ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),

горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м. Найб. выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт. парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл. каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬСА́РЫ (англ. pulsars скарачэнне ад Pulsating Sources of Radioemission пульсуючыя крыніцы радыёвыпрамянення),

касмічныя крыніцы імпульснага эл.-магн. выпрамянення. Адкрыты ў 1967 Э.Х’юішам (Вялікабрытанія). Вядома некалькі соцень П. Перыяды паўтарэння імпульсаў 0,002—4 с. Выпрамяненне мае нецеплавую прыроду. Большасць П. выпрамяняе ў радыёдыяпазоне ад метровых да сантыметровых хваль. П. ў Крабападобнай туманнасці і некаторыя інш. выпрамяняюць таксама ў аптычным, рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. П. атаясамліваюць з нейтроннымі зоркамі, што хутка верцяцца. Выпрамяненне распаўсюджваецца ў малым цялесным вугле і накіроўваецца ў бок назіральніка праз прамежкі часу, роўныя перыяду вярчэння зоркі. Малыя перыяды і высокая стабільнасць імпульсаў (змена за перыяд меншая за 10​−14 с) абумоўлены, адпаведна, хуткім вярчэннем зоркі (да некалькіх дзесяткаў абаротаў за секунду) і стабільнасцю перыяду яе вярчэння. Энергія вярчэння зоркі пераўтвараецца ў энергію выпрамянення, таму перыяд вярчэння зоркі (перыяд П.) паступова павялічваецца. Назіранні П. выкарыстоўваюцца для вывучэння будовы Галактыкі, даследавання міжзорнага і міжпланетнага асяроддзяў, праверкі агульнай тэорыі адноснасці і інш.

Літ.:

Смит Ф.Г. Пульсары: Пер. с англ. М., 1979;

Манчестер Р.Н., Тейлор Дж.Х. Пульсары: Пер. с англ. М., 1980.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТЫБУЛЯ́РНЫ АПАРА́Т (ад лац. vestibulum пераддзвер’е),

орган пачуцця, які ўспрымае становішча і рух галавы і цела ў прасторы, перыферычны аддзел аналізатара раўнавагі. У ніжэйшых жывёл мае форму пузырка (статацыста), у пазваночных жывёл і чалавека — частка ўнутр. вуха (лабірынт), якая складаецца з пераддзвер’я і трох паўкружных праток (гл. Вуха).

Рэцэптары вестыбулярнага апарата знаходзяцца ў двух мяшочках пераддзвер’я і ў ампулах паўкружных праток перапончатага лабірынта ўнутр. вуха. Поласць мяшочкаў і паўкружных праток запоўнена тканкавай вадкасцю — эндалімфаю. Вярчальныя рухі галавы і цела выклікаюць рух эндалімфы паўкружных праток, гэта раздражняе ампулярныя рэцэптары. Раздражненне ўспрымаецца дэндрытамі адчувальных нейронаў вестыбулярных гангліяў і па іх аксонах перадаецца ў вестыбулярныя ядры прадаўгаватага мозга, якія звязаны праводзячымі шляхамі са спінным мозгам, цэнтрамі вегетатыўнай нервовай сістэмы, ядрамі вокарухальных нерваў, карой галаўнога мозга. Вестыбулярны апарат мае выключнае значэнне для захавання раўнавагі цела пры руху і ў стане спакою. Даследаванні вестыбулярнага апарата выкарыстоўваюцца ў адборы для работы на вышыні, на марскую і лётную службу. Высокая ўстойлівасць вестыбулярнага апарата дасягаецца трэніроўкай. Ад непасрэдных або рэфлекторных пашкоджанняў функцыі вестыбулярнага апарата ўзнікаюць вестыбулярныя парушэнні. Прыкметы: галавакружэнне, парушэнне раўнавагі, рытму дыхання, дзейнасці сэрца, моташнасць.

А.​С.​Леанцюк.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЗЕНТЭРЫ́Я (ад дыз... + грэч. enteron кішка),

крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан. стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.

Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.

Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.

П.​Л.​Новікаў.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЕ́КТЫ МЕТАЛАЎ,

недасканаласці (парушэнні) будовы металаў і сплаваў (пераважна рэгулярнай крышт. структуры), якія пагаршаюць іх фіз.-мех. ўласцівасці. Дэфектамі лічацца адхіленні ад нармальнай (прадугледжанай тэхн. ўмовамі, стандартамі) якасці металу па хім. саставе, структуры, суцэльнасці, стане паверхні, якія вядуць да зніжэння сортнасці або забракоўкі вырабаў. Выяўляюць Д.м. метадамі дэфектаскапіі, металаграфіі, рэнтгенаструктурным аналізам і інш., ліквідуюць найчасцей тэрмічнай апрацоўкай.

