ПА́ШЫНСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ СТАРАЖЫ́ТНЫХ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчана за 150 м на ПнУ ад в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Уключае адклады позналедавікоўя паазерскага зледзянення (пяскі, жвір, галька); з’яўляецца апорным разрэзам. Ва ўступе І надпоймавай тэрасы ўскрываюцца адклады, багатыя выкапнёвымі рэшткамі жывёл — косці і зубы млекакормячых (15 відаў), ракавіны малюскаў (больш за 30 відаў), якія існавалі каля 15—10 тыс. гадоў назад, калі кліматычныя ўмовы дасягнулі найб. суровасці і пашырылася тундравая зона.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫДНЯПРО́ЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

На Пд Усх.-Еўрап. раўніны паміж сярэднім цячэннем рэк Дняпро і Паўд. Буг, на Украіне. Выш. каля 200 м на Пн, 150 м на Пд, найб. — 323 м. У фундаменце П.ў. — Украінскі крыштал. масіў, пароды якога ўкрыты глінамі, пяскамі, лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Плоскія водападзелы чаргуюцца з глыбокімі (да 60—80 м), часта каньёнападобнымі далінамі рэк і яроў. Паўн. ч. П.ў. ўваходзіць у лесастэпавую зону, Паўд. — у стэпавую. Большая частка ўзарана. Развіты збожжавая гаспадарка, жывёлагадоўля, садаводства. Радовішчы жал. (Крыварожскі жалезарудны басейн) і марганцавых руд.

т. 13, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ СУДНАБУДАЎНІ́ЧА-СУДНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1931 у г. Рэчыца Гомельскай вобл. у сутоках рэк Дняпро і Ведрыч як прадпрыемства «Суднаверф», дзе будавалі і рамантавалі драўляныя несамаходныя баржы. У Вял. Айч. вайну прадпрыемства разбурана. Пасля аднаўлення будавалі драўляныя, з 1956 метал. баржы. З 1979 — сучасная назва. З-д рэканструяваны, уведзены ў эксплуатацыю блок цэхаў, аснашчаны сучасным абсталяваннем, перадавымі тэхналогіямі. У пач. 1990-х г. з-д супрацоўнічаў з галанд. фірмамі, будавалі судны тыпу «рака—мора». Асн. прадукцыя (2001): буд-ва і рамонт несамаходных метал. суднаў, выраб нестандартнага абсталявання.

т. 14, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСНО́ЎКА,

рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Асцёр (бас. р. Дняпро). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 201 км².​ Пачынаецца за 3 км на З ад в. Склімін, вусце на ўскраіне в. Хадунь. Цячэ па паўд.-ўсх. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна трапецападобная, шыр. 0,5—1,5 км. Пойма двухбаковая, месцамі чаргуецца па берагах, шыр. 100—200 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні пашыраецца да 500 м. Рэчышча на працягу 15 км каналізаванае, на астатніх участках звілістае, шыр. 5—10 м, у вярхоўі перасыхае.

т. 14, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАСАВЕ́Ц Аляксандр Ігнатавіч (8.8.1901, в. Лапацічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 23.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ленінградскую школу ваен. зносін (1928). У грамадз. вайну 1918—20 партызан. У Чырв. Арміі з 1932. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Сталінградскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах. Стралк. полк на чале з палк. У. вызначыўся ў баях на тэр. Днепрапятроўскай вобл. (Украіна) 26.9.1943, дзе пад агнём праціўніка фарсіраваў Дняпро, захапіў і пашырыў плацдарм, прычыніў значныя страты ворагу ў жывой сіле і тэхніцы, чым садзейнічаў поспеху наступальнай аперацыі. Загінуў на тэр. Польшчы.

А.І.Уласавец.

т. 16, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РЧАНКА Аляксандр Карнеевіч (5.12.1918, в. Кішчына Слабада Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 12.8.1944). Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1942, з 1944 на 2-м Бел. фронце, разведчык стралк. палка. Вызначыўся ў баях на подступах да Магілёва: 27.6.1944 старшына Х. на чале групы байцоў з 6 чал. пераправіўся цераз Дняпро каля в. Буйнічы. Група захапіла выгадны рубеж, знішчыла агнявыя кропкі праціўніка, чым садзейнічала пераправе сваіх падраздзяленняў. Х. першы ўварваўся ў вёску і на адным з дамоў узняў чырв. сцяг. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

А.К.Харчанка.

т. 16, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́РАПУЦЬ,

рака ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Іпуць (бас. р. Дняпро). Даўж. 45 км. Пл. вадазбору 528 км². Цячэ па Гомельскім Палессі, пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Чырвоны Арол, вусце на зах. ускраіне г. Добруш. Даліна трапецападобная, у вусці зліваецца з далінай р. Іпуць. Пойма пераважна лугавая. Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу, шыр. 2—3 м у вярхоўі, у вусці да 12 м. Берагі стромкія, выш. да 1,2 м. Асн. прытокі: Гразліўка (справа) і Чачора (злева). Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 17, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРАШКЕ́ВІЧ Сяргей Рыгоравіч (23.4.1910, с. Чкалаўскае Спаскага р-на Прыморскага краю, Расія — 27.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1939). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. Камандзір роты ст. лейтэнант Ц. вызначыўся 27.6.1944 у баях каля в. Галоўчын Бялыніцкага р-на: рота на чале з ім 26 чэрв. фарсіравала рэкі Бася і Дняпро, захапіла плацдарм, у крытычны момант бою Ц. са звязкай гранат кінуўся пад варожы танк. У с. Чкалаўскае ўстаноўлены бюст Ц.

С.Р.Церашкевіч.

т. 17, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯМЧУ́К Васіль Іванавіч (1920, в. Дзедава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Да вайны працаваў шахцёрам у Варашылаўградскай (цяпер Луганскай) вобл. на Ўкраіне. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на фронце. Вызначыўся ў баях пры фарсіраванні р. Дняпро: 22.10.1943 гарматны разлік зенітнага артыл. палка, адбіваючы налёты варожай авіяцыі, збіў 5 самалётаў. Загінуў у гэтым баі. Пахаваны ў с. Ходараў Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл. На будынку сярэдняй школы чыг. ст. Тошчыца Быхаўскага р-на яму ўстаноўлена мемар. дошка.

В.І.Цямчук.

т. 17, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ЦА,

рака ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Цна (бас. р. Дняпро). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 167 км². Пачынаецца за 1 км на ПнЗ ад в. Становішча, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Чабатары. Асн. прыток — р. Мікалаеўшчына (справа). Цячэ па паўн.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. да 1,5 км. Схілы стромкія, выш. да 12 м, зрэдку абрывістыя. Пойма двухбаковая, забалочаная, у сярэднім цячэнні меліяраваная. Рэчышча на працягу 7,2 км каналізаванае, шыр. ад 5 да 10 м.

т. 17, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)