ПАЛАЁЛА (Pollaiolo, Pollaiuolo; сапр.Бенчы; Benci) Антоніо дэль (17.1.1433, г. Фларэнцыя, Італія — 4.2.1498), італьянскі жывапісец, скульптар, ювелір і гравёр. Прадстаўнік фларэнтыйскай школы Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Данатэла і Андрэа дэль Кастаньё. Творчасць вызначалася спалучэннем экспрэсіўнай манеры з рацыяналістычным пафасам пазнання заканамернасцей рэальнага свету, глыбокім веданнем анатоміі, механікі рухаў чалавека, перспектывы, цікавасцю да выяўлення пейзажу, вытанчанасцю лініі і яснай пластычнасцю формы. Аўтар карцін «Успенне Марыі Егіпецкай», «Анёл і Товій», «Давід», «Апалон і Дафна», «Геракл і гідра», «Геракл і Антэй» (абедзве каля 1465), профільных партрэтаў жанчын (1460-я г.); пано «Пакутніцтва св. Себасцьяна» (1475); фрэскі «Танец аголеных» на Віле дэла Галіна ў Арчэры (Таскана, каля 1466—71), алтара з 3 святымі і фрэскі з 2 анёламі над ім (1466—67) у капэле кардынала Партугальскага ў царкве Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі; скульптур «Бюст воіна», «Геракл і Антэй» (каля 1475—80); надмагілляў папы Сікста IV (1484—92) у Гротах Ватыкана, папы Інакенція VIII (1498) у саборы св. Пятра ў Рыме; медзярыта «Бітва аголеных» (1470); рэлікварыяў, залатых крыжоў і пераплётаў кніг, сярэбранага алтара Фларэнцыі (1477) і інш. Часта супрацоўнічаў з братам — П’ера дэль П. (1443—96).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДУЭЙ (Midway),
уладанне ЗША на аднайменных каралавых астравах у Ціхім ак., у паўн.-зах. групе Гавайскіх а-воў. Пл. 5,2 км². Нас. каля 2,5 тыс.чал. (1999), пераважна амерыканцы. Астравы ўзніклі на базальтавай аснове разбуранага вулкана, уздымаюцца над узроўнем акіяна на некалькі метраў. Клімат субтрапічны пасатны. У раслінным покрыве пераважаюць какосавыя пальмы. Астравы абвешчаны запаведнікам, на іх гняздзяцца рэдкія віды альбатросаў, фрэгатаў і інш. птушак. М. — прамежкавая база на паветр. шляху паміж ЗША і краінамі Азіі.
Атол адкрыты ў 1859. З 1867 заняты войскамі ЗША (у 1903 падпарадкаваны ВМС). Да 2-й сусв. вайны пункт прамежкавай пасадкі для трансціхаакіянскага руху. У 2-ю сусв. вайну каля М. 4—6.6.1942 адбылася бітва паміж яп. ударным злучэннем (11 лінейных караблёў, 6 авіяносцаў з 293 самалётамі, 16 крэйсераў, 53 эскадраныя мінаносцы і інш.) і амер. флотам (3 авіяносцы з 243 самалётамі, 8 крэйсераў, 14 эсмінцаў), у выніку якой Японія страціла перавагу ў авіяносцах над ЗША У гэтых баях знішчаны 4 авіяносцы, 1 крэйсер і 253 яп. самалёты, 1 авіяносец, 1 эсмінец і 150 амер. самалётаў. Цяпер ваен. база ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя Ушацкага, ч. Ветрынскага, Лепельскага р-наў Віцебскай і ч. Пліскага р-на Вілейскай абл., якую кантралявалі партызаны; найбольшая вызваленая ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Беларусі. Створана ўвосень 1942 у выніку баявых дзеянняў партызан. Да канца 1943 займала 3,2 тыс.км² (каля 1220 нас. пунктаў, больш за 73,5 тыс.чал. насельніцтва). Абаранялі зону 16 партыз. брыгад (17,5 тыс.чал.), былі створаны абарончыя рубяжы з сістэмай акопаў, дзотаў, мінных палёў, на падыходах пашкоджаны і замініраваны аб’езды і дарогі, знішчаны масты, пастаўлены надаўбні. З снеж. 1943 дзеянні партызан каардынавала аператыўная група ЦККП(б)Б і БШПР, штабам якой кіраваў У.Е.Лабанок. Група мела сувязь з 1-м Прыбалт. фронтам і партыз. злучэннямі інш. зон. На тэр. зоны была адноўлена сав. ўлада, базіраваліся раённыя падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся 6 раённых і 2 шматтыражныя газеты, працавалі 22 з-ды, 183 прамысл. прадпрыемствы, 3 электрастанцыі, дзейнічалі 2 партыз. аэрадромы. Гітлераўцы не аднойчы рабілі напады на зону, але беспаспяхова, правялі 5 карных аперацый, у выніку апошніх адбылася Полацка-Лепельская бітва 1944. Зона заставалася пад кантролем партызан амаль да вызвалення Чырв. Арміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАКРУА́ ((Delacroix) Эжэн) (26.4.1798, Сен-Марыс, каля Парыжа — 13.8.1863),
