КЛУ́МАЎ (Яўген Уладзіміравіч) (падп. псеўд. Самарын; 16.12.1876, Масква — 10.2.1944),

удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1965). Канд. мед. н. (1935), праф. (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). З 1905 земскі ўрач у Рэчыцкім пав. У 1-ю сусв. і грамадз. войны хірург і ўрач шпіталяў на Зах. фронце. З 1921 у мед. установах Мінска. У Вял. Айч. вайну ў 1-й гар. бальніцы: дапамагаў параненым партызанам і падпольшчыкам, забяспечваў падполле і многія партыз. атрады медыкаментамі, абсталяваў 2 партыз. шпіталі. У кастр. 1943 арыштаваны акупац. ўладамі, адмовіўся з імі супрацоўнічаць, загублены ў душагубцы. Яго імем у Мінску названы вуліца і бальніца.

Я.У.Клумаў.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́НКА (Іван Сідаравіч) (8.10.1895, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1940), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. З 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах. Камандзір стралк. дывізіі Л. вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка ў Магілёўскай вобл. Дывізія з баямі 23—25 чэрв. фарсіравала рэкі Проня і Бася, адбіла некалькі контратак каля в. Халмы Чавускага р-на; Л. з гарматы падбіў некалькі варожых танкаў, загінуў у гэтым баі. Пахаваны ў Магілёве. Яго імем названы вуліца і сквер у Магілёве, плошча ў Крычаве.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Пётр Мікалаевіч) (8.3.1866, Масква — 14.3.1912),

расійскі фізік-эксперыментатар, стваральнік навук. фіз. школы ў Расіі. Скончыў Страсбургскі ун-т (1891). У 1892—1911 у Маскоўскім ун-це (з 1900 праф.). Навук. працы па эксперым. абгрунтаванні эл.-магн. тэорыі святла. Першым атрымаў міліметровыя эл.-магн. хвалі (1895) і даследаваў іх уласцівасці. Выявіў ціск святла на цвёрдыя целы (1899) і газы (1907) і правёў адпаведныя вымярэнні. Выканаў арыгінальныя эксперыменты па магнетызме вярчальных цел, выказаў гіпотэзу аб паходжанні каметных хвастоў. Яго імем названы Фіз. ін-т Рас. АН.

Тв.:

Собр. соч. М., 1963.

Літ.:

Сердюков А.Р. П.​Н.​Лебедев, 1866—1912. М., 1978.

П.М.Лебедзеў.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),

1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).

2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛІФАСО́ЎСКІ (Мікалай Васілевіч) (6.4.1836, г. Дубэсар, Малдова — 13.12.1904),

расійскі хірург. Д-р медыцыны (1863). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). З 1870 праф. Кіеўскага ун-та, з 1871 пецярб. Медыка-хірургічнай акадэміі, з 1880 Маскоўскага ун-та, у 1893—1900 дырэктар Ін-та удасканальвання ўрачоў у Пецярбургу. Удзельнік войнаў: аўстра-прускай (1866), франка-прускай (1870—71), руска-турэцкай (1877—78). Навук. працы па пытаннях ваенна-палявой хірургіі, траўматалогіі, хірургіі органаў брушной поласці. Прапанаваў метад злучэння касцей — «рускі замок» («замок С.»); распрацаваў метады лячэння мазгавых грыж. Прапанаваў і ўкараніў у хірург. практыку асептыку і антысептыку. Яго імем названы НДІ хуткай мед. дапамогі ў Маскве.

Тв.:

Избр. труды. М., 1953.

т. 14, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЫ́ЛІЙ (лац. Beryllium),

Be, хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы. Ат. н. 4, ат. м. 9,012. Колькасць у зямной кары 6∙10​−4% (па масе). Названы ад мінералу берыл, з якога ўпершыню атрыманы. Трапляецца ў прыродзе таксама як мінералы фенакіт, хрызаберыл.

