сукупнасць драматычных твораў аднаго пісьменніка ці пэўнага народа, перыяду ці эпохі. Уключае прызначаныя для сцэн. ўвасаблення творы розных жанраў (трагедыя, драма, меладрама, камедыя, вадэвіль, фарс).
Вытокі бел. Д. — у фальклоры. Элементы драм. твораў былі ўжо ў нар. і культавых рытуалах, каляндарных і сямейна-бытавых абрадах, карагодах, тэатралізаваных гульнях (маналогі ці дыялогі). З фалькл. творчасці сфарміравалася ўласна нар. Д. школьнага тэатра, батлейкі, народнай драмы.
Новая бел.прафес. Д. ўзнікла ў пач. 1840-х г. Яе заснавальнікам стаў В.Дунін-Марцінкевіч. Важнае месца займаюць яго драм. творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты». У 19 ст. на бел. мове пісалі п’есы У.Сыракомля, П.Шпілеўскі, Ядвігін Ш., Г.Марцінкевіч, А.Вярыга-Дарэўскі; аднак большасць іх твораў была забаронена цэнзурай да друку і пастаноўкі. Адраджэннебел. Д. адбылося ў пач. 20 ст. Пра тагачаснае жыццё і на гіст. тэмы пісалі п’есы К.Вясёлы («Не розумам сцяміў, а сэрцам»), К.Каганец («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Двойчы прапілі», «Старажовы курган», «Сын Даніла», «Модны шляхцюк»). Пачынанні і набыткі К.Каганца прадоўжыў і ўзбагаціў Я.Купала. Яго Д. шматфарбная, разнастайная па жанрах: напачатку драм. паэмы (як подступ да ўласна драмы) «Адвечная песня», «Сон на кургане» і «На папасе», сцэн. жарт «Прымакі», камедыя «Паўлінка», рамант. драма «Раскіданае гняздо». Па яркасці, глыбіні раскрыцця характараў, жыццёвых праблем «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» — вяршыня ўсёй бел. Д.
У 1910-я г. дамінавала сац.-быт. драма з моцным грамадз. гучаннем, высокім драматызмам: «Блуднікі», «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча, «Атрута», «Антон» М.Гарэцкага, «Бутрым Няміра» Ф.Аляхновіча, «Антось Лата» Я.Коласа. Ствараліся п’есы рамант. кірунку («Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло), дасціпныя камедыі («Пісаравы імяніны» У.Галубка). Інтэнсіўна развівалася Д. ў 1920-я г. Наследаваліся дэмакр., гуманіст. традыцыі, здабыткі папярэднікаў. Найб. дасягненне гэтага часу — «Няскончаная драма» і сакавітая камедыя «Пан міністр» Аляхновіча. Шмат і плённа пісаў Галубок: камедыі («Суд», «Ветрагоны», «Пінская мадонна») і меладрамы («Ганка», «Душагубы», «Плытагоны»). У Д. прыйшлі і новыя аўтары — Ц.Гартны, М.Грамыка, М.Чарот, В.Гарбацэвіч. У 1-й пал. 1920-х г. пашыраны фалькл. п’есы, у аснове якіх нар. легенды і паданні: «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «На Купалле» М.Чарота, «Вяселле» Гарбацэвіча і інш. З’явіліся п’есы пра падзеі Кастр.рэв. і грамадз. вайны на Беларусі («Чырвоныя кветкі Беларусі» Гарбацэвіча, «Каля тэрасы» Грамыкі) і гіст. мінулага («Пан Сурынта» Галубка, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча). У 2-й пал. 1920-х г. у бел. Д. распрацоўвалася тагачасная тэматыка («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча, «На прадвесні» М.Ільінскага), вядомасць атрымалі «Мост» Я.Рамановіча, «Гута» Р.Кобеца, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна.
У 1930-я г. асабліва поўна раскрыўся талент Я.Коласа («Вайна вайне», «У пушчах Палесся») і К.Чорнага («Бацькаўшчына», «Ірынка»). З’явіліся п’есы К.Крапівы («Партызаны»), П.Глебкі («Над Бярозай-ракой»), В.Вольскага («Цудоўная дудка», «Несцерка»), М.Клімковіча («Кацярына Жарнасек») і інш. У Айч. вайну ў галіне Д. працавалі К.Крапіва, Рамановіч, А.Кучар. З найб. значных набыткаў часу — псіхал. драма «Проба агнём» К.Крапівы і асабліва яго сатыр. камедыя «Мілы чалавек». Падзеі вайны шырока адлюстроўваліся ў бел. Д. і ў наступныя дзесяцігоддзі: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «З народам», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» Кучара, «Брэсцкая крэпасць», «Першы ўрок» К.Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Марат Казей» В.Зуба і інш. П’есы першых пасляваен. гадоў пра тагачаснае жыццё напісаны ў рэчышчы «тэорыі бесканфліктнасці» («Алазанская даліна» Губарэвіча і І.Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» В.Палескага, «Неспакойныя сэрцы» Кучара, «Зацікаўленая асоба», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы). Першым у бел. Д. выступіў супраць схематызму, бесканфліктнасці п’ес А.Макаёнак. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён востра, з’едліва высмейваў паказуху і ашуканства. Значнае месца ў Д. 2-й пал. 1950-х г. займала тэма гіст. мінулага (п’есы П.Глебкі, Маўзона, П.Васілеўскага, І.Мележа). Лепшай з іх была п’еса Губарэвіча «Галоўная стаўка», карысталася поспехам драма І.Козела «Папараць-кветка».
1960-я г. — адзін з найменш плённых перыядаў у бел. Д. Слабы быў прыток маладых аўтараў. Звярнулі на сябе ўвагу п’есы «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Над хвалямі Серабранкі» Козела, «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Пад адным небам» Маўзона, «Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна, «Любоў, Надзея, Вера» Васілеўскага. У гэты час Макаёнак напісаў трагікамедыю «Пагарэльцы», але надрукавана яна толькі ў 1980, а пастаўлена ў 1981. У 1970-я г. адбыўся новы ўздым у бел. Д. П’есы гэтага часу вызначаліся больш глыбокай змястоўнасцю, яркімі вобразамі, арыгінальнасцю, багаццем жанраў: «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Макаёнка, «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Экзамен на восень», «І змоўклі птушкі» Шамякіна, «Апошні шанц» В.Быкава, «Злыдзень», «Укралі кодэкс», «Трывога» А.Петрашкевіча. Распрацоўвалася гіст. тэматыка: «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Маці ўрагану» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца» Петрашкевіча. У 1980-я г. па-ранейшаму ў Д. працавалі К.Крапіва («На вастрыі»), Макаёнак («Дыхайце эканомна»), Я.Шабан («Востраў Алены»), Караткевіч («Калыска чатырох чараўніц»), Петрашкевіч («Соль»), Матукоўскі («Мудрамер»). У Д. прыйшлі А.Дзялендзік, А.Асташонак, У.Бутрамееў, Г.Марчук, В.Ткачоў, А.Дудараў. П’есы апошняга «Вечар», «Парог» і асабліва «Радавыя» мелі значны поспех і пашырэнне на Беларусі і за яе межамі. У пач. 1990-х г. цікава заявіў пра сябе М.Арахоўскі. Яго п’есы «Машэка» і «Ку-ку» адметныя жыццёвым матэрыялам і маст. формай. У Д. дэбютавалі маладыя драматургі С.Кавалёў, З.Дудзюк, І.Сідарук, А.Дыбча, У.Сауліч, для іх творчасці характэрна разнастайнасць тэматыкі, розныя кірункі пошукаў.
З 1920-х г. праводзяцца конкурсы на лепшыя творы бел. Д. У 1981 у Мінску адкрыўся эксперыментальны т-рбел. Д. «Вольная сцэна», дзе ставяцца ў асн. п’есы маладых аўтараў.
Літ.:
Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг.Мн., 1990;
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72;
Усікаў Я. Беларуская камедыя: (Ля вытокаў жанру). Мн., 1964;
Яго ж. Беларуская камедыя. Мн., 1973;
Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія. Мн., 1977;
Яго ж. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гадоў). Мн., 1984;
Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;
Пятрова Л.І. Рамантыкі пранікнёнае святло: Беларуская драматургія 20-х — 30-х гадоў. Мн., 1987;
Васючэнка П.В. Драматургія і час.Мн., 1991;
Ватацы Н.Б. Беларуская савецкая драматургія: Бібліягр.Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАЛО́ГІЯ (ад грэч. theos бог + ...логія),
вучэнне пра сутнасць, быццё і дзеянні Бога. пабудаванае на прынцыпах і догматах рэлігійных, што прымаюцца ў якасці божага адкрыцця. Гал. перадумовы Т.: вера ў Бога, які асабіста звяртаецца да чалавека з божым словам, адкрываючы сутнасць самога сябе; наяўнасць дастаткова развітой рэліг. філасофіі, якая ставіць у цэнтр светабудовы акт стварэння Богам свету. Узнікненне Т. магчыма толькі ў межах тэізму — рэліг. вучэння пра трансцэндэнтнага Бога, які стварыў свет і кіруе ім. У межах тэізму развіваюцца тэалагічныя дактрыны монатэістычных рэлігій: хрысціянства, ісламу, іудаізму. Дактрыны будызму і індуізму да Т. можна аднесці толькі ўмоўна, таму што тэістычныя элементы ў веравучэннях гэтых рэлігій не развіты. Т. ўяўляе сабой складанаструктураваную іерархічную сістэму; у ёй адрозніваюць нарматыўную Т. — сукупнасць сцвярджэнняў, якія змешчаны ў Свяшчэнным Пісанні (Біблія, Каран, Тора), і дэрыватыўную (высноўную) — багаслоўскія каментарыі Свяшчэннага Пісання, рэліг.-філас. разважанні пра Бога, яго сутнасць і дзеянні. Аўтарытэт першай у рэліг. свеце непахісны, другой — можа быць аспрэчаны царквой (напр., «Т. вызвалення» крытыкавалася папам рымскім). Вылучаюць таксама фундаментальную, маральную, пастырскую і гіст. Т. Фундаментальная (сістэматычная) Т. ўключае экзегетыку (сукупнасць трактовак зместу Свяшчэннага Пісання і інш. сакральных тэкстаў), дагматыку (сістэмную інтэрпрэтацыю догматаў), апалагетыку (рацыянальнае абгрунтаванне веравучэння), эклезіялогію (вучэнне пра царкву і яе ролю ў гісторыі чалавецтва), сац. Т. (сац.-рэліг. дактрыну), параўнальную Т., якая ажыццяўляе кампаратыўны гісторыка-сацыялагічны аналіз базавага веравучэння з рэліг. вучэннямі інш. канфесій. Маральная Т. ўключае канцэпцыю асабістага выратавання (сатэрыялогія) і маральныя каштоўнасці веравучэння, што вынікаюць з яе і павінны ўвасабляцца ў паводзінах вернікаў. Пастырская Т. — сукупнасць прыкладных аспектаў культавай дзейнасці; складаецца з літургікі (тэорыя богаслужэння), гамілетыкі (тэорыя прапаведніцкай дзейнасці), катэхітыкі (прыкладная методыка вывучэння веравучэння і прылучэння да яго дзяцей і юнацтва). Гістарычная Т. ўключае гісторыю Бібліі, гісторыю царквы, царк. археалогію.
