РАНСА́Р ((Ronsard) П’ер дэ) (11.9.1524, замак Ла-Пасаньер; Францыя — 27.12.1585),
французскі паэт; прадстаўнік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Наварскім калежы ў Парыжы (1533—34). Быў прыбліжаны да каралеўскага двара. Узначальваў літ. групу «Плеяда», што адыграла значную ролю ў фарміраванні франц.нац. мовы і паэзіі. У першайкн. «Оды» (кн. 1—5, 1550—52) паспяхова здзейсніў праграму «ўзвышэння» франц. паэзіі. Пісаў любоўныя вершы: зб. санетаў «Любоўныя вершы да Касандры» (1552, нап. пад уплывам Ф.Петраркі і італьян. паэтаў-неапетраркістаў), цыклы санетаў «Працяг любоўных вершаў» (1555), «Новы працяг любоўных вершаў» (1556), «Санеты да Алены» (1578). У зб-ках «Кніжка свавольстваў» (1553) і «Гай» (1554) звяртаўся да «нізкага» стылю, натуральнасці і прастаты. Філас. лірыка (зб. «Гімны», кн. 1—2, 1555—56) прысвечана Сусвету і Космасу, апявае навуку, законы чалавечага быцця і ідэальнага грамадскага ладу. У цыкле «Развагі пра няшчасці гэтага часу» (1560—62) адстойваў права паэта ўмешвацца ў грамадскае жыццё. У празаічным трактаце «Кароткі выклад паэтычнага мастацтва» (1565) сфармуляваў эстэт. прынцыпы, блізкія паэтыцы класіцызму. На бел. мову асобныя яго вершы пераклала Н.Мацяш.
Тв.:
Бел.пер. — [Вершы] // Далягляды, 1989. Мн., 1989;
Рус.пер. — Лирика. М., 1963;
Избр. поэзия. М., 1985;
О вечном: Избр. лирика. М., 1996;
У кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.
Літ.:
Виппер Ю.Б. Поэзия «Плеяды»: Становление лит. школы. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́К-МУ́ЗЫКА (ад англ. roc music),
абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі, першавытокам якой лічыцца рок-н-рол. Сфарміравалася на мяжы 1950—60-х г. у Вялікабрытаніі і ЗША. Да канца 1960-х г. музыка ў выкананні груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», і інш. часцей называлася біг-бітам. Тэрмін Р.-м. ўвайшоў ва ўжытак з 1-й пал. 1970-х г. пасля з’яўлення шэрагу калектываў, якія выконвалі гучную, жорсткую па рытме, са скажоным электронікай гучаннем інструментаў музыку. Для Р.-м. характэрны непасрэдная падача муз. матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказацца адкрыта, найчасцей ад першай асобы. Як правіла, гэта аўтарская творчасць (музыку і тэксты песень звычайна ствараюць удзельнікі калектыву). У канцы 20 ст. ў сувязі з глабальнай камерцыялізацыяй муз. рынку Р.-м. прайшла значную стылявую эвалюцыю ў бок спрашчэння. Найб. вядомыя калектывы Р.-м. — «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расія), «Анціс» (Літва), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава» (Украіна). З бел. калектываў Р.-м. найб. значную ролю адыгралі біт-групы «Пані-Брацця»; «Алгарытмы» (канец 1960-х г.), групы «Сузор’е» (1970—80-я г.), «Бонда», «Мроя» (1980-я г.), «Уліс», «Крама» (1980—90-я г.), «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і А.Шадзько і група «Сястра» (1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН (Антон Рыгоравіч) (28.11.1829, с. Выхвацінец, Малдова — 20.11.1894),
рускі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог і муз. дзеяч. Брат М.Р.Рубінштэйна. Чл. Ін-та Францыі (1874). Адзін з буйнейшых піяністаў 2-й пал. 19 ст., які паклаў пачатак сусв. славы рус. піяністычнага мастацтва. З 1839 вёў канцэртную дзейнасць у Маскве і за мяжой. Заснавальнік Рускага музычнага таварыства (1859) і першайрас. кансерваторыі (1862, С.-Пецярбург; адначасова яе дырэктар, у 1862—67 і 1887—91 праф.). Выкананне Р. вылучалася імправіз. свабодай, драм. сілай. Аўтар твораў розных жанраў: 14 опер (у т. л. «Дэман», паст. ў 1875; у Мінску ў 1892, на сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі ў 1951; «Макавеі», паст. 1875, ставілася ў Мінску ў 1890—91), 6 сімфоній, 5 фп. канцэртаў (найб. вядомы 4-ы), 10 стр. квартэтаў, фп. мініяцюр, рамансаў і песень, у т. л. цыкла «Персідскія песні» (1854), і інш. Яго музыка адметная лірыка-рамант. накіраванасцю, шырокім меладычным подыхам, тонкім увасабленнем арыентальных матываў. Сярод вучняў І.Гофман, П.Чайкоўскі і інш.
