кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.
Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.Габа і А.Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.Папова і В.Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.Таірава, У.Меерхольда, С.Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.Дзешавова, балет «Стальны скок» С.Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.Шастаковіча, «Жалобная ода» А.Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф.арк. А.Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.Зялінскім, І.Сельвінскім і А.Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн.эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.Агапаў, А.Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».
На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв.функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.Гінзбург, І.Голасаў (гл.Голасавы), К.Мельнікаў і інш.
У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.Гальц, М.Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.Васільеў) і інш.
Літ.:
Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг.М., 1970;
Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;
Да арт.Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.Валадзько. 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),
народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс.чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс.чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн.чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.
Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.
Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ.нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АНБССР. Пры ЦККП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр.Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ.культ.-асв.т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦККПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦККПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.
У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ.цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein),
Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км². Нас. 31,4 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.
Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на З — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км², большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс.ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс.чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст.н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап.эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс.грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш. Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс.дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн.кВтгадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (2/3прамысл. прадукцыі), у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр. прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс.га, пад пашай каля 6,3 тыс.га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс.чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр. Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд.дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.
Літ.:
Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.
Ю.В.Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаўтрадыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),
нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел.рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.
Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ.«Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГБеларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр.БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ.«Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Літ.:
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел.паліт.арг.: Бел.рэв. грамада, Бел.сац. грамада. Вільня, 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗКА,
жанр фальклору, апавядальны твор, які грунтуецца на займальным вымысле (дзейнічаюць незвычайныя героі, адбываюцца незвычайныя падзеі), а ідэйна-мастацкі змест звязаны з грамадскім, сямейным і вытв. побытам. У казачным вымысле адлюстроўваюцца маральныя і сац. погляды нар. мас, іх ідэалы, што процістаяць несправядліваму грамадскаму ладу, мары, што пераўзыходзяць дасягнутае ў падпарадкаванні сіл прыроды і ў стваральнай працы. Таленавітыя казачнікі перадаюць К. з вуснаў у вусны (нярэдка на працягу стагоддзяў). К. вызначаюцца багаццем жанравых разнавіднасцей і маст. сродкаў. У іх арганічна спалучаюцца традыцыйнае і новае, устойлівае і імправізацыйнае, нацыянальнае і міжнароднае, майстэрства слова і выканання.
Вытокі казачнага эпасу — у рэчаіснасці дакласавага грамадства. Асобныя казачныя сюжэты фарміраваліся ў розныя эпохі, таму ўтрымліваюць своеасаблівыя гіст. напластаванні. К. мае большы, чым іншыя жанры фальклору, арэал пашырэння і глыбокія разгалінаваныя ў этнічных адносінах гіст. карані. Яна творча ўзаемадзейнічае з многімі інш.фалькл. жанрамі — міфамі, легендамі, паданнямі, эпічнымі песнямі, баладамі, анекдотамі, замовамі, прыказкамі і прымаўкамі. Падабенства казачнай творчасці многіх народаў свету абумоўлена агульнымі сац. заканамернасцямі іх жыцця і мае тыпалагічны характар. З развіццём міжнар.культ. сувязей ідзе ўзаемаабмен вуснымі і літаратурна апрацаванымі К. на розных мовах, і гэты працэс на працягу тысячагоддзяў назіраецца ў сусв. дыяпазоне. Творчае асваенне нар. казачнікамі іншанацыянальнага фальклору залежыць ад сучаснай ім нац. рэчаіснасці і традыцый.
Гісторыя і геагр. становішча Беларусі вызначылі яе ролю пасрэдніка паміж рус., укр., польск. і прыбалт. культ. традыцыямі. Гэта выявілася і ў багацці бел. казачнага рэпертуару, у разнастайнасці варыянтаў сюжэтаў. Ва ўмовах патрыярхальнага побыту бел. сялянства К. заняла адно з гал.месцаў сярод фалькл. жанраў і дасягнула высокага маст. ўзроўню. Выдатныя нар. казачнікі (Рэдкі, П.Гаспадароў, Х.Азёмша) выступалі як папулярныя майстры слова, філосафы, публіцысты. Бытаванне К. у бел. вёсцы было звязана з наладжваннем попрадак, са звычаем расказваць фалькл. творы ў піліпаўскі пост і ў калядныя вечары. У наш час вусная казачная традыцыя паступова затухае пад уплывам усеагульнай адукаванасці, пашырэння маст. л-ры, сродкаў масавай камунікацыі. Хоць адзначаюцца і факты казкатворчасці, запісы новых тэкстаў К. Вусная К. прадаўжае існаваць пераважна ў сямейным асяроддзі. Найб. поўна асаблівасці казачнай творчасці раскрываюцца ў чарадзейных казках. Фантастычнае праламленне ў іх рэальных з’яў, імкненняў і мараў не вымагае веры ў дзівоснае, але яно пастаянна мроіцца ў творчым уяўленні расказчыка і слухачоў. Казкі пра жывёл фантастычныя ў той меры, у якой жывёлы ў нар. вобразных уяўленнях дзейнічаюць у жыццёвай сферы. Паэтыка незвычайнага ў сацыяльна-бытавых казках вызначаецца сюжэтным завастрэннем быт. сітуацый у драматычным (навелістычныя казкі) ці ў анекдатычным (анекдатычныя, сатырычныя К.) плане. Фантастыка легендарных казак найчасцей абумоўлена вобразамі бога, святых, анёлаў, чарцей, а таксама тым, што дзеянне ў іх разгортваецца на зямлі і на «тым свеце». Маральная скіраванасць такіх К. пазбаўлена рэліг. дыдактызму і стасуецца з сац. сатырычнай завостранасцю. Па меры распаду патрыярхальнага побыту і росту класавых супярэчнасцей у бел.нац. рэпертуары большала значэнне сац.-бытавых К., героям якіх уласціва сац. канкрэтнасць, кампазіцыі — свабода і дынамічнасць, стылю — размоўная натуральнасць і прастата. У кожнага народа ёсць К., не зафіксаваныя ў інш. народаў. У бел. чарадзейных К. нямала сюжэтаў, якія не маюць адпаведнікаў у суседзяў. Бел.нар. К. вядомы пераважна па зборніках 19 і 20 ст. У серыі «Беларуская народная творчасць» выйшла 5 кніг К. Бел.нар. К. перакладзены на многія мовы. К., апрацаваныя пісьменнікамі ці створаныя імі паводле матываў, у духу народных, наз. літаратурнымі К. Бел.нар. К. апрацоўвалі ў 1-й пал. 19 ст. Я.Баршчэўскі, А.Глінскі, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — Ф.Багушэвіч, К.Каганец, Ядвігін Ш. Сярод літ. К. бел. пісьменнікаў вылучаюцца творы Я.Коласа, З.Бядулі, У.Дубоўкі, А.Якімовіча, М.Танка, М.Лужаніна, У.Караткевіча, У.Ягоўдзіка і інш.Літ. К. робяць зваротны ўплыў на фалькл. творчасць, і сувязь нар. К. з літаратурай становіцца ўсё больш цеснай.
