ЛІЦЕ́ЙНАЯ ФО́РМА,

форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.

Л.ф. мае ліцейныя стрыжні, якія ўтвараюць унутр. поласці і адтуліны ў адліўцы (робяцца з стрыжнёвых сумесей) і літніковую сістэму (сукупнасць каналаў і поласцей) для запаўнення рабочай поласці расплаўленым матэрыялам. Адрозніваюць Л.ф. разавыя і шматразавыя, якія робяцца ў апоках з дапамогай фармовачных машын або ручным спосабам з фармовачных сумесей, а таксама з металу (какілі). Формы, якія выкарыстоўваюцца для ліцця пад ціскам, звычайна наз. прэс-формамі, для атрымання зліткаў — уліўніцамі, вырабаў з пластмас — ліццёвымі.

Д.​М.​Кукуй.

Ліцейная форма ў апоцы: 1 — верхняя паўформа; 2 — ніжняя паўформа са стрыжнем; 3 — літніковая сістэма.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ТЭРМАМЕТРЫ́Я,

метад вымярэння нізкіх тэмператур (звычайна ніжэй за 1 К), заснаваны на залежнасці ад т-ры магн. уласцівасцей шэрагу рэчываў.

Тэрмаметрычным параметрам звычайна служыць магнітная ўспрыімлівасць χ парамагн. солей жалеза, кобальту, нікелю, рэдказямельных элементаў, ядз. парамагнетыка (пры больш нізкіх т-рах T < 0,1 К) і інш., у якіх χ найпрасцейшым чынам залежыць ад т-ры: χ=C/T (гл. Кюры закон). Па замеранаму ў слабым знешнім магн. полі χ і вядомай для дадзенага парамагнетыка пастаяннай Кюры C вызначаюць т.зв. магн. т-ру T. У вобласці т-р, дзе выконваецца закон Кюры, T супадае з тэрмадынамічнай т-рай T. Пры паніжэнні т-ры значэнні T і T могуць не супадаць, тады магн. т-ру пераводзяць у тэрмадынамічную па спец. табліцах і крывых.

У.​Л.​Драгун.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫ КРЫ́ЗІС,

рэзкае абвастрэнне супярэчнасцей у валютнай сферы, глыбокае і зацяжное яе разладжванне. Выяўляецца ў рэзкіх ваганнях валютных курсаў, хуткіх і значных па маштабах перамяшчэннях валютных рэзерваў, дэвальвацыях і рэвальвацыях валют, пагаршэнні міжнар. валютнай ліквіднасці. Звычайна ахоплівае нац. валютныя (грашовыя) сістэмы, а таксама міжнар. разлікі, суправаджаецца інфляцыяй.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРЫ́Я (грэч. aporia літар. бязвыхаднасць),

тэрмін, які абазначае цяжкавырашальную праблему, звычайна звязаную з супярэчнасцю паміж данымі вопыту і мысленным аналізам. Упершыню апарыі выкарыстаны ў стараж.-грэч. філасофіі. Найб. вядомыя апарыі Зянона з Элеі (выяўлялі супярэчнасці ў паняццях неперарыўнасці руху, часу і прасторы), Сакрата, Платона, Арыстоцеля і скептыкаў.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ЛЛІ,

узвышаныя слабахвалістыя раўніны (звычайна зандравыя) з урадлівымі цемнаколернымі карбанатнымі і шэрымі ляснымі глебамі на Пд тайгі і ў зонах мяшаных і шыракалістых лясоў Усх.-Еўрапейскай раўніны. Амаль цалкам узараны і густа заселены (напр., Уладзімірскае аполлі ў Рас. Федэрацыі). На Прыкарпацкай Украіне аполлі — ландшафты лясістай пагорыстасці.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РШЫ (польск. wierszy ад лац. versus верш),

дасілабічныя і сілабічныя (гл. Сілабічнае вершаскладанне) вершаваныя творы ва ўсходнеславянскіх літаратурах у 16—18 ст. Віршы звычайна наз. вершы для чытання (у процілегласць кантам і псалмам, якія спяваліся). Пазней віршамі сталі называць любыя архаічныя і не зусім удалыя вершы.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЬ у тэхніцы,

дэталь машын і механізмаў (звычайна падоўжанай цыліндрычнай формы) для падтрымання частак дэталей, што знаходзяцца ў вярчальным руху. У адрозненне ад вала вось не перадае карысны вярчальны момант і вытрымлівае толькі напружанне выгіну. Адрозніваюць восі нерухомыя (замацоўваюцца ў апорах) і рухомыя (верцяцца ў апорных падшыпніках).

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],

асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ВАНЬ (галанд. haven),

прыбярэжная частка воднай прасторы (акіяна, мора, возера), натуральна або штучна ахаваная ад ветру, хваль, цячэнняў. Звычайна размяшчаецца ў бухтах. Гаванню наз. таксама частку акваторыі порта, дзе праводзяцца грузапасажырскія аперацыі. У залежнасці ад спецыялізацыі бываюць пасажырскія, вугальныя, нафтавыя, кабатажныя, ваенныя, рыбацкія, рамонтныя, зімовачныя і інш.

т. 4, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАЦІРО́УКА (ад франц. décatir знішчаць бляск),

апрацоўка парай ці гарачай вадой шарсцяных і інш. тканін. Паляпшае іх якасць (ушчыльненне, павелічэнне мяккасці або пругкасці, бляску ці матавасці) і папярэджвае ўсадку пры пашыве і нашэнні. Робіцца ў т.зв. дэкацірах і ўсадачных машынах (забяспечваюць бесперапыннасць працэсу), звычайна перад фарбаваннем.

т. 6, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)