Літ. тв.: Лит. наследие. Т. 1—3. М., 1983—86; Избр. письма. М., 1954.
Літ.:
Баренбойм Л.А. А.Г.Рубинштейн. Т. 1—2. Л., 1957—62;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГУЦКІ БОЙ 1714,
баявыя дзеянні на Балт. моры каля п-ва Гангут (цяпер Ханка) паміж рас. і швед. флатамі 7.8.1714 у Паўночную вайну 1700—21. Летам 1714 рас. вёславы (галерны) флот (99 галер і скампавей, 15 тыс.чал. дэсанта) пад камандаваннем ген.-адм. Ф.М.Апраксіна, накіраваны з Кранштата для ўзмацнення гарнізона ў г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя), сустрэў каля ўсх. ўзбярэжжа Гангута швед. флот (15 лінейных і 2 бамбардзірскія караблі, 3 фрэгаты, атрад вёславых суднаў) на чале з віцэ-адм. Г.Ватрангам. Бакі занялі баявыя пазіцыі. 7 жн.рас. авангард з 23 скампавей (усяго каля 3500 чал., 160 гармат) на чале з ген.-лейт. А.А.Вейдэ (фактычна кіраваў Пётр I) каля 15 гадз атакаваў атрад швед. контр-адм. Н.Эрэншэльда (1 фрэгат, 6 галер і 3 шхерботы; каля 900 чал., 116 гармат) і ў выніку жорсткага абардажнага бою авалодаў швед. караблямі. 8 жн. эскадра Ватранга пакінула Гангут і пайшла да Аландскіх а-воў. Шведы страцілі 10 караблёў, 711 чал. забітымі і параненымі, 237 палоннымі (у т. л. Эрэншэльд), расіяне — 1 галеру і 456 чалавек. Гангуцкі бой быў першай буйной перамогай маладога рас. флоту. Усе яго ўдзельнікі ўзнаг.спец. медалямі, цар атрымаў званне віцэ-адмірала. У гонар рас. маракоў, што загінулі, у 1871 у Рылакс-фіёрдзе пастаўлены помнік.
Літ.:
Филимошин М. Первая победа русского регулярного флота // Военно-ист. журн. 1984. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ Адбылася 12—16.10.1925 у Берліне як нарада бел.паліт. дзеячаў у эміграцыі. Склікана А.Цвікевічам. З’явілася вынікам расколу ў бел. эмігранцкім асяроддзі, а таксама перамен, што адбыліся ў 1921—25 у БССР і Зах. Беларусі пасля Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, 1921). На Д.У.к. прыехалі З.Жылуновіч і нам. паўнамоцнага Прадстаўніка СССР у Польшчы А.Ульянаў. Перад канферэнцыяй урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў 2 пастановы. Паводле 1-й, супраць якой галасаваў В.Захарка, Рада Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасць і прызнавала Мінск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі». Паводле 2-й, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зліквідаваным. Пасля гэтага Д.У.к. большасцю галасоў прызнала Мінск цэнтрам бел. адраджэння. Пастановы Рады Міністраў не мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзідыума Рады БНР. Старшыня Рады БНР П.Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі рашэнні Д.У.к., а член Прэзідыума Рады БНР Я.Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канферэнцыі К.Езавітава. Дзярж. пячатка засталася ў Крачэўскага. Потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР. У л-ры за 1-й і 2-й канферэнцыямі замацаваліся назвы Усебел. паліт. канферэнцый або Нац.-паліт. нарад.
Літ.:
Цьвікевіч А. Берлінская канферэнцыя // Полымя. 1926. № 4;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Крэчэўскі П. Мандаты БНР // Спадчына. 1993. № 1;
Сідарэвіч А. Берлінская канферэнцыя 1925 г.: паліт. варункі, рашэнні, вынікі // Культура. 1993. 3 жн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
гістарычна вызначаная грамадская форма прысваення (індывідуумам або калектывам) зямлі. Адлюстроўвае вытв. адносіны паміж людзьмі ў сувязі з выкарыстаннем зямлі як натуральнай умовы ўсякай вытв-сці і гал. сродку вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Першайгіст. формай З.у. была абшчынная ўласнасць на зямлю, сродкі яе апрацоўкі і гатовы прадукт. Рабаўладальніцкая форма З.у. ўключала абшчынную, храмавую, дзярж., прыватную (індывід.). У сярэднія вякі пераважала феадальная З.ў. Для таварнай формы грамадскай вытв-сці характэрна прыватная капіталіст. форма З.ў., для сацыяліст. — грамадская, калектыўная, агульнанародная.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 нетры, вада, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (1990) грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на атрыманне зямельных участкаў і пажыццёвае ўладанне (з перадачай у спадчыну) імі: для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 га, дачнага буд-ва і індывід. садаводства — па 0,1 га, для буд-ва і абслугоўвання жылога дома ў гарадах і пасёлках гар. тыпу — 0,05—0,15 га, у сельскіх населеных пунктах — 0,15—0,25 га. Для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі дазваляецца мець 1 га зямлі (памеры ўчасткаў устанаўліваюцца мясц. органамі ўлады). Паводле закона Рэспублікі Беларусь «Аб праве ўласнасці на зямлю» (1993) прыватная зямельная ўласнасць дазваляецца для вядзення ўсіх відаў асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян, дзярж. — захоўваецца для вядзення таварнай сельскай гаспадаркі (калгасы, дзяржгасы, фермерскія гаспадаркі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЕЎРАПЕІ́СТЫКА, індаеўрапейскае мовазнаўства,
галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая вывучае індаеўрапейскія мовы. Грунтуецца на даследаванні адпаведнасцей паміж падобнымі элементамі індаеўрап. моў (з арыентацыяй на іх стараж. стан) і інтэрпрэтацыі гэтых адпаведнасцей.
