МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),
бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял.Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Аповесць. Мн., 1985;
Палеская аповесць. Мн., 1991.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОТЕ́ЧЕСТВЕННЫЕ ЗАПИ́СКИ»,
1) рускі штомесячны часопіс. Выдаваўся ў 1820—30 у С.-Пецярбургу П.П.Свіньіным. Часопісу папярэднічалі 2 аднайм. зборнікі (штогоднікі), выдадзеныя ім у 1818—19 і прысвечаныя рус. таленавітым самавукам, іх вынаходніцтвам. Публікаваў матэрыялы па пытаннях прам-сці, этнаграфіі, асобныя творы белетрыстыкі.
2) Рускі штомесячны літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1839—84 у С.-Пецярбургу пад рэдакцыяй А.А.Краеўскага, з 1868 М.Някрасава, з 1877 М.Салтыкова-Шчадрына, Р.Елісеева, М.Міхайлоўскага. У 1839—46 аддзел крытыкі і бібліяграфіі ўзначальваў В.Бялінскі, які надаў «О.з.» прагрэсіўны, дэмакр. характар. Часопіс узнімаў найважнейшыя пытанні грамадскага жыцця, прапагандаваў ідэі рэаліст. мастацтва, выступаў супраць рэакц. друку, пазней — тэорыі «чыстага мастацтва». У ім супрацоўнічалі А.Герцэн, М.Агароў, М.Лермантаў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі і інш., у 1847—66 — ураджэнец Віцебска, літ. крытык С.Дудышкін. У 1850—60-я г. крытычныя матэрыялы часопіса знізілі сваю сац. вастрыню. Змясціў літ.-крытычныя артыкулы Бялінскага пра М.Гогаля, Лермантава, А.Пушкіна, яго літ. агляды за 1840—45, рэцэнзіі М.Чарнышэўскага на нарысы П.Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» і «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1854), якія ўтрымлівалі матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі Беларусі, рэцэнзію на зб. «Беларускія народныя песні». Побыт, норавы сялян бел. вёскі, стан нар. асветы на Беларусі апісаны ў нататках-успамінах Ф.А.Калістава (псеўд. К.Лістоў) «З памятнай кніжкі народнага настаўніка. Вясковая бурса» (1881). Забаронены царскім урадам.
Літ.:
История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧЭ́ПЛІВАННЕ,
перасадка часткі (чаранка) або пупышкі расліны (прышчэпка) на інш. расліну (прышчэпу); спосаб вегетатыўнага размнажэння. Пры П. камбіі прышчэпы і прышчэпка павінны шчыльна сумяшчацца, потым яны зрастаюцца, утвараючы цэльны раслінны арганізм. Выкарыстоўваюць для размнажэння пладовых, ягадных, дэкар. раслін, зберажэння дрэў, кара якіх пашкоджана, стварэння карлікавых форм. Вядома да 400 спосабаў П.; найб. пашыраныя: акуліроўка (П. пупышкай), капуліроўка (пры аднолькавай таўшчыні прышчэпы і прышчэпка), П. ў расшчэп, за кару, у бакавы зарэз, мосцікам (калі прышчэпа таўсцейшая за чаранок) і інш.