У Стараж. Грэцыі пад тэрмінам Т. разумелася сістэматызацыя міфаў. Арыстоцель наз. Т. філас. вучэнне пра нерухомы першарухавік усяго свету. Сярэдневяковы багаслоў К.Тэртуліян абгрунтаваў непахіснасць «ісціны Адкрыцця» і сфармуляваў тэалагічную формулу: «Веру, таму што абсурдна». Аўгусцін вызначаў сваю пазіцыю да рэліг. веры формулай «веру, каб зразумець». Яго паслядоўнік Ансельм Кентэрберыйскі лічыў веру перадумовай рацыянальных ведаў і сцвярджаў: «Не шукаю, каб верыць, але веру, каб зразумець». У пач. 20 ст.рас. багаслоў П.А.Фларэнскі распрацаваў канцэпцыю 3 стадый тэалагічнага асэнсавання Бога і свету; ён лічыў, што ад ступені «веру, таму што абсурдна» адбываецца ўзыходжанне да ступені «веру, каб зразумець», а ад яе — да ступені «разумею, каб верыць». Пратэстанцкі тэолаг П.Тыліх вызначаў Т. як «рацыянальную інтэрпрэтацыю рэліг. субстанцыі абрадаў, сімвалаў, міфаў».
У развіцці Т. вылучаюцца 2 тэндэнцыі: з аднаго боку, Т. абвяшчае абсалютную першаснасць і непахіснае вяршэнства вечных ісцін, якія не падлягаюць гіст. зменам; з другога боку, пад уплывам сац.-эканам., паліт., навук.-тэхн., сацыякульт. змен (асабліва імклівых на мяжы 20—21 ст.) яна вымушана шукаць абгрунтаваныя ў філас., навук., маральным плане спосабы канструктыўнага дыялогу з сучасным светам (напр., аджарнамента — абнаўленне рымска-каталіцкай Т., звязанае з патрабаваннямі сучаснасці). У рэчышчы абнаўленчай тэндэнцыі ўзнікаюць новыя дактрыны каталіцызму і пратэстантызму: Т. культуры, Т. «смерці Бога», Т. надзеі, Т. вызвалення, Т. палітыкі, Т. працы, Т. развіцця, Т. рэвалюцыі, Т. «смерці Т.» і інш.
На Беларусі развіццё Т. бярэ пачатак у 10 ст. Пасля хрышчэння Русівізант. іерархі прапаведавалі на бел. землях Свяшчэннае Пісанне, багаслоўскія ідэі ўсх.айцоў царквы (Васіля Вялікага, Іаана Дамаскіна, Іаана Златавуста). Самаст. багаслоўская школа тут склалася ў 12—17 ст. У развіцці бел. Т. можна вылучыць 5 этапаў: асветніцкі (12—1-я пал. 16 ст.), палемічны (2-я пал. 16—17 ст.), дагматычны з тэндэнцыяй да нацыяналізацыі царк. жыцця (18 — пач. 20 ст.), этап ганенняў на хрысціянства ў СССР, перыяд хрысц. адраджэння (з канца 1980-х г.). На першым этапе дамінавалі практычная і асветніцкая Т., гамілетыка, экзегетыка (Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі, Грыгорый Цамблак), свецкая біблеістыка Ф.Скарыны, арыентаваная на адзінства хрысціян, духоўнае абнаўленне народа. Пасля ўзмацнення каталіцтва і апазіцыйнага яму рэфармацыйнага руху ў бел. Т. сфарміраваліся 3 палемічныя плыні: правасл. (С.Зізаній, Хрыстафор Філалет, Л.Карповіч, А.Мужылоўскі); рымска-каталіцкая (П.Скарга, М.К.Сарбеўскі, А.Каяловіч) і грэка-каталіцкая (І.Пацей, І.Руцкі, І.Кунцэвіч, Р.Корсак, Л.Крэўза, Л.Кішка); пратэстанцкая (С.Будны, В.Цяпінскі, М.Чаховіц, Якуб з Калінаўкі). Для абгрунтавання сваёй канфесіі і крытыкі інш. веравызнанняў бел. багасловы палемічнага перыяду выкарыстоўвалі ўсе віды Т. (гісторыю царквы, дагматыку, апалагетыку і інш.), красамоўства, гуманіт. навукі. У канцы 17—19 ст. на Беларусі адбылася стабілізацыя асн. канфесій: правасл. і рымска-каталіцкай, арыентаваных адпаведна на рас. і польскую тэалагічныя школы. Уніяцкая царква як пераважна сельская захавала элементы нар. культуры і мовы. Прыхільнікамі далучэння да Расіі і уніфікацыі правасл. Т. былі архіепіскап і багаслоў Г.Каніскі, пасля ліквідацыі грэка-каталіцкай царквы — яе былыя епіскапы І.Сямашка і А.Зубко. З уніяцкага і рымска-каталіцкага асяроддзя выйшлі першыя дзеячы нац. адраджэння: пісьменнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, вучоныя і тэолагі С.Данісевіч, Б.Эпімах-Шыпіла, Ф.Абрантовіч, А.Станкевіч і інш. У пач. 20 ст. складвалася нац. школа бел. Т., арыентаваная на духоўнае адзінства хрысціян, культ.-нац. самавызначэнне. З правасл. боку гэту ідэю падтрымлівалі мітрапаліт Мелхіседэк і інш. святары, рэпрэсіраваныя сав. уладай. У міжваен. перыяд (1918—39) цэнтр бел. тэалагічнай думкі перамясціўся ў Зах. Беларусь, дзе склаліся самабытныя кірункі Т., накіраваныя на збліжэнне рэліг. і свецкай культуры (Беларуская хрысціянская дэмакратыя, газ.«Беларуская крыніца», час.«Хрысціянская думка», асветніцкая дзейнасць Станкевіча, В.Гадлеўскага, ксяндзоў і пісьменнікаў А.Зязюлі, К.Сваяка і інш.). З канца 1980-х г. пачалося адраджэннебел. багаслоўскай думкі, яе развіццё ў агульнасусв. кантэксце. Яе вынікі асвятляюцца ў правасл. («Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», час. «Праваслаўе») і каталіцкай (час. «Наша вера») перыёдыцы. Уклад у развіццё Т. робяць мітрапаліт Філарэт, кардынал К.Свёнтак, святары і багасловы С.Гардун, У.Завальнюк, Г.Латушка, І.Лашук, С.Паўловіч і інш.
Літ.:
Майка Ю. Социальное учение католической церкви: Опыт ист. анализа: Пер. с пол. Рим;
Люблин, 1994;
Социально-политическое измерение христианства: Избр. теол. тексты XX в.: Пер. с нем., англ. и исп. М., 1994;
Тертуллиан К.С.Ф. Избр. соч.: Пер. с лат.М., 1994;
Ансельм Кентерберийский. Соч.: Пер. с лат.М., 1995;
Кокс Х. Мирской град: Секуляризация и урбанизация в теол. аспекте: Пер. с англ.М., 1995;
Мень А.В. Мировая духовная культура;
Христианство;
Церковь. М., 1995;
Тиллих П. Избранное: Теология культуры: Пер. с англ.М., 1995;
Кюнг Г. Великие христианские мыслители: Пер. с нем. СПб., 2000;
Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: Энцыкл.давед.Мн., 2001;
Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА.
Традыцыйна бытавала пераважна ў сферы задавальнення першачарговых быт. патрэб — стварэння прылад працы, адзення, хатняга начыння, посуду, гасп. абсталявання і інш., зручныя і прадуманыя формы якіх, нярэдка падкрэсленыя рознымі відамі дэкору, надавалі ім маст. вартасць. Ужо ў першабытныя часы склаліся многія формы і характар арнаментыкі вырабаў, што амаль без змен дайшлі да нашых дзён. З часоў неаліту выраблялі гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разьбяным арнаментам сімвалічнага характару. Узоры стараж. мастацтва звязаны з першабытным культам плоднасці і паляўнічай магіяй. З зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі дасягнулі росквіту арнаментаванне глінянага посуду, гравіраванне па косці і рогу, драўляная і касцяная дробная пластыка ў выглядзе фігурак людзей, жывёл, птушак. З часоў жалезнага веку пашырыўся выраб металічных упрыгожанняў. Аб’ектамі арнаментальнай творчасці станавіліся вырабы, звязаныя з прадзеннем і ткацтвам. З падзелам працы і раздзяленнем грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, якія абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; іх творчасць спалучала замежныя ўплывы і мясц.нар. традыцыі. Паралельна прадаўжала развівацца і традыц.нар. мастацтва, пераважная большасць якога развівалася як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб; яно амаль не зазнала знешніх уплываў, што вызначыла асноўныя яго якасці — глыбокую традыцыйнасць, яркую самабытнасць, выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі стараж. матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, крыж, разетка, салярныя знакі, выявы жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў яно ўплывала на характар цэхавых і мануфактурных рамёстваў (праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах гарадоў, феадальных маёнткаў, манастыроў). Пад яго ўплывам набыла адметныя асаблівасці аб’ёмна-ажурная разьба, т.зв. беларуская рэзь; традыц. матывы бел.нар. ткацтва паўплывалі на характар мануфактурных тканін (слуцкія паясы), ганчарства — на керамічныя вырабы (кафлю, фарфор, фаянс). Нар. майстры (сталяры, разьбяры, ткачы, вышывальшчыцы і інш.) удзельнічалі ў аздабленні палацаў і храмаў, часам знаходзячы арыгінальныя тэхнал. і маст. вырашэнні манументальна-дэкаратыўных задач (напр., выраб іканастасаў з саломы).
