АРМЕ́НІЯ МАЛА́Я,

гістарычная вобласць у вярхоўях рэк Еўфрат, Лікус, Галіс. З яе тэр. звязана фарміраванне арм. народа і стараж.-арм. мовы. Уваходзіла ў дзяржаву Ахеменідаў. Пры Аляксандру Македонскім пад уладай македанян, з 322 да н.э. самаст. царства са сталіцай у г. Ані-Камах. З канца 2 ст. да н.э. належала Пантыйскай дзяржаве, пазней Рымскай імперыі.

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗОТАБАКТЭРЫ́Н, азотаген,

бактэрыяльны прэпарат для абагачэння глебы звязаным азотам. Вырабляецца на аснове аднаго з відаў азотабактэру. Выкарыстоўваюць пад агароднінныя і прапашныя культуры. Уносяць у глебу з насеннем або апрацоўваюць ім клубні, карані расады с.-г. культур, якія не належаць да сям. бабовых. На глебах Беларусі з высокай кіслотнасцю і малой урадлівасцю малаэфектыўны.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУ́ЧАК (Валянцін Мікалаевіч) (н. 4.9.1909, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў акцёрскі (1929) і рэжысёрскі (1932) факультэты Дзярж. тэатр. эксперым. майстэрні пад кіраўніцтвам У.​Меерхольда. З 1929 акцёр у Т-ры імя Меерхольда. Адзін з заснавальнікаў Дзярж. тэатр. маскоўскай студыі (1940; з 1941 франтавы т-р).

З 1942 узначальваў Т-р Паўн. флоту, з 1945 Маскоўскі гастрольны т-р. З 1950 рэжысёр, у 1957—2000 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра Сатыры. Пастаноўкам характэрны публіцыстычная вастрыня, дынамічныя мажорныя вырашэнні, схільнасць да гіпербалы, сатыры і гратэску: «А ці быў Іван Іванавіч?» Назыма Хікмета, «Містэрыя-Буф» У.​Маякоўскага (абедзве 1957), «Цёркін на тым свеце» А.​Твардоўскага (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.​Гогаля (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка (1973), «Самазабойца» М.​Эрдмана (1981), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1983) і інш. Аўтар кн. «На сцэне — Маякоўскі» (1962).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ГЛАС (Douglass) Фрэдэрык [сапр. Бейлі

(Bailey) Фрэдэрык Агастэс Вашынгтон; люты 1817, Такаха, каля г. Істан, штат Мэрыленд, ЗША — 20.2.1895], грамадскі дзеяч, публіцыст, адзін з лідэраў абаліцыянізму ў ЗША. Мулат, да ўцёкаў у паўн. штаты ЗША (1838) быў рабом. З 1847 выдаваў антырабаўладальніцкую газ. «The North Star» («Паўночная зорка»),

Пад уплывам Дж.Браўна выступіў за ўзбр. барацьбу супраць негрыцянскага рабства. Адзін са стваральнікаў першых негрыцянскіх палкоў у грамадз. вайну ў ЗША 1861—65 і кіраўнікоў руху неграў за раўнапраўе ў час Рэканструкцыі Поўдня 1865—77. Выступаў за дэмакратызацыю грамадска-паліт. жыцця краіны, за правы жанчын. Аўтар антырабаўладальніцкага аўтабіягр. твора «Аповесць пра жыццё Фрэдэрыка Дугласа, амерыканскага раба» (1845, перапрацавана ў 1855 і 1881 пад інш. назвамі).