Пры П. ў расшчэп прышчэпу зразаюць пад пянёк, робяць расшчэп, у які ўстаўляюць з процілеглых бакоў па чаранку (сочаць, каб супадалі камбіяльныя слаі). П. за кару робяць у перыяд веснавога актыўнага руху сокаў, калі адстае кара. На прышчэпе робяць вертыкальны разрэз кары і аддзяляюць яе краі ад драўніны. На ніжнім канцы прышчэпка робяць касы зрэз і ўстаўляюць яго ўнутр разрэзу кары прышчэпы. Пры П. ў бакавы зарэз дасягаецца больш трывалае замацаванне прышчэпы з прышчэпкам. Зразаюць надземную ч. прышчэпы, робяць касы (пад вуглом 20—25°) зарэз. На ніжняй ч. прышчэпка з процілеглых бакоў робяць 2 зрэзы і ўстаўляюць яго ў разрэз на прышчэпе, пры гэтым сумяшчаюць камбіяльныя слаі. П. мосцікам выкарыстоўваецца для лячэння пашкоджаных штамбаў. На ствале вышэй і ніжэй пашкоджанага ўчастка робяць Т-падобныя разрэзы кары. На чаранках (павінны быць крыху даўжэйшыя за адлегласць паміж разрэзамі) выдаляюць пупышкі, робяць канцавыя касыя зрэзы ў адной плоскасці. Устаўляюць у разрэзы ніжнія канцы чаранкоў, замацоўваюць, потым дугападобна выгінаюць чаранкі і ўстаўляюць у разрэзы іх верхнія канцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКА-КЛЕ́ЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Капыльскім, Клецкім, Уздзенскім, Нясвіжскім р-нах. Вызначаўся багаццем кампазіцыйных вырашэнняў, класічнасцю арнаменту вышывак і натыкання. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля, спадніца (андарак), фартух, гарсэт. Кашулю шылі з кужэльнага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з падточкай грубага палатна (радзей з гесткай), адкладным шырокім каўняром і глыбокім разрэзам пазухі. Чырвоны або чырвона-чорны геам. (радзей раслінны і з выявамі птушак, людзей) арнамент размяшчаўся на рукавах гарыз. і верт. палосамі ў шахматным парадку і на каўняры. Андарак шылі з 4 кроеных па аснове або 2 кроеных па ўтку полак паўсуконніка, вытканага ў 4 ніты ўзорам папярочных разнаколерных паскаў або клетак на белым, чорным, зялёным, блакітным, бурачковым фоне. Па ніжнім краі праходзіў шырокі маляўнічы шляк з пярэстымі паскамі або з геам. арнаментам. Крой і маст. афармленне спадніцы і андарака падобныя. Іх прасавалі ў буйныя і частыя складкі, што стварала танальныя пералівы і падкрэслівала прыгажосць каларыстычнай гамы. Фартух кроілі з 1—2 полак белага палатна, цёмна-сіняй, малінавай шарсцянкі ці паркалю, да пояса ззаду часта прышывалі дэкар. клінкі-лапаткі. Аздаблялі вышыўкай, узорыстым ткацтвам, вязаннем, фляндраваннем, складкамі. Гарсэт шылі з фабрычных тканін, кароткім з глыбокім выразам на грудзях. Спераду аздаблялі нашыўкамі рознакаляровых тасёмак, стужак, гузікаў. Галаўныя ўборы жанчын — шаўковыя ці атласныя каптуры са стракатымі нашыўкамі спераду тасьмы, галуна і інш.; наміткі, хусткі. Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасёмкі, абразкі. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, аздобленая вышыўкай чырвонага геам. арнаменту на адкладным каўняры, плечавых устаўках, падоле, шырокі ўзорысты пояс з кутасом, камізэлька, нагавіцы. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, картузы, кучомкі, аблавухі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Капыльска-клецкі строй. Касцюм дзяўчынак. 1930-я г. Жанчына ў святочным адзенні. Сярэдзіна 20 ст. Усе — вёска Морач Клецкага р-на Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя, якую кантралявалі партызаны. На тэр. Беларусі ўвосень 1941 утварыліся першыя П.з. — Акцябрска-Любанская і Клічаўская, у 1942 — Суражская, Івянецка-Налібоцкая, Расонска-Асвейская, Сенненска-Аршанская, Полацка-Лепельская, у пач. 1943 — Барысаўска-Бягомльская. Паводле звестак БШПР, на канец 1943 партызаны кантралявалі 108 тыс.