САЛАМІ́Н (Salamis),
востраў у Эгейскім моры каля ўзбярэжжа Атыкі (Грэцыя). З-за зручнага геагр. размяшчэння доўгі час быў аб’ектам барацьбы паміж Афінамі і Мегарамі. Каля 600 да н.э. захоплены афінянамі. У час грэка-персідскіх войнаў 28.9.480 да н.э. ў Саламінскім прал. адбылася марская бітва, у якой грэчаскі флот (больш за 350 трыер) пад камандаваннем спартанца Эўрыбіяда і стратэгічным кіраўніцтвам Фемістокла разграміў перс. флот (800 караблёў). Перамогу грэкам забяспечылі добра выбраная пазіцыя (двайны фронт уздоўж берага вострава з апорай флангаў на прыбярэжныя водмелі) і ўмелае выкарыстанне баявых сродкаў (лёгкія трыеры супраць цяжкіх караблёў). Персы страцілі 200 караблёў, грэкі — 40.
Літ.:
Дельбрюк Г. История военного искусства: Пер. с нем. Т. 1. СПб., 1994;
История войн. Т. 1. Ростов н/Д, 1997;
Харботл Т. Битвы мировой истории: Словарь: Пер. с англ. М., 1993.
А.Г.Зельскі.
т. 14, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)