ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Рамуальд Сымонавіч) (1.2.1811, Завілейскі пав. Віленскай губ. — 11.9.1868),
бел. фалькларыст і этнограф, археолаг, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1830). Настаўнічаў у прыватных дамах, Росенскай пав. школе, у доме кн. Друцкіх-Любецкіх у Луніне на Піншчыне, дзе карыстаўся іх багатай б-кай. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа — запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У нарысе «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.Зянькевічам» (1847) апублікаваў і класіфікаваў паводле нар. календара творы калядныя, вясновага і летняга цыклаў. У зб. «Народныя песні Піншчыны» (Коўна, 1851) змясціў 219 песень пераважна вясельных, калядных, купальскіх, жніўных і інш. Зрабіў апісанне некат. абрадаў (упершыню шырока абрад «Куста»), вераванняў, гульняў, а таксама некат. відаў вясковай працы. На агульнаслав. фоне даследаваў побыт, норавы, звычаі, фальклор, закранаў пытанне генезісу нар. песень у працы «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (1852—53). У Ашмянскім пав. рабіў абмеры курганоў і гарадзішчаў, апісваў іх выгляд, прывёў мясц. назвы, нар. паданні пра іх у працы «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» (1848). Стварыў археал. карту Ашмянскага пав. Вывучаў Крэўскі замак, легенды пра яго. Пісаў вершы (зб. «Рыфмаваныя спробы», Вільня, 1856), даследаваў польскую л-ру, праблемы педагогікі. Паасобныя рукапісы З. ў аддзеле рукапісаў Б-кі АН Літвы ў Вільнюсе.
Літ.:
Каратынскі В. Рамуальд Зянькевіч // Творы. 2 выд.Мн., 1994;
Каханоўскі Г. Пінская барва ў славянскай вясёлцы // Мастацтва Беларусі. 1986. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ХАРАЎ (Сяргей Пятровіч) (29.9.1880 г. Полацк Віцебскай вобл. — 22.4.1954),
бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1895), Юр’еўскі ун-т (г. Тарту, 1911) У 1911—13 выкладаў у гімназіях і Настаўніцкім ін-це ў Віцебску, адначасова сакратар Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. З 1913 інспектар нар. школ у Юр’еўскім пав., з 1917 дырэктар-арганізатар Люцынскай (цяпер г. Лудза, Латвія) рус.гар. гімназіі. У 1919 заг. дашкольнага пададдзела Люцынскага павятовага аддзела нар. асветы, узначальваў Бел. аддзел пры Мін-ве асветы Латвіі (1921—25). У 1925—32 дырэктар Дзвінскай бел. гімназіі. У 1945 арыштаваны, высланы ў Казахстан. Збіраць і публікаваць бел. фальклор пачаў у 1906. Выступаў у друку з навук.-папулярнымі нарысамі, прысвечанымі стараж. Полаччыне, князю Усяславу Брачыславічу, князёўне Ефрасінні Полацкай, а таксама бел. фалькларыстам М.Нікіфароўскаму, Е.Раманаву, П.Шэйну, гісторыку А.Сапунову. Выдаў некалькі календароў-кніжак. Апубл.арт. пра каменныя крыжы на Беларусі, стараж.нар.муз. інструменты, кнігадрукаванне. Падрыхтаваў 4 выпускі «Народнай творчасці латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» (вып. 1, 1940; 414 песень і нотных запісаў). У вып. 2—4 (рукапіс) сабраны казкі, легенды, паданні, прыпеўкі, прыказкі, дзіцячы фальклор і інш. Рукапісы фалькл.-этнагр. матэрыялаў, пед., гіст.этнагр. і літ.-публіцыст. спадчына С. зберагаюцца ў архівах навук. б-к Нац.АН Беларусі, Латвіі і Літвы.
