957, незавершаны). У кн. «Вершы» (1926), зб-ках нарысаў і апавяданняў «Сонечныя дні» (1903), «Кратавінне» (т. 1—3, 1922—26), «Чорныя птушкі» (1930), «Да святла» (1938), цыкле аповесцяў «Успаміны» (1932—39), драме «Людзі з Дангорда» (1915), публіцыст. творах 1920—30-х г. абараняў ідэалы сацыялізму. У часы ням. акупацыі быў зняволены, пазней — у эміграцыі ў Швецыі і СССР. Пасля вайны вярнуўся ў Данію. Апошнія гады жыў у ГДР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 29.8.1939, в. Гародна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік і жывапісец. Скончыў Харкаўскі маст.-прамысл.ін-т (1971). Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыц. жанрах: серыі літаграфіі «Зямля» (1977—79) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—92). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), стараж. Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х г. дамінуючае месца занялі ідэі хрысц. маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЦІНА́НКА, выстрыганка,
ажурны ўзор, выразаны з рознакаляровай паперы. Радзіма выцінанкі — Стараж. Кітай, у 18—19 ст. былі пашыраны ў многіх народаў Еўропы. У беларусаў выкарыстоўваліся з канца 19 ст. для аздаблення інтэр’ера жылля (фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і інш.), на З Беларусі чорнымі ці паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі беленыя сцены. Паводле кампазіцыі бел. выцінанкі падзяляюцца на замкнёныя (квадратныя, шматвугольныя, круглыя сурвэткі, якія выразалі з веерападобна складзенага ў 8—16 разоў аркуша паперы), рапортныя (паперу складвалі гармонікам, у выніку атрымліваліся фіранкі, падзоры) і сіметрычныя (выразалі з паперы, складзенай папалам, атрымлівалі аздобы на сцены з 2 сіметрычных палавін, напр.птушкі вакол дрэва або вазона). Найб. пашырэнне мелі аднаколерныя выцінанкі, часам — шматслойныя паліхромныя. Узоры пераважна геаметрычныя, радзей раслінныя, зааморфныя, антрапаморфныя, падобныя на вышываныя або маляваныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬ (ад слова ліпа),
сёмы месяц каляндарнага года (31 дзень), сярэдзіна лета. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 16 гадз 39 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 57,7°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 590 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (317 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 17,8 °C (17,4 °C на ПнУ, 18,5 °C на ПдУ). Л. — самы дажджлівы месяц года (14—15 дзён з дажджамі), ападкаў ад 77 ммПдЗ да 95 мм на ПнУ. Характэрным для Л. з’яўляецца цвіценне ліпы драбналістай. На паверхні непраточных вадаёмаў паяўляецца мноства водарасцей і маленькіх плывучых раслін — расак, жабніку звычайнага. У пач. Л. цвіце бульба, грэчка, лён-даўгунец, агародніна. Даспяваюць суніцы, маліны, чарніцы, чырвоная і чорная парэчкі, наліваецца і спее яравая збажына. У канцы месяца пачынаецца жніво. Ліняюць дзікія прамысл.птушкі. Пачынаецца грыбны сезон.