Серабрыста-шэры метал, tпл 1287 °C, шчыльн. 1,8445∙10​3 кг/м³. На паветры ўтварае ахоўную плёнку з берылію аксіду, узаемадзейнічае з кіслотамі, шчолачамі, пры награванні — з кіслародам, азотам, вугляродам, серай. Выкарыстоўваецца як кампанент медных, нікелевых, жал. і інш. сплаваў; у авіябудаўніцтве, у ракетнай і ядз. тэхніцы, электратэхніцы і электроніцы. Таксічны, мае канцэрагеннае і алергічнае дзеянне, выклікае захворванні скуры, лёгкіх і бронхаў. ГДК у пітной вадзе 0,0002 мг/л. Злучэнні берылію таксічныя.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́СМАРКА АРХІПЕЛА́Г (Bismark Archipelago),

Новая Брытанія, група астравоў на З Ціхага ак., у Меланезіі, тэр. Папуа—Новай Гвінеі. Нас. 347 тыс. (1987). Пл. каля 50,5 тыс. км². Складаецца з 2 вял. а-воў Новая Брытанія і Новая Ірландыя, а-воў Адміралцейства і шэрагу дробных каралавых. Буйныя астравы гарыстыя (выш. да 2300 м), штат вулканаў, ёсць дзеючыя (Улавун). Частыя землетрасенні. Вільготныя трапічныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, бананаў, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. горад — Рабаул (на в-ве Новая Брытанія). Адкрыты ў 1616 галандцамі В.​Схаўтэнам і Я.​Лемерам. Анексіраваны Германіяй (1884), падмандатная тэр. Аўстраліі (1920), захоплены Японіяй у 2-ю сусв. вайну; частка тэр. Новай Гвінеі, падмандатнай ААН да 1975. Названы ў гонар О.Бісмарка.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙЛЯ ПУНКТ,

пункт мінімуму на ізатэрме рэальнага газу, адлюстраванай у каардынатах p — pV, дзе p — ціск газу, V — аб’ём, які займае газ. Названы ў гонар Р.​Бойля. У наваколлі Бойля пункта невял. ўчасткі ізатэрмаў рэальнага газу можна разглядаць як адрэзкі гарыз. прамых — ізатэрмы ідэальнага газу. Лінія, што злучае Бойля пункты на асобных ізатэрмах, наз. крывой Бойля. Пункт гэтай крывой, што ляжыць на восі pV (p = 0), вызначае т-ру Бойля TB = 3,375TK, дзе TK — крытычная тэмпература. Пры т-рах T < TK магчыма поўнае звадкаванне газу, пры T < TB — частковае.

Да арт. Бойля пункт: 1 — ізатэрмы рэальнага газу ў каардынатах p—pV; 2 — ізатэрма ідэальнага газу; 3 — пункты Бойля; 4 — крывая Бойля.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЦЕ́ХЦІН (Анатоль Георгіевіч) (8.3.1897, с. Стрыгіна, Валагодская вобл., Расія — 20.4.1962),

савецкі геолаг, мінералог. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1924). З 1937 у Ін-це геал. навук АН СССР (Масква), з 1956 у Ін-це геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АН СССР. Навук. працы па тэорыі рудаўтварэння і мінераграфіі. Развіваў новы кірунак у даследаванні рудаў, звязаны з вывучэннем іх тэкстуры, структуры і парагенезісу мінералаў Распрацаваў тэорыі гідратэрмальнага мінералаўтварэння і ўтварэння рудаў марганцу. Аўтар манаграфіі «Прамысловыя марганцавыя руды СССР» (1946). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1947. Імем Бяцехціна названы мінерал бецехцяніт.

Літ.:

Шадлун Т.Н. Памяти академика А.​Г.​Бетехтина // Геология руд. Месторождений. 1963. № 3.

А.Г.Бяцехцін.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАРУ́СКІ АРКЕ́СТР,

аркестр рус. нар. інструментаў. Створаны ў 1887 у Пецярбургу В.В.Андрэевым (кіраўнік да 1918) як ансамбль з 8 музыкантаў — «Гурток аматараў ігры на балалайках». У 1896 у яго склад уведзены домры, гуслі, пазней нар. духавыя і ўдарныя інструменты; ансамбль названы Велікарускі аркестр, з 1923 — Дзярж. Велікарускі аркестр імя Андрэева, у 1936—41 Аркестр рус. нар. інструментаў імя Андрэева Ленінградскай філармоніі. Рэпертуар аркестра ўключаў апрацоўкі рус. нар. песень, п’есы Андрэева, пералажэнні твораў рус. і замежных кампазітараў. У 1951 імя Андрэева прысвоена аркестру нар. інструментаў пры Ленінградскім радыё, у складзе якога былі некаторыя артысты былога Велікарускага аркестра (з 1951 Аркестр рус. нар. інструментаў, з 1991 Рускі нар. аркестр імя Андрэева С.-Пецярбургскага тэлебачання і радыё).

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)