Прыкметныя змены ў характары нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва адбыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце (расслаенне вёскі, паляпшэнне ўнутр. і знешняга стану нар. жылля і інш.). Малая даступнасць прамысл. утылітарна-маст. вырабаў асн. масе сялянства выклікала прыкметнае развіццё традыц. рамёстваў. Склаліся буйныя асяродкі ганчарства, дзе выраблялі посуд, у т. л. утылітарна-мастацкага прызначэння; цацкі-свістулькі (Крычаў, Пружаны, Гарадок, Дуброўна, Івянец, Ракаў, Ружаны, Поразава, Дзісна, Бабінавічы, Пагост-Загародскі і інш.). Цэлыя паселішчы (асабліва на Палессі і Паазер’і) займаліся пляценнем з лазы (кошыкі, куфэркі, мэбля); з саломы выпляталі капелюшы, куфэркі, шыяны, карабы, абрадавую пластыку; з бяросты выраблялі дробны посуд з ціснёным узорам (берасцянкі, табакеркі, сальнічкі). Назіраецца прыкметнае ўзрастанне дэкаратыўнасці твораў Д.-п.м., у тым ліку і тых яго відаў, якія развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці і на працягу многіх стагоддзяў захоўвалі стараж. характар: ткацтва, вышыўка, разьба па дрэве. Побач са стараж. геаметрычнымі, салярнымі, зааморфнымі матывамі сімвалічнага характару, пашыраўся рэалістычны раслінны дэкор. Значнае месца займаюць вырабы нар. мастацтва, звязаныя са знешнім і ўнутраным упрыгожаннем нар. жылля: разьбяныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны, дэкарыраваная мэбля, у т. л. куфры для пасагу, звязаныя з вясельнымі абрадамі. Прыгажосцю вызначаліся тканыя і вышываныя посцілкі, дываны, ручнікі, абрусы, карункавыя вырабы (сурвэткі, абрусы, падзоры), а таксама аплікацыя саломай па дрэве і палатне, ажурныя папяровыя вырабы (выцінанка), маляваныя на шкле і палатне карцінкі і дываны і інш. Пашырыліся вырабы з дрэва, аздобленыя разьбяным дэкорам (чарпакі, лыжкі, сальнічкі, прасніцы). Дасягнуў росквіту дэкор традыц.нар. адзення, якое ўяўляла сінтэз розных відаў нар. мастацтва: ткацтва, вышыўкі, карункапляцення, набіванкі, аплікацыі і інш. Узоры нар. мастацтва пачалі збіраць музеі, наладжваліся іх выстаўкі (першыя з іх у Магілёве ў 1893, у Пецярбургу і Вільні ў 1913), арганізоўваліся школы і майстэрні для навучання традыц. рамёствам, заснавана «Таварыства дапамогі хатняму рамяству». З 1920-х г. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі (пераважна ткацка-вышывальныя). У 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз, які аб’яднаў арцелі (каля 20) у адзіную сістэму.
Значныя змены ў становішчы і характары традыц.нар. мастацтва адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне рынку масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія вырабы нар. майстроў. З побыту пачалі адыходзіць саматканае адзенне, самаробныя прылады працы, мэбля, посуд і інш. З забыццём стараж. абрадаў і звычаяў адпала патрэба і ў стварэнні абрадавай пластыкі. Многія традыц.нар. рамёствы заняпалі, іншыя прадоўжылі сваё развіццё ў сферы маст. прам-сці: аплікацыя саломай па дрэве — на Жлобінскай ф-цы інкрустацыі; ганчарства — на Івянецкай ф-цы керамікі і вышыўкі; лозапляценне — на Гомельскай, Мазырскай, Гродзенскай, Слуцкай ф-ках маст. вырабаў; ткацтва — у Неглюбцы (Веткаўскі р-н), Моталі (Іванаўскі р-н); маст. саломапляценне — на Брэсцкай ф-цы сувеніраў. Прадаўжаюць бытаваць такія традыц. віды нар. мастацтва, як архітэктурны дэкор, маст. ткацтва, карункапляценне. Утылітарны бок твораў нар. майстроў адышоў на другі план, узрасла іх дэкаратыўнасць, пашырылася колеравая гама, развіліся новыя віды і матывы дэкору: чырвона-чорны ромбагеаметрычны дэкор у вышыўцы саступіў месца паліхромным раслінным матывам адвольнага характару. Вырабы сучасных нар. майстроў задавальняюць больш эстэтычныя, чым практычныя, патрэбы і выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці нац. твораў мастацтва і сувеніраў. Бытуюць маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць сваю дзейнасць некат. асяродкі ганчарства (Гарадная Столінскага р-на). Дзякуючы росту цікавасці грамадства да набыткаў традыц. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. забытыя рамёствы: выцінанка, апрацоўка бяросты, лепка гліняных цацак, маст. кавальства, апрацоўка скуры і інш.; росквіту дасягнулі маст. саломапляценне і аплікацыя саломай па дрэве і палатне. Колішні механізм пераемнасці традыцый (на ўзроўні сям’і, ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам. Зберажэнню, адраджэнню і папулярызацыі нар. мастацтва садзейнічаюць стварэнне дамоў рамёстваў, спецыялізаваных музеяў, правядзенне святаў-конкурсаў па відах рамёстваў (рэспубліканскія святы-конкурсы ганчарства «Ганчарны круг—96», «Ганчарны круг—2004», саломапляцення «Саламяны цуд», 1997, лозапляцення «Лазовыя карункі», 1998, разьбярства «Дрэва жыцця», 1999, выцінанкі «Ажурныя фантазіі», 2000, кавальства «Залатая падкова», 2001). У 1998 адбылася 1-я Нац. выстаўка сучаснай нар. творчасці «Жывыя крыніцы», у 2003—1-ы Міжнар. фестываль саламянага мастацтва (Мінск). Створаны ў 1992 Беларускі саюз майстроў нар. творчасці гал. задачай ставіць адраджэнне, зберажэнне і развіццё нар. мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Падтрымку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як неад’емнай часткі нац. культуры ставіць сваёй мэтаю спецыяльны Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999). Здабыткамі нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва жывіцца прафесійнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Я.М.Сахута.
Т.Агафоненка. Каляднікі. Саломапляценне. 1977.Ручнікі з Браслаўскага (злева) і Бярэзінскага раёнаў. Канец 19 — пач. 20 ст.Выцінанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЯСТВО́,
рамяствоіпромысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац.вытв. традыцыі народа.
У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст.вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэннетрадыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц.нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.
У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел.нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.
В.С.Цітоў.
Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПАЧАТКУ 20 ст.
У пач. 20 ст.асн. цэнтрамі бел.нац. адраджэння з’яўляліся Вільня і Мінск. Газ. «Северо-Западный край», створаная ў 1902 на базе газ. «Минский листок», друкавала гіст., фалькл. і этнагр. матэрыялы, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, верш Я.Купалы «Мужык». У 1903 утворана Бел.сацыяліст. грамада (першапачаткова наз.Бел.рэв. грамада) на аснове нац.-культ. гурткоў студэнцкай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Заснавальнікамі і кіраўнікамі былі браты І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі (Вацюк Тройца), А.Уласаў і інш. У Пецярбургу каля 1902 арганізаваны гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы» і разгортвалася выдавецкая дзейнасць. Асабліва магутны імпульс нац.-вызваленчаму руху дала рэвалюцыя 1905—07: знята забарона бел. друкаванага слова, у выніку чаго актывізавалася літ.-грамадскае жыццё, пачалі дзейнічаць выдавецкія таварыствы, выдавацца газеты, часопісы, літ. зборнікі, альманахі. У гэты час цэнтрам бел. адраджэння стала Вільня, дзе ў друкарні М.Кухты выйшлі творы М.Багдановіча, Цёткі і інш.; перавыдадзены «Дудка беларуская» (1907) і «Смык беларускі» (1908) Ф.Багушэвіча, пераклад В.Дуніным-Марцінкевічам «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1907). Тут выдаваліся першыя легальныя газеты на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», у якіх у розны час працавалі і друкаваліся З.Бядуля, Я.Колас, Я.Купала, С.Палуян, Цётка, Ядвігін Ш. Перыяд з 1906 па 1915, калі выходзіла «Наша ніва», атрымаў назву «нашаніўскі». Апрача бел. твораў, у газеце друкаваліся пераклады твораў рус. пісьменнікаў (М.Горкі, А.Кальцоў, І.Крылоў, А.Майкаў, М.Някрасаў, А.Пушкін, А.Чэхаў), польскіх (С.Жаромскі, М.Канапніцкая, А.Міцкевіч, К.Пшэрва-Тэтмаер), бел.-польскіх (У.Сыракомля), укр. (М.Крапіўніцкі, А.Крымскі, А.Алесь, Т.Шаўчэнка). У той жа час у рус., укр., польскіх, чэш.перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра бел.адраджэнне і літаратуру. На ўкр. мове асобнай брашурай выйшаў нарыс І.Свянціцкага «Адраджэнне беларускай літаратуры» (1908), дзе ўпершыню апубл. вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». У «Нашай ніве» публікаваліся рэцэнзіі на паэт. зборнікі, з праблемнымі артыкуламі актыўна выступалі А.Луцкевіч, Я.Купала, М.Бабровіч і інш.Бел. пісьменнік і крытык С.Палуян друкаваўся ва ўкр. газетах і часопісах, пісаў пра творчасць М.Кацюбінскага, В.Стафаніка, І.Франко, Т.Шаўчэнкі. Пра рус. і ўкр. пісьменнікаў публікаваў артыкулы М.Багдановіч.
Бел. літаратура пач. 20 ст. актыўна засвойвала прагрэсіўныя традыцыі слав. і сусветнай літаратур, разам з тым набывала адраджэнска-патрыятычны пафас. У творчасці бел. пісьменнікаў пераадольваліся апісальнасць, бытавізм, прыземленасць, паглыбляўся індывідуальна-філасофскі пачатак, узніклі новыя ідэі сац. і нац. вызвалення, гуманіст. ўзвышэння асобы, услаўлення агульначалавечых каштоўнасцей. Пачала распрацоўвацца пейзажная, філасофская, інтымная тэматыка. Бел. літаратура, адначасова развіваючыся ў нар.-дэмакр., рэаліст. і рамантычна-ірацыянальным рэчышчы, арганічна ўключылася ў еўрап. літаратурны працэс; яе маст. спецыфіка заключалася ў паскоранасці развіцця, ва ўзаемадзеянні з новымі маст. плынямі (сімвалізм, імпрэсіянізм). Асаблівы ўплыў на лёс Беларусі зрабіла 1-я сусв. вайна, якую бел. пісьменнікі асудзілі як злачынства супраць народаў. У 1914 у «Нашай ніве» апубл. верш А.Гаруна «Праводзіны», дзе вайна паказана як сорам і ганьба для свету.