Публ.:
Романов Е.Р. Белорусский сборник. Т. 1, вып. 3—4, 6. Витебск;
Могилев, 1887—91, 1901;
Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;
Сержпутовский АК. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;
Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Казкі і легенды роднага краю. Мн., 1960; Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963; Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мн., 1971; Чарадзейныя казкі. Ч. 1—2. Мн., 1973—78; Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976; Беларускі казачны эпас. Мн., 1976; Беларускія народныя казкі. 2 выд.Мн., 1986; Казкі ў сучасных запісах. Мн., 1989; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Belorussische Volksmárchen. Aufl. 10. Berlin, 1980.
Літ.:
Савченко С.В. Русская народная сказка: (История собирания и изучения). Киев, 1914;
Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;
Я г о ж Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946;
Ягож. Русская сказка. Л., 1984;
Мелетинский Е.М. Герой волшебной сказки. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я (Guinée),
Гвінейская Рэспубліка (République de Guinée), дзяржава ў Зах. Афрыцы. На ПнЗ мяжуе з Гвінеяй-Бісау, на Пн — з Сенегалам, на ПнУ — з Малі, на У — з Кот-д’Івуар, на Пд — з Ліберыяй і Сьера-Леоне, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 33 адм. раёны. Пл. 245,9 тыс.км². Нас. 6306 тыс.чал. (1993). Сталіца — Конакры. Афіц. мова — французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея — рэспубліка. У яе складзе 8 правінцый. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вярх. ўлада належыць Пераходнаму савету нац. адраджэння (у 1991).
Прырода. Вузкую паласу ўздоўж узбярэжжа займае нізіна. Далей на У плато Фута-Джалон выш. да 1537 м (г. Тамге). Басейн верхняга Нігера (на ПнУ) раўнінны. Паўд.-ўсх.ч. занята Паўн.-Гвінейскім узв. (сярэдняя выш. каля 800 м). Ёсць асобныя горныя масівы выш. больш за 1500 м (г. Німба, 1752 м). Карысныя выкапні: нафта, баксіты, фасфаты, жал. руды, золата, алмазы. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы, з вільготным летам. Сярэдняя т-ра паветра круглы год 24—28 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы каля 2000—3000 мм за год, на У каля 1000 мм. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. У Гвінеі вытокі Нігера, Сенегала (р. Бафінг), Гамбіі. Большая ч.тэр. занята саваннамі, рэдкімі лістападнымі і вечназялёнымі лясамі. Невял. ўчасткі трапічных лясоў, на ўзбярэжжы мангравая расліннасць. Запаведнік Німба.
Насельніцтва. Жывуць народы фульбе (35%), малінке (30%), сусу (20%) і інш. Выхадцаў з Еўропы і Азіі каля 20 тыс. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (85%), у гарадах ёсць католікі (8%), на Пд і У месцамі вызнаюць традыц. культы. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,6 чал. На 1 км². Больш густа населены прыбярэжныя раёны, плато Фута-Джалон. У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Конакры — 950, Лабе — 110, Канкан — 100. У сельскай гаспадарцы занята 82% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 11, у абслуговых галінах — 5%.
Гісторыя. Паводле звестак археолагаў, тэр. Гвінеі заселена ў эпоху неаліту. Пазней яна была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана і Малі. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Гвінеі з’явіліся партугальцы. У 1770-я г. ўтварылася ранняя дзяржава качэўнікаў-жывёлаводаў фульбе — Фута-Джалон. У 1880—90-я г.тэр. Гвінеі заваявана французамі, якія ў 1895 вылучылі яе ў асобную калонію, у 1904 уключылі ў склад Франц.Зах. Афрыкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі ўзмацніўся нац.-вызв. рух. У 1947 на базе гвінейскай секцыі Афр.дэмакр. аб’яднання ўтворана Дэмакр. партыя Гвінеі (ДПГ), якая ў 1957 перамагла на выбарах у Тэр. асамблею (56 месцаў з 60), 2.10.1958 абвешчана незалежнасць краіны. Яе прэзідэнтам стаў А.Секу Турэ (кіраўнік ДПГ). Урад Гвінеі нацыяналізаваў замежныя банкі і кампаніі, увёў манаполію знешняга гандлю, стварыў нац. грашовую сістэму. У выніку зліцця дзярж. органаў і структур кіруючай ДПГ рэжым Секу Турэ ператварыўся ў дыктатарскі (рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму, да 1983 краіну пакінулі каля 2 млн. гвінейцаў). Пасля смерці Секу Турэ (сак. 1984) у выніку ваен. перавароту 3.4.1984 улада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння на чале з Л.Кантэ, які забараніў ДПГ, амнісціраваў палітвязняў і распачаў рэфармаванне эканомікі (з ухілам на жорсткую эканомію), што дазволіла паступова яе стабілізаваць.