Адрозніваюць Д.м.: тонкай структуры (вакансіі, дыслакацыі і інш., гл. Дэфекты ў крышталях), мікрадэфекты (дэндрыты, мікрапоры, мікратрэшчыны, мікрапузыры газаў, плёны, неправары і інш., выяўляюцца аптычнымі мікраскопамі); макрадэфекты (валасавіны, трэшчыны, поры, газавыя пузыры, умяціны, драпіны, ірваніны і інш.). Д.м. узнікаюць з-за недасканаласці або парушэнняў тэхнал. працэсаў пры плаўленні металаў і атрыманні адлівак (неметал. ўключэнні, шлакавіны, усадачная і газавая порыстасць, ракавіны і г.д.), пры апрацоўцы ціскам (расслаенні, заковы, валасавіны, флокены і г.д.), пры тэрмічнай, хімікатэрмічнай, электрахім. і мех. апрацоўцы (трэшчыны, прыпяканні, абезвугляроджванні і г.д.), пры зварцы, паянні, кляпанні (неправары, непрапаі, карозія і г.д.). Дэфекты ў паўфабрыкатах і гатовых вырабах могуць узнікаць таксама пры транспарціроўцы, захоўванні і эксплуатацыі (напр., карозія металаў). Высокая якасць металаў і вырабаў з іх забяспечваецца ўдасканаленнем тэхналогіі вытв-сці і метадаў кантролю іх якасці.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНАГРАВЮ́РА, лінарыт,

пукатая гравюра на лінолеуме або падобных да яго палімерна-пластычных матэрыялах; адна з тэхнік эстампа. Паводле тэхнікі і маст. сродкаў блізкая да тарцовага дрэварыту. Узнікла ў пач. 20 ст. Спецыфічныя якасці Л. (лаканізм маст. мовы, рэзкія кантрасты чорнага і белага, сакавіты і маляўнічы штрых, які атрымліваецца дзякуючы мяккасці матэрыялу, магчымасць выкарыстоўваць вял. памер аркуша і каляровы друк, высокая тыражнасць) і параўнаўчая прастата выканання абумовілі яе вял. пашырэнне. У тэхніцы Л. працавалі А.​Матыс, П.​Пікасо (Францыя), Ф.​Мазерэль (Бельгія), П.​Нільсен (Данія), Э.​Пакард, Б.​Рэндал (ЗША), Л.​Мендэс (Мексіка), Дз.​Мітрохін, У.​Фаворскі (Расія) і інш. У бел. мастацтве развіваецца з 1920-х г. (А.​Астаповіч, І.​Гембіцкі, Г.​Змудзінскі, М.​Тарасікаў, А.​Тычына, С.​Юдовін, мастакі Зах. Беларусі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук). Сярод бел. майстроў 1950—90-х г. Л.​Асецкі, М.​Басалыга, Я.​Бусел, П.​Герасімовіч, С.​Герус, М.​Гуціеў, А.​Ільіноў, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, Ю.​Кухараў, Г.​Лойка, А.​Лось, М.​Макаранка, Р.​Маліноўскі, В.​Мікіта, А.​Паслядовіч, С.​Раманаў, У.​Садзін, В.​Ткачук, Ю.​Тышкевіч, У.​Хмызнякоў, В.​Шаранговіч і інш.

В.​Я.​Буйвал.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКІНА (Галіна Пятроўна) (23.11.1931, г. Варонеж, Расія — 27.10.1985),

бел. актрыса. Дачка П.А.Маркіна. Нар. арт.

Беларусі (1976). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1956, педагог Дз.Арлоў) і адначасова Варонежскі ун-т. З 1956 працавала ў Брэсцкім абл. драм. т-ры, з 1959 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, з 1961 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе майстэрству былі ўласцівы высокая акцёрская тэхніка, глыбокае спасціжэнне аўтарскай задумы, выразны пластычны малюнак. Сярод роляў: Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Зося Савіч, Яўгенія, Марозава («Сэрца на далоні», «Выгнанне блудніцы», «Крыніцы» паводле І.​Шамякіна), Корзун («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Соф’я, Варвара («Зыкавы», «Дачнікі» М.​Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.​Талстога), Зана («Ветрык, вей!» Я.​Райніса), Кузькіна («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Беатрычэ, Ганерылья («Многа шуму з нічога», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта). Выступала ў друку з артыкуламі пра акцёрскае майстэрства.

Т.​Я.​Гаробчанка.