У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў бел.адраджэнне дасягнула значных поспехаў у развіцці перыёдыкі і маст. літаратуры. З’явіліся перыяд. выданні «Гоман» (1916—18), «Вольная Беларусь» (1917—18), «Беларускі шлях» (1918), «Звон» (1919), «Беларусь» (1919—20), «Беларуская думка» (1919), «Рунь» (1920) і інш. Пабачылі свет многія творы, якія пазней сталі класічнымі: 1-ы варыянт паэмы «Сымон-музыка», «Казкі жыцця» і вершы Я.Коласа, апавяданні і аповесці М.Гарэцкага, многія вершы Я.Купалы, публіцыстыка Я.Купалы, Я.Лёсіка, А.Луцкевіча і інш. Упершыню надрукаваны камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты», апавяданне А.Плуга «Кручаная баба», творы Л.Вітан-Дубейкаўскага, К.Каганца і інш. У перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра мінулае бел. народа і культуру перыяду ВКЛ, пра асаблівасці і заканамернасці бел. мовы, пра пошукі шляхоў нац. адраджэння і развіцця. 1917—20 у гісторыі бел. л-ры займаюць асаблівае месца. Войны, акупацыі, 2 рэвалюцыі і звязаныя з імі грамадскія катаклізмы сталі выпрабаваннем для ўсёй ідэалогіі нац. адраджэння, якая дасягнула высокага ўзроўню ў творчасці пісьменнікаў нашаніўскага перыяду. Беларусь аказалася падзеленай, у зах. яе частцы засталася Вільня, якая ў канцы 19 — пач. 20 ст. выпраменьвала ідэі нац. адраджэння. За мяжой апынуліся дзеячы бел. культуры і літаратуры: Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, В.Ластоўскі, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў (гл. раздзел Літаратура Заходняй Беларусі). Цэнтр. месца ў творчасці пісьменнікаў заняла праблема адраджэння нац. свядомасці і абуджэння чалавечай годнасці ва ўмовах войнаў, рэвалюцый, панавання акупац. рэжымаў. Гал. асаблівасці літаратуры гэтага перыяду абумоўлены і прадвызначаны двума фактарамі. Па-першае, літаратура моцна абапіралася на традыцыі сапр. народнасці, непасрэднай сувязі з найб. істотнымі грамадскімі праблемамі. Па-другое, паспяваючы за жыццём, яна неадкладна і востра рэагавала на ўсе змены, адгукалася на патрэбы дня (З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Купала).
Паэзія. З усіх літ. жанраў найб. багатыя традыцыі мела бел. паэзія. М.Багдановіч, З.Бядуля, А.Гарун, Я.Колас, Я.Купала, Цётка ў пач. 20 ст. стваралі вершы, песні, паэмы, якія ўпершыню ў гісторыі бел. літаратуры дасягнулі сусветнага маст. ўзроўню. Імкнучыся ў найкарацейшы тэрмін пераадолець той разрыў, што аддзяляў бел. літаратуру ад літаратур суседніх слав. народаў, бел. паэты выкарыстоўвалі вобразна-маст. прынцыпы творчасці, характэрныя і для мінулых эпох, і для пач. 20 ст. Больш змястоўнымі становяцца формы маст. вобразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні), больш багатай і шматзначнай — алегорыя. Бел. аўтары часцей звяртаюцца да рамант. і сімволіка-алегарычных форм вобразнасці, да гіст. мінулага народа, да легендарных падзей, а таксама да нетрадыц., новых тэм, звязаных з тагачасным жыццём (напр., тэма горада).
Паэзія нашаніўскага перыяду імкнулася ўплываць на грамадскае жыццё, каб узняць бел. народ на сац. і нац. барацьбу (вершы «Вера беларуса», «Мора», «Хрэст на свабоду» Цёткі; «Там», «А хто там ідзе?», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Вось тут і жыві» Я.Купалы; «Беларусам», «Не бядуй!», «Ворагам», «Наша возьме» Я.Коласа і інш.). У т.зв. перыяд рэакцыі (1908—10), які наступіў пасля рэв. ўздыму, бел. паэзія адлюстроўвала настроі «грамадзянскага суму», у ёй узмацняліся матывы нядолі і бяспраўя (зб-кі «Жалейка» Я.Купалы, «Песні жальбы» Я.Коласа, вершы «Начныя думкі» А.Гаруна, «Краю мой родны! Як выкляты Богам...», «Народ, Беларускі Народ!» М.Багдановіча). З 1910 у творчасці паэтаў адчуўся зварот да гарадской і рабочай праблематыкі (цыкл «Места» М.Багдановіча, зб. «Песні» Ц.Гартнага); уздымаліся таксама «вечныя» тэмы «чыстай красы», прыроды, кахання (зб-кі «Вянок» М.Багдановіча, «Курганная кветка» К.Буйло). У пач. 20 ст. галоўным літ. кірункам быў рэалізм, але часам трывалыя пазіцыі займаў рамантызм, з якім былі звязаны творы Цёткі перыяду рэвалюцыі 1905, паэмы «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» Я.Купалы і інш. У творчасці некат. пісьменнікаў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі арганічна спалучаліся з марай аб лепшай будучыні, узбагачалі крытычны аналіз рэчаіснасці. Узаемадзеянне такіх тэндэнцый спрыяла развіццю ўсёй вобразнай сістэмы бел. паэзіі. Рамант. літаратура звярталася да мінулага і да ўмоўнай рэчаіснасці, створанай легендамі, казкамі, міфамі і фантазіяй саміх аўтараў. У мінулым знаходзіліся вытокі гіст. самабытнасці народа, усёй бел. культуры. Паэзія была прасякнута імкненнем да сац. справядлівасці, панавання высокіх маральных норм, абуджэння нац. свядомасці беларусаў.
Творцам нац. ідэі ў паэзіі быў Я.Купала, які адкрыта выступіў за самавызначэнне беларусаў. У яго зб-ках «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913) пераважаюць вобразы песняра-прарока, матывы абуджэння і вызвалення народа з сац. і нац. прыгнёту («Мужык», «А хто там ідзе?», «Ворагам Беларушчыны», «Маладая Беларусь»), праяўляецца прамоўніцкі пафас паэт. публіцыстыкі. У вершах «Забраны край», «З мінуўшых дзён», «Песня жней» трагічна адлюстравана бел. гісторыя, нявольніцкае становішча селяніна. Выяўляючы ўнутр. свет бел. народа, паэт звяртае ўвагу на духоўныя пачаткі нар. жыцця — імкненне да справядлівасці, шчасця, свабоды і дабра. Трагічныя матывы суму-тугі, якія занялі значнае месца ў зб-ку «Гусляр», не зацямнілі ў ёй рэнесансава-светлага, жыццялюбнага духу чалавека («Вясенняя раніца», «Лета»), Філас., агульначалавечага дыяпазону паэт. творы «Гусляра» сцвярджалі наватарскі характар зборніка як яшчэ адну вышэйшую ступень у развіцці ўсёй бел. лірыкі пач. 20 ст. Для паэзіі Я.Купалы характэрны многія матывы еўрап. рамантызму: гуманізм, услаўленне свабоды і асуджэнне рабства, прыгнёту, зварот да незвычайнага, таямнічага (міфалогіі), культ кахання. У ранніх яго паэмах 1906—08 («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання») праяўляецца схільнасць да яркіх падзей і сітуацый, да герояў з неардынарным лёсам. З рамант., але моцна пераўтворанымі і трансфармаванымі традыцыямі звязаны яго драм. паэмы «Адвечная песня» (1908) і «Сон на кургане» (1910). У сімволіка-рэаліст. паэме «Адвечная песня» Я.Купала ставіць пытанне аб сэнсе чалавечага быцця; яе галоўны герой Мужык не столькі проста селянін, колькі Чалавек увогуле. У яго алегарычна-рамант. паэме «Сон на кургане» не проста асэнсоўваецца гаротны лёс бел. мужыка, а ставіцца праблема інтэлігенцыі і народа, раскрываецца драма самотнага рэвалюцыянера-адраджэнца. Абедзве драм. паэмы ўзбагацілі літаратуру стылявой навізной, жанравай своеасаблівасцю, шырынёй абагульненняў. Дух рамант. пратэсту ў паэме «Курган» (1910) стаў узорным увасабленнем палярызацыі дабра і зла, спрадвечнай праблемы мастака і ўлады. Паэма ўслаўляла ідэалы дэмакратызму і народнасці. Магутным адраджэнскім пафасам вызначалася паэма Я.Купалы «На Куццю» (1911), дзе вырашалася пытанне нац. прыналежнасці беларусаў. У створанай на аснове гіст. сюжэта паэме «Бандароўна» (1913) услаўляецца годнасць і духоўная моц чалавека з народа. Праблема маральных законаў жыцця паўстае і ў паэме «Магіла льва» (1913), з ідэяй асуджэння асобы, якая проціпастаўляе сябе народу. Настрой паэмы «Яна і я» (1913) пазбаўлены адчування драматызму і трагізму рэчаіснасці. Гэта новы варыянт фальклорна-рамант. паэмы ў бел. літаратуры: не гераічны, як «Курган» і «Бандароўна», не аповесцевы, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральны. Я.Купала, выяўляючы эмацыянальнасць, багацце кампазіцыйных форм, блізкасць да нар. песні, яе вобразаў, матываў і паэтыкі, стварыў шэраг твораў ярка рамантычных па вобразнасці, драматычна напружаных па перажываннях, народна-песенных па гучанні.
Адраджэнскі патрыятызм Я.Коласа адрозніваецца ад купалаўскага рамантычна-ўзнёслага пафасу. У дарэв. перыяд паэзія Я.Коласа адметная пачуццёвай стрыманасцю і паглыбленай разважлівасцю, увагай да надзённых клопатаў селяніна і нар. псіхалогіі. У першым надрукаваным вершы «Наш родны край» (1906), з якога пачалася грамадз. лірыка паэта, выказаны заклапочанасць і перажыванне за лёс радзімы. Эстэт. прынцыпы народнасці і рэалізму ўвасобіліся ў вершах «Не пытайце, не прасеце», «Пясняр», «Родныя песні». Паэт услаўляў людзей моцных, непрымірымых да сац. зла і несправядлівасці («Ворагам», «Не бядуй!», «Не дамся»), Лірыку смутку («Вёска», «Мужык», «Родныя вобразы») ураўнаважваюць яго публіцыстычныя вершы («Беларусам», «Кіньце смутак», «Наша возьме»). Многія творы пейзажнай лірыкі, прасякнутыя пачуццямі шчырай замілаванасці да роднага краю, увайшлі ў залаты фонд бел. літаратуры («На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч»). Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. У вершах 1914—16 асуджаецца захопніцкі характар і антынар. скіраванасць вайны («Думкі салдата», «Ворагам»). Лірычная эпапея Я.Коласа «Сымон-музыка» (1911—18, 2-я рэд. 1925) спалучае рэалістычнае і рамантычнае, але драматычна завастрае праблему мастака і народа. Гэта твор аб нар. вытоках мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане — аб духоўным адраджэнні народа. Па-мастацку дасканалая паэма-эпапея «Новая зямля» (1911—23) прасякнута ідэяй сац. і нац. вызвалення, сцвярджэннем высокай грамадз. годнасці чалавека. У ёй аўтар асэнсаваў цэлую эпоху ў жыцці бел. народа, праўдзіва адлюстраваў становішча сялян у канцы 19 ст., раскрыў глыбокія сац. супярэчнасці. Абодва творы панарамна раскрываюць карціну лёсу народа ў пераломныя гіст. эпохі. Паэтычная творчасць Я.Коласа выявіла схільнасць пісьменніка да лірыкі пераважна элегічнай, мінорнай паводле настрояў, канкрэтна-рэалістычнай паводле дэталей, задуменнай.
