АЛЕКСЯЙЧУ́К (Цімафей Данілавіч) (н. 6.2.1921, г.п. Камарычы Бранскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў ваен.-пяхотнае вучылішча (1941), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947). З ліст. 1942 на Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім і 1-м Укр. франтах. 31.12.1943 батальён пад камандаваннем Алексяйчука першы ўварваўся ў г. Жытомір, знішчыў 10 танкаў праціўніка. Да 1977 у Сав. Арміі.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІЗО́Н (франц. garnison) 1) вайсковыя часці, ваенна-навуч. і інш. ваен. ўстановы, размешчаныя пастаянна ці часова ў пэўным населеным пункце або раёне з вызначанымі межамі. У гарнізоне назначаюць нач., яго намеснікаў, ваен. каменданта і інш. службовых асоб; арганізуюць гарнізонную і каравульную службы.

2) Войскі (падраздзяленні), што абараняюць пэўны апорны пункт (напр., доўгатэрміновае абарончае збудаванне, крэпасць).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПРЫЗЫ́ЎНАЯ ПАДРЫХТО́ЎКА,

ваеннае навучанне моладзі дапрызыўнага ўзросту з мэтай падрыхтоўкі да службы ва ўзбр. сілах. Паводле Закону Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 уключае папярэдняе навучанне ваен.-тэхн. спецыяльнасцям, фіз. падрыхтоўку, лячэбна-аздараўленчую работу, ваен.-патрыят. выхаванне. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з праграмай, зацверджанай урадам. Д.п. праводзіцца і ў інш. краінах.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + мабілізацыя),

1) перавод узбр. сіл і эканомікі краіны з ваен. становішча на мірнае.

2) Скарачэнне пасля заканчэння вайны ўзбр. сіл да штатаў мірнага часу шляхам расфарміравання асабістага складу вайсковых часцей, злучэнняў і ўстаноў.

3) Звальненне з узбр. сіл ваеннаслужачых пасля сканчэння тэрміну ваен. службы.

4) Пераносна — аслабленне гатоўнасці, актыўнасці, пільнасці, насцярожанасці.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́НІН (Мікалай Пятровіч) (18.10.1908, г. Меленкі Уладзімірскай вобл., Расія — 13.3.1982),

савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.-палк. авіяцыі (1967). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную лётную школу (1928), Ваен.-паветр. акадэмію (1938). Удзельнік выратавання экспедыцыі парахода «Чэлюскін» (1934). У Вял. Айч. вайну камандзір авіяц. корпуса. У 1966—72 у Гал. штабе ВПС, кіраваў падрыхтоўкай касманаўтаў.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́ ФЛОТ,

зборнае найменне марскіх (акіянскіх) суднаў і плывучых сродкаў. Падзяляецца на трансп. (гандл.), прамысл., экспедыцыйны (доследны) флаты, а таксама судны для здабычы мінер. рэсурсаў з нетраў марскога дна і інш. У ваен. час М.ф. мае важнае значэнне для забеспячэння ўзбр. сіл, дзейнасці ваен. прам-сці, перавозак, з’яўляецца рэзервам ваенна-марскога флоту.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЗЕ́ЙНЫ (Аляксей Сямёнавіч) (18.10.1908, г. Жытомір, Украіна — 21.4.1987),

савецкі ваен. дзеяч, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-палк. (1961), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1932), ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА (1940), Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну камандзір палка, нач. штаба танк. брыгады, корпуса. Удзельнік абароны Кіева, Харкава, баёў пад Варонежам, Сталінградскай і Курскай бітваў. З восені 1943 у складзе Зах., 3-га Бел. франтоў вызваляў Оршу, вызначыўся пры вызваленні Мінска. Удзельнік баёў у Літве, Усх. Прусіі. У 1954—63 на адказных ваен. пасадах у БВА, да 1974 — у Мін-ве абароны СССР.

А.С.Бурдзейны.

т. 3, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ШЫН (Сяргей Уладзіміравіч) (18.3.1917, в. Фаміно Дарагабужскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 25.6.1994, адзін з кіраўнікоў партыз. барацьбы на Смаленшчыне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Канд. ваен. н. (1964). Скончыў Дарагабужскае пед. вучылішча (1935),

ваен. акадэміі імя Фрунзе (1947) і Генштаба (1955). З 1939 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце, камандзір танк. ўзвода. З чэрв. 1942 камандзір партыз. палка (з чэрв. 1944 злучэння) «Трынаццаць», які з крас. 1943 дзейнічаў на тэр. Беларусі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваен. навуч. установах, у 1955—58 нач. аддзела штаба арміі.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАМЧУ́ЖЫН»,

рачны манітор Дняпроўскага атрада Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях летам 1941. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Меў на ўзбраенні 7 гармат і 3 кулямёты, экіпаж 72 чал. З 27.11.1936 у складзе Дняпроўскай ваен. флатыліі, удзельнічаў у паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). З 8.7.1940 у Дунайскай ваен. флатыліі. У пач. Вял. Айч. вайны абараняў вусце Дуная. У канцы ліп. 1941 пераведзены на Дняпро. Прыкрываў пераправы і адыход сав. войск на левы бераг Дняпра на Пд ад Кіева, каля гарадоў Ржышчаў і Канеў. Узарваны экіпажам 12.8.1941 пасля няўдалай спробы прарыву з Чаркасаў да Краменчуга.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРДА́Н ((Jourdan) Жан Батыст) (29.4.1762, г. Лімож, Францыя — 23.11.1833),

французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804). Граф (1816). У 1779—83 удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. У Франц. рэвалюцыю 1789—99 камандаваў батальёнам валанцёраў (з 1791), корпусам, арміяй (з 1793); перамог аўстр. войскі пры Флёрусе (1794). Ініцыятар закону аб канскрыпцыі (воінскай павіннасці). У час перавароту Васемнаццатага брумера 1799 выступіў супраць Напалеона Банапарта, пасля падтрымаў яго. У 1804—05 камандуючы Італьян. арміяй, у 1806—09 і 1812—13 ваен. саветнік і нач. штаба ісп. караля Жазефа Банапарта. З 1814 на службе ў Бурбонаў, камандаваў ваен. акругай. З 1819 чл. палаты пэраў.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)