КУЗЬМІЧО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен.перыяд.друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС ГАЗЕ́ТНЫХ АРТЫ́КУЛАЎ»,
дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1937 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з міжрэгіянальных газет, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх, а таксама газет т-ваў, асацыяцый, аб’яднанняў, партый, рухаў, незалежных, рэлігійных, газет прыватных заснавальнікаў, дадаткаў да газет і спец. выпускаў, прысвечаных міжнар. падзеям і інш.Бібліягр. апісанне артыкулаў даецца на мове выданняў, у якіх выкарыстана кірылічная ці лац. графіка. Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якія ўключаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі, прысвечаныя падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і г.д. Мае паказальнікі: імянны, геагр., газет, артыкулы якіх зарэгістраваны ў летапісе, моў (акрамя бел. і рускай), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГУЛЕ́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (10.3.1889, г. Гродна — 17.6.1958),
бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію (1907), Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 выкладчык Дзвінскай, у 1924—25 дырэктар Люцынскай бел. гімназій (Латвія). У 1926—34 заг.Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі, пасля займаўся журналістыкай. У 1940—41 інспектар Мін-ва асветы Латвіі. Пасля Вял.Айч. вайны на выкладчыцкай рабоце ў Рызе. Друкаваўся з 1924. Аўтар п’ес «Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад Каляды», «Гідра», вершаў, апавяданняў. Склаў чытанку для бел. школ у Латвіі «Наш край» (1928). На лат. мову пераклаў камедыю Я.Купалы «Паўлінка» (паст. ў 1949 Латвійскім т-рам імя Я.Райніса). Апублікаваў у лат.друку шмат артыкулаў пра бел. л-ру і тэатр, творчасць Я.Купалы і Я.Коласа. На бел. мову перакладаў творы лат. і чэшскіх пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАГІЯ́Т (ад лац. plagio выкрадаю),
наўмыснае прысваенне аўтарства на чужы твор літаратуры, навукі, мастацтва, на вынаходства або рацыяналізатарскую прапанову. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь П. разглядаецца як істотнае парушэнне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і цягне адказнасць у крымінальным або цывільна-прававым парадку. П. прызнаецца выпуск у свет чужога твора без спасылкі на аўтара, апублікаванне створанага сумесна з сааўтарамі твора толькі пад сваім імем, а таксама незаконны перадрук ці распаўсюджванне чужога твора, прымус да сааўтарства або незаконнае выкарыстанне інш. аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Крымін. адказнасць за П. прадугледжана арт. 201 КК. Аўтар і яго правапераемнікі маюць права ў цывільна-прававым парадку патрабаваць унясення адпаведных паправак, публікацыі ў друку або інш. спосабам апавяшчэння пра дапушчаныя парушэнні, патрабаваць забароны выпуску твора ў свет ці спыніць яго распаўсюджванне і пакрыцця панесеных у выніку П. страт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛОЦКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
выданне, орган Полацкай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся штотыднёва ў 1874—1917 у Віцебску на рус. мове. Прызначаліся для Полацкай праваслаўнай епархіі, якая тады тэрытарыяльна адпавядала Віцебскай губ. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі; у неафіц. — матэрыялы, прысвечаныя гісторыі і традыцыям правасл. царквы на Віцебшчыне, гісторыі асобных храмаў і манастыроў, біягр. нарысы і ўспаміны пра царк. дзеячаў, рэцэнзіі на асобныя працы і агляды друку па пытаннях царк. гісторыі і жыцця, агляды і рэкламы царк. і свецкай л-ры. Шмат увагі аддавалася паказу дзейнасці правасл.царк. брацтваў, што аднавіліся на Віцебшчыне ў 1860-я г., Віцебскага к-таправасл. місіянерскага т-ва, ролі правасл. царквы ў развіцці адукацыі на Віцебшчыне. У 1995 выданне адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЕ ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ АГЕ́НЦТВА «НАВІ́НЫ», РІА «Навіны», найбуйнейшая расійская дзярж. інфармацыйна-аналіт.арг-цыя. Створана ў 1941 у Маскве як Саўінфармбюро, з 1961 Агенцтва друку «Навіны» (АДН), з 1991 сучасная назва. З 1998 у складзе Адзінага вытв.-тэхнал. комплексу дзярж. электронных сродкаў масавай інфармацыі (Медыя-Холдзінг УДТРК). Распаўсюджвае актуальную грамадска-паліт., эканам., навук., фін. інфармацыю на рус., асноўных еўрап. і араб. мовах па каналах электроннай сувязі, а таксама ў выглядзе друкаваных веснікаў, бюлетэняў, даведнікаў. Мае разгалінаваную інфарм. інфраструктуру: 50 бюро ў замежных дзяржавах, 17 прадстаўніцтваў у краінах СНД, у т. л. на Беларусі, сетку карпунктаў у Рас. Федэрацыі, краінах СНД і больш чым у 40 краінах свету. Выдае кнігі і перыёдыку, у т. л. штотыднёвік «Спутник-Новости», міні-энцыклапедыю на англ. мове «Расія ад А да Я», рыхтуе тэлевізійныя праграмы і фотаматэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З МІХАІ́ЛА АРХАНГЕ́ЛА»,