У снеж. 1990 на агульнанац. рэферэндуме прынята канстытуцыя краіны. У 1991 створаны Пераходны савет нац. адраджэння. З крас. 1992 дазволена дзейнасць паліт. партый. На прэзідэнцкіх выбарах 19.12.1993 перамог Кантэ. У краіне дзейнічаюць партыі: Аб’яднанне гвінейскага народа, Партыя абнаўлення і прагрэсу, Саюз гвінейскага народа і інш., праф. аб’яднанне Нац. канфедэрацыя працоўных Гвінеі — чл.ААН з 1958, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Гвінея — аграрная краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі 22%, прам-сці 29, абслуговых галін 49%. Апрацоўваецца 6% тэр., пад лугамі і пашай 12%. Большая ч. апрацаваных зямель пад харч. культурамі — рысам (на арашальных землях у бас. верхняга Нігера), кукурузай, просам, сорга, маніёкам, бататам, ямсам, а таксама алейнай пальмай (на Пд і З), алейным дрэвам карытэ, арахісам, кавай, бананамі. Збожжавыя вырошчваюць на Пн і У, караняплоды — у больш вільготных раёнах на Пд і З. Пашыраны дзікарослыя пладовыя: манга, папайя, авакада, гуаява, какосавая пальма. Павялічваюцца пасевы бавоўніку, тытуню і чаю. Агародніцтва (памідоры, перац, баклажаны, капуста). Экспартныя культуры: кава, бананы, ананасы, цытрусавыя, хіннае дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная (асн. Фута-Джалон). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак і коз. Птушкагадоўля. Рачное і акіянскае рыбалоўства. Лясная прам-сць, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Асн. галіна горназдабыўной прам-сці — здабыча баксітаў (раёны Сангарэдзі, Фрыя, Дэбеле); штогод здабываюць 15—20 млн.т. Гліназёмны з-д у Фрыя выпускае каля 1 млн.т гліназёму за год. Алмазы здабываюць на ПдУ, золата — у бас. верхняга Нігера, жал. руду — на крайнім Пд. Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: кансервавыя (Маму, Конакры, Лабе, Кісідугу), алейны (Дабола), фруктовых сокаў (Канкан), лесапільны (каля Конакры), аўта- і велазборачныя (Конакры, Канкан), рысаачышчальныя з-ды (Канкан, Сігіры, Куруса), тытунёвая ф-ка ў Бейла. У Конакры аўтазборачны, нафтаперапр., цэм., цукр. з-ды, вытв-сць пластмас, выбуховых рэчываў, металаканструкцый, мех. майстэрні. Вытв-сць электраэнергіі каля 300 млн.кВт∙гадз штогод, пераважна на невял. ЦЭС і ГЭС. Саматужная вытв-сць ганчарных, ткацкіх, метал., з скуры і дрэва вырабаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 30,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 1145, гравійных — 13 тыс.км. Чыгункі адыгрываюць дапаможную ролю. Іх агульная даўж. 1045 км, у т. л. вузкакалейных — 806 км. Асн. лінія Конакры—Канкан. Участкі рэк агульнай даўж. 1,3 тыс.км на З і ў бас. Нігера выкарыстоўваюцца для мясц. суднаходства. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам праз парты Конакры (разнастайныя грузы) і Камсар (экспарт баксітаў). 15 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Конакры. Гвінея экспартуе баксіты і гліназём (каля 90% па кошце), алмазы, каву, арахіс, бананы, ядры алейнай пальмы; імпартуе нафтапрадукты, металы, машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тэкстыль. Асн.гандл. партнёры: ЗША (33% экспарту, 16% імпарту), краіны Зах. Еўропы, Канада. Грашовая адзінка — гвінейскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ПРЫРО́ДЫ,
сістэма міжнар., дзярж., рэгіянальных і лакальных (мясцовых) гасп.-адм., тэхнал., паліт., юрыд. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, прыроды Зямлі і навакольнай касм. прасторы ў інтарэсах сучаснага і будучага іх выкарыстання чалавецтвам; глабальная праблема сучаснасці, што патрабуе сумесных намаганняў усіх дзяржаў і людзей па яе вырашэнні. Мае важнае гіст. і сац. значэнне, накіраванае на ўсталяванне сістэмы рацыянальнага прыродакарыстання; комплексная міжгаліновая дысцыпліна. Яе састаўныя часткі: ахова атмасферы, ахова водаў, ахова генафонду, ахова глебаў, ахова жывёл, ахова зямель, ахова лясоў, ахова нетраў, ахова раслін і інш. кампанентаў навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. Уключае папераджальныя мерапрыемствы і актыўныя дзеянні грамадства па падтрыманні аптымальных узаемаадносін паміж дзейнасцю чалавека і навакольным прыродным асяроддзем, прадухілення шкоднага ўплыву гасп. дзейнасці на прыроду і здароўе чалавека, падтрыманне прадукцыйнасці прыроды і прыродных умоў, неабходных для забеспячэння паўнацэннага існавання чалавецтва. Асн. задачы: узгадненне развіцця навук.-тэхн. прагрэсу і нар. гаспадаркі з мерапрыемствамі па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аздараўленне жыццёвага асяроддзя чалавека, захаванне біял. і ўсёй прыроднай разнастайнасці, рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, узгадненне адзіных для ўсіх краін знешнепаліт. прынцыпаў аховы планетарнага асяроддзя і інш. У адпаведнасці з гэтым створаны Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП, 1948), распрацавана «Сусветная стратэгія аховы прыроды» (1978, 1992), сфарміраваўся шэраг міжнар. грамадскіх арг-цый і рухаў за ахову прыроды («Грынпіс», рух і партыі «зялёных» і інш.). Рашэннем ААН штогод адзначаецца Міжнар. дзень аховы навакольнага асяроддзя (5 чэрвеня).
Ахова прыроды прадугледжвае сістэму практычных мерапрыемстваў: прыродазнаўча-навук. (вывучэнне і навук. абгрунтаванне асн. кірункаў аховы прыроды, экалагічная экспертыза праектаў), матэрыяльна-тэхн. (матэрыяльнае забеспячэнне прыродаахоўных мерапрыемстваў, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі, удасканаленне тэхнал. працэсаў; стварэнне безадходных і малаадходных тэхналогій), эканамічных (забеспячэнне эканам. эфектыўнасці экалагічных мер), вытворчых (гасп. рэалізацыя праектаў аховы прыроды), сан.-гігіенічных (папераджальныя аздараўленчыя меры), ідэалаг. (выхаванне экалагічнага светапогляду), прававых (распрацоўка і экалагізацыя заканадаўства), арганізацыйных (наладжванне дзейнасці органаў кіравання прыродакарыстаннем, прыродаахоўнага кантролю) і інш.