Новымі тэмамі, вобразамі, формамі як традыцыйна-класічнымі, так і песенна-народнымі бел. лірыку ўзбагаціў М.Багдановіч. Раннія яго вершы прасякнуты гуманіст. матывамі («Мае песні», «З песняў беларускага мужыка»); пазней, з узмацненнем рамант. тэндэнцый, паглыбілася сац.-філас. праблематыка і патрыят. пафас лірыкі («Перад паводкай», «Рушымся, брацця, хутчэй»), вершы набываюць аптымістычнае, жыццесцвярджальнае гучанне («Кінь вечны плач свой аб старонцы!», «Зразаюць галіны таполі адну за адной»). Разнастайная пейзажная лірыка М.Багдановіча выяўляе багаты спектр чалавечых пачуццяў («Зімой», «Раманс», «Добрай ночы, зара-зараніца!»), міфалагічныя вобразы становяцца своеасаблівай фальклорнай дэкарацыяй, якая надае пейзажу рамант. рысы («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Падвей»), М.Багдановіч разам з Я.Купалам увёў у бел. лірыку інтымную тэматыку («Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). У адзіным яго прыжыццёвым паэт. зб-ку «Вянок» (1913) новыя для бел. літаратуры урбаністычныя матывы, якія побач з захапленнем знешнім бляскам выяўляюць трагічныя малюнкі, кантрастныя жыццёвыя з’явы («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая», «Дзве смерці»). Новай для бел. лірыкі стала распрацоўка гіст. тэмы («Летапісец», «Перапісчык», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага»). Паралельна з «вершамі беларускага складу», стылізаванымі пад народныя («Лявоніха», «Бяседная», «Хоць і зорачка — ды не вячэрняя»), у паэзіі М.Багдановіча ўзмацняецца антываенная тэматыка, адметная сваім лірыка-драм. гучаннем («Як Базыль у паходзе канаў», «Цёмнай ноччу лучына дагарала»). Тэндэнцыя да гераізацыі нар. характару знайшла далейшае развіццё ў фальклорна-рамант. паэмах «Максім і Магдалена» (1915) і «Страцім-лебедзь» (1916), заснаваных на нар. вобразах і сюжэтах. У паэме «Страцім-лебедзь» услаўленне моцнай, гераічнай асобы, здольнай супраціўляцца варожым сілам. У ліку асн. заслуг М.Багдановіча як стваральніка бел. літаратуры і літ. мовы новага часу — узбагачэнне нац. мастацтва здабыткамі сусв. культуры, узнаўленне на нац. глебе твораў ант., рус. і зах.-еўрап. аўтараў, распрацоўка санета, трыялета, рандо, актавы, тэрцынаў, скерца і інш. вершаваных форм. Ён шырока культываваў і маст. пераклад.
Паэзія А.Гаруна паводле матываў і тэматыкі блізкая да творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Яго вершы характарызуюцца алегарычнасцю, багаццем інтанацый, маст.-вобразных, лексічных, сінтакс. форм і рытмікі, журботна-меланхалічнай вобразнасцю. Матывы «грамадзянскага суму» былі характэрны для творчасці Г.Леўчыка і інш. тагачасных бел. паэтаў. Калі В.Ластоўскі выступіў з палемічным артыкулам «Сплачвайце доўг» («Наша ніва», 1913), дзе скіроўваў бел. паэзію на ўслаўленне прыгажосці, з адказам яму выступіў Я.Купала (арт. «Чаму плача песня наша?»), раскрыўшы тыя грамадска-паліт. прычыны, што абумовілі мінорнае гучанне паэзіі. Яго падтрымаў Л.Гмырак (арт. «Яшчэ аб сплачванні доўгу»), які таксама адстойваў эстэтыку рэалізму і народнасці, выступаў за грамадз. пафас літаратуры. Гэта дыскусія засведчыла імкненне паэтаў зразумець сутнасць і прызначэнне бел. літаратуры, акрэсліць шляхі яе развіцця.
Абуджэнню сац. і нац. свядомасці беларусаў садзейнічала публіцыст. лірыка Цёткі. З ёй у бел. літаратуру прыйшлі рэв. рамантыка і пафас («Мора», «Вера беларуса», «Бура ідзе»). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (абедзве 1906) былі першымі арыгінальнымі зб-камі бел. паэзіі 20 ст. З творчасцю Ф.Багушэвіча, Цёткі ў ідэйным плане перагукалася публіцыстычная паэзія К.Каганца. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, была прасякнута нац. матывамі («На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»). Новай для бел. паэзіі была рабочая тэматыка, якую распрацоўваў Ц.Гартны ў вершах, прысвечаных гаротнай долі вандроўных гарбароў («Песні гарбара», «Гарбар на вандроўцы»). Паплечнікам Ц.Гартнага па літ. і грамадска-паліт. дзейнасці быў А.Гурло, які ўвёў у бел. лірыку марыністычныя матывы («Заблішчалі ў цёмнай далі маякі», «На моры»). Гумарыстычная плынь найб. выразна выявілася ў творчасці А.Паўловіча. Стыль яго вершаў працягваў традыцыю бел.сац.-бытавога анекдота, калі за недарэчнымі, іранічна паказанымі падзеямі ўгадваецца нар. мараль («Сыноўняя апека», «Гаспадыніна дзяжа»). Вастрынёй сац. тэматыкі вылучалася паэт. творчасць З.Бядулі («Пастушка», «Пан»). У той жа час пісьменнік узбагаціў бел. літаратуру адзнакай інтэлігентнасці, даказаўшы, што паэзія можа ўзняцца да найшырэйшых маст. абагульненняў, пераасэнсоўваючы духоўны вопыт тысячагоддзяў. У вершы «Прарок» спроба зірнуць на тагачаснае становішча Беларусі праз прызму гісторыі чалавецтва, трывога за лёс радзімы, чаканне прыходу будзіцеля нар. мас. Шырокае выкарыстанне фалькл. матываў, меладычнасць і напеўнасць лірыкі ў ранняй паэзіі К.Буйло. Выдатнай старонкай яе творчасці стала поўная ўзвышаных самаадданых пачуццяў лірыка кахання («Помніш вечар?», «У краіне мар», «Як я цябе люблю»), а таксама патрыят. лірыка («Люблю», «Беларусі»). Адметнай з’явай бел. паэзіі была творчая спадчына В.Адважнага, А.Зязюлі, К.Сваяка — каталіцкіх святароў, якія развівалі прагрэсіўныя патрыят. і хрысціянска-дэмакр. ідэі.
Асаблівасць бел. лірыкі пач. 20 ст. ў яе жанрава-стылявой разнастайнасці, з’яўленні новых паэт. форм, вобразаў і матываў. Яна звярталася непасрэдна да чытачоў з заклікамі, патрабаваннямі, павучаннямі, перасцярогамі; эмацыянальны водгук на падзеі ператвараўся ў эфектыўную школу грамадз. выхавання. Паэзія на працягу ўсяго часу заставалася надзейным носьбітам нац. свядомасці. На першы план выступілі праблемы «зямлі і волі», новага чалавека і гераічнай асобы, узаемаадносін чалавека і грамадства, ролі культуры ў жыцці народа. Бел. паэзія выйшла на якасна новы грамадскі і эстэт. ўзровень.
Проза. У пач. 20 ст. празаічныя жанры набылі больш шырокае развіццё ў параўнанні з 19 ст., калі эпас падаваўся часцей у вершаваных формах. Пераважала малая проза, якая з прычыны яе жанравай спецыфікі ў адлюстраванні рэчаіснасці мела магчымасць больш хутка адгукацца на праблемы мінулага і тагачаснага жыцця. Вялікую ролю ў распаўсюджванні бел. прозы сярод шырокіх чытацкіх колаў мелі газ. «Наша доля» і «Наша ніва»; у апошняй друкаваліся апавяданні З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа і інш. На старонках літаратурнага і навукова-папулярнага часопіса для моладзі «Лучынка» змяшчалі творы З.Бядуля, Я.Колас, Ядвігін Ш. Апавяданні бел. аўтараў выходзілі ў свет і асобнымі зборнікамі, кнігамі: «Беларускія апавяданні» (1901), «Нарысы і апавяданні з беларускага жыцця» (1902), «Нарысы і апавяданні з жыцця беларускай вёскі» (1906) А.Пшчолкі, «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914) Ядвігіна Ш., «Апавяданні» (1912), «Нёманаў дар» (1913), «Тоўстае палена» (1913), «Родныя з’явы» (1914) Я.Коласа, «Абразкі» З.Бядулі (1913), «Апавяданні» У.Галубка (1913), «Рунь» М.Гарэцкага (1914), «Недацветы» В.Ластоўскага (1918). Акрамя таго, апавяданні М.Багдановіча на рус. мове публікаваліся ў яраслаўскіх газетах «Голос» («Няшчасны выпадак», «Злачынства», «Цуд маленькага Петрыка» і інш.), «Северная газета» («Прытча пра васількі», «Імянінніца»), часопісе «Русский экскурсант» («З летніх уражанняў») і інш. Выдаваліся таксама кнігі для дзяцей з перакладамі, вершамі, замалёўкамі, казкамі і апавяданнямі. У 1906 Цётка выдала «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў»; суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» К.Каганца. У 1909 выйшла ў свет «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа.
Бел. проза развівалася ў плане пашырэння разнастайнасці жанравых форм: апавядальная гісторыя ў розных варыянтах (Ядвігін Ш., У.Галубок, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, Цётка), празаічная байка (Ядвігін Ш.), алегарычнае апавяданне (Я.Колас, Ядвігін Ш.), нар. казка ў літаратурнай апрацоўцы (Я.Колас, З.Бядуля), літаратурная казка (М.Багдановіч, Ядвігін Ш., В.Ластоўскі), казка-варыяцыя (А.Гарун), навела ў розных варыянтах (У.Галубок, Ядвігін Ш., Я.Колас, М.Гарэцкі), апокрыф, апавяданне-папуры на фалькл. матывы (М.Багдановіч), «сцэнкі з натуры» (Я.Колас, М.Багдановіч), мініяцюра (З.Бядуля, М.Гарэцкі, М.Багдановіч), абразок у розных формах (Ядвігін Ш., Я.Колас, В.Ластоўскі, Цётка), фельетон (Ядвігін Ш., М.Багдановіч), імпрэсія (З.Бядуля, М.Гарэцкі), экспрэсія, літ. акорды (З.Бядуля), мастацкая прамова (К.Каганец), прыпавесць, паданне, «народны сказ» — легенда (В.Ластоўскі), падзейна-разгорнутае апавяданне з рэальным мастацкім светам (М.Багдановіч, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Колас і інш.), маст. нарыс (К.Каганец, К.Лейка, А.Пшчолка). М.Гарэцкі з поспехам развіваў аналітычна-псіхал. стылявую плынь, З.Бядуля — імпрэсійна-рамантычную. Ядвігін Ш. поруч з рэалістычна-быт. і алегарычна-казачнай прозай даў узоры лірычнай навелы, М.Багдановіч — арыгінальныя спробы стылізацыі пад архаіку. Наватарскі характар прозы А.Гаруна праявіўся ў выкарыстанні элементаў фантастыкі ў рэалістычным быт. апавяданні. Яго творчасць адметная пашырэннем традыцыйнай тэматыкі: акрамя бел. вясковага жыцця, А.Гарун пісаў і пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), разбуральнае ўздзеянне астрожнага жыцця на псіхалогію чалавека («Маладое», «Чалавек без крыві»). Увядзенне пісьменнікамі ў маст. твор нар. гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм сведчыла пра ўзбагачэнне бел. літаратуры мастацка-выяўленчымі сродкамі, рост творчага майстэрства саміх аўтараў.
