У Мінскім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл., паміж вёскамі Вяча, Бяларучы, Карбачоўка, Галіца. Пластападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял ад шаравата-жоўтых да бураватых адценняў, месцамі гліністы, абжалезнены. Пяскі палевашпатавакварцавыя, розназярністыя, залягаюць у разрэзе вышэй за жвір. Разведаныя запасы 57,1 млн.м³, перспектыўныя 41,7 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,3—32,8 м, ускрышы (супескі, пяскі гліністыя) 0,2—12,5 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону і буд. раствораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ПЕР,
адзінка лагарыфмічнай адноснай велічыні, што служыць для вымярэння рознасці ўзроўняў аднайменных фіз. велічынь. Наз. ў гонар Дж.Непера. Абазначаецца Нп.
Для сілавых велічынь F (эл. напружанне, сіла току, ціск і інш.) 1 Нп = ln(F2/F1) пры F2/F1 = e, для энергет. велічынь P (магутнасць, энергія і інш.) 1 Нп ≈ 0,5ln(P2/P1) пры P2/P1 = e, дзе e — аснова натуральных лагарыфмаў (Непераў лік). Н. звязаны з белам суадносінамі: 1 Нп ≈ 0,8686 Б = 8,686 дБ (для сілавых велічынь) і 1 Нп ≈ 0,4343 Б = 4,343 дБ (для энергет. велічынь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТФО́РМАВЫ ЧАХО́Л, асадкавы чахол,
верхні структурны ярус платформ, складзены з асадкавых неметамарфізаваных горных парод. Залягае на фундаменце платформавым крышталічным з рэзкай рэгіянальнай структурнай і стратыграфічнай нязгоднасцю. Пласты парод П.ч. залягаюць гарызантальна або паката, паступова мяняюць па плошчы магутнасць (ад адзінак і дзесяткаў метраў на шчытах да тысяч метраў на плітах). Структуры пакатыя (платформавага тыпу) без значных тэктанічных дэфармацый. У складзе П.ч. могуць сустракацца магматычныя ўтварэнні, пераважна вулканічныя пароды трапавай фармацыі. Часам паміж чахлом і фундаментам знаходзяцца адклады прамежкавага паверха, якія звычайна характэрны для маладых платформ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВО́К,
радовішча мелу ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Глушнева і Зуі. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел белы, шаравата-белы, слаба сцэментаваны, участкамі трэшчынаваты, у верхняй ч. забруджаны абломкава-гліністым матэрыялам, у ніжняй ч. пласта з праслоямі мергелю. Паверхня няроўная, закарставаная. Разведаныя запасы 13,6 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы (ускрытая) 4,7—13,5 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,5—10,6 м. Мел прыдатны на выраб вапны, вапнавання кіслых глеб, мінер. падкормкі для с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., за 6 км на ПдЗ ад г.п. Радашковічы. Пластавы паклад звязаны з ледавіковымі адкладамі сожскага гарызонту. Складаецца з 4 участкаў. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі слаба гліністы з лінзамі і праслоямі супескаў і пяскоў. Пясок у сумесі палевашпатава-кварцавы, розназярністы. Разведаныя запасы 21,8 млн.м³, перспектыўныя 4,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,7—38 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка Мінскага ўзвышша на Пн Мінскай вобл. Абмежавана на ПнУ скразной далінай Ілія—Гайна, на Пн і ПнЗНарачана-Вілейскай нізінай, на ПдУВерхнебярэзінскай нізінай, на ПдЗ змыкаецца з Радашковіцкім узвышшам, на Пд паступова пераходзіць у цэнтр.ч. Мінскага ўзв. Сярэдняя выш. да 250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Л.ў. — ч. водападзела паміж рэкамі бас. Балтыйскага і Чорнага мораў.
У тэктанічных адносінах Л.ў. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Бел. антэклізы. Асадкавы чахол складзены з глініста-мергельных парод сярэдняга дэвону, на Пд невял. ўчасткі альб-сенаманскіх адкладаў мелавой сістэмы. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць да 200—280 м) складзена ледавіковымі (у асноўным сожскага зледзянення) адкладамі, сярод іх пераважаюць валунныя суглінкі і супескі; на схілах перакрыта лёсападобнымі пародамі (магутнасць 3—5 м).
