украінскі жывапісец. Вучыўся ў Кіеўскай рысавальнай школе М.І.Мурашкі, Пецярб.АМ (1894—1900) у І.Рэпіна, у Мюнхене ў школе А.Ажбе (1901). У 1902—04 наведаў Парыж. Член т-ваперасоўнікаў (з 1916). З 1912 выкладаў у Кіеўскім маст. вучылішчы, у 1912—17 — у Маст. студыі, якую адкрыў у Кіеве разам з А.Кругер-Прахавай. Творы адметныя натурнай пераканаўчасцю, дэкар. экспрэсіяй колеру: «Пахаванне кашавога» (1900), «На вуліцах Парыжа» (1902—03), «Сялянская сям’я» (1913). Аўтар партрэтаў «Дзяўчынка з сабачкам», «Дзяўчынка ў чырвоным капелюшы» (1902—03), Я.Станіслаўскага (1906), М.Мурашкі (1907), аўтапартрэта (1918).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКУТ (Aquila chrysaëtos),
драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў лясных, горных і пустынных раёнах Еўразіі, Паўн. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі від, адзначаны ў Бел. Паазер’і і на Палессі. У час вандровак і пралёту трапляецца часцей. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 80—95 см, размах крылаў да 2 м, маса да 6,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае, знізу святлейшае з дамешкам залаціста-рыжаватага колеру. Пер’е на патыліцы і ззаду шыі залаціста-жоўтае. Цэўка аперана да пальцаў. Дзюба і лапы дужыя, жоўтыя. Кіпцюры вялікія, чорныя. Гнёзды на высокіх дрэвах і скалах. Корміцца млекакормячымі, птушкамі, земнаводнымі, мярцвячынай. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЗО́Н (Bison bison) млекакормячае роду зуброў сям. пустарогіх. 2 падвіды. Быў пашыраны ад паўн.-зах. і цэнтр. Канады на Пд да цэнтр. Мексікі. У 19 ст. амаль знішчаны. Колькасць часткова адноўлена, пераважна на ахоўных тэр. ЗША і Канады (некалькі дзесяткаў тыс. галоў). Акліматызаваны ў цэнтр. Алясцы, завезены ў запаведнік Асканія-Нова.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,9 м, маса да 1 т. Выглядам і біялогіяй падобны да зубра. Тулава моцнае, масіўнае, з высокім «гарбом». Ногі кароткія, тоўстыя. Рогі круглыя, гладкія, чорнага колеру. Поўсць густая, цёмна-бурая, на галаве, шыі і плячах значна даўжэйшая. Палаваспеласць у 2—3 гады. У прыплодзе звычайна адно цяля. Корміцца расліннасцю. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],
хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.
На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́ННІК, аройнік,
арум (Arum),
род кветкавых раслін сям. ароідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Малой і Пярэдняй Азіі. 6 відаў трапляюцца ў лясах на ПдЕўрап.ч.б.СССР, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі асобныя віды ў калекцыі Цэнтр.бат. сада АН.
Шматгадовыя аднадомныя травяністыя расліны выш. 25—30 см з шара- або яйцападобным клубнем. Лісце суцэльнае, сэрца- або коп’епадобнае, бліскучае, на доўгіх чаранках. Аднаполыя кветкі ў катахах, укрытых пакрывалам белага, зеленаватага або цёмна-фіялетавага колеру. Плод — ярка-чырвоная ягада. Дэкар. і лекавыя расліны. Свежыя расліны атрутныя (ёсць рэчывы сапаніна-глюказіднага характару). Высушаныя клубні аронніку плямістага (A. maculatum) і інш. відаў маюць да 25% крухмалу, прыдатныя ў ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),
кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс.км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць на ПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДО́ТКА (Burhinus oedicnemus),
птушка сям. аўдоткавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўропе, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн. Афрыцы. Рэлікт чацвярцічнага перыяду. На Беларусі вельмі рэдкі пералётны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Чырвоную кнігу. Трапляецца пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Палесся.
Птушка даўж. 40—45 см, маса да 440 г. Жыве на бязлесных пясчаных землях. Апярэнне шэра-пясочнае з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, на бруху — белаватае. Ногі трохпальцыя. Прылятае ў сярэдзіне красавіка. Актыўная ноччу. Трымаецца парамі, восенню чародамі. Хутка бегае, выцягнуўшы шыю. Гнёзды на пяску. Нясе 2 жаўтавата-пясочнага колеру яйцы. Корміцца насякомымі, дробнымі яшчаркамі, грызунамі. Адлятае ў вер.—кастрычніку. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Аравійскага п-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТРЫХО́З [ад гіпер... + грэч. (thrix) thrichos волас + ...оз],
валасатасць, празмернае развіццё ў чалавека валасянога покрыва. Праяўляецца празмернай колькасцю, даўжынёй і таўшчынёй валасоў, што не ўласціва дадзенаму ўчастку скуры, полу ці ўзросту чалавека. Бывае прыроджаны і набыты. У прыроджаным адрозніваецца зародкавы (захаванне зародкавых пушковых валасоў на ўсім скурным покрыве) і мясцовы (на абмежаваным участку доўгія і густыя валасы рознага колеру). Да набытага адносяцца траўматычны (рост валасоў на месцах працяглага раздражнення скуры), пубертатны (валасы растуць на твары і вакол саскоў малочных залоз), клімактэрычны (у жанчын ў перыяд клімаксу развіваецца звычайна на твары), неўрагенны (узнікае на ўчастках, якія інервуюцца, часткова пашкоджаных нервам). Лячэнне накіравана на нармалізацыю функцый залоз унутр. сакрэцыі і нерв. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНІК (Epipactis),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш.колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАДРЫ́Л (Papio hamadryas),
малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.
Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.