«Рускі народны саюз імя Міхаіла Архангела», чарнасоценная (гл.Чарнасоценцы) арг-цыя ў Расіі ў 1908—17. Узнік у пач. 1908 у выніку выхаду з «Саюза рускага народа» шэрагу ультраправых дзеячаў на чале з У.М.Пурышкевічам (старшыня саюза да лют. 1917). Названы ў гонар нябеснага апекуна цара Міхаіла Фёдаравіча, заснавальніка дынастыі Раманавых. Кіруючы орган — Гал. палата з 14 членаў (у Пецярбургу). Аддзелы ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску і інш. Праграма ў значнай ступені супадала з праграмай «Саюза рус. народа», але прызнавала неабходнасць Дзярж. думы пры поўным пазбаўленні выбарчых правоў яўрэяў, падтрымлівала агр. палітыку П.А.Сталыпіна. Дзеячы «С.М.А.» выступалі ў друку (газ. «Колокол», штотыднёвікі «Прямой путь», «Зверобой»), распаўсюджвалі свае кнігі і брашуры, праводзілі сходы, гутаркі, масавыя акцыі, арганізоўвалі антысеміцкія кампаніі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 дзейнасць «С.М.А.» спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭКАЗНА́ЎСТВА,
галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэт. асновы грамадскага карыстання творамі друку. Асн. яго задачы: развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцяў гэтага развіцця як сац. з’явы, стварэнне бібліятэк і аб’яднанне іх у адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная і бібліягр. дзейнасць, абслугоўванне чытачоў. Раздзелы бібліятэказнаўства: агульнае бібліятэказнаўства даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульнатэарэтычныя і інш. пытанні; бібліятэчныя каталогі і фонды вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, арганізацыі і кіравання; абслугоўванне чытачоў распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў (вывучэнне попыту чытачоў, методыка прапаганды л-ры, арганізацыя работы на абанеменце, чытальнай зале і інш.); бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфарм. твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі і працы ў б-цы, эканоміку бібліятэчнай справы, структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы б-к і кіраванне бібліятэчнай справай; гісторыя бібліятэчнай справы вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця б-к, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі ў мінулым і на сучасным этапе; распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і інш.тэхн. сродкаў у розных працэсах у б-цы. Метадалагічныя асновы і праблематыку бібліятэказнаўства на кожным гіст. этапе вызначаюць ідэалогія і сац.-эканам. ўмовы. На сучасным этапе развіцця ў цэнтры ўвагі бібліятэказнаўства праблемы: прырода, сутнасць, змест і сац. ўмовы фарміравання інтарэсаў чытачоў; месца і роля б-кі ў сістэме навук. і тэхн. інфармацыі; навук.-тэарэт. асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Вядучыя цэнтры навук. даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства на Беларусі — Бібліятэка нацыянальная Беларусі, кафедра бібліятэказнаўства Беларускага універсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на ф-це бібліятэчна-інфарм. сістэм Бел. ун-та культуры. Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі на Беларусі зрабілі Ю.І.Бібіла, Н.Б.Ватацы, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі і інш.
Літ.:
Шира Д.Х. Введение в библиотековедение: Пер. с англ.М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РНА-НАВУКО́ВАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯпры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі.
Існавала з 14.11.1920 да вясны 1923 у Маскве. Засн. студэнтамі-беларусамі. Мэта асацыяцыі: спрыянне культ.-гасп. адраджэнню Беларусі, вывучэнне розных галін гаспадаркі, арг-цыянавук.-даследчых экспедыцый па Беларусі, навук. і культ. падрыхтоўка бел. студэнтаў для працы на радзіме. Летам 1922 сябры асацыяцыі ўдзельнічалі ў экспедыцыі Наркамзема Беларусі па вывучэнні вытв. сіл Міншчыны і Мазыршчыны. Разам з Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве выдала літ.-навук. альманах «Маладая Беларусь» (1922). Рыхтавала да друку альбомы «Нявывучаная Беларусь», спец.навук. зборнікі, час. «Беларускі гаспадар» (1923, са студэнтамі Горацкага с.-г. ін-та). З вясны 1922 дзейнасць асацыяцыі выклікала крытыку і абвінавачванне ў «навуковым ухілізме», нацыянал-шавінізме і апалітычнасці. Вясной 1923 у Маскве пачалі стварацца альтэрнатыўныя бел. пралетарскія зямляцтвы і асацыяцыя вымушана была спыніць сваё існаванне. Старшыні Г.І.Гарэцкі (да ліст. 1922), П.Жук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІЯ ПІСЬМЕ́ННІКІ»,
біябібліяграфічны слоўнік. Выдадзены ў Мінску ў 1992—95 у 6 тамах пад рэд. А.І.Мальдзіса. Падрыхтаваны Ін-там л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі і выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Першае на Беларусі шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім падаюцца найб. поўныя і сістэматызаваныя звесткі пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў бел. л-ры, што пісалі на стараслав., бел., рус., польск. і інш. мовах за амаль тысячу гадоў развіцця бел. прыгожага пісьменства. Упершыню прыводзяцца звесткі пра пісьменнікаў бел. замежжа. Уключае каля 1500 артыкулаў, кожны з якіх складаецца з 2 раздзелаў: біяграфічнага (інфармацыя пра жыццёвы шлях пісьменніка, яго літ. творчасць, пазаліт. дзейнасць і інш.) і бібліяграфічнага (самыя поўныя звесткі пра творы пісьменніка, апублікаваныя асобнымі выданнямі, у зборніках, перыяд.друку, перакладзеныя на інш. мовы, а таксама л-ра пра пісьменніка). Амаль усе артыкулы суправаджаюцца фотапартрэтамі.
В.К.Шчэрбін.
Выданне «Беларускія пісьменнікі». Т. 1—6. 1992-95.