АБСАЛЮ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ АДЗІ́НАК,
сістэмы адзінак, у якіх вытворныя адзінкі вызначаюцца праз абмежаваную колькасць асноўных. У лік асн. выбіраюцца гал. чынам адзінкі даўжыні, масы і часу. Ідэя стварэння абсалютных сістэм адзінак належыць К.Ф.Гаўсу (за асн. адзінкі прыняў міліметр, міліграм і секунду). Да абсалютных сістэм адзінак адносяцца сістэма адзінак СГС (сантыметр, грам, секунда) і натуральныя сістэмы адзінак. Гл. таксама Адзінкі фізічных велічынь, Сістэмы адзінак.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНЫЯ ВЫ́КІДЫ ў атмасферу,
колькасць шкодных рэчываў, якая можа быць выкінута за адзінку часу ў атмасферу без перавышэння ў прыглебавым слоі іх гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі. Распрацаваны і ўведзены дзярж. стандарты ГДВ, якія ўлічваюць сучасныя гігіенічныя, эканам., экалагічныя патрабаванні і вызначаюць адзіны тэр.-ведамасны падыход да нарміравання і макс. зніжэння шкодных выкідаў. Кантроль крыніц выкідаў і ГДВ ажыццяўляецца на прадпрыемствах.
т. 5, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНУЛАМЕТРЫ́ЧНЫ СКЛАД ГЛЕ́БЫ, механічны склад глебы,
колькасць у глебе элементарных (неагрэгаваных) часцінак розных памераў. Выражаецца ў працэнтах ад масы абсалютна сухой глебы. У залежнасці ад суадносін фіз. гліны (часцінак, драбнейшых за 0,01 мм) і фіз. пяску (больш за 0,01 мм) глебы па грануламетрычным складзе падзяляюць на пясчаныя, супясчаныя, сугліністыя і гліністыя. Грануламетрычны склад глебы ў значнай ступені вызначае ўрадлівасць глебы.
т. 5, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БСА ПРА́ВІЛА ФАЗ,
агульная ўмова раўнавагі гетэрагеннай сістэмы. Паводле Гіпса правіла фаз у гетэрагеннай (макраскапічна неаднароднай) фізіка-хім. сістэме, што знаходзіцца ва ўстойлівай тэрмадынамічнай раўнавазе, колькасць фаз не можа перавышаць колькасці кампанентаў, павялічаных на 2. У аднакампанентнай сістэме (індывідуальнае рэчыва, напр., вада) у раўнавазе могуць знаходзіцца 3 фазы: пара (газападобная фаза), вада (вадкая фаза) і лёд (цвёрдая фаза). Устаноўлена Дж.У.Гібсам у 1873—76.
т. 5, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗАНЫЯ ВАГА́ННІ,
уласныя ваганні ў складанай сістэме з некалькіх звязаных паміж сабой простых (парцыяльных) вагальных сістэм. Маюць складаны выгляд з-за ўплыву (праз сувязь) ваганняў у адной парцыяльнай сістэме на ваганні ў другой. У лінейных сістэмах З.в. можна выявіць як суперпазіцыю нармальных ваганняў, колькасць якіх роўная колькасці парцыяльных сістэм, аднак частоты адрозніваюцца ад частот уласных ваганняў адасобленых парцыяльных сістэм. Гл. таксама Абертон, Біцці.
т. 7, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,
археалагічныя помнікі 11—17 ст., адметныя наяўнасцю каменных муровак над магіламі і каменных вымастак (да пач. 13 ст., знак пакланення Перуну). Належаць яцвягам. Асн. колькасць К.м. знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Звычайна налічваюць 60—80 пахаванняў, характэрны сямейны прынцып. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме, трапляюцца трупаспаленні. З 16 ст. на камянях у галавах выбівалі крыжы, часам у спалучэнні з салярнымі знакамі.
т. 7, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДЦЫ,
народы Канады. Падзяляюцца на англа-канадцаў (у Канадзе 10,8 млн. чал., агульная колькасць 11,67 млн. чал., 1992, гавораць на канадскім варыянце англійскай мовы; вернікі пераважна пратэстанты, частка — католікі) і франка-канадцаў (у Канадзе — прав. Квебек, часткова Антарыо і Нью-Брансуік — 7,2 млн. чал., 1992; жывуць таксама ў ЗША. больш за 2 млн. чал.; гавораць на канадскім варыянце французскай мовы, вернікі пераважна католікі).
т. 7, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТА́НТА [ад лац. constans (constantis) пастаянны, нязменны] у вершаскладанні, асноўны рытмастваральны кампанент, які вызначае рытмічную прыроду верша. У сілабічным вершаскладанні К. з’яўляецца аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках, у сілаба-танічным вершаскладанні — раўнамернасць чаргавання націскных складоў, у танічным вершаскладанні — раўнамернасць чаргавання аднолькавай колькасці моцных (апорных) націскаў. К. называюць таксама апошні рытмічны націск у радках сілаба-танічнага верша.
В.П.Рагойша.
т. 7, с. 592
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ [франц. parti ад лац. pars (partis) частка, група],
1) палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа, іншых сац. груп і слаёў, аб’ядноўвае найб. актыўных іх прадстаўнікоў і кіруе барацьбой для дасягнення пэўных мэт.
2) Група людзей, аб’яднаных для якой-н. мэты; атрад (напр., П. геолагаў).
3) Пэўная колькасць прадметаў, тавару.
4) Гульня (у шахматы, шашкі, карты і пад.) да пэўнага выніку.
т. 12, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІЎКА,
у беларусаў даўняя страва. Спачатку варылі мяса з прыправамі, у посныя дні — грыбы, рыбу. Потым невял. колькасць мукі разводзілі вадой і залівалі ў гаршчок (часам закалочвалі сухую муку), потым далівалі хлебны квас або сыроватку, бурачны расол. У некат. раёнах дадавалі хлебную рошчыну, гатавалі і са свіной крыві. На Магілёўшчыне, у Зах. і Цэнтр. Палессі П. — старая назва заціркі, калатушы.
т. 12, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)