Тв.:
Народное образование в Юрьевском уезде. Юрьев, 1917;
Гістарычны нарыс пяцігоддзя Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі за 1922—1927 гг. Дзвінск, 1927;
Город Лудза в прошлом и настоящем. Рига, 1935;
Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак. Вільня, 1939;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́»
(«БНГ»),
назва арганізацыі, прыдуманай следчымі АДПУБССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу ў барацьбе з іншадумствам нац. інтэлігенцыі ў лют.—жн. 1933; працяг паліт. працэсу па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У арг-цыю было ўключана 68 чал., пераважна бел. пісьменнікаў (З.Астапенка, У.Жылка, Л.Калюга, М.Лужанін, Ю.Таўбін), настаўнікаў, студэнтаў, аб’яднаных у 13 ячэек. Паводле версіі АДПУ, «БНГ» ахапіла сваёй дзейнасцю Мінск, Оршу, Слуцк, Капыльскі, Мазырскі, Слуцкі, Мінскі і інш. раёны БССР, а таксама бел. зямляцтвы ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску. Ідэйнае кіраўніцтва арг-цый прыпісвалася К.Б.Езавітаву, які знаходзіўся ў Рызе. Асн. мэтай арг-цыі лічылася аддзяленне Беларусі ад Сав. Расіі і ўстанаўленне «буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі» з наступнай ліквідацыяй сацыяліст. форм у сельскай гаспадарцы і ў прам-сці: аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання. Новае дзярж. ўтварэнне павінна было ажыццяўляцца «ў блоку Літва—Латвія—Беларусь са сталіцай саюзнай дзяржавы ў г.Вільня ці ў саюзе дзяржаў Літва—Украіна—Беларусь». «Контррэвалюцыйная дзейнасць» членаў арг-цыі выяўлялася найперш у нязгодзе з узмацненнем на Беларусі таталітарнага рэжыму, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, ідэалізацыю самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, працягванне ў друк нацдэмаўскіх тэрмінаў», у апазіцыі да палітыкі калектывізацыі. «Кіраўнікі» і «члены» арг-цыі атрымалі ад 2 да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, частка выслана на Урал, у Казахстан. Вінаватымі сябе прызналі 20 чал. У 1956 Судовая калегія па крымінальных справах Вярх. суда БССР спыніла справу ў адносінах 44 чал. за адсутнасцю складу злачынства. Астатнія рэабілітаваны ў 1-й палове 1990-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РБІС (Аляксандр Лаўрэнавіч) (псеўд.Стары Піліп; 20.10.1885, Вільня — 20.3.1922),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), чл. яе ЦК. У ліст.—снеж. 1905 пад яго кіраўніцтвам ў Мейшагольскай вобл. Віленскага пав. ўзнікла «Мейшагольская рэспубліка». З пач. 1906 у Мінску вёў агітацыю і арганізоўваў забастоўкі рабочых-сталяроў Мінска і с.-г. рабочых Навагрудскага пав. У жн. 1906 арыштаваны і да 1909 зняволены ў турме. Пасля працаваў у Віленскім т-ве сельскай гаспадаркі, з 1915 — у Нар. банку ў Маскве. У 1917 узначальваў Маскоўскую арг-цыю БСГ. У 1918 консул Бел.Нар. Рэспублікі ў Маскве. З лют. 1919 у ВСНГ РСФСР, з мая 1919 у Наркамземе Літ.-Бел. ССР. У 1920 удзельнічаў у выданні газ. «Савецкая Беларусь». У 1921 уступіў у Камуніст. партыю. З ліп. 1921 нам. наркома замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў Т-ваЧырв. Крыжа БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—22. Выступаў у абарону самастойнасці Сав. Беларусі, яе тэр. цэласнасці, культ.-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў бел.нац. руху, у т. л. на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраванне дзярж. палітыкі БССР у 1920-я г., спрыялі ўзбуйненню тэр.БССР. Аўтар навук. працы «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (1920, апубл. ў 1922), арт. «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху» (апубл. 1921). Вядомы як акцёр, чытальнік і рэжысёр, адзін са стваральнікаў бел.прафес. тэатра. Удзельнічаў у рабоце Першай бел. трупы І.Буйніцкага, Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні. Паставіў спектаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М.Крапіўніцкага, «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧЭ́ЎСКІ (Ігнат Уладзіміравіч) (май 1896, Вільня — 23.4.1923),
бел. філосаф, паэт, публіцыст. Брат А.У.Канчэўскага. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1913), вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це (1913—16), на Вышэйшых каап. курсах пры ун-це імя А.Л.Шаняўскага (Масква, 1917). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў укр.нац. рух. З 1919 у Мінску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх т-ваў Беларусі. Друкаваў вершы, паліт. артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі К. — адданасць бел. справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філас. эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гіст. лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Гал. мэтай народа лічыў дзярж. незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з гал. перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сац. аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам». Вершы друкаваў пад псеўд. Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэт. творчасць вызначаецца філас. пранікнёнасцю ў сутнасць нар. жыцця, спалучэннем прыгажосці бел. слова з нац. светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы...», «На матывы Р.Тагора», верш у прозе «Мы разам...»).