Для малой прозы пач. 20 ст. пры адлюстраванні рэчаіснасці характэрны своеасаблівы зварот да традыцый вуснай нар. творчасці, да нар. вобразаў з выразна арыгінальным аўтарскім поглядам на тагачасныя праблемы. З аднаго боку, адбывалася своеасаблівая стылізацыя пад фальклор (Бронісь, Л.Гвозд, Я.Окліч і інш.), з другога — зварот да нар. форм: анекдота, казкі, падання (М.Багдановіч, А.Гарун, Я.Колас), вобразаў (М.Гарэцкі, Я.Колас, А.Пшчолка, Ядвігін Ш.). Фалькл. паэтыка ў апавяданнях Ядвігіна Ш. дапамагала яму глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых з’яў і чалавечых характараў. Для многіх яго твораў, пададзеных у форме роспаведу пэўнага расказчыка («Заморскі звер», «Важная фіга», «З маленькім білецікам», «Жывы нябожчык», «Чортава ласка» і інш.), характэрна індывідуалізацыя герояў, праз якую выяўляюцца асаблівасці іх светаразумення. Селянін у Ядвігіна Ш. жартуе з сябе (часам апасродкавана), нібыта не разумеючы камізму сітуацый, аб якіх распавядае. У форме літ. анекдота аўтар высмейвае заганы чалавечай натуры («Што сказаў певень», «Шчаслівая»). Легендарныя і казачныя сюжэты, нар. анекдоты пакладзены ў аснову апавяданняў «Мост у Кутох», «Як Кузьма стрэльбу рабіў», аповесці «Прыгоды Панаса і Тараса» В.Ластоўскага.
З развіццём празаічнага эпасу пашыраюцца яго ідэйна-тэматычныя абсягі. Героямі твораў малой прозы становяцца ўжо не толькі сяляне, але прадстаўнікі інтэлігенцыі (М.Гарэцкі), гарадскіх нізоў, рабочыя (Я.Колас, Цётка), местачковай эліты (Я.Колас); шырока прадстаўлены дзіцячыя характары (М.Багдановіч, Я.Колас, Цётка). У апавяданнях таго часу нярэдка з’яўляецца вобраз лірычнага героя, які задумваецца над філас. пытаннямі, на свядомасці якога адбіваюцца эстэтычныя роздумы аўтараў (М.Багдановіч, З.Бядуля, М.Гарэцкі, Ядвігін Ш.). Найб. пашыранай была тэма сялянскага лёсу і ладу жыцця ў бел. вёсцы, праблемы беззямелля, пошукаў выйсця з гаротнага становішча. Такі тэматычны кірунак адлюстравання рэчаіснасці мае драматычнае і гумарыстычнае адгалінаванні. Да першага можна аднесці апавяд. «Пяць лыжак заціркі», «На каляды к сыну» З.Бядулі, «Голад», «Памылка вучонага», «Мінуўшчына» У.Галубка, «У лазні», «Роднае карэнне», «У чым яго крыўда» М.Гарэцкага, «Нёманаў дар», «Малады дубок» Я.Коласа, «З бальнічнага жыцця», «Дуб-дзядуля», «Гаротная» Ядвігіна Ш. і інш. Да сатырычнага адлюстравання сялянскага жыцця звярталіся У.Галубок (апавяд. «Вясковыя астраномы»), К.Каганец («Што кажух, тое не вата»), Я.Колас («Недаступны», «З днеўніка пана Жылака», «Так і трэба ашуканцу», «Дзяліцьба», «Калодка пчол»), Ядвігін Ш. («Важная фіга», «Заморскі звер», «Пазыка»), Цётка («Зваротлівы»). У гэтым тэматычным кірунку выразна вылучаюцца апавяданні пра гаротны лёс сялянскіх дзяцей, дзяцей-сірот, беспрасветнасць і згубнасць жаночага лёсу («Велікодныя яйкі», «Малыя дрывасекі», «Плач пралескаў», «Снілася мне казка», «Маці», «Яе душа», «За тканінай», «Шчасце не ў золаце», «Без споведзі» З.Бядулі; «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» Я.Коласа; «Міхаська» Цёткі; «Шчырае каханне» У.Галубка; «Бярозка», «Гаротная» Ядвігіна Ш.). Сярод вобразаў жанчын з трагічным лёсам прадстаўніцы інтэлігенцкіх колаў, студэнцтва («Красаваў язмін» М.Гарэцкага, «Злачынства» М.Багдановіча, «Зялёнка» Цёткі). Рабочую тэматыку ў бел. прозе пачаў асвойваць Ц.Гартны (апав. «Штрэйкбрэхер»). Рэчаіснасць, напоўненая драматызмам сац. канфліктаў, у яго апавяд. «Велікодная каробка», «Лайдак». У белетрыстыцы таксама паказваецца бюракратызм мясц. чыноўніцтва («Янкава жальба», «У губерню з паперай», «Бабылкіна гора», «Перапіска» А.Пшчолкі).
Вытокі бел. прозы пач. 20 ст. — у паэзіі. Паэтычны, сінтэтычны погляд на жыццё ўласцівы раннім творам З.Бядулі і Я.Коласа. Жанр лірычнай празаічнай мініяцюры, блізкі да вершаў у прозе, увёў у бел. літаратуру З.Бядуля (зб. «Абразкі», 1913). Праблемы інтэлігенцыі і народа, тэма мастацтва і маладых талентаў, якія не маглі развівацца ў тагачасных умовах, у яго апавяд. «На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі». Непаўторным нац. каларытам, разнастайнасцю тэматыкі, мноствам характараў-тыпаў бел. сялян вызначаецца проза Я.Коласа (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Маст. адкрыццём у бел. літаратуры сталі яго алегарычныя апавяд. «Казкі жыцця», напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам. Ідэя вечнасці жыцця, бясконцасці форм яго праяўлення, імкнення чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды прасочваецца ў яго апавяд. «Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш. Пісьменніка хвалявала праблема правоў і абавязкаў чалавека ў грамадстве, дзе «за сталом жыцця» сядзіць «цесная людская сям’я» («Малады дубок»). Бытавыя і сацыяльна-псіхал. яго творы («Соцкі падвёў», «Бунт», «Нёманаў дар») — класічны ўзор у жанры «малой прозы». Майстэрства псіхал. аналізу пісьменніка выявілася ў апавяд. «Васіль Чурыла». Проза Я.Коласа пры яе кампазіцыйнай зграбнасці, сюжэтнай завершанасці насычана каларытнымі дэталямі, канкрэтна-рэалістычным паказам абставін, у якіх дзейнічаюць героі, а таксама дыялогамі, пейзажамі, адметнай настраёвасцю. Новую для бел. літаратуры прытчавую форму, спробу філасофскай прозы даў М.Багдановіч у апавяд. «Апокрыф», «Аб іконніку і залатару». Вызначальнымі для яго становяцца тэмы адухоўленай красы, самаадданага служэння мастака народу (казка «Музыка»), паглыблены псіхалагізм («Злачынства», «Няшчасны выпадак»). Складанай грамадска-сац. і філасофскай праблематыкай, духоўна-інтэлектуальнай змястоўнасцю ўзбагаціў літаратуру М.Гарэцкі. Зборнікам апавяд. «Рунь» (1914) ён пашырыў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне») і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). У яго творах 1914—16 асуджэнне антыгуманнай сутнасці эксплуататарскага грамадства («Маці», «Дзёгаць»), антынар. характару вайны («Літоўскі хутарок», «Генерал»). У апавяд. «Усебеларускі з’езд 1917-га года» ва ўспамінах удзельніка — селяніна са Смаленшчыны Кузьмы — ён перадае атмасферу небывалага патрыятычнага ўздыму людзей, што сабраліся вырашыць лёс роднай зямлі. Разнастайнасць канфліктаў той эпохі, дыялектыка душы і перажыванні людзей з розных грамадскіх слаёў адлюстраваны ў аповесці «Дзве душы» (1919) — своеасаблівым маст. рэпартажы, які выносіў прысуд адмоўным з’явам у палітыцы, паводзінах і свядомасці людзей. Пачатак дакументальнаму жанру ў бел. літаратуры 20 ст. пісьменнік паклаў кнігай дакументальна-маст. запісак «На імперыялістычнай вайне» (1915—19, апубл. 1926), якая стала адным з лепшых антываенных твораў сусветнай літаратуры.
Адна з істотных асаблівасцей апавядання таго перыяду — яго псіхалагічны пачатак, аналітычны зварот да стану душы, да пошуку адказаў на жыццёва важныя пытанні. У многіх творах прысутнічае погляд аўтараў на прыгожае ў жыцці: проза М.Багдановіча («Няшчасны выпадак»), З.Бядулі («Нуда мая», «Вечарам», «Як памру», «У заварожаных казках»), М.Гарэцкага («Красаваў язмін», «Што яно?»), Я.Коласа («Дзеравеншчына», «Сірата Юрка»). У асобных апавяданнях дамінуюць трагічныя абставіны, але ў цэлым яны не закрэсліваюць аўтарскія ідэалы прыгожага. Некаторыя апавяданні М.Гарэцкага пабачылі свет значна пазней, чым напісаны: «Чарнічка» (нап. 1915, апубл. 1917), «Літоўскі хутарок» (адпаведна 1915 і 1920), «Зіма» (адпаведна 1915 і 1918), «Амерыканец» (адпаведна 1916 і 1917), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Асілак» (усе адпаведна 1916 і 1918) і інш. Многія творы, напісаныя М.Гарэцкім у час вайны, былі апублікаваны пераважна толькі пасля рэвалюцыі, таму не маглі непасрэдна ўплываць на развіццё грамадскай свядомасці таго часу.
Сярод буйных празаічных жанраў пач. 20 ст. мемуары («Успаміны» Ядвігіна Ш.), дакументальныя запіскі («На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага), аповесць («Дзве душы», «Ціхая плынь», «Меланхолія» М.Гарэцкага), раман («Золата» Ядвігіна Ш.). Літаратура пач. 20 ст. толькі пачынала адлюстроўваць рэчаіснасць у буйных жанравых формах. Разнастайнасць і багацце прозы назіраюцца найперш у малых яе формах.