км² (58,4% акупіраванай тэрыторыі), у т. л. 37,8 тыс.км² было ачышчана ад захопнікаў поўнасцю. Сумеснымі намаганнямі бел., рус., укр., латышскіх, літоўскіх партызан былі створаны П.з. ў раёнах Беларусі і сумежных з ёю рэспублік. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партыз.краі: у чатырохвугольніку Алеўск—Оўруч (Украіна)—Мазыр—Тураў Гомельскай вобл. (14 раёнаў, больш за 200 тыс.чал.); на стыку БССР, РСФСР і Латвіі (пл. 10 тыс.км²); у міжрэччы Дняпра, Прыпяці, Дзясны; пры зліцці Акцябрска-Любанскай, Ленінскай, Слуцка-Капыльскай П.з. (больш за 18 раёнаў, пл. каля 8 тыс.км²). У П.з. часта перасяляліся цэлымі вёскамі жыхары з занятай ням. фашыстамі тэрыторыі. Дзейнасцю і абаронай насельніцтва на тэр. зон кіравалі падп. абкомы, міжрайкомы, райкомы партыі, якія тут і дыслацыраваліся, і абапіраліся на ўзбр. сілы партызанскіх злучэнняў. У многіх раёнах дзейнічалі выканкомы Саветаў дэп. працоўных. Ролю органаў сав. улады выконвалі найчасцей партыз. атрады, спец. створаныя імі камендатуры, якія падтрымлівалі парадак у нас. пунктах, вырашалі гасп. пытанні, арганізоўвалі групы самаабароны. Насельніцтва дапамагала партызанам у баявой дзейнасці, зборы і рамонце зброі, арганізацыі побыту, даглядала параненых і хворых. З дапамогай байцоў жыхары сеялі, убіралі, хавалі збожжа ад ворага. На тэр. П.з. партызаны прымалі самалёты з Вял. зямлі, рыхтавалі рэзервы, адзначалі сав. святы, праводзілі мітынгі і сходы, наладжвалі канцэрты маст. самадзейнасці, прагляды кінафільмаў, прысланых з сав. тылу; у некат. зонах працавалі сав. школы. Партызаны пастаянна вялі баі з карнікамі. У перыяд вызвалення Беларусі існаванне П.з. перашкаджала праціўніку арганізаваць трывалую абарону, што спрыяла наступленню Чырв. Арміі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
дзеяч міжнар.камуніст. руху, парт. і дзярж. дзеяч Літвы і Беларусі, гісторык, публіцыст. Вучыўся ў Бернскім ун-це (1902—04). З 1903 чл.с.-д. партыі Літвы (з 1905 чл. яе ЦК). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 у Літве. Няраз быў арыштаваны царскімі ўладамі і зняволены; у студз. 1913 сасланы ў Енісейскую губ. Са ссылкі ўцёк, жыў у Кракаве, кіраваў у 1914—16 Загранічным бюро с.-д. партыі Літвы. Пасля ў Швейцарыі, Англіі, ЗША. У эміграцыі пазнаёміўся з У.Леніным, рэдагаваў шэраг літ. газет і часопісаў. З чэрв. 1917 у Петраградзе, уступіў у РСДРП(б), рэдагаваў 1-ю літ. бальшавіцкую газ. «Tiesa» («Праўда»). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе, чл. Петраградскага ВРК. Са снеж. 1917 камісар па літ. справах Наркамнаца РСФСР, чл.Цэнтр. бюро літ. секцый пры ЦК РКП(б). Адзін з арганізатараў Кампартыі Літвы, чл. яе ЦК у 1918—35. У 1918—19 старшыня 1-га ўрада Сав. Літвы. Пасля ўтварэння ў лют. 1919 Літоўска-Беларускай ССР старшыня і нарком замежных спраў яе СНК. У крас.—жн. 1919 узначальваў Савет абароны Літбела, з вер. 1919 — Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ, рэдагаваў газ. «Звезда» [орган ЦК КП(б) ЛіБ], якая выдавалася ў Смаленску. У 1920—21 на падп. рабоце ў Віленскім краі, захопленым Польшчай, рэдагаваў легальную польск. газету камуніст. кірунку «Pochodnia» («Паходня»). З канца 1921 у Маскве, працаваў у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду, у 1920—28 дэлегат кангрэсаў Камінтэрна, з 1928 чл. Выканкома Камінтэрна, заг. сакратарыята Польшчы і Прыбалтыйскіх краін. Ад выканкома Камінтэрна ўдзельнічаў у рабоце 1-га з’езда КПЗБ (1928). Аўтар прац па гісторыі, філасофіі, эканам. думцы і літ. крытыцы, мемуараў «У царскіх турмах» (1929), пра некат. пытанні рэв. руху ў Зах. Беларусі.