На Беларусі пад дзярж. аховай знаходзяцца ўсе прыродныя багацці незалежна ад ступені іх пераўтворанасці пад уплывам прыродных і штучных фактараў: зямля, воды, глебы, нетры, лясы, тыповыя ландшафты, рэдкія і каштоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, курортныя і памятныя мясціны, раслінны і жывёльны свет, паветра і інш. Асаблівасці аховы прыроды на Беларусі звязаны з вял. маштабамі гідратэхн.-меліярац. работ, лесаахоўных мерапрыемстваў, празмерным развіццём хім., перапрацоўчай і інш. галін прам-сці з вял. уплывам на прыроднае асяроддзе, шырокім выкарыстаннем у сельскай гаспадарцы мінер. угнаенняў і ядахімікатаў, радыеактыўным забруджваннем тэрыторыі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы і інш. У сувязі з гэтым ажыццяўляюцца шырокамаштабныя работы па ўдасканаленні прыродаахоўнага заканадаўства, меліярацыі зямель і рэкультывацыі ландшафтаў, аднаўленні лясоў, ачыстцы сцёкавых водаў, распрацоўцы і ўкараненні зваротных і паўторных сістэм водакарыстання, газаачышчальных і пылаўлоўных збудаванняў, ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уключэнні малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г.вытв-сць, навук. абгрунтаванні аховы і выкарыстання розных тыпаў зямель, распрацоўцы спец. рэсурса- і прыродаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантролі за выкарыстаннем хім. рэчываў, вядзецца азеляненне населеных месцаў, развіваецца сетка асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, распрацоўваюцца комплексныя і рэгіянальныя схемы аховы прыроды, адпаведныя яе палажэнні ўключаюцца ў праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва, бяруцца пад ахову радовішчы лек.мінер. водаў і тарфянікі, унікальныя прыродныя аб’екты абвешчаны помнікамі прыроды, ахоўваецца шэраг відаў каштоўных, рэдкіх і рэліктавых жывёл і раслін (гл.Ахоўныя жывёлы, Ахоўныя расліны), вядзецца Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь (выд. ў 1981 і 1993); прыродна-кліматычныя фактары шырока выкарыстоўваюцца для ўмацавання здароўя чалавека (турызм, зоны адпачынку, санаторыі, курорты і інш.). Як член ААН Беларусь удзельнічае ў ажыццяўленні Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), праграмы «Чалавек і біясфера» (ЧІБ), у агульнаеўрапейскай нарадзе па супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Заканадаўчыя, выканаўчыя і кантрольныя функцыі ў галіне аховы прыроды выконваюць Камісія Вярхоўнага Савета па пытаннях экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржэканамплан, мін-вы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной гаспадаркі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Навук. асновай аховы жывой прыроды з’яўляецца экалогія, прыкладнымі пытаннямі займаецца інжынерная экалогія. Важная састаўная частка прыродаахоўнай дзейнасці — залучэнне да аховы прыроды грамадскасці. Дзейнічаюць Беларускае таварыства аховы прыроды і шэраг інш. грамадскіх арг-цый і фарміраванняў прыродаахоўнага профілю, Рэсп. экалагічны цэнтр навучэнцаў. Работу па ўзнаўленні колькасці дзікіх прамысл. жывёл і барацьбу з браканьерствам вядзе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Прапагандай аховы прыроды займаюцца т-ва «Веды», нар. ун-ты, клубы аматараў прыроды, радыё і тэлебачанне. Развіваецца прыродаахоўная і экалагічная адукацыя. У большасці вышэйшых і сярэдніх навуч. устаноў уведзены курсы аховы прыроды. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць БДУ і Бел.тэхнал.ун-т. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя створаны Бел.н.-д. цэнтр «Экалогія». Навук. даследаванні па ахове прыроды каардынуе Навук. савет па праблемах біясферы і Экалагічная камісія АН Беларусі. Кантроль за станам навакольнага асяроддзя ажыццяўляюць станцыя фонавага маніторынгу (Бярэзінскі біясферны запаведнік), пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра (г. Высокае Брэсцкай вобл.), Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш. Выдаецца экалагічны бюлетэнь «Стан прыроднага асяроддзя Беларусі», час. «Родная прырода», газеты «Экологический вестник», «Беларуская лясная газета», «Экология Минска» і інш.
На Беларусі ахова прыроды — канстытуцыйны абавязак кожнага чалавека і ўсяго грамадства. Заканадаўчай асновай аховы прыроды з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (1993), «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1995), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1982), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1982), «Аб ахове здароўя» (1970); кодэксы Беларусі: водны (1972), лясны (1979), аб нетрах (1976), аб зямлі (1990) і інш. палажэнні прыродаахоўнага заканадаўства, якія ўстанаўліваюць забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Па асобных пытаннях аховы прыроды прыняты спец. пастановы і нарматыўныя акты, вызначана адм. і крымін. адказнасць за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.
Літ.:
Лукашев В.К., Лукашев К.И. Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980;
Марцинкевич Г.И. Использование природных ресурсов и охрана природы. Мн., 1977;
Основы природопользования. Мн., 1980;
Охрана природы: Природные ресурсы Белоруссии и их рациональное использование. 2 изд. Мн., 1972;
Развитие производительных сил и охрана природы. Мн., 1981;
Реймерс Н.Ф., Штильмарк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978;
Реймерс Н.Ф., Яблоков А.В. Словарь терминов и понятий, связанных с охраной живой природы. М., 1982;
Справочник по охране природы. М., 1980;
Рамад Ф. Основы прикладной экологии: Воздействие человека на биосферу: Пер. с фр.Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫ́КІЙ (Mauritius),
Рэспубліка Маўрыкій (Republic of Mauritius), дзяржава на а-вах Маўрыкій, Радрыгес, Агалега, Каргадас-Карахас у зах.ч. Індыйскага ак. на У ад Мадагаскара. Пл. 2040 км². Нас. 1168,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская; выкарыстоўваюцца крэольская, французская, хіндзі. Сталіца — г.Порт-Луі. Падзяляецца на 9 акруг і 3 аўт. тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 сак.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (з пазнейшымі дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам па прапанове кіраўніка ўрада на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе Нац. сход (70 дэпутатаў) з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. А-вы Маўрыкій (пл. 1865 км²) і Радрыгес (пл. 104 км²) з групы Маскарэнскіх а-воў вулканічнага паходжання. Паверхня в-ва Маўрыкій узвышаная, асабліва на ПдЗ (г. Пітон, 826 м), у цэнтр.ч. — плато выш. да 600 м, па берагах участкі раўнін. На в-ве Радрыгес выш. да 396 м. А-вы Агалега і Каргадас-Карахас (агульная пл. 71 км²) каралавага паходжання. Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (люты) 26 °C, самага халоднага (жн.) 14—18 °C. Ападкаў ад 5000 мм у гарах да 900—800 мм у прыбярэжных раёнах. На вулканічных астравах шмат кароткіх рэк. Бываюць разбуральныя ўраганы. У гарах захаваліся трапічныя лясы (6% пл.) з эндэмічнымі і інтрадукаванымі відамі дрэў. Пад другаснымі хмызнякамі 16% тэрыторыі. У жывёльным свеце адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, але шмат птушак. Разнастайная марская фауна. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Жывуць індамаўрыкійцы (нашчадкі выхадцаў з Індыі і Пакістана, каля 68% насельніцтва), крэолы (пераважна змешанага франка-афра-малагасійскага паходжання, каля 27%), кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (52%), хрысціяне (28%, пераважна католікі), мусульмане (17%). Сярэднегадавы прырост каля 1,2%. Сярэдняя шчыльн. 573 чал. на 1 км², на раўнінах і плато в-ва Маўрыкій — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. У Порт-Луі 145 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 200 тыс.ж. (1995). У гарадах К’юрпайн, Бо-Басен, Катр-Борн, Вакаас больш за 50 тыс.ж. У прам-сці занята 37% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 15, у транспарце і сувязі — 7, у гандлі — 14, у сферы паслуг — 24%.