Драматургія. Адраджэннебел. драматургіі звязана з ажыўленнем грамадска-культурнага жыцця пасля рэвалюцыі 1905—07. Традыцыі, закладзеныя В.Дуніным-Марцінкевічам, працягвалі Ф.Аляхновіч, І.Буйніцкі, У.Галубок, Я.Купала і інш. Тэатральнае мастацтва Беларусі пачало ўзыходзіць на шлях мэтанакіраванага і прафес. развіцця, аб чым сведчыць, напр., дзейнасць Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1896—1906), Бел. музычна-драматычнага гуртка ў Вільні (1911—16), Гродзенскага т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14) і інш. Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.Купалы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», са стварэннем прафес. тэатра І.Буйніцкага. Бел. драматургі арыентаваліся на напісанне такіх твораў, якія ў далейшым атрымалі б сцэнічны працяг.
У літаратуры пач. 20 ст. прасочваюцца родавыя «перакрыжаванні» эпасу і драмы. Гэта назіраецца, напр., у творчасці М.Гарэцкага (драматычныя абразкі «Атрута», «Гапон і Любачка», драматызаваная аповесць «Антон», усе 1914), Я.Купалы (драматычныя паэмы «Адвечная песня», 1908, «Сон на кургане, 1910), К.Буйло (вершаваныя драматычны абразок «Кветка папараці», драма «Сягонняшнія і даўнейшыя», абодва 1914). Гэтыя творы — своеасаблівыя драмы для чытання, што, аднак, не выключала магчымасці іх пастаноўкі на сцэне. Бел. драму пач. 20 ст. падзяляюць на ўласна драму («Страхі жыцця», «Цені» Ф.Аляхновіча; «У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» К.Каганца; «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), меладраму («Апошняе спатканне», «Ганка», «Бязродны» У.Галубка), камедыю ў розных яе жанравых формах («На Антокалі» Ф.Аляхновіча; «Модны шляхцюк» К.Каганца; «Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), драматызаваную казку («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць» А.Гаруна; «Базылішк», «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Тэматычны дыяпазон бел. драматургіі быў даволі шырокі. Драматургі звярталіся да адлюстравання жыццёвых праблем простага чалавека (Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, К.Каганец, Я.Купала), класавай барацьбы ў перад- і паслярэвалюцыйны перыяды (Ф.Аляхновіч, У.Галубок, М.Грамыка), сатырычнага паказу жыцця шляхты (К.Каганец, Я.Купала), маральна-этычных праблем жыцця вышэйшага саслоўя на Беларусі ў мінулым (К.Каганец), праблем фарміравання духоўнага свету асобы (А.Гарун).
Своеасаблівым пераходным этапам у драматургіі з 19 да пач. 20 ст. была творчасць К.Каганца — аўтара бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», 1910, апубл. 1919) і гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) драм. Папулярнасцю карыстаўся яго вадэвіль «Модны шляхцюк» — адзін з першых твораў нац.тэатр. рэпертуару (паст. ў 1910 Першай бел. трупай І.Буйніцкага, у 1918 Першым т-вам бел. драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). Камедыя выкрывала бел. выраджэнца з яго пагардлівымі адносінамі да ўсяго роднага, а сам «модны шляхцюк» Пранцішак Карчэўшчык стаў адным з папярэднікаў вобраза Мікіты Зносака ў «Тутэйшых» Я.Купалы. Задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы паспяхова вырашаў Я.Купала. У камедыі «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён сатырычна паказвае звычаі і норавы кансерватыўнай шляхты, але дзеянне перарастае ў сацыяльна-бытавы канфлікт з драматычным фіналам. П’еса насычана дасціпным гумарам, іроніяй, танцамі, песнямі, прыпеўкамі, чым набліжаецца да сцэнічнага жарту «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» пісьменнік паглыбіў тэму зямлі, па-новаму, у філасофскім плане асэнсаваў і вобразы сялян, і іх жыццёвыя пазіцыі. Я.Купала па-мастацку дасканала арганізаваў інтрыгу, сцэнічнае дзеянне, стварыўшы ўзоры класічнай нац. драмы.
Вялікі ўклад у развіццё бел. драматургіі пач. 20 ст. зрабілі Ф.Аляхновіч і У.Галубок. Як драматург Ф.Аляхновіч заявіў аб сабе п’есай «На Антокалі» (1914—15), ідылічнай сцэнкай «На вёсцы», сцэнічнай легендай «Бутрым Няміра» (абедзве 1916), драмай з гарадскога жыцця «Манька» (1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925). Разнастайныя паводле зместу, тэматыкі, багацця мастацка-вобразнага ўвасаблення найб. супярэчлівых праблем тагачаснай рэчаіснасці, п’есы Ф.Аляхновіча вызначаюцца шырокім выкарыстаннем фалькл. матэрыялу. У іх паўстае легендарна-казачная мінуўшчына з вечна актуальнымі маральнымі праблемамі («Базылішк», 1917; «Чорт і Баба», 1918), жыццё рабочых з іх рэвалюцыйнымі настроямі, забастоўкамі, дэманстрацыямі («Калісь», 1917), складаная супярэчлівасць грамадскіх, сямейных канфліктаў, што абвастраліся ў эпоху сац. катаклізмаў («Страхі жыцця», 1918; «Цені», 1919). Значнае месца ў тагачасным тэатральным рэпертуары занялі драмы У.Галубка «Апошняе спатканне» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (абедзве 1919). Майстэрства драматурга засведчыла камедыя «Пісаравы імяніны» (1917; ставілася таксама пад назвамі «Хвароба ў добрым здароўі» і «Залёты дзяка»), эфект якой дасягаўся напоўненымі вобразамі, дасціпнымі дыялогамі і вострымі рэплікамі. Яго п’есы вызначаліся сцэнічнасцю, вастрынёй канфліктаў, дакладнасцю аўтарскай пазіцыі. Творы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці, пісалі К.Лейка (п’еса «Снатворны мак», 1912), А.Гарун (зб. «Жывыя казкі», 1920). У іх яны паказалі сябе выдатнымі пісьменнікамі-педагогамі, здольнымі выхоўваць найвышэйшыя маральныя якасці. Над стварэннем нац. рэпертуару працавалі таксама Л.Родзевіч («Блуднікі», 1912), А.Гурло («Любоў усё змагае», 1912), К.Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя», 1914), Я.Колас («Антось Лата», 1917) і інш. У цэлым бел. драматургія пач. 20 ст. мела значныя дасягненні ў адлюстраванні рэчаіснасці і вызначалася глыбокім дэмакратызмам, гуманістычным пафасам, цікавасцю да праблем агульначалавечага і эстэтычнага характару. Жанравае ўзбагачэнне бел. драмы, арыентацыя аўтараў на цеснае супрацоўніцтва з тэатрам у далейшым стала трывалым падмуркам для развіцця бел. драмы і нац. тэатра.
Асаблівасць развіцця бел. літаратуры пач. 20 ст. ў якасна новых зменах: рысы «сялянскасці» і «мужыцкасці» саступілі месца арыстакратычнасці і дэмакратызму. Спецыфічна нацыянальнае ў ёй стала прыкметай агульначалавечай сутнасці. Адраджэнскі пафас бел. літаратуры ўзмацніўся рамант. тэндэнцыямі, экспрэсіўнасцю (М.Багдановіч, З.Бядуля, Я.Купала), паглыбіўся яе духоўны змест. З рамант. скіраванасцю твораў цесна звязана выкарыстанне сімволікі і алегарычных малюнкаў, адметных пераважна фалькл. паходжаннем. Зварот да традыцый вуснай нар. творчасці характэрны для М.Багдановіча, А.Гаруна, Я.Коласа, А.Паўловіча і інш. Вобразы сонца, ночы, зор, веснавога абуджэння прыроды сведчылі пра ўзнікненне новых маст. ідэалаў свабоды, якая ўяўлялася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы. Рысы рэалістычнасці літаратура набывала за кошт паглыблення псіхалагізму, дэталізацыі абставін, цікавасці паэтаў да ўнутранага свету чалавека. Творчасць Ф.Аляхновіча, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, М.Гарэцкага, Я.Коласа, Я.Купалы, В.Ластоўскага і інш. узняла бел. літаратуру да ўзроўню больш развітых літаратур, раскрыўшы багацці духоўнага свету беларуса, паказаўшы яго жыццё, барацьбу супраць сац. бяспраўя і нац. прыгнечання. Умовай паспяховага развіцця тагачаснай літаратуры была арыентацыя на нац. гістарычны вопыт традыцый сусветнай класікі, што дазволіла ёй арганічна ўключыцца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.
У.М.Казбярук, А.М.Макарэвіч.
Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Верш Я.Коласа «Наш родны край» у газеце «Наша доля». 1906.Вокладка кнігі «Курганная кветка» К.Буйло. 1914.Вокладка зборніка апавяданняў «Васількі» Ядвігіна Ш. 1914.Я.Купала сярод членаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ун-та пасля пастаноўкі «Паўлінкі». 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,
грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац.адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.:
Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991;
Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З МАЙСТРО́Ў НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці,
добраахвотнае грамадскае аб’яднанне майстроў розных відаў нар. творчасці і традыц. рамёстваў, мастацтвазнаўцаў, спецыялістаў у галіне нар. мастацтва і маст. рамёстваў. Створаны ў 1992 на Рэсп. канферэнцыі Т-ва майстроў нар. творчасці Беларусі (засн. ў 1991), з 1995 наз.Бел. саюз майстроў нар. творчасці. Мэта — адраджэнне, захаванне і развіццё традыц.нар. мастацтва, узмацненне ўплыву нар. творчасці на духоўнае развіццё грамадства, спрыянне пераемнасці традыцый, прапаганда творчасці нар. майстроў і творчых калектываў. Вышэйшы кіруючы орган — Рэсп. канферэнцыя, выканаўчы — праўленне. Канферэнцыі адбыліся ў 1995, 1997, 1999, 2001. Старшыня праўлення — Я.М.Сахута (з 1992). Арганізуе выстаўкі, конкурсы, фестывалі і інш. формы прапаганды нар.маст. творчасці. Уваходзіць у Бел. канфедэрацыю творчых саюзаў. На 2001 у саюзе 383 чл.
Члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАЛОГІЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ. БЕЛАРУСКАЯ МАДЭЛЬ РАЗВІЦЦЯ
Ідэалогія бел. дзяржавы — гэта сацыяльна значная, тэарэтычна аформленая сістэма ідэй і поглядаў, якія фарміруюць пэўны спосаб грамадскага сацыяльна-групавога мыслення, абараняюць у абавязковай для ўсяго грамадства форме інтарэсы і каштоўнасці дзяржавы, вызначаюць мэты, шляхі і сродкі іх рэалізацыі з дапамогай дзяржавы.
