ПЫ́ШКІ,

радовішча мелу ў Гродзенскім р-не, каля в. Пышкі. 2 пластападобныя паклады, звязаныя з адкладамі верхняга мелу, залягаюць у выглядзе адорвеняў сярод ледавіковых утварэнняў сожскага зледзянення. Мел шаравата-белы, белы, у асобных інтэрвалах жаўтаваты, месцамі з плямамі ажалязнення, слаба сцэментаваны, з уключэннямі крамянёвых сцяжэнняў, у верхняй ч. пласта запясочаны. Разведаныя запасы 2 участкаў (Паўн. і Паўд.) 5,2 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы (пройдзеная) 2,4—39,7 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,3—15,4 м. Мел прыдатны на выраб вапны.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)