Тв.:
Адвечным шляхам: Дасьледзіны бел. сьветагляду. 4 выд.Мн., 1993.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977. С. 78—88;
Конан У.У. свабодзе і творчасці — ратунак для свету // Вобраз—90. Мн., 1990;
Яго ж. «...Нас злучае супольнасць ахвяры»: Ігнат Канчэўскі, 1896—1923 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫў Заходняй Беларусі,
адна з найб. распаўсюджаных форм судова-паліцэйскіх распраў польскіх улад з удзельнікамі рэв.-вызв. руху ў 1920—30-я г. Адзін з першых П.п. адбыўся ў ліп. 1923 у Вільні. На ім у антыдзярж. дзейнасці быў абвінавачаны актыў выбарчай арг-цыі кампартыі ў сейм — «Саюза пралетарыяту горада і вёскі». Найб. водгук грамадскасці атрымалі працэс 45-і (май 1923), працэс 35-і (крас. 1929) і працэс 133-х (крас.—май 1928) у Беластоку, працэс 72-х (крас. 1925) і працэс 75-і (чэрв. 1928) у Гродне, працэс 56-і (лют.—май 1928) і працэс 10-і (студз. 1931) у Вільні. У ходзе П.п. судовыя ўлады імкнуліся абвінаваціць падсудных у антыдзярж., тэрарыст. дзейнасці, даказаць іх прыналежнасць да нелегальнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якая кваліфікавалася як змоўніцкая, тэрарыст.арг-цыя. Таму большасць арыштаваных праходзілі па артыкуле 102, ч. II Крымінальнага кодэкса гал. чынам на аснове паказанняў канфідэнтаў паліцыі. На найб. важных П.п. палітзняволеных абаранялі вядомыя адвакаты Т.Урублеўскі, Т.Ч.Дурач, К.А.Петрусевіч, Е.Смяроўскі, В.Шуманскі і інш. У выніку ў 1926 апраўдана больш за 76% падсудных, у 1927—34%, у 1928 — каля 25%. З узмацненнем аўтарытарных тэндэнцый у Польшчы ў 2-й пал. 1930-х г. П.п. сталі амаль пастаяннай з’явай паліт. рэчаіснасці Зах. Беларусі. На лаве падсудных усё часцей з’яўляліся ўдзельнікі нац.-вызв. руху, у т. л. польскай нацыянальнасці. Напр., працэсы 11-і (студз. 1936, Вільня), 16-і (сак. 1936) неафіцыйна названы працэсамі «другой грамады». Паводле справаздачы грамадска-паліт. ўпраўлення Палескага ваяв., у 1936 адбыўся 21 працэс, на якіх абвінавачваліся 349 чал., з іх 306 былі асуджаны на тэрмін ад 1 да 10 гадоў зняволення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Крыштоф) (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л.Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс.чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс.чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт.Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.Рымша, Г.Пельгрымоўскі, С.Рысінскі, А.Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.
Партыя беларускіх эсэраў, палітычная партыя ў 1918—24. Арганізацыйна аформілася да мая 1918 пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У яе кіруючае ядро ўваходзілі: М.Асвяцімскі, П.Бадунова, Т.Грыб, Л.Заяц, Я.Ладноў, Я.Мамонька, С.Некрашэвіч, Я.Трафімаў, Я.Чарапук, Ф.Шантыр і інш.; пазней прымкнулі В.Ластоўскі і А.Цвікевіч. Друкаваныя органы: «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «Змаганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губ. к-ты БПС-Р. Налічвала больш за 20 тыс. членаў (1920). Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі», «Сувязі беларускага сялянства», кантралявала Усебел. настаўніцкі саюз, Гродзенскую сял. раду. У аснову тактыкі БПС-Р пакладзена праграма БСГ. Прадстаўляла інтарэсы сялянства, выступала за сацыялізацыю зямлі (адмена прыватнай уласнасці і наёмнай працы), развіццё ўсіх відаў кааперацыі, нацыяналізацыю буйной прам-сці і інш., за ўстанаўленне «сярэдняй улады» (дыктатуры ўсяго працоўнага народа ў форме Саветаў). Выказалася за поўнае самавызначэнне бел. народа; абвясціла сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нац. незалежнасць і непадзельнасць Беларусі на 2 фронты: супраць польскіх інтэрвентаў і «імперыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Не прызнавала БССР і Літ.-Бел. ССР, ва ўмовах паліт. ізаляцыі адмовілася ад падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР, выступала супраць анексій бел. тэрыторый Польшчай і РСФСР. Знаходзілася ў паліт. апазіцыі да бальшавікоў. У канцы 1920 — пач. 1921 афіцыйныя сав. структуры пачалі ўжываць сілавыя прыёмы барацьбы супраць БПС-Р, былі арыштаваны 860 членаў партыі. У 1922 частка бел. эсэраў, якія працавалі ў Зах. Беларусі ў падполлі, стварыла Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю, якая пазней улілася ў КПЗБ. Пад націскам ЦККП(б)Б на з’ездзе былых членаў БПС-Р у Мінску (8.6.1924) партыя самараспусцілася. У канцы 1920—30-х г. усе былыя члены партыі рэпрэсіраваны. У 1937 былыя кіраўнікі БПС-Р прыцягнуты да суд. адказнасці па т.зв. «справе эсэраў» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІЎ СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ.
