СТАЛЕ́ТАЎ Аляксандр Рыгоравіч (10.8.1839, г. Уладзімір, Расія —26.5.1896),
расійскі фізік; адзін з першаадкрывальнікаў фотаэфекту; стваральнік першай у Расіі навук. школы фізікаў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1860), дзе і працаваў з 1866 (з 1873 праф.). У 1862—66 удасканальваў адукацыю ў Гейдэльбергскім, Гётынгенскім і Парыжскім ун-тах. Навук. працы па электрамагнетызме, оптыцы, малекулярнай фізіцы, гісторыі і метадалогіі навукі. Атрымаў крывую намагнічанасці жалеза (1872), правёў сістэматычныя даследаванні знешняга фотаэфекту (1888—90), адкрыў першы закон фотаэфекту. Даследаваў эл. разрады ў газах, крытычны стан рэчыва і інш. Заснаваў першую ў Расіі фіз. лабараторыю (1874) і быў ініцыятарам стварэння фіз. ін-та пры Маскоўскім ун-це.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М.; Л., 1939—47;
Избр. соч. М.; Л., 1950.
Літ.:
Болховитинов В. Столетов. 3 изд. М., 1965;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 538—547.