ПАМО́Р’Е,
гістарычная назва ў 15—17 ст. у Расіі, узбярэжжа Белага м. ад г. Кем да г. Анега (Паморскі бераг), а таксама вял. тэр. ад Абанежжа да Паўн. Урала, у якую ўваходзілі Карэлія, Дзвінская, Важская, Сысальская, Вяцкая, Пермская землі, Пасухонне, Белазерскі і Пячорскі краі. Першапачаткова насялялі карэлы, комі, лапары. Да 17 ст. карэннае насельніцтва часткова асімілявана рус. пасяленцамі, якія з 12 ст. асвойвалі тэр. П. У 12—15 ст. уладанне Наўгародскай феадальнай рэспублікі. У пач. 16 ст. далучана да Масквы. У 17 ст. ў 22 паветах П. асн. маса насельніцтва — вольныя сяляне. Частка зямель належала манастырам і купцам Строганавым. На Пн насельніцтва займалася рыбалавецкім, слюдзяным, саляным промысламі; у Карэліі развівалася металургія, у паўд. паветах — земляробства.
т. 12, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб. пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.
А.В.Іоў.
т. 13, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЯНКО́ВА Валянціна Ягораўна (н. 5.12.1927, в. Юраўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне селекцыі с.-г. культур. Д-р с.-г. н. (1984). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1987). Скончыла БСГА (1959). У 1962—42 у Бел. НДІ земляробства і кармоў (у 1971—75 заг. аддзела). Навук. працы па селекцыі яравой пшаніцы і трыцікале. Аўтар і сааўтар раянаваных сартоў яравой пшаніцы: Беларуская 12, Беларуская 80; азімага трыцікале: Дар Беларусі, Мара, Міхась; яравога трыцікале Інеса.
Тв.:
Изучение и селекционное использование короткостебельных сортов яровой пшеницы // Проблемы экспериментальной генетики. Мн., 1972;
Проявление гетерозиса у гибридов яровой пшеницы в условиях БССР // Генетические и цитологические исследования ядерной и цитоплазматической наследственности. Мн., 1973.
т. 13, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАЧЫ́НСКІ Леанід Васілевіч (н. 2.12.1937, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1994). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1965). З 1971 у Бел. НДІ аховы раслін (з 1976 заг. лабараторыі, з 1980 нам. дырэктара), з 1999 гал. рэдактар час. «Ахова раслін». Навук. працы па пытаннях аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля пры інтэнсіўным земляробстве, а таксама на прысядзібных участках, калект. садах і агародах.
Тв.:
Защита растений и урожай. Мн., 1988;
Вредители и болезни сада и огорода и меры борьбы с ними на дачных и приусадебных участках. Мн., 1998 (разам з М.І.Пратасавым, В.В.Балотнікавай).
т. 14, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭДНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Венгерская нізіна. Знаходзіцца ў бас. сярэдняга цячэння р. Дунай (ад Венскага Лесу на ПнЗ да Жалезных Варот на ПдУ), пераважна ў Венгрыі, часткова ў Аўстрыі, Славакіі, Румыніі, Сербіі, Харватыі. Асобныя часткі С.р. наз. Альфёльд, Дунантуль, Кішальфёльд. Пл. каля 200 тыс. км². Выш. 100—200 м. Тэктанічная ўпадзіна, запоўненая лёсавымі і алювіяльнымі адкладамі. Паверхня плоская або слаба ўзгорыстая, астраўныя горы (выш. да 757 м). Сярэднія т-ры студз. -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў 500—600 мм, у гарах да 900 мм за год. На тэр. С.р. воз. Балатан з курортным раёнам. Участкі лесастэпаў і стэпаў. Інтэнсіўнае земляробства (пасевы пшаніцы, кукурузы; садаводства, вінаградарства). Радовішчы баксітаў, нафты і газу, бурага вугалю. Буйны горад — Будапешт.
т. 15, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРГА́ЙСКАЕ ПЛАТО́, Тургайская сталовая краіна,
прыўзнятая раўніна паміж Паўд. Уралам і Мугаджарамі на З, Казахскім драбнасопачнікам на У, у Казахстане. Даўж. каля 630 км, шыр. 300 км, выш. да 310 м. Уздоўж восевай часткі працягваецца Тургайская лагчына. Т.п. — платформавае ўтварэнне; адпавядае паўн. выступу Туранскай пліты і Тургайскаму прагіну. Складзена з марскіх і кантынент. адкладаў. Ёсць радовішчы магнетытавых руд, бурых жалезнякоў, баксітаў, вугалю. Паўн. ч. — з узгоркамі і ўваламі, парэзана слаба; паўд. — з ізаляванымі сталовымі ўзвышшамі, ёсць сетка лагчын і далін часовых рэк. У западзінах салёныя азёры. Клімат рэзка кантынент. і сухі. Паўн. ч. адносіцца да зоны сухіх стэпаў — раён непаліўнога збожжавага земляробства (пшаніца, проса, ячмень); паўд. — у зоне паўпустынь, якія выкарыстоўваюцца як паша.