Гісторыя. В-аў Маўрыкій быў вядомы араб. мараплаўцам з 8 ст. пад назвай Дзіна Аробі (Сярэбраны в-аў). Да 1598 ненаселены. Першымі з еўрапейцаў М. наведалі партуг. мараплаўцы ў пач. 16 ст. У 1598—1710 пад уладай галандцаў, якія назвалі востраў у гонар прынца Морыца Аранскага. З 1715 франц. калонія пад назвай Іль-дэ-Франс. У гэты час створаны буйныя плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі. У 1810 востраў захоплены англічанамі, якія вярнулі яму былую назву. З 1814 англ. калонія. Пасля адмены рабства ў 1835 пачаўся масавы прывоз рабочай сілы з Індыі (450 тыс.чал. у 1845—1907) і Кітая. З 1936 дзейнічае першая паліт. партыя — Лейбарысцкая партыя (ЛП). У 1957 пашыраны правы мясц.Заканад. савета, з 1958 уведзена ўсеаг. выбарчае права. У 1964 створаны нац. ўрад, які пасля выбараў 1967 узначаліла ЛП. 12.3.1968 абвешчана незалежнасць М. ў складзе Садружнасці. У 1968—82 М. кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале са старшынёй ЛП С.Рамгуламам. На выбарах у чэрв. 1982 перамагла партыя Маўрыкійскі баявы рух (МБР), яе лідэр А.Джагнат стаў прэм’ер-міністрам М. У крас. 1983 Джагнат выйшаў з МБР і стварыў Баявы сацыяліст. рух, які кіраваў М. у саюзе з Маўрыкійскай сацыяліст. партыяй да 1997. 12.3.1992 М. абвешчаны рэспублікай (прэзідэнт з чэрв. 1992 — К.Уцім). На выбарах у снеж. 1996 перамагла ЛП, якая сфарміравала ўрад (да 1998 у кааліцыі з МБР) на чале з Н.Рамгуламам. М. — чл.ААН. Арг-цыі афр. адзінства (з 1968). Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя, Маўрыкійскі баявы рух, Баявы сацыяліст. рух, Маўрыкійская с.-д. партыя.
Гаспадарка. М. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, адна з краін Афрыкі, якая дынамічна развіваецца. Штогадовы даход на 1 чал. 3380 дол. (1997). Прам-сць дае каля 50% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15%. Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, абслугоўванне замежных турыстаў, вытв-сць экспартных с.-г. культур. 495 прамысл. прадпрыемстваў працуюць у Свабоднай экспартнай вытв. зоне. Пераважаюць прадпрыемствы па выпуску трыкатажных вырабаў (57% усіх прадпрыемстваў), ткацка-прадзільныя (12%), прадпрыемствы абутковай, скургалантарэйнай, эл.-тэхн., аптычнай, гадзіннікавай, алмазагранільнай, ювелірнай, хім., метала- і дрэваапр. прам-сці. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнымі, мясаперапрацоўчымі, рыбакансервавымі, піваварнымі і інш. прадпрыемствамі. Працуюць 17 цукр. з-даў, 8 чаеперапрацоўчых ф-к, ёсць прадпрыемствы папяровыя, алейныя, тытунёвыя, па вытв-сці рому. Працуюць 8 ГЭС і 2 ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВт∙гадз (1996). Большая частка прамысл. прадпрыемстваў у Порт-Луі і яго наваколлі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца пад ворыва каля 112 тыс.га зямель. Ёсць буйныя плантацыйныя і дробныя сялянскія гаспадаркі. 90% ворных зямель пад цукр. трыснягом (500—700 тыс.т цукру-сырцу штогод). Больш узвышаныя раёны займаюць чайныя плантацыі (штогадовы збор каля 25—30 тыс.т). З тэхн. культур вырошчваюць тытунь і алоэ. На экспарт вырошчваюць трапічныя віды кветак. На ўласныя патрэбы на невял. плошчах вырошчваюць бульбу, маніёк, кукурузу, агародніну (памідоры, цыбуля, часнок, капуста, агуркі і інш.), імбір, шафран, чырвоны перац. Субтрапічнае садоўніцтва (манга, папайя, гранат, грэйпфрут, гуаява, плады дрэва лічы і інш.). Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз. Прамысл. птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 6 тыс.т рыбы штогод). Важнае месца займае замежны турызм. У краіне 60 гасцініц на 6,5 тыс.месцаў, комплексы катэджаў і інш., у галіне запята каля 4 тыс.чал. У 1997 М. наведалі 530 тыс. замежных турыстаў, даход — каля 550 млн. долараў. Найб. наведвальнікаў прыбывае з в-ва Рэюньён (25%), Францыі (20%), Паўд.-Афр. Рэспублікі (18%). Турыстаў прыцягваюць прыгожыя каралавыя пляжы, спрыяльны клімат, помнікі мінулага, культура, багатая традыцыямі розных народаў. Транспарт аўтамабільны і марскі. На астравах 2 тыс.км асфальтаваных аўтадарог. Праз марскі порт Порт-Луі праходзіць каля 90% знешнегандл. абароту. На в-ве Маўрыкій — міжнар. аэрапорт Плезанс. У 1997 экспарт склаў 1,26 млрд.дол., імпарт — 1,73 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць адзенне (52% па кошце), цукар (29%), тытунёвыя вырабы, брыльянты, рыба; у імпарце — машыны, паліва, харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Францыя, Індыя, Кітай, Вялікабрытанія. Грашовая адзінка — маўрыкійская рупія.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЕЛА́НДЫЯ (New Zealand),
дзяржава на аднайм. астравах у паўд,зах. частцы Ціхага ак. Займае 2 вял. астравы (Паўночны — 114,6 тыс.км², Паўднёвы — 151,8 тыс.км²) і шмат дробных (найб. з іх Сцьюарт — 1,7 тыс.км²). Пл. 269,1 тыс.км². Нас. 3662,3 тыс.чал. (1999). Сталіца — г.Уэлінгтан, асн.прамысл. цэнтр, найб. горад — Окленд. Дзярж. мовы — англійская і маарыйская. Краіна падзяляецца на 93 графствы, 9 раёнаў і 3 гар. раёны. Пад кіраваннем Н.З.Кука астравы, Ніуэ, Такелау. Нац. свята — Дзень Вайтангі (6 лют.).
