1) ручная машына з рабочым органам у выглядзе нажовачнага палатна. Мае эл. або пнеўматычны прывод. Выкарыстоўваецца для разразання метал. загатовак.
2) Ручная піла, рабочы орган у якой — нажовачнае палатно. У Н. для слясарных работ зменнае палатно ўстанаўліваюць у спец. рамцы, у Н. для сталярных работ — замацоўваюць з аднаго боку ў ручцы.
Нажоўкі: а — ручная слясарная (1 — нажовачнае палатно, 2 — рамка); б — прывадная (1 — заціскныя ціскі, 2 — рама з нажовачным палатном, 3 — трубка з ахаладжальнай вадкасцю, 4 — электрарухавік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАНСО́Н (франц. poinęon),
1) у металаапрацоўцы — адна з асн. дэталей інструменту, што выкарыстоўваецца пры штампоўцы і прасаванні. Пры штампоўцы П. аказвае непасрэдны ціск на метал, што апрацоўваецца, і ў залежнасці ад прызначэння можа быць прашыўным, прабіўным, прасечным ці вырубным. Пры прасаванні П. перадае ціск праз прэс-шайбу на загатоўку, што выціскаецца праз матрыцу.
2) У паліграфіі — стальны брусок прамавугольнага сячэння з рэльефным відарысам літары, знака і інш., які служыць для атрымання паглыбленага відарыса пры вырабе матрыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗА́ННЕ,
від тэкстыльнага пляцення з суцэльнай ніткі, выгнутай у петлі, якія злучаюцца паміж сабой у падоўжным і папярочным напрамках, утвараючы эластычнае палатно — трыкатаж, вытворчасць трыкат. вырабаў; від народнага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Адрозніваюць вязанне ручное і машыннае. Прамежкавае месца займае вязанне з дапамогай ручных вязальных апаратаў рознай ступені складанасці.
Існуюць 2 асн. спосабы вязання: правязванне пятлі з адначасовым яе закрываннем (вязанне кручком) і правязванне рада незакрытых петляў з наступным іх закрываннем (вязанне пруткамі або з дапамогай прыстасаванняў у выглядзе ліштваў з калкамі). На Беларусі вязанне кручком і пруткамі вядомае з 18 ст., да 20 ст. цалкам выцесніла захаванае яшчэ ад бронзавага веку іголкавае пляценне. Камбінацыі розных прыёмаў вязання даюць магчымасць ствараць багатыя структурна-каляровыя эфекты трыкат. вырабаў. Найб. прыдатныя для вязання ніткі льняныя, баваўняныя, ваўняныя, з хім. валокнаў і змешаныя. Тонкім метал. кручком вяжуць карункі, карункавыя прошвы і падзоры для ручнікоў і бялізны, сурвэткі, абрусы, пакрывалы, адзенне і дэталі да яго; тоўстым драўляным кручком — палавікі і дыванкі. Пруткамі (метал., пластмасавыя) вяжуць сукенкі, блузкі, шарсцяныя жакеты, джэмперы, хусткі, шапкі, пальчаткі, панчохі і інш. вырабы.
Машыннае вязанне на трыкатажных машынах бывае 2 тыпаў: папярочнавязальнае (кулірнае) і асновавязальнае. Выкарыстоўваюць у вытв-сці адзення, бялізны, галантарэйных і швейных вырабаў (гл.Трыкатажная прамысловасць).
А.У.Лось.
Тыпы машыннага вязання: 1 — папярочнае (кулірнае); 2 — асновавязальнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ФНІЙ (лац. Hafnium),
Hf, хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 72, ат. м. 178,49. Складаецца з 6 ізатопаў з масавымі лікамі 174, 176—180. Належыць да рассеяных элементаў, у зямной кары знаходзіцца (3—4)∙10−4% па масе. Адкрыты ў 1923 венг. хімікам Дз.Хевешы і нідэрл. фізікам Дз.Костэрам, названы па месцы адкрыцця — г. Капенгаген.
Бліскучы серабрыста-шэры пластычны метал, існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: гексаганальнай α-Hf і кубічнай β-Hf (вышэй за 1740 °C). Шчыльн 13 350 кг/м³, tпл каля 2230 °C. Кампактны гафній устойлівы ў паветры, парашкападобны пірафорны (гл.Пірафорныя рэчывы). Па хім. уласцівасцях падобны да цырконію. Пры т-ры вышэй за 700 °C з кіслародам утварае дыаксід HfO2, (белыя крышталі, tпл 2780 °C), пры 200—400 °C з галагенамі — тэтрагалагеніды (напр., тэтрахларыд HfCl4 — бясколерныя крышталі, т-ра вазгонкі 315 °C), пры высокіх т-рах з азотам, борам, крэмніем, вугляродам — металападобныя тугаплаўкія злучэнні (напр., нітрыд HfN — залаціста-жоўтыя крышталі, tпл 3310 °C). Злучэнні гафнію атрымліваюць пры вытв-сці цырконію з руднай сыравіны, метал. гафнію — аднаўленнем HfCl4 магніем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць як матэрыял для рэгулюючых стрыжняў і аховы ядз. рэактараў, кампанент гарачатрывалых і тугаплаўкіх сплаваў у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТКАметалаў,
спосаб апрацоўкі металаў ціскам паміж вярчальнымі валкамі пракатнага стана з мэтай атрымання вырабаў пэўнага сячэння. П. атрымліваюць розныя віды пракату: пруткі і палосы рознага папярочнага сячэння, трубы, колы, кольцы і інш.