т. 16, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́МБРЫЯ (Umbria),
адм. вобласць у Цэнтр. Італіі, на Апенінскім п-ве. Уключае правінцыі Перуджа і Тэрні. Пл. 8,4 тыс. км². Нас. каля 830 тыс. чал. (2000). Адм. цэнтр — г. Перуджа. Рэльеф горны і ўзгорысты. На У. — Умбра-Маркскія Апеніны (выш. да 2478 м). Клімат міжземнаморскі, у гарах умераны. Ападкаў каля 800 мм за год. Гал. р. Тыбр; Тразіменскае возера. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, электраэнергетыка (каскад ГЭС Ле-Мармарэ на р. Веліна і інш.), машынабудаванне (цяжкае), хім., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, трыкат., швейная), харч., керамічная. Рамёствы (карункі, вышыўка, вырабы з металу). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць пшаніцу, вінаград, аліўкі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны, міжнар. турызм.
т. 16, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯП (Yap),
група вулканічных астравоў у зах. частцы Ціхага ак., уваходзіць у групу Каралінскіх астравоў. Пл. 100 км². Выш. да 178 м. Клімат субэкватарыяльны акіянічны. Ападкаў да 3000 мм за год. Трапічныя вечназялёныя лясы, ва ўнутр. раёнах — саванна. Рыбалоўства, земляробства (таро, батат, цукр. трыснёг). Уздоўж усх. падножжа астраўной дугі праходзіць аднайм. глыбакаводны жолаб (даўж. 460 км, сярэдняя шыр. 72 км, найб. глыб. 8850 м), які працягваецца таксама ўздоўж астраўной дугі Нгулу. Разам яны ўтвараюць паўд.-ўсх. мяжу Філіпінскага м. Карэннае насельніцтва а-воў Я. (мікранезійцы) мелі грошы ў выглядзе каменных дыскаў дыяметрам да 2 м з адтулінай пасярэдзіне (вагой нярэдка да некалькіх тон), якія адным з першых апісаў рус. вучоны М.М.Міклуха-Маклай.
т. 18, кн. 1, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫІ І ЛУГАВО́ДСТВА БЕЛАРУСКІ НДІ Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1930 у Мінску на базе аддзела асушэння і культуры балот Бел. дзярж. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі і Мінскай балотнай доследнай станцыі (з 1911) як Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі ў сістэме УАСГНІЛ. У 1945 перайменаваны ў БелНДІ меліярацыі і балотнай гаспадаркі, з 1948 Ін-т меліярацыі, воднай і балотнай гаспадаркі АН БССР, з 1956 БелНДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, з 1965 у сістэме Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, з 1992 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне занальных сістэм меліярац. земляробства для забеспячэння рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівага функцыянавання экасістэм; распрацоўка эканамічна і экалагічна абгрунтаваных тэхналогій эфектыўнага выкарыстання сенажацей і пашы; распрацоўка рэсурсазберагальных тэхналогій кіравання водна-паветраным рэжымам асушаных глеб і эксплуатацыі меліярац. сістэм; абгрунтаванне метадалогіі і рэалізацыі комплекснага маніторынгу меліяраваных зямель для стварэння нац. банка даных стану прыроднага асяроддзя. У сістэме ін-та Пінскі аддзел поймавага лугаводства, Пружанская гідролага-гідрагеалагічная лабараторыя, Палеская доследная станцыя меліярац. земляробства і лугаводства, Віцебская доследна-меліярац. станцыя, эксперым.-выд. прадпрыемства. Аспірантура з 1930. Выдае працы ін-та «Меліярацыя пераўвільготненых зямель». У ін-це ў розны час працавалі акад. АН БССР І.С.Лупіновіч, акад. АН БССР і УАСГНІЛ С.Г.Скарапанаў, акад. УАСГНІЛ Т.Н.Кулакоўская і А.І.Мурашка, акад. Акадэміі агр. навук. Рэспублікі Беларусь У.Ф.Карлоўскі, чл.-кар. АН БССР А.Л.Івіцкі і Р.І.Лашкевіч, чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь Р.І.Афанасік, д-ры тэхн. н. В.Ф.Шабека і П.І.Закржэўскі; працуюць д-ры навук чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь А.П.Ліхацэвіч, засл. вынаходнік Рэспублікі Беларусь В.М.Кандрацьеў, праф. А.С.Меяроўскі, В.Ц.Клімкоў, І.В.Мінаеў, У.І.Бялкоўскі, С.В.Кулеш, П.П.Ціво.
А.П.Ліхацэвіч.
т. 10, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст. н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс. н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
т. 4, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)