ГІДРАМЕТЭО́РЫ (ад гідра... + грэч. meteōros які лунае ў паветры),
атмасферныя ападкі, якія ўтвараюцца пры выдзяленні вільгаці з паветра на паверхні Зямлі і прадметаў — раса, іней, шэрань і інш. Першапачаткова пад гідраметэорам разумелі прадукты кандэнсацыі вадзяной пары ў атмасферы — воблакі, усе атм. ападкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЗЬКАВА́ННЕ,
у беларусаў звычай аддаваць дзяцей шляхты на выхаванне ў сялянскую сям’ю. Быў пашыраны ў канцы 16—18 ст. і выкліканы жаданнем выхаваць у дзяцей станоўчыя фіз. і духоўныя якасці простага народа: працавітасць, сілу, вынослівасць, непераборлівасць у ядзе і адзенні, любоў да зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЙКА ПРАЛІ́Ў (Drake Strait),
праліў паміж архіпелагам Вогненная Зямля і Паўд. Шэтландскімі а-вамі. Злучае Атлантычны і Ціхі ак.Даўж. 460 км. Самы шырокі (да 1120 км) праліў на Зямлі. Глыб. да 5249 м. Штормы, айсбергі. Названы ў гонар англ. мараплаўца Ф.Дрэйка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАДА́ННЯ МЫС,
мыс на ПнУ Паўночнага в-ва Новай Зямлі (76°57′паўн. ш., 68°35′усх. д.). Абрывісты, скалісты ўцёс (выш. каля 30 м), які ўдаецца ў мора ў выглядзе паўвострава. У раёне мыса палярная станцыя (з 1931). Названы ў 1596 В.Барэнцам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛА ПАМПО́НІЙ (Pomponius Mela),
рымскі географ 1-й пал. 1 ст.н.э. Родам з г. Тынгентэр (Іспанія). Каля 44 н.э. напісаў трактат у 3 кнігах «Аб будове Зямлі», дзе абагульніў звесткі ант. свету пра кантыненты і акіян, Міжземнамор’е і інш. прыбярэжныя краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРГ (ад ням. Morgen раніца),
даўняя мера (адзінка) зямельнай плошчы. У сярэдневяковай Германіі М. — плошча зямлі, якую мог апрацаваць адзін чалавек з ранку да поўдня. У ВКЛ, у т. л. на Беларусі, М. стаў пашыраным з сярэдзіны 16 ст. 1 М. = 0,71 га.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПРА́ВА,
сістэма юрыд. нормаў, якая замацавала аўтаномныя правы Віцебскай зямлі ў складзе ВКЛ, а таксама рэгламентавала прававое становішча насельнікаў гэтай зямлі. Было зафіксавана прывілеямі 1503 і 1561 вял. князёў Аляксандра і Жыгімонта Аўгуста, таму што ранейшыя віцебскія прывілеівял. князёў былі страчаны. Нормы Віцебскага права выпрацаваны яшчэ ў часы Віцебскага княства. Князі, якія ўступалі на віцебскі прастол, абавязаны былі даць згоду правіць паводле Віцебскага права, што фіксавалася дагаворам. Пасля далучэння Віцебскага княства да ВКЛ нормы Віцебскага права без значных змен гарантаваліся вял. князямі ВКЛ. Паводле прывілея 1503 ваявода прызначаўся толькі са згоды віцяблян, судзіць і караць апошніх належала ў Віцебску. Прывілеі 1503 і 1561 разам з інш.абл. прывілеямі сталі крыніцамі Статутаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МСТЭД-АКТ (ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн.га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫ́ШЧА,
1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.
2) У Стараж. Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕЛА́Н, Магальяінш (партуг. Magalhães, ісп. Magallanes) Фернан (каля 1480, г. Саброза, Партугалія — 27.4.1521), партугальскі мараплавец, экспедыцыя якога ажыццявіла першае кругасветнае плаванне. У 1519—21 узначаліў іспанскую экспедыцыю (5 суднаў, 265 чал.) у пошуках зах. шляху да Малукскіх а-воў. Абследаваны паўд. берагі Паўд. Амерыкі, адкрыты праліў паміж Вогненнаю Зямлёю і мацерыком (гл.Магеланаў праліў), 3 астравы з групы Марыянскіх (у т. л.в-аў Гуам), перасечаны Ціхі ак. (1520, назву далі спадарожнікі М.). Экспедыцыя М. назірала зорныя сістэмы (гл.Магеланавы Воблакі) і сузор’е Паўд. Крыж; даказала шарападобнасць Зямлі, наяўнасць Сусветнага ак., атрымала ўяўленне пра памеры Зямлі. М. забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам в-ва Мактан (Філіпінскія а-вы). У Іспанію вярнуўся адзін карабель пад кіраўніцтвам Х.С.Элькана.