Дзяржаўны лад. Н.З. — парламенцкая канстытуцыйная манархія ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, прызначаны на 5 гадоў па прапанове ўрада Н.З. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — палаце прадстаўнікоў, якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 3 гады (120 дэпутатаў, з якіх 65 выбіраюцца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва, у т. л. 5 месцаў прадастаўляюцца насельніцтву маары, 55 — па партыйных спісах). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе лідэр партыі, якая атрымала на парламенцкіх выбарах большасць месц.
Прырода. Паверхня пераважна гарыстая і ўзгорыстая. На З в-ва Паўднёвы — Паўд. Альпы (г. Кука, 3764 м), на У — плато і раўніны. На в-ве Паўночны ёсць асобныя хрыбты, раўнінныя і ўзгорыстыя тэрыторыі, у цэнтр.ч. — вулканічнае плато. Шмат вулканаў (ёсць дзеючыя), гейзераў, мінер. крыніц, частыя землетрасенні. Невял. радовішчы вугалю, прыроднага газу, нафты, руд металаў, золата і інш. Шмат тэрмальных вод. Клімат марскі субтрапічны, на Пд умераны. Сярэдняя т-раліп. ад 12 °C на Пн да 5 °C на Пд, у гарах -2 °C, часам да -15 °C. У студз. 19 °C на Пн, 14 °C на Пд. Ападкаў за год на зах. схілах гор 2000—5000 мм, на ўсх. схілах і прыбярэжных раўнінах 400—700 мм. На ПдЗ в-ва Паўднёвы ёсць ледавікі. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Шмат горных азёр. Для расліннасці характэрна вял. колькасць эндэмікаў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У жывёльным свеце многа стараж. відаў. У Н.З. 10 вял.нац. паркаў (займаюць 8% тэр., найб. — Ф’ёрдленд на ПдЗ Паўднёвага в-ва, пл. больш за 12 тыс.км²), марскія паркі, шматлікія рэзерваты. Тэ Вахіпунаму — паўд.-зах. раён Паўднёвага в-ва і нац. парк Тангарыра ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 74,5% — англановазеландцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі, каля 9,7% — маары, карэнныя жыхары астравоў. Жывуць таксама эмігранты з Еўропы (4,6%), астравоў Ціхага акіяна (3,8%), азіяцкіх краін і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (больш за 50%) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены раўніны і ўзгоркавыя тэрыторыі, асабліва на Паўночным в-ве (на ім жыве каля 72% насельніцтва краіны). У гарадах 86% насельніцтва. Найб. гарады (з прыгарадамі, тыс.ж., 1998): Окленд — 910,2, Уэлінгтан —326,9, Крайстчэрч — 312,6, Гамільтан — 151,8, Нейпір — 111,2, Данідын — 110,8. У прам-сці занята 25,1% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 9.8%, у абслуговых галінах — 65,1%.
Гісторыя. Паводле палінезійскіх легенд, Н.З. заселена ў 10—14 ст. выхадцамі з а-воў Таварыства. Напярэдадні з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары Н.З. — маары падзяляліся на дзесяткі плямён, якія не мелі ўласных дзярж. утварэнняў. Адкрыта галандскім мараплаўцам А.Я.Тасманам у 1642, названа ў гонар адной з галандскіх правінцый. У 1769—70 даследавана англ. капітанам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. ў Н.З. з’явіліся еўрап. місіянеры, утвораны першыя еўрап. пасяленні. 6.2.1840 прадстаўнікі брыт. ўрада прымусілі правадыроў маары падпісаць дагавор, паводле якога над Н.З. прызнаваўся брыт. пратэктарат, з 1841 — брыт. калонія, месца масавай іміграцыі з Вялікабрытаніі. Захоп зямель маары прывёў да англа-маарыйскіх войнаў 1843—71. Да канца 19 ст. карэннае насельніцтва складала менш за 10% жыхароў краіны. У 1893 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. З 1907 Н.З. атрымала статус дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. імперыі. У 1-ю сусв. вайну больш за 100 тыс. новазеландцаў ваявалі ў Еўропе ў складзе брыт. войск.