Ля вытокаў І. — ням. мовазнавец Ф.Боп і дацкі вучоны Р.К.Раск. Асн. дасягненні 1-га перыяду ў развіцці І. (пач. 19 ст.) — вызначэнне кола індаеўрап. моў, стварэнне першай параўнальна-гіст. граматыкі (Боп) і асноў індаеўрап. этымалогіі (ням. мовазнавец А.Пот). 2-і перыяд (сярэдзіна 19 ст.) вызначаецца працамі ням. вучоных А.Шлайхера, І.Шміта, А.Фіка (індаеўрап. этымалогія). 3-і перыяд (канец 19 — пач. 20 ст.) звязаны з младаграматызмам, а таксама з працамі Ф. дэ Сасюра, П.Ф.Фартунатава, А.Мее, Х.Педэрсена і інш.
Развіццё І. характарызуецца пашырэннем матэрыялу даследаванняў (адкрыццё хецкай і інш. анаталійскіх моў), увагай да малавядомых моў, новымі тэорыямі ў галіне вакалізму і кансанантызму (ларынгальная тэорыя, акцэнтуацыя), структуры іменных асноў і кораня, арыгінальнымі ідэямі, звязанымі са структурай склонавай парадыгмы і дзеяслова, новымі гіпотэзамі пра дыялектны падзел стараж. індаеўрап. кантынуума і яго генетычных сувязях з настратычнымі мовамі і інш. (Э.Бенвеніст, Е.Курыловіч, Ф.Шпехт, Ю.Покарны, В.Пізані, Дж.Дэвота, В.Порцыг, В.У.Іванаў і інш.).
Літ.:
Общее и индоевропейское языкознание: Обзор лит.: Пер. с нем. М., 1956;
Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),
італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першайкн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.
К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л.камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.
Тв.:
Рус.пер. — Город Солнца. М., 1954.
Літ.:
Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТЫ,
клас хім. злучэнняў, якія змяшчаюць вадарод, здольны пры электралітычнай дысацыяцыі ў водных растворах адшчапляцца ў выглядзе іона H+ (дакладней — іона гідраксонію H3O+). Пры замяшчэнні вадароду на іон металу ўтвараюцца солі.
У залежнасці ад колькасці іонаў вадароду, што адшчапляюцца ад малекулы, К. падзяляюць на аднаасноўныя (напр., азотная кіслата HNO3, саляная кіслата HCl), двухасноўныя (напр., серная кіслата H2SO4, вугальная кіслата H2CO3) і г. д. Паводле ступені дысацыяцыі адрозніваюць К. моцныя, якія ў разбаўленых водных растворах дысацыіруюць амаль цалкам (напр., HNO3, H2SO4), і слабыя, якія дысацыіруюць нязначна (напр., H2CO3). Для класіфікацыі К. і асноў у няводных растворах карыстаюцца пераважна 2 тэорыямі, прапанаванымі ў 1923: пратоннай І.Н.Бронстэда і электроннай Г.Н.Льюіса. Паводле тэорыі Бронстэда, К. наз. злучэнні, здольныя аддаваць пратон, а асновамі — злучэнні, здольныя далучаць яго. Згодна з тэорыяй Льюіса: К. — акцэптары электроннай пары, асновы — донары гэтай пары. Кіслотныя ўласцівасці рэчываў паводле першай тэорыі звязваюцца з наяўнасцю пратона, паводле другой — абумоўлены будовай малекул, якая вызначае іх электронаакцэптарныя ўласцівасці, таму да К., акрамя пратонных К., адносяць таксама электронаакцэптарныя злучэнні (напр., тэтрахларыд волава SnCl4, трыфтарыд бору BF3), якія не маюць вадароду.
Літ.:
Усанович М.И. Исследования в области теории растворов и теории кислот и оснований: Избр. тр. Алма-Ата, 1970;
Мискиджьян С.П., Гарновский А.Д. Введение в современную теорию кислот и оснований. Киев, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.В.Ламберта і Я.І.Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.Л.Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.Р.Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.П.Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.