МІ́НСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.

Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.​М.​Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр. Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.​Р.​Тарасенка (1949—51), Г.​В.​Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус. манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 10, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі функцыянаванне бортніцтва на Беларусі з глыбокай старажытнасці да канца 18 ст. Спачатку бортнае права было вуснае, усе віды яго парушэння разглядаліся копным судом. Асн. яго нормы без істотнай юрыд. трансфармацыі ўвайшлі поруч з афіц. прававымі актамі, што рэгулявалі бортніцтва, у Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход: ненаўмыснае пашкоджанне бортнае дрэва каралася штрафам у 2 капы (120) грошай, наўмыснае — у 5-разовым памеры; злоўленых на месцы злачынства за крадзяжом мёду маглі прысудзіць і да смяротнай кары.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДНІКІ,

катэгорыя работнікаў на Беларусі ў 15 — сярэдзіне 19 ст., якія працавалі гал. чынам на будах. Набіраліся пераважна са збяднелых сялян. Некваліфікаваныя буднікі звычайна выпальвалі попел з драўніны пэўных парод і нарыхтоўвалі дровы, клёпку для будных печаў. Кваліфікаваныя буднікі выварвалі з попелу паташ (палівачы і карытнікі), выпальвалі вугаль для кузняў, рабілі бочкі пад паташ, выконвалі дапаможныя работы (кавалі, бондары, цагельнікі і інш.). За сваю працу буднікі атрымлівалі ардынарый (харчы), адзенне і грашовую плату. Большасць буднікаў мела свае хаты, бяздомныя жылі па месцы працы ў спец. памяшканнях.

В.​І.​Мялешка.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСУ́ТНАСЦЬ БЕЗ ВЕ́СТАК,

у цывільным праве ўстаноўлены судом факт працяглай (не менш за адзін год) адсутнасці асобы і звестак пра яе ў месцы яе пастаяннага жыхарства. Прызнанне факта адсутнасці без вестак праводзіцца па заяве зацікаўленай фіз. або юрыд. асобы і цягне за сабой пэўныя юрыд. вынікі: над маёмасцю адсутнага ўстанаўліваецца апека, з яго маёмасці выдаецца забеспячэнне асобам, якіх ён паводле закону абавязаны ўтрымліваць, пагашаюцца даўгі па яго абавязацельствах. У выпадку яўкі ці выяўлення месца знаходжання адсутнага суд адмяняе сваё рашэнне аб прызнанні факта адсутнасці без вестак. Гл. таксама Абвяшчэнне памерлым.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.

Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.

Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗАРАЗДА́ТАЧНАЯ КАЛО́НКА,

помпавая ўстаноўка для водпуску бензіну і інш. відаў вадкага аўтамаб. паліва на аўтазаправачных станцыях (АЗС). Злучаецца трубаправодам з паліўнымі рэзервуарамі; колькасць бензіну, што адпускаецца, адмерваецца аўтам. лічыльнікам.

Аўтаматызаваныя бензараздатачныя калонкі маюць высокапрадукцыйныя помпы з выбуховабяспечнымі электрарухавікамі, лічыльнікамі сумарнай і разавай выдачы, мех. або электрамех. дазатарамі. Сучасныя бензараздатачныя калонкі абсталяваны электроннымі прыстасаваннямі для падсумоўвання аб’ёму і кошту паліва, што адпускаецца на працягу пэўнага часу кожнаму кліенту, які мае спецыяльна закадзіраваны ключ, у гэтым выпадку запраўляць аўтамабіль можна ў любым месцы, дзе ёсць такія бензараздатачныя калонкі.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЭ́Р-ШЭ́ВА, Беэршэба (араб. Бір-эс-Саба,

грэч. Вірсавія),

горад на Пд Ізраіля. Адм. ц. акругі Беэр-Шэва. 114 тыс. ж. (1990). Гандл.-трансп. ц. паўд. ч. краіны — пустыні Негеў. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Дрэваапрацоўка, машынабудаванне, эл.-тэхн., швейная прам-сць, вытв-сць зборных дамоў, керамікі, шкляных вырабаў; хім. з-д. Ун-т.

Горад на месцы сучаснага вядомы з 4-га тыс. да н.э. У Беэр-Шэве знаходзілася свяцілішча бога Яхве, збудаванае, паводле Бібліі, Ісаакам. Захаваліся рэшткі рым. крэпасці 3—4 ст. н.э., стараж. студні і падземныя цыстэрны для вады.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́РМ (ад бія... + грэч. herma падводная скала),

простая арганагенная пабудова, якая ўтварылася на месцы росту калоній арганізмаў, здольных адкладваць вапну, захоўваць пасля адмірання прыжыццёвую форму. Даўж. біягерма да кіламетра.

Марфалагічна біягерм як геал. цела — масіў або выпуклая лінза, палеагеаграфічна — падводны выступ, узгорак. У асадкавых адкладах Беларусі выкапнёвыя дробныя Б. з каралаў, страматапораў, імшанак, сіне-зялёных і чырвоных водарасцяў (багранак) трапляюцца ў сілурыйскіх і ніжнедэвонскіх утварэннях Брэсцкай упадзіны, верхнедэвонскіх і кам. вуг. утварэннях Прыпяцкага прагіну. Да верхнедэвонскіх біягермных адкладаў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны радовішчы нафты і газу. Гл. таксама Біястромы.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць дубільныя рэчывы (таніны) у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання дубільных экстрактаў. Падзяляюцца на высока- (больш за 20%), сярэдне- (12—20%) і нізкатанінныя (менш як 12%). На Беларусі асн. Д.р. — дуб (у кары і драўніне 5—15% танінаў, выкарыстоўваецца ў дубільна-экстрактавай прам-сці), елка, розныя віды вербаў і інш.

Па месцы канцэнтрацыі танінаў у расліне адрозніваюць Д.р.: коравыя — дуб, елка, лістоўніца, вярба; лісцевыя — скумпія, бадан, герані, вятроўнік; драўнінныя — дуб, каштан; пладовыя — дуб; каранёвыя — драсён, шчаўе, рэвень; галавыя — дуб, вярба і інш.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДЗІ́НЦАЎ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (н. 29.7.1918, г. Купянск, Украіна),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т (1940). Друкуецца з 1933. Аўтар зб-каў апавяданняў «У сям’і асілкаў» (1952), аповесцей «На сваім месцы» (1953), «Навагодняя казка» (1960). Раман «Не хлебам адзіным» (1956) пра вынаходніка ў сутыкненні з бюракратамі і прыстасаванцамі незаслужана крытыкаваўся за т. зв. ачарненне рэчаіснасці. Вострасюжэтны раман «Белае адзенне» (1987) пра самаадданую барацьбу вучоных за выратаванне генетыкі як навукі ў канцы 1940-х г.

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1959;

Не хлебом единым. М., 1990.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)