Паводле Вестмінстэрскага статута 1926 Н.З. атрымала з 1931 поўную самастойнасць ва ўнутр. і знешніх справах. У 2-ю сусв. вайну новазеландскія войскі ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях у Еўропе і на Ціхім акіяне. У 1951 Н.З. далучылася да саюза АНЗЮС (Аўстралія, Н.З., ЗША), у 1954 — да СЕАТО. Удзельнічала ў в’етн. вайне 1964—73 на баку ЗША. У паліт. жыцці Н.З. з 1930-х г. сапернічаюць Лейбарысцкая і Нац. партыі. У 1980-я г. ўрад лейбарыстаў на чале з Д.Лонгі змагаўся за стварэнне бяз’ядз. зоны ў паўд.ч. Ціхага акіяна. На выбарах 1993 перамагла Нац. партыя, урад якой (з 1997 на чале з Дж.Шынлі) пачаў рэформу для паскарэння эканам. развіцця краіны. У Н.З. дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая партыя, Нац. партыя, «Н.З. — перш за ўсё». Н.З. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. Н.З. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1998). Аснова эканомікі — высокаразвітая сельская гаспадарка (гал. чынам жывёлагадоўля) і прам-сць, якая перапрацоўвае с.-г. прадукты. Н.З. займае адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце масла, воўны, сыру і мяса. Дзяржава кантралюе закуп і збыт с.-г. прадукцыі, імпарт, асваенне новых зямель, эл.станцыі, чыгункі, вугальныя шахты. У прамысловасцігал. роля належыць апрацоўчым галінам. Вядзецца здабыча прыроднага газу (каля 5 млн.м³ штогод), каменнага і бурага вугалю (каля 3 млн.т штогод), тытанамагнетытавых пяскоў, руд жалеза, медзі, свінцу, цынку і інш.Вытв-сць электраэнергіі 35,5 млрд.кВтгадз (1996). На ГЭС атрымліваюць 75,7% электраэнергіі, на ЦЭС — 18,7%, на геатэрмальных электрастанцыях — каля 5%. Найб. развіта харч.прам-сць экспартнага кірунку. Працуюць шматлікія (больш за 15 значных цэнтраў) бойні, мясакамбінаты, мясакансервавыя прадпрыемствы, халадзільнікі, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, у т. л. маслабойні і сыраварні. Ёсць прадпрыемствы па кансерваванні пладоў і рыбы (Крайстчэрч, Нейпір), млынкамбінаты і інш. У машынабудаванні вылучаюцца аўтазборка (Окленд, Уэлінгтан, Крайстэрч, Нельсан, Уайтара), вытв-сць суднаў для кабатажнага плавання, рыбалоўных траўлераў, лёгкіх трансп. і с.-г. самалётаў (Окленд, Гамільтан). Пашырана вытв-сць разнастайнай с.-г. тэхнікі, абсталявання для малочных ферм, малака- і мясаперапр. прам-сці, а таксама быт. электратэхнікі, халадзільнікаў, тэле-, радыёапаратуры. Піламатэрыялы, цэлюлоза і папера выпускаюцца пераважна на Паўночным в-ве, гал. цэнтр — Уэлінгтан. Працуюць сталеплавільны камбінат (каля Окленда), алюмініевы з-д (каля Інверкаргіла). Прадпрыемствы хім. прам-сці выпускаюць угнаенні, пестыцыды, фарбавальнікі, фармацэўтычныя вырабы, аміяк, мачавіну, метанол. У г. Фангарэі нафтаперапр.з-д, прадпрыемствы нафтахім. прам-сці. На мясц. сыравіне працуюць цэм., шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя з-ды. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае воўну, лён, скуры, імпартныя бавоўну, шаўковую і нейлонавую пражу. У тэкст. прам-сці вылучаецца вытв-сць шарсцяных (Уэлінгтан, Крайстчэрч, Інверкаргіл) і баваўняных (Окленд, Данідын) тканін. У Оклендзе гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. У сельскай гаспадарцы пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 2,4 млн.га, пад кармавымі травамі, лугамі і пашай больш за 13,5 млн.га. Каля 70% прадукцыі даюць буйныя фермы (болей за 400 га). Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Жывёлагадоўля дае каля 80% кошту с.-г. прадукцыі. Н.З. — адзін з буйнейшых экспарцёраў высака-якасных мяса-малочных прадуктаў (кантралюе 25% сусв. рынку малочнай прадукцыі), шэрсці (саступае толькі Аўстраліі), бараніны. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 9, авечак — 47,4, свіней — 0,4, коз — 0,2, свойскай птушкі — 12. Буйн. раг. жывёла гадуецца пераважна на Паўночным в-ве, авечкі размеркаваны раўнамерна паміж астравамі. Штогадовая вытв-сць (тыс.т): ялавічыны — каля 600, бараніны — каля 200, масла і сыру — прыкладна па 200, кансерваванага малака — каля 500, ачышчанай воўны — каля 200. Земляробства мае другараднае значэнне. Значныя плошчы пад кармавымі культурамі. Збор (тыс.т, 1998): пшаніцы — 250, ячменю — 398, кукурузы — 145, бульбы — 260. Агародніцтва. Садоўніцтва (збор яблыкаў у 1998—475 тыс.т). У Н.З. ўведзена ў культуру расліна ківі. Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1996—421,1 тыс.т). Пчалярства. Лясная гаспадарка. Развіты замежны турызм. Н.З. штогод наведвае каля 1,5 млн. замежных грамадзян, якія расходуюць у краіне каля 2,5 млрд. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (1996): чыгунак 3973 км, у т. л. электрыфікаваных 519 км, аўтадарог 92,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 53,6 тыс.км; нафта- і прадуктаправодаў 310 км, газаправодаў 1000 км. 44 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнародныя. Знешнія сувязі пераважна пры дапамозе марскога флоту. Гал. парты: Окленд, Крайстчэрч, Данідын, Таўранга, Уэлінгтан. У 1998 экспарт склаў 12,9 млрд.дол., імпарт — 13 млрд.дол. У экспарце пераважаюць шэрсць, бараніна, ялавічына, рыба, сыр, хімікаты, драўніна, фрукты і гародніна, малочныя прадукты; у імпарце — разнастайныя машыны і абсталяванне, нафта, спажывецкія тавары, пластмасы. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія (20% экспарту, 27% імпарту), ЗША (адпаведна 10 і 19%), Японія (15 і 12%), Вялікабрытанія (па 6%). Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н.З. больш за 730 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «New Zealand Herald» («Новазеландскі веснік», з 1863), «The Evening Post» («Вячэрняя пошта», з 1865), «The Dominion» («Дамініён», з 1907), «The Press» («Друк», з 1861), «New Zealand Truth» («Новазеландская праўда», з 1904), «New Zealand women’s weekly» («Новазеландскі жаночы штотыднёвік», з 1934), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1965). Інфарм. агенцтвы: Нью Зіленд Прэс Асашыэйшэн (НЗПА, з 1873), Саўт Пасіфік Ньюс Сервіс (з 1948, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1925. Дзейнічаюць 2 агульнанац. і больш за 30 камерцыйных радыёпраграм. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 3 праграмы (2 агульнанац. і 1 прыватная) і 3 каналы спадарожнікавага тэлебачання. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе ўрадавая карпарацыя Новазеландскага дзярж. вяшчання.