У рэльефе вылучаецца шэраг дугападобных канцова-напорных град з групамі буйных купалападобных узгоркаў (адносныя выш. 30—35 м); сярэднеўзгорысты і ўвалісты рэльеф на выш. 250—280 м, паблізу рачных далін парэзаны глыбокімі ярамі і лагчынамі. Уздоўж далін невял. ўчасткі плоскаўвагнутых зандравых раўнін. На ўзвышшы пачынаюцца рэкі бас. Дняпра — Гайна з прытокам Усяжа, Вяча; бас. Нёмана — Ілія з прытокам Рыбчанка. Пашыраны дзярновыя моцна- і сярэднеападзоленыя глебы. На вяршынях град і ўзгоркаў змытыя валунныя і друзаватыя глебы. Мяшаныя і ялова-хваёвыя лясы захаваліся невял. ўчасткамі. Пад ворывам да 40% тэрыторыі.
В.П.Якушка.
Лагойскае ўзвышша каля в. Дуброва Смалявіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭКЛІ́ЗА (ад анты... + грэч. klisis нахіл),
вялікае скляпеннепадобнае падняцце паверхні крышт. фундамента ў межах платформаў (пліт); процілегласць сінеклізы.
Мае круглаваты або выцягнуты контур, памеры ў папярочніку да некалькіх соцень кіламетраў. Фарміруецца на працягу некалькіх геатэктанічных этапаў як зона павольнага падняцця зямной кары на фоне апускання сумежных структур. Таму на антэклізе магутнасць платформавага чахла памяншаецца ад перыферыі да цэнтра, месцамі на зямную паверхню выходзяць пароды фундамента. На Рускай пліце Усходне-Еўрапейскай платформы вядомы Беларуская антэкліза (у цэнтр. і паўд.-зах. частках тэр. рэспублікі) і Варонежская антэкліза (зах. крыло — на У Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗКАЎСХО́ДНІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
на ПнУ Афрыкі і сумежнай тэр.Усх. Міжземнамор’я. Займае вял.ч.тэр. Егіпта, Саудаўскай Аравіі, Іарданіі, Ізраіля, Ірака, Сірыі, Лівана і паўд. Турцыі. Даўж. басейна каля 2000 км. Пл. каля 1 млн.км². Першыя радовішчы адкрыты ў 1896—1908 у даліне р. Ніл і на зах. узбярэжжы Чырвонага м., большасць выяўлена ў 1950—60-х г. у краінах Б. Усходу. Прамысл. залежы ў выглядзе пластоў (магутнасць 2—6 м). Распрацоўка радовішчаў бас. ў Егіпце, Іарданіі, Ізраілі, Сірыі. Б. ч. таварных фасфарытных канцэнтратаў (P2O5 больш за 30—33%) экспартуецца ў краіны Еўропы і Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ КАСТРЫ́ЧНІК» Засн. ў 1923 у Віцебску на базе саматужных майстэрняў. З 1938 — ф-ка «Чырвоны Кастрычнік». У час Вял.Айч. вайны была эвакуіравана ў г. Кунгур (Пермская вобл.Рас. Федэрацыі). Аднаўленне пачалося ў Віцебску з 1944. У пасляваен. гады рэканструявана і расшырана, у 1988 дзейнічала 13 патокаў з закончаным вытв. цыклам магутнасцю 7 млн. пар абутку за год. З 1989 у складзе прадпрыемства «Белвест». З 1994 ф-ка пераўтворана ў акц.т-ва «Чырвоны Кастрычнік». Магутнасць 3,5 млн. пар абутку за год. Асн. прадукцыя (1996): жаночы і дзіцячы абутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСКІ МОХ,
балота ў Беларусі, у Пухавіцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобласці. У вадазборы рэк Шаць і Асачанка (прытокі Пцічы). Пераважна нізіннага (49%) і вярховага (46%) тыпаў. Пл. 7,7 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 6 тыс.га. Магутнасць торфу да 10,5 м, сярэдняя 3,1 м. Першапачатковыя запасы 32,1 млн.т. На балоце ёсць невял. азёры, на У прымыкае Сяргееўскае воз. Торф ускраінных участкаў прыдатны на подсціл с.-г. жывёле. На пл. 1,5 тыс.га у торфе павышаная колькасць бітуму. Участкі, на якіх торф выпрацаваны, выкарыстоўваюцца як сенажаці. Трапляюцца сухадольныя лугі агульнай пл. 0,6 тыс.га, хваёвы лес.