Адрозніваюць П. гарачую, цёплую і халодную. Вядомы 3 асн. віды: падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і папярочна-вінтавая (касая). Пры падоўжнай П. метал дэфармуецца паміж паралельна размешчанымі валкамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. Пры гэтым метал зацягваецца ў міжвалковую прастору сілай трэння і пластычна дэфармуецца (вышыня сячэння вырабу пры праходжанні паміж валкамі змяншаецца, даўжыня павялічваецца). Такім спосабам вырабляюць сартавы і ліставы пракат, раскочваюцца загатоўкі ў гатовыя трубы. Папярочнай і папярочна-вінтавой П. робяць толькі дэталі форм вярчэння. Пры гэтым вырабу, што апрацоўваецца папярочнай П., надаецца вярчальны рух і апрацоўка адбываецца ў папярочным напрамку. Такой П. атрымліваюць шасцерні, кольцы, вырабы з перыяд. профілем. Пры папярочна-вінтавой П. выраб мае яшчэ і паступальны рух уздоўж яго восі. Гэты спосаб выкарыстоўваюць у вытв-сці труб, шароў і інш. цел вярчэння. Бесперапыннасць П. забяспечвае высокую прадукцыйнасць. У індустр. краінах П. апрацоўваюць больш як 3/4 усёй выплаўленай сталі.
Літ.:
Машины и агрегаты металлургических заводов. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—88;
Поперечно-клиновая прокатка в машиностроении. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),
Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага 185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага 187Re (перыяд паўраспаду 5∙1010 гадоў). У зямной кары 7∙10−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.
Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7 — крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр. матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІЙ (лац. Berkelium),
Bk, штучны радыеактыўны хім. элемент з групы актыноідаў. Назва ад г. Берклі (ЗША), дзе атрыманы (1949). Ат. н. 97; вядома 10 ізатопаў з масавым лікам 240—251 (акрамя 241). Найб. доўгаіснуючыя 247Bk (перыяд паўраспаду 1380 гадоў, α-выпрамяняльнік), 249Bk (перыяд паўраспаду 314 сутак, β-выпрамяняльнік).
Серабрыста-белы метал, tпл 980 °C, вельмі рэакцыйназдольны. Атрымліваюць у ядз. рэактарах апрамяненнем плутонію, амерыцыю і кюрыю нейтронамі. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях адз. фізікі і радыяхіміі. Высокатаксічны, ГДК у паветры 5,9∙10−4Бк/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНЫ ЖЫ́ВАПІС,
від жывапісу маст. алейнымі фарбамі, у якіх сувязным рэчывам для каляровых парашкоў (пігментаў) з’яўляюцца алей ільняны, арэхавы, сланечнікавы і інш. і розныя лакі. Алейны жывапіс выконваецца пераважна на палатне, дрэве, кардоне, метал. плітах, пакрытых спец. грунтамі (станковы алейны жывапіс) ці па вапнавым тынку (манументальны алейны жывапіс). Вядомы з 10 ст. Пашырыўся на пач. 15 ст. пасля ўдасканалення яго Я. ван Эйкам. На Беларусі вядомы з пач. 16 ст. У тэхніцы алейнага жывапісу працуе пераважная большасць мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ДЖПАРТ (bridgeport),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Уваходзіць у Вял.Нью-Йорк. Засн. ў 1639. 142 тыс.ж. (1990), з гарадамі Мілфард, Стратфард, Фэрфілд і агульнымі прыгарадамі 444 тыс.ж. Порт у прал. Лонг-Айленд. З в-вам Лонг-Айленд злучаны паромам. Буйны цэнтр металапрамысловасці. Эл.-тэхн., радыёэлектронная, авіяц. (вытв-сць верталётаў, дэталяў і вузлоў), металаапр., хім.прам-сць. Вытв-сць металарэзных станкоў, інструменту, падшыпнікаў, кантрольна-вымяральных прылад, стальных сплаваў, стралк. зброі, боепрыпасаў, метал. галантарэйных вырабаў. 2 ун-ты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРА́МУ КАРБІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні вальфраму з вугляродам. Вядомыя вальфраму карбіды: монакарбід (WC) і гемікарбід (W2C, існуе толькі пры высокіх т-рах).
Монакарбід вальфраму — крышт. рэчыва шэрага колеру, tпл 2776 °C, шчыльн. 15 600 кг/м³. Мае высокую цв., кіслотаўстойлівы, у паветры пры t > 430 °C акісляецца. Атрымліваюць узаемадзеяннем вальфраму з вугляродам пры т-ры 1430—1630 °C у атмасферы вадароду, аднаўленнем аксіду (WO3) вугалем. Выкарыстоўваюць як аснову металакерамічных цвёрдых сплаваў, для легіравання хуткарэзных сталяў, нанясення зносаўстойлівых наплавачных пакрыццяў на метал. паверхні.