Літаратура. Развіваецца на мове народа маары і англійскай. У запісах 19 ст. збярогся багаты фальклор маары (міфы, легенды, песні, прыказкі). Першыя творы (1850—80-я г.) створаны ў рэчышчы англ.літ. традыцый. Рамант. характар мела паэзія А.Домета і Т.Брэкена. Вольналюбівымі матывамі прасякнуты вершы У.Голдэра і Дж.Бара. Пад уплывам віктарыянскага рамана пра калан. падарожжы зарадзіліся аўтабіягр. проза (М.Э.Баркер) і т.зв.калан. раман (Дж.Уайт, Дж.Г.Уілсан). Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны нац.-патрыят. і дэмакр. тэндэнцыямі, адлюстраваннем сац. і расавых праблем (Дж.Макей, У.Сатчэл). Стваральніца рэаліст.псіхал. навел — К.Мэнсфілд. Феміністычнымі матывамі адметная творчасць Дж.Мандэр. У 1930-я г. развівалася паэзія сац. пратэсту (Р.Мейсан, А.Фэрберн, Д.Гловер). У вершах А.Кэрнаў — асэнсаванне гіст. лёсаў краіны. Медытатыўнасць, рэліг. бачанне свету характэрны для паэзіі Дж.Р.Херві, М.У.Бетэл. Вызначальная рыса л-ры 1930—40-х г. — станаўленне і развіццё рэаліст.сац. рамана (Дж.Лі, Дж.Малган, Р.Хайд, Ф.Сарджэсан) і апавядання (Р.Фінлейсан). Пасля 2-й сусв. вайны спектр тэм, жанраў і літ. сувязей пашырыўся. У паэзіі пераважалі маральна-філас. праблематыка (Дж.Бакстэр, А.Кэмпбел), тэмы нац. і паэт. самавызначэння, пейзажная лірыка. Рэаліст. тэндэнцыі развівалі раманісты Д.Дэвін, М.Джозеф, Н.Хіліярд, С.Аштан-Уорнер, Б.Пірсан. У 1960—70-я г. папулярным жанрам стала навела, у т. л.псіхал. (М.Шэдбалт, Б.Міткаф, А.Мідлтан). Пачынальніцай новазел. мадэрнізму лічыцца Дж.Фрэйм. Новая з’ява ў новазел. л-ры — творчасць пісьменнікаў-маары (Х.Туварэ, В.Іхімаэра, П.Грэйс), для якіх характэрна пільная ўвага да еўрапейска-новазел. і інш.маст. традыцый з захаваннем маарыйскай культ. спадчыны.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Н.З. захаваліся стараж. помнікі мастацтва маары — арнаментальная разьба па косці, пятрогліфы і наскальныя размалёўкі. Да часоў англ. каланізацыі для культуры маары былі характэрны буд-ва жытлаў з бярвення, дамоў сходаў, расквечаная разьба пабудоў, лодак, быт. прадметаў. Вёскі часам абносілі агароджамі і равамі. У 2-й пал. 19 ст. ўзніклі гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мноствам адкрытых прастораў і зеляніны ў цэнтры. У 1920—40-я г. неакласіцыстычныя і неагатычныя пабудовы змяніліся сучаснымі (жал.-бетонны, стальны каркас, у аздабленні — дрэва). На англ. ўзор будуюцца 1-павярховыя дамы з мясц. асаблівасцямі (вял. навесы, шырокія спальныя балконы і інш.) і звязаныя з навакольным пейзажам. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася мясц. школа жывапісу: Г.Ліндаўэр, Ф.Ходжкінс, Ч.Ф.Голдзі адлюстроўвалі побыт і тыпы маары, П. ван дэр Велдэн і Дж.Нейрн, П.Макінтайр — прыроду краіны. Дэкар. абагульненасць уласціва пейзажам «кентэрберыйскай школы» (А.Ф.Нікал і інш.). Развіваюцца манумент. (Л.Мітчэл) і акварэльны (Э.Лі-Джонсан) жывапіс, скульптура (Р.О.Грос), гарадскі (Э.Пейдж) і індустрыяльны (Дж.Уікс) пейзаж. У разьбе па дрэве і ксілаграфіях М.Тэйлара ўвасоблены жыццё краіны і легенды маары, іх паэт. фантазія.
Музыка. У вуснай традыцыі захаваліся маарыйскія рытуальныя песні і танцы, эпічныя, любоўныя, прац. песні, звязаныя з пластыкай. Сярод муз. інструментаў: розныя трубы (пу; з ракавін, дрэва, гарбуза), разнавіднасці флейт (з ільняной саломкі, скуры і інш.), гудзёлкі, драўляныя гонгі паху, кастаньеты, з пач. 20 ст. — канцэрціна, акардэон, скрыпкі, фп. Значную ролю ў развіцці нац.муз. культуры адыгралі А.Нгата, кампазітары і спевакі К.Тахаві, В.Гуата, Тэ Рэме Карэпа, Т.Нгаваі, А.Аватэрэ. Музыка перасяленцаў засн. пераважна на муз. традыцыях Вялікабрытаніі. З канца 19 ст. ў гарадах наладжваліся аматарскія сімф. канцэрты і оперныя спектаклі. У 1882 адкрыты ф-т музыкі ў Кентэрберыйскім ун-це (г. Крайстчэрч). Пасля 2-й сусв. вайны створаны сімф. аркестр Новазеландскай радыёвяшчальнай карпарацыі, нац. оперная і балетная трупы, муз. ф-ты адкрыты ў шэрагу ун-таў. З 1974 працуе Асацыяцыя новазеландскіх кампазітараў. У станаўленні нац. кампазітарскай школы вял. ролю адыграў аўстралійскі кампазітар А.Хіл, які выкарыстоўваў у творчасці элементы маарыйскай музыкі (опера «Флейта-прадказальніца», «Маарыйская сімфонія» і інш.). Сярод кампазітараў: Дж.Казінс, Д.Лілбёрн, Э.Локвуд, Дж.Маклаўд, К.Смол, Р.Трымейн, Д.Фаркуар.
Літ.:
Малаховский К.В. Британия южных морей. М., 1973;
Яго ж. История Новой Зеландии. М., 1981;
Грудзинский В.В., Олтаржевский В.П. Новая Зеландия в международных отношениях 1939—1945 гг. Иркутск, 1993.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура).
Герб і сцяг Новай Зеландыі.Новая Зеландыя. Геатэрмальная электрастанцыя ў цэнтральнай частцы Паўночнага вострава.Да арт.Новая Зеландыя. Ледавік Фокс у нацыянальным парку Уэстленд.Новая Зеландыя. Пейзаж паўночнай часткі Паўднёвага вострава.Новая Зеландыя. Статак кароў на пашы.