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́СКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Грэскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Грэскага падп. РК КП(б)Б. Арганізатар і кіраўнік У.​І.​Заяц. Налічвала каля 80 чал., 4 групы: у бальніцы в. Грэск (кіраўнік Ю.​Г.​Войчык), вёсках Стараселле (А.​В.​Вадап’ян), Гацук (Заяц), Вобчае (І.​І.​Каско). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва агітац. работу, распаўсюджвалі звесткі Саўінфармбюро, перадавалі партызанам звесткі пра рух варожага транспарту, папярэджвалі пра карныя аперацыі акупантаў, псавалі тэлеф. сувязь праціўніка, спалілі некалькі мастоў на шашэйных дарогах, пусцілі пад адхон варожы эшалон, разграмілі апорны пункт фашыстаў у в. Вобчае, захапілі абоз з прадуктамі і пераправілі партызанам.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЦЫ, Орцаўскае возера. У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 8 км на ПнУ ад г. Міёры. Пл. 1,94 км², даўж. 4,8 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 19 м, даўж. берагавой лініі 13,4 км. Пл. вадазбору 11 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 2—3 м, сугліністыя і супясчаныя, разараныя, месцамі пад хмызняком, на ПнУ 10—12 м, стромкія, укрыты лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком, участкамі забалочаныя. Некалькі вузкіх заліваў. Зона мелкаводдзя вузкая (3—5 м), у паўн. плёсе пашыраецца да 50—80 м, пясчаная, месцамі гліністая; астатняя ч. дна ілістая. 2 астравы агульнай пл. 1,9 га. Празрыстасць 3,2 м. Мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі. Зарастае.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЛЬТАН (Мікалай Мікалаевіч) (24.11. 1900, в. Някрасаўшчына Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 19.9.1975),

ген.-лейт. (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Аб’яднаную бел. вайсковую школу імя ЦВК БССР (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну на Паўд., Петраградскім, Зах. франтах; у Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір стралк. палка, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Смаленска, Цверы, Магілёва, штурму Кёнігсберга. У чэрв. 1944 корпус пад камандаваннем М. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Магілёўскай вобл. і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе. 16.7.1944 яго корпус вызваліў Гродна. Да 1959 у Сав. Арміі.

М.М.Мультан.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРА́ВДА»,

масава-палітычная газета; орган Камуніст. партыі Расійскай Федэрацыі. Выдаецца ў Маскве на рус. мове 3 разы на тыдзень. Засн. У.​І.​Леніным. Першы нумар выйшаў 22.4(5.5). 1912 у Пецярбургу. У 1912—14 газета 8 разоў забаранялася, выходзіла пад рознымі назвамі. 8(21).7.1914 забаронена. Пасля Лют. рэвалюцыі з 5(18).3.1917 адноўлена, некалькі разоў мяняла назву. Пасля Кастр. рэвалюцыі з 27.10(9.11). 1917 зноў выходзіла пад назвай «П.» 3 16.3.1918 выдаецца ў Маскве. У жн. 1991 пасля спынення дзейнасці КПСС выданне «П.» прыпынена, потым адноўлена. Асвятляе пытанні паліт., эканам. і культурнага жыцця Расіі і краін СНД, у т. л. Беларусі. Мае рубрыкі: «Падзеі, факты, версіі», «Пульс планеты», «Традыцыям верныя», «Вецер падарожжаў» і інш.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІДЖАПУ́Р,

феадальная дзяржава (султанат) у паўд.-зах. Дэкане (Індыя) у 1489—1686. Засн. бахманідскім намеснікам Юсуф Адзіл-ханам, які паклаў пачатак дынастыі Адзіл-шахаў. Біджапур быў аслаблены паўстаннямі маратхаў пад кіраўніцтвам Шываджы і войнамі з Маголамі. З 1599 у складзе віцэ-каралеўства Дэкану. У 1686 падпарадкаваны дзяржавай Вялікіх Маголаў.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯТРО́ЎСКІ (Віктар Іосіфавіч) (1855 — пасля 1917),

бел архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1879). З 1879 працаваў у Наўгародскай губ., у 1881—87 Віцебскі гар. архітэктар. Паводле праекта П. і пад яго кіраўніцтвам пабудаваны з у г. Чашнікі, рэканструяваны Віцебскі гар. т-р (1882) і Віцебскі Варварынскі касцёл (1885).

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)