Тэрмін «ідэалогія» ўвёў у навук. ўжытак франц. філосаф А.Д. дэ Трасі ў 1796. У яго разуменні ідэалогія — гэта навука пра агульныя законы паходжання чалавечых ідэй з пачуццёвага вопыту, якая павінна ляжаць у аснове ўсяго комплексу навук аб прыродзе і грамадстве. Яе гал. прынцыпы павінны складаць аснову палітыкі. У далейшым паняцце «ідэалогія» ў розных палітыкаў і тэарэтыкаў набывала як пазітыўную, так і негатыўную афарбоўку. К.Маркс і Ф.Энгельс атаясамлівалі ідэалогію з перавернутымі формамі свядомасці, уяўнай рэальнасцю, ілюзіямі. У.І.Ленін, узвёўшы марксізм у ранг ідэалогіі пралетарыяту, надаў ёй статус абавязковага і непарушнага патрабавання пры выпрацоўцы паліт. рашэнняў. Пазней намаганнямі многіх мысліцеляў, інстытутаў, навук. цэнтраў даследаванні ў гэтай галіне прадоўжаны, зроблена тлумачэнне, вызначэнне ролі ідэалогіі ў паліт. працэсе. У ходзе навукова-тэхн. рэвалюцыі значнае развіццё атрымалі ідэі дэідэалагізацыі грамадства. На змену ідэалаг. перавагам прапанавана прыярытэтная роля навукова-тэхн. інтэлігенцыі, арганізатараў вытворчасці. У 1970-я г. ідэі ідэалагізацыі (рэідэалагізацыі) набылі новы сэнс. Ва ўмовах інфармац. грамадства з яго арыентацыяй перш за ўсё на асобу гэта тэндэнцыя стала вызначальнай. Распад СССР нанёс моцны ўдар па ідэалогіі, якая панавала на значнай частцы планеты. Але ён зусім не паўплываў на асновы ідэалаг. забеспячэння ўсіх сфер грамадскага і дзярж. жыцця. Слабай аказалася не столькі ідэалогія, колькі дагматызм, застой, устарэласць падыходаў, закасцянеласць думкі, што вызначалі яе.
У наш час ідэалогія становіцца ўсё больш абавязковым кампанентам дзяржавы, эфектыўным інструментам улады. Ад яе месца ў паліт. працэсе ў значнай ступені залежыць эфектыўнасць механізму ўладных рашэнняў. Жыццё і практыка дзярж. кіравання пацвярджаюць, што стабільнасць у дзяржаве і грамадстве нельга звязваць толькі са сферай эканомікі, валюты, грашова-крэдытных адносін, вырашэннем сац. праблем. Усё больш істотнае значэнне набываюць выразна сфармуляваныя ідэалаг. прынцыпы і патрабаванні, у якіх людзі бачаць сваю ролю, усведамляюць свае паліт. інтарэсы, імкненні і ў адпаведнасці з гэтым вызначаюць сваю жыццёвую пазіцыю і месца ў грамадстве. Ідэалогія дапамагае рэальна звяраць кожны крок дзяржавы па крытэрыях паступальнага руху планеты, пастаянна мець на ўвазе ўсе састаўныя часткі гэтага няпростага працэсу. Ідэалогія становіцца не толькі неабходнай і абавязковай для ўсіх краін, але і адбываецца аптымізацыя ўсіх яе складальнікаў і характэрных рыс, становяцца агульнымі яе функцыі: тэарэтыка-пазнавальная (дазваляе вызначаць аб’ектыўныя тэндэнцыі развіцця, рэальна ацэньваць ідэалаг. сітуацыю); інтэграцыйная (забяспечвае пераемнасць вопыту і базісных каштоўнасцей); селекцыйная (дае магчымасць зрабіць неабходны выбар); матывацыйная (прымушае да дзеяння); арыентацыйная (вызначае сістэму сэнсаў і арыентацый дзеяння); мабілізацыйная (мабілізуе на выкананне сац.-паліт. праграм і мэт); дэмпферная (садзейнічае зняццю сац. напружанасці); выхаваўчая (вызначае мэты і сродкі выхавання); інавацыйная (садзейнічае станаўленню сац. каштоўнасцей і норм).
Як сістэма паліт., прававых, маральных поглядаў і ідэй ідэалогія выпрацоўвае ў людзей неабходныя грамадству і дзяржаве каштоўнасныя арыенціры, фарміруе пэўныя перакананні, валявыя якасці, заахвочвае людзей да свядомага выканання пастаўленых задач, фіксуе і адлюстроўвае асн. тэндэнцыі магчымага развіцця дзяржаўнасці. Яна выхоўвае грамадзян, дапамагае ім арыентавацца ў складаным акружэнні, выпрацоўвае ў іх вышэйшую сістэму каштоўнасцей, дапамагае ў захаванні пазітыўных гіст., культ., духоўных традыцый; выступае ў якасці сістэмы дзеянняў (скіраваны на забеспячэнне жаданага ўспрыняцця людзьмі стратэг. мэт дзяржавы і грамадства), якая надае сэнс эканам., сац. і паліт. аспектам жыцця, апраўдвае іх, вызначае неабходныя спосабы і стымулы іх актывізацыі. Важным патрабаваннем у выпрацоўцы неабходнай дзяржаве і грамадству ідэалогіі з’яўляецца вызначэнне і вылучэнне іх базісных мэтавых каштоўнасцей: сац. парадку (прадугледжваюць адказнасць дзяржавы і грамадзяніна на шляху дасягнення ўсеаг. даброт); эканам. характару (базіруюцца на роўнасці і разнастайнасці форм уласнасці, забеспячэнні высокай выніковасці ў сферы эканомікі і гаспадарання); роўнасці ўмоў і магчымасцей для ўсіх грамадзян; свабоды (забяспечваюць духоўна-маральнае развіццё ўсіх грамадзян); сац. развіцця (асабліва неабходныя ў ходзе развіцця чалавечага патэнцыялу). Базіруючыся на гэтых каштоўнасцях, а таксама на нац. інтарэсах, ідэалогія знаходзіць сваё змястоўнае ўвасабленне ў абгрунтаванні пэўнай формы паліт. улады, дзейнасці яе інстытутаў. Яна дае ўяўленне пра дзярж. лад, метады і сац.-эканам. сродкі пераўтварэнняў, фарміруе грамадскія ідэалы, абгрунтоўвае іх патрэбнасць і значнасць, вызначае эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт, механізмы ўладных пераўтварэнняў, садзейнічае аб’яднанню людзей у адзінае сац. цэлае.
Асн. палажэнні ідэалогіі бел. дзяржавы замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта — дзярж. суверэнітэт краіны, унітарны характар бел. дзяржавы, сацыяльна арыентаваная скіраванасць эканомікі, забеспячэнне рэальных гарантый правоў і свабод грамадзян, прынцып вяршэнства ўлады, народаўладдзе, справядлівасць, салідарнасць і партнёрства ў адносінах паміж рознымі сац. сіламі, верацярпімасць і свабода сумлення. Канстытуцыйныя асновы, што вызначаюць змест ідэалогіі, базіруюцца на сукупным духоўным вопыце народа, яго нац. свядомасці, сталых формах жыцця, звычаях і сац.-маральных каштоўнасцях, выпрацаваных на працягу многіх стагоддзяў духоўна-культ. і агульнапаліт. гісторыі і асэнсаваных у адпаведнасці з сучаснымі ўмовамі функцыянавання дзяржавы. Сучаснасць патрабуе таксама выразнага вызначэння неабходных каштоўнасцей асобы як носьбіта і гал. іх спажыўца. Сярод іх: светапоглядныя (гуманізм, патрыятызм, калектывізм), сэнсажыццёвыя (даюць уяўленні пра дабро, зло, шчасце, сэнс жыцця), універсальныя (тычацца жыцця, здароўя, дабрабыту, бяспекі, адукацыі, прафесіі, сямейных і родавых адносін), дэмакратычныя (умешваюцца ў сферу свабоды слова, сумлення, удзелу ў фарміраванні органаў улады і кіравання, нац. суверэнітэту), грамадскага прызнання вынікаў працы і забеспячэння, міжасобасных зносін у абставінах сумленнасці, бескарыслівасці і добразычлівасці. Гэта ўзаемазвязаныя працэсы, якія ў наш час набываюць усё большае значэнне пры іх комплекснасці, сістэмным выкарыстанні.
Гал. элементам пры вызначэнні асноў ідэалогіі дзяржавы выступае здаровая і квітнеючая эканоміка, якая забяспечвае годнае жыццё народа, з’яўляецца важнейшай умовай дасягнення паліт. стабільнасці ў грамадстве, міру і спакою ў дзяржаве. Эканоміка абслугоўваецца людзьмі і трымаецца на людзях з іх інтарэсамі і поглядамі. Канчатковая мэта ўсякага гаспадарання вызначаецца індывідуальнымі патрэбнасцямі людзей. У апошні час атрымала прызнанне бел. мадэль грамадска-паліт. і эканам. развіцця, якая з’яўляецца патрэбай гіст. абставін і часу, вынікае з сусв. і айч. вопыту. Па сваім змесце гэта комплексная, даволі складаная з’ява, што азначае стварэнне і ідэалаг. падтрыманне сацыяльна актыўнай эканомікі, якая забяспечвае высокую адаптацыю да зменлівых умоў, выяўляецца найперш ва ўзроўні канкурэнтаздольнасці бел. прадпрыемстваў. Бел. мадэль развіцця побач з інтэнсіфікацыяй эканомікі і павышэннем узроўню жыцця грамадзян, вырашэннем іх сац. праблем забяспечвае дасягненне гармоніі паміж людзьмі, грамадствам і прыродай, ліквідуе супярэчнасці паміж рэгіёнамі з розным узроўнем развіцця, паміж багатымі і беднымі, сучасным і будучым пакаленнямі, існуючымі стэрэатыпнымі патрэбнасцямі людзей і іх разумнымі патрэбамі. Яна прадугледжвае кардынальную экалагізацыю гасп. дзейнасці, уключае новыя прыярытэты ў дэмаграфічнай палітыцы, захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, рацыяналізацыю іх спосабу жыццядзейнасці і побыту, сац. абароненасць, адраджэнне духоўнасці ў яе свецкай і рэліг. формах, апераджальнае развіццё навукі, адукацыі, культуры і інш. Важнай умовай паспяховай рэалізацыі яе складальнікаў з’яўляецца і тое, што эканам. і сац. праблемы вырашаюцца на фоне павышэння рэгулявальнай ролі эфектыўнай дзяржавы, дзе рыначныя адносіны маюць не толькі кіруемы з боку дзяржавы, але і планава падрыхтоўчы характар. Бел. мадэль развіцця прадугледжвае таксама меры па ўзмацненні і расшырэнні дэмакр. асноў кіравання дзяржавай, усімі сферамі яе дзейнасці, вызначаны парадак улады, адбору людзей у яе структуры і кантролю з боку грамадзян за іх дзейнасцю. Эканам. і ідэалаг. сродкамі неабходна стварыць моцную эканоміку, магутную прававую дзяржаву, сфарміраваць грамадз. супольнасць, забяспечыць, каб у навакольным свеце месца краіны было важкім, а жыццё народа — дастойным і забяспечаным. У бел. мадэлі развіцця належнае месца займаюць пытанні выпрацоўкі новага светапогляду і пошуку прынцыпова новых філас. і культуралаг. арыентацый