французскі жывапісец і графік. Лідэр франц.рамантызму. Вучыўся ў П.Герэна (1816—22), зазнаў уплыў Т.Жэрыко. У Луўры вывучаў жывапіс старых майстроў (асабліва П.П.Рубенса), сучасны англ. жывапіс (Дж.Констэбл). Творам Д. ўласціва акрэсленая грамадзянская пазіцыя, жыццёвасць вобразаў, дынамічнасць кампазіцый, экспрэсіўнасць мазка, насычаны каларыт з кантрастамі святлаценяў і колеру. Карціна «Разня на Хіясе» (1823—24) — водгук на сучасныя яму падзеі: паказаў пакуты грэкаў пад тур. ярмом і выказаў пратэст супраць жорсткасці і гвалту. Звяртаўся да твораў У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, В.Скота і інш. («Таса ў доме звар’яцелых», 1824; «Смерць Сарданапала», 1827; «Забойства епіскапа Льежскага», 1829). У 1830 пад уздзеяннем Ліпеньскай рэвалюцыі ў Францыі напісаў карціну «Свабода, якая вядзе народ» («Свабода на барыкадах»), Аўтар твораў на тэмы Франц. рэвалюцыі 1789—99 і нац. гісторыі («Бітва пры Пуацье», 1830, і інш.). Пасля паездак у Алжыр і Марока напісаў па замалёўках з натуры шэраг карцін, прасякнутых своеасаблівасцю нац. быту («Алжырскія жанчыны», 1833—34, «Яўрэйскае вяселле ў Марока», 1839). Пісаў партрэты (аўтапартрэт; 1829; «Ф.Шапэн», 1838, і інш.), працаваў у галіне манум. жывапісу (размалёўкі Бурбонскага палаца ў Парыжы, 1833—47, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКАЕ ХА́НСТВА,
татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г.Бахчысарай (з пач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл.Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.
Літ.:
Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;
Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;
Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ АРЛЕА́Н (New Orleans),
горад на Пд ЗША, у штаце Луізіяна. 476,6 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1,5 млн.ж. (1998). Буйны рачны і марскі порт у дэльце р. Місісіпі, за 175 км ад яе ўпадзення ў Мексіканскі зал. (вываз нафты і нафтапрадуктаў, бавоўны, серы, увоз трапічных прадуктаў, баксітаў). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фін. і культ. цэнтр Поўдня ЗША. Прам-сць: суднабуд. (у т. л. платформ для марскога бурэння), суднарамонтная, нафтаперапр., нафтахім., каляровая металургія. Авіякасмічная прам-сць і вытв-сць узбраення. Перапрацоўка прадуктаў трапічнага земляробства. 13 ун-таў і каледжаў. Музеі. Арх. помнікі 18 і 19 ст.
Засн. ў 1718 французамі на месцы індзейскага паселішча, названы ў гонар франц. рэгента Філіпа Арлеанскага. З 1722 адм. ц.франц. калоніі Луізіяна. З 1762 пад уладай Іспаніі. У 1803 вернуты Францыі і куплены ЗША у складзе тэр. Луізіяна. У 1805 атрымаў гар. правы. У 1812—49 сталіца штата Луізіяна. У час англа-амер. вайны 8.1.1815 каля Н.А. адбылася апошняя бітва паміж амер. і англ. войскамі. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65 захоплены 24.4.1862 федэральным флотам пад камандаваннем адм. Д.Фарагута. У 19 ст. цэнтр гандлю і буйны марскі порт. Значны працэнт негрыцянскага насельніцтва паўплываў на культ. своеасаблівасць горада. На мяжы 19 і 20 ст. тут узнік новаарлеанскі джаз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЬНА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).
Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял.кн.ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл.Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСЕ́ЛЬ (Marseille),
горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Буш-дзю-Рон. Каля 1,4 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Буйнейшы порт Францыі на Міжземным м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл.цэнтр.Прам-сць: нафтаперапр., нафтахім., судна- і авіябудаванне. Пачатковы пункт транс’еўрапейскага нафтаправода на Страсбур і Карлсруэ (Германія). Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі археалогіі, прыгожых мастацтваў і інш. Марскі акварыум. Турызм. Руіны стараж.-рым. збудаванняў, арх. помнікі 11—19 ст. На востраве каля М. замак Іф (16 ст.).
Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Масалія; гандл. і культ. цэнтр, порт, сапернічаў з Карфагенам (марская бітва ў 6 ст. да н.э.). У 49 да н.э. заваяваны рымлянамі, у 476 — вестготамі, у 539 — франкамі, у 735 зруйнаваны арабамі. З 879 у каралеўстве Арэлат, з 11 ст. ў графстве Праванс. У час крыжовых паходаў адзін з найбуйнейшых гандл. цэнтраў Міжземнамор’я. З 1214 незалежны горад. У 1481 разам з Правансам перайшоў пад уладу франц. каралёў. З канца 17 ст. цэнтр керамічнай прам-сці. Падарваная ў пач. 19 ст.кантынентальнай блакадай эканоміка М. пачала хутка развівацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адкрыцця Суэцкага канала (1869) і франц. экспансіі ў Паўн. Афрыку. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны італа-ням. войскамі (1942—44), адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭ́НЬЯ ((Mantegna) Андрэа) (1431, П’яцола-сул-Брэнта, Італія — 13.9.1506),
італьянскі жывапісец і гравёр ранняга Адраджэння; прадстаўнік падуанскай школы. Вучыўся ў няроднага бацькі Ф.Скварчоне ў Падуі (1441—48). Зазнаў уплывы Данатэла, А. дэль Кастаньё, венецыянскай школы жывапісу. Вывучаў ант. мастацтва, захапляўся археалогіяй і эпіграфікай. Яго творы адметныя пластычнасцю форм і строгасцю лінейнага ладу, трохвымернасцю перадачы прасторы і аб’ёмаў, велічнай урачыстасцю і драматызмам вобразаў. Размалёўкі капэлы Аветары ў царкве Эрэмітані ў Падуі (1449—55), трыпціх у царкве Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне (1457—59) вызначаюцца архітэктанічнасцю кампазіцыі і смелымі ракурсамі фігур, гарманічным каларытам. З 1460 жыў у Мантуі пры двары Л.Ганзага. У размалёўках «Камеры дэльі Спозі» ў замку Сан-Джорджа (1474) праз стварэнне ілюзіяністычных эфектаў (імітацыя круглага акна ў столі і інш.) дасягнуў сінтэзу архітэктуры і жывапісу. У серыі манахромных кардонаў «Трыумф Цэзара» (1485—88, 1490—92) аскетызм жывапісу М. вылучаецца асаблівай выразнасцю. Ант. рэмінісцэнцыі ўвасобіў у алегарычна-міфалагічных карцінах «Парнас» (1497), «Самсон і Даліла» (1500-я г.). У палотнах «Св. сям’я са св. Альжбетай і Янам Хрысціцелем» (паміж 1495—1500) і «Мёртвы Хрыстос» (1500) стварыў драм. вобразы, натхнёныя ант. традыцыяй. Графічныя творы: серыя медзярытаў «Бітва марскіх багоў» (каля 1470), малюнак «Юдзіф» (1491) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ШЧАНКА (Гаўрыла Харытонавіч) (н. 20.6.1928, в. Чыкалавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Нар. мастак Беларусі (1988). Праф. (1980). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1955). Працуе ў галіне станковага жывапісу, акварэлі, манум. размалёўкі і вітража. Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. У творах «Маё Палессе», «Нафтавікі Палесся», «Дума пра хлеб» (усе 1973), «Мацярынскія крылы» (1975), «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» (1986) і інш. — роздум пра мінуўшчыну роднай зямлі, актуальныя праблемы часу, патрыятызм. Важным падзеям бел. гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва» (1985), трыпціх пра паўстанне К.Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Балада пра мужнасць» (1974; сярэбраны медаль імя М.Грэкава), «Прарыў», «Мір зямлі маёй» і «Ліпеньскі мёд» (1982; за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1987). Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзярж.-паліт. дзеячаў Беларусі: Я.Купалы, Я.Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К.Астрожскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, Вітаўта, Льва Сапегі і інш. Зрабіў манум. размалёўкі «Зямля светлагорская» (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), «Асветнікі» (1976, Дом настаўніка), вітражы ў касцёле Сымона і Алены (1974), у кінатэатры «Масква» (1980, з М.П.Вашчанкам; усе ў Мінску). Міжнар. біяграфічны цэнтр у Кембрыджы (Англія) прысудзіў Вашчанку ганаровыя званні «Чалавек года 1992—96», «Чалавек XX стагоддзя» (1992), імянны сярэбраны медаль, «Залаты дыск» (1993—94).