Г.П.Маркіна.
Г.Маркіна ў ролі матухны Кураж.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ ТОК,

электрычны ток, сіла і напрамак якога з часам не зменьваюцца. Існуе ў форме току праводнасці (упарадкаваны рух свабодных электронаў у металах) і току пераносу (перамяшчэнне зараджаных часцінак у электралітах, газах, вакууме). Атрымліваецца выпрамленнем пераменнага току з дапамогай разнастайных выпрамнікаў току. Крыніцамі П.т. з’яўляюцца таксама электрычныя акумулятары, гальванічныя элементы, тэрмаэлектрычныя генератары, генератары П.т. (гл. Пастаяннага току машына), фотаэлементы, магнітагідрадынамічныя генератары, сонечныя батарэі.

Тэарэт. аналіз і разлік ланцугоў П.т. грунтуецца на Ома законе, Кірхгофа правілах і Джоўля—Ленца законе. Першапачаткова на электразабеспячэнне выкарыстоўваўся толькі П.т. Пасля распрацоўкі М.​В.​Даліва-Дабравольскім спосабаў і сродкаў пераўтварэння, перадачы і спажывання трохфазнага току (1891) П.т. у значнай ступені выцеснены пераменным токам. Аднак добрыя эксплуатацыйныя якасці машын П.т. (высокі пускавы момант, магчымасць плаўнага рэгулявання, рэкуперацыі эл. энергіі, высокая перагрузачная здольнасць) абумовілі шырокае выкарыстанне П.т. ў прам-сці (рухавікі і генератары пракатных станаў, металарэзных станкоў, экскаватараў, пад’ёмнікаў і інш.), для эл. цягі (трамвай, тралейбус, электрыфікаваны чыг транспарт). П.т. выкарыстоўваецца таксама ў электраметалургіі, гальванатэхніцы, эл. зварцы, электравымяральнай тэхніцы, для сілкавання радыёўстановак, сродкаў сувязі, аўтаматыкі, тэлемеханікі. Перспектыўны для перадачы электраэнергіі вял. магутнасці на далёкія (да 1000 км і больш) адлегласці (ЛЭП напружаннем да 1500 кВ).

У.​М.​Сацута.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛХА́Ш,

бяссцёкавае возера на ПдУ Казахстана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне, на выш. 342 м над узр. м. Пл. зменьваецца ад 17 да 22 тыс. км². Даўж. 605 км, найб. шыр. 74 км, найб. глыб. да 26 м, сярэдняя каля 6 м. Пл. вадазбору каля 501 тыс. км². Зах. і паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. ўзбярэжжа — плоская раўніна з зараснікамі трыснягу. П-аў Сарыесік падзяляе Балхаш на 2 часткі, злучаныя прал. Узун-Арал (шыр. 4 км): зах. — шырокую, з моцна парэзанай берагавой лініяй і ўсх. — вузкую, берагавая лінія менш звілістая. У зах. частку ўпадае р. Ілі, ва ўсх. — р. Каратал, Аксу, Лепсы і інш. Самыя вял. а-вы Басарал і Тасарал. Клімат у раёне возера пустынны. Высокая летняя т-ра паветра (каля 24 °C), нізкая адносная вільготнасць (55—60%), моцныя вятры спрыяюць выпарэнню (ад 950 да 1200 мм за год). Т-ра вады на паверхні ад 0 °C у снеж. да 28 °C у ліп. Ледастаў з ліст. да красавіка. Вада ў зах. частцы амаль прэсная (да 1‰), празрыстасць да 1 м, жоўта-шэрага колеру, ва ўсх. частцы — саленаватая (5‰), празрыстая да 5,5 м, колер ад блакітнаватага да ізумрудна-зялёнага. Прамысл. рыбы: сазан, судак, марынка, акунь. Шмат вадаплаўных птушак. Суднаходства. На паўн. беразе г. Балхаш.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫ ВУ́ГАЛЬ,

гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, нізкай ступені вуглефікацыі, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю. Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі. Для бурага вугалю характэрны наяўнасць гумінавых кіслот, высокая гіграскапічнасць і вільготнасць. Мае 64—78% вугляроду, 5—6% вадароду, 15—30% кіслароду, 40—65% лятучых рэчываў; вільготнасць да 50%. Шчыльн. 1200—1500 кг/м³. Цеплыня згарання ад 10,9 да 29,1 МДж/кг, попельнасць 18,5—25,6%. Энергет., быт. паліва, сыравіна для хім. прам-сці і вырабу вадкага паліва. У залежнасці ад колькасці вільгаці падзяляецца на 3 тэхнал. групы: Б-1 (вільготнасць больш за 40%), Б-2 (вільготнасць ад 30 да 40%) і Б-3 (вільготнасць менш за 30%). Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Гал. басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі. У Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне ў асноўным на тэр. Гомельскай і Брэсцкай абл. (Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы). Агульныя геал. запасы — больш за 1 млрд. т, разведаныя запасы — больш за 150 млн. т. Якасць іх невысокая.

Буры вугаль.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)