Літ.:
Малюкявичюс Р.И. Винцас Мицкявичюс-Капсукас // История СССР. 1968. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ (Аляксандр Андрэевіч) (2.12.1900, с. Кабона Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 18.9.1971),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі (1913—17). Друкаваўся з 1919. Першыя зб-кі вершаў — «Поўдзень», «Вуліца Чырвоных Зор» (абодва 1931), «Перамога» (1932). У паэт. зб-ках «Атака», «Гармонік» (абодва 1943) і паэме «Расія» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946) услаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар кніг паэзіі «Дарога праз мост» (1933), «Летапіс» (1934), «На абарону закаханых» (1939), «У краі маім» (1948), «У дарозе» (1953), «Прызнанні» (1957), «Яблыня над морам» (1958), «Запрашэнне да падарожжа» (1960, Ленінская прэмія 1961), «Пад сонцам і пад ліўнямі» (1964), «Развітанне з Прымор’ем» (1969), паэм «Сад» (1948), «Юнацтва» (1955), вершаў для дзяцей і інш. Паэзіі П. ўласцівыя грамадз. пафас, глыбокі лірызм, эмацыянальнасць і шчырасць, творчае выкарыстанне фальклору, нар. гумару і жарту, быліннасці і казачнасці. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Шэраг вершаў П. прысвяціў Беларусі, яе прыродзе («Беларусі», «Сябрам», «То ляцелі гусі...», «Лявоніха», «Ой, ляціце», думы...»), а таксама Я.Купалу, Я.Коласу, П.Броўку, С.Прытыцкаму. На рус. мову пераклаў многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, паасобныя М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Чарота, П.Броўкі, П.Глебкі, М.Танка, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, Е.Лось і інш. Беларусі і яе л-ры прысвяціў арт. «У нагу з часам», «Веліч слова», «Слова пра веліч талента», «Сэрца народнае», «Рысы вялікага натхнення» і інш. Неаднаразова прыязджаў на Беларусь. На бел. мову яго вершы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, В.Вітка, А.Вольскі, Н.Гілевіч, Глебка, С.Грахоўскі, Дубоўка, М.Калачынскі, А.Куляшоў, Лось, Лужанін, П.Пестрак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Танк, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Собр соч. Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — Выбр. вершы. Мн., 1948;
Прызнанне ў любві. Мн., 1961;
Святло над светам. Мн., 1976.
Літ.:
Молдавский Д.М. Александр Прокофьев. Л., 1975;
Александр Прокофьев: Вспоминают друзья. М., 1977;
Панчанка П. На паэтычным небасхіле. Мн., 1977;
Ліякумовіч Ц. У сугучнасці з купалаўскім словам // Бел.літ. 1982. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Зоська) (сапр.Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),
бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел.сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел.каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час.«Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г.час.«Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.
Тв.:
Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;
[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;
Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;
Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;
Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;
Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;
Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;
Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;
Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
Літ.:
Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2;
Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІКАЎ (Павел Васілевіч) (14.2.1914, в. Нізкая Вуліца Магілёўскага р-на — 6.9.1995),
бел.тэатр. мастак, жывапісец, мастацтвазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1954). Нар.маст. Беларусі (1994). Канд. мастацтвазнаўства (1960). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938) і Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1953). З 1938 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (у 1946—60 мастак-пастаноўшчык). З 1960 у Бел.тэатр.-маст. ін-це (да 1964 рэктар, у 1967—79 заг. кафедры). Тэатр. дэкарацыям уласцівы вобразнасць, маляўнічасць, яркасць нац. характарыстык. Аформіў спектаклі: у т-ры оперы і балета — «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева і «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1949), «Салавей» М.Крошнера і «Дэман» А.Рубінштэйна (1950), «Паяцы» Р.Леанкавала і «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1951), «Іаланта» П.Чайкоўскага і «Страшны двор» С.Манюшкі (1952), «Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса (1954), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1957), «Яснае світанне» А.Туранкова (1958), «Сцежкаю грому» К.Караева (1960), «Джаконда» А.Панк’елі (1962) і інш.; у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Цудоўны скарб» П.Малярэўскага (1949), «Шчасце паэта» В.Віткі (1952), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1954). Выразнасцю каларыту, паэт. узнёсласцю і лірызмам адметныя пейзажы «Жнівень» (1953), «Хвоі» (1956), «Перад цвіценнем» (1957), «Золата бяроз» (1959), «Пачатак вясны» (1961), «Беларускі пейзаж» і «На ўскраіне Мінска» (1963), «Над возерам» і «Абуджэнне» (1969), «Азёрны край» (1970), «На Вячы» (1971), серыі «Па родным краі» і «Алтайскі цыкл» (1972), «Прыбалтыйскі цыкл», «Па замежных краінах» і «Зямля беларуская» (усе 1973), «На раўнінах Палесся» (1980) і інш. Шматгранна адлюстравана духоўнае жыццё чалавека ў тэматычных палотнах «Апошні» (1967), «Дарогай смерці», «Жніво» і «Год 1929» (усе 1977), «Вярнуўся» (1979), «У дзень Перамогі» (1982), «Вызваленне Магілёва» (1983), «Каля гары Машэкі» (1987) і інш. Аўтар манаграфіі «Беларускі савецкі тэматычны жывапіс» (1962), раздзела па мастацтве Беларусі для «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 8, 1977); адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94). Свае творы падараваў Магілёўскаму абласному маст. музею, якому прысвоена яго імя, перад будынкам музея — помнік М. (скульпт. В.Лятун, 1997).