Існаваў у г.Вільня (Вільнюс) у 1852—1915. Створаны 2.4.1852 для збірання і зберажэння дакументаў часоў ВКЛ на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ. Складзены на аснове архіўных фондаў цэнтр. і мясц. адм.-судовых устаноў, якія існавалі да падзелаў Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Да цэнтралізацыі архіваў асн. дакументальныя матэрыялы захоўваліся ў архіве Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У канцы 18 — пач. 19 ст. сюды паступілі кнігі гродзенскай і навагрудскай кадэнцый Трыбунала, Вайсковай камісіі, Таргавіцкай канфедэрацыі і інш., у 1837—40 — Трыбунала скарбовага, Скарбовай камісіі ВКЛ, трокскія архіўныя матэрыялы. У 1-й пал. 19 ст. старадаўнія дакументы захоўваліся таксама ў архівах віленскага гродскага і гродзенскага судоў. На аснове названых архіваў быў створаны Віленскі цэнтр. архіў. У сярэдзіне 19 ст. яго фонды налічвалі 17 439 адзінак. У яго складзе быў архіў Трыбунала ВКЛ, архівы павятовых судоў і магістратаў (ашмянскага, вілейскага, віленскага, дзісенскага, друйскага, лідскага, радашковіцкага, свянцянскага, трокскага), Гродзенскай і Мінскай губ. У 1880 паступілі справы Беластоцкай акругі за 1794—1808; у 1887 уключаны Люблінскі архіў стараж. актаў, у 1903—06 Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У 1903 у архіве налічвалася, паводле розных рэвізій, ад 22 да 30 тыс. актавых кніг і фасцыкулаў (звязак). Пасля 1-й сусв. вайны і эвакуацыі фондаў у Расію ў архіве ў 1923 заставалася каля 15 тыс. кніг і фасцыкулаў. Частка збораў была вернута ў Вільню паводле ўмоў Рыжскага дагавора 1921. У міжваенныя часы архіў называўся Віленскім дзярж. архівам, аб’ядноўваў матэрыялы Віленскага цэнтр. архіва, Агульнага архіва віленскіх устаноў, музея М.Мураўёва. З 1944 на гэтай аснове пачаў дзейнічаць Цэнтр.дзярж. архіў Літ. ССР, у 1957 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж.гіст. архіў Літ. ССР (аб’яднаў фонды б. Віленскага цэнтр. архіва і Вільнюскага гарадскога дзярж. архіва), з 1990 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЭ́ЙДА-СУМІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (14.6.1900, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.12.1981),
бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладзечанскую семінарыю (1918, на той час пераведзена ў Смаленск). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне (1920—22). У 1929—32 у Харбінскай оперы, у 1932—34 у Мілане, удасканальваўся ў Ф.Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935—36 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё, з 1940 саліст Нар.т-ра ў Празе, пазней канцэртны спявак. Адзін з яркіх прадстаўнікоў еўрап.вак. школы. Меў гнуткі, прыгожага тэмбру голас, яркую сцэн. знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала. Сярод партый: Сінадал («Дэман» А.Рубінштэйна), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Уладзімір («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пінкертон, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.Пучыні). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел.нар. песні, творы бел. кампазітараў (М.Аладава, А.Багатырова, М.Чуркіна, Р.Пукста і інш.). Першыя грампласцінкі, якія наспяваў З.-С., уключалі бел.нар. песні («Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Лявоніха» і інш.), у 1968 запісаў грампласцінку з бел.нар. песнямі. У гады 2-й сусв. вайны канцэртаваў у Ваўкавыску (1943), Вільні (1944) і інш. У 1963 канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. На працягу многіх гадоў не парываў сувязі з Беларуссю, цікавіўся творчасцю бел. пісьменнікаў, быў асабіста знаёмы з М.Танкам, Р.Шырмам. Пераможца многіх конкурсаў вакалістаў. Архіў З.-С. захоўваецца ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.
Тв.:
Песня сталася маёю моваю // Мастацтва Беларусі. 1990. № 6—7.
Літ.:
Станкевіч А. Міхаіл Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938;
Плавінскі М. Салавей бацькаўшчыны мілай // Беларусь. 1990. № 2;
Сачанка Б. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Маладосць. 1988. № 10.
Л.Ф.Голікава.
М.І.Забэйда-Суміцкі.М.Забэйда-Суміцкі ў ролях Ленскага (злева) і Герцага.