Літ.:
Карнач П.А. П.В.Масленікаў. Мн., 1973;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў: [Альбом]. Мн., 1989;
Павел Масленікаў: [Альбом]. Мн., 1996.
В.П.Пракапцова.
П.В.Масленікаў.П.Масленікаў. Каля гары Машэкі. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́ШЧЫКІ,
дваране-землеўладальнікі ў Расіі ў канцы 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова П. наз. дваран, якім вял. князь (з 1547 цар) даваў, пры ўмове службы яму, зямлю з сялянамі — памесце (гл.Памесная сістэма). Указ «аб адзінаспадчыннасці» (1714) зліў памесці з вотчынамі ў адзіны від дваранскай уласнасці — «нерухомыя маёмасці», або маёнткі. Тэрміны «памесце» і «П.» працягвалі ўжывацца як сінонімы слоў «маёнтак» і «дваране-землеўласнікі». Маніфест аб вольнасці дваранства 1762 дазволіў дваранам пакідаць службу і займацца гаспадаркай у маёнтках. Да адмены прыгоннага права (1861) паказчыкам багацця П. была колькасць «душ» прыгонных сялян, якімі яны валодалі. У 1860 103,2 тыс.рас. П. валодалі 10,7 млн. душ сялян. 43,7% прыгонных належалі 3,8% П. (1000 і болей душ у кожнага), дробнапамесныя П. (100 і менш душ) валодалі толькі 3,2% сялян, хоць самі складалі 41,6% усіх П. З адменай прыгоннага права паказчыкам дабрабыту П. стала валоданне зямлёй. Б.ч. іх поўнасцю або часткова здавала зямлю ў арэнду сялянам, іншыя здолелі наладзіць капіталіст. гаспадарку, якую вялі сіламі наёмных работнікаў. З прычыны разарэння многіх П. і набыцця зямлі прадстаўнікамі інш. саслоўяў працэнт дваранскіх зямель за 1861—1907 паменшыўся з 95% да 44%. У 1905 налічвалася каля 30 тыс. сем’яў П., большасць з якіх былі дробнапамеснымі. Да 1917 9—10% П. валодалі 70—73% усіх дваранскіх зямель. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 ліквідавала П. як клас, іх землі нацыяналізаваны дэкрэтам аб зямлі (9.11.1917). У л-ры П. часам называюць буйных землеўласнікаў Рас. імперыі незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці, а таксама буйных землеўласнікаў феад. і паўфеад. тыпу ў інш. краінах.
На Беларусі паводле 10-й рэвізіі (1859) былі 9072 П., яны мелі 1 146 712 прыгонных сялян мужчынскага полу. З іх дробныя П. (да 100 душ на ўладальніка) складалі 73,3% і валодалі 16,5% прыгонных; буйныя П. (больш за 500 душ) складалі 4,2%, але мелі 44,4% прыгонных. У бел.-літ. губернях у канцы 1850-х г. паншчыну выконвалі 92,3% прыгонных. З сярэдзіны 19 ст. П. ўсё часцей закладалі ў крэдыт сялян сваіх маёнткаў, у 1856 на Беларусі было закладзена 56,5% сялян. Пасля адмены прыгону працэс памяншэння дваранскай зямлі ў бел. губернях адбываўся больш павольна, чым у астатніх губернях Расіі, бо з-за антырас. настроенасці шляхты царскі закон 1865 забараніў палякам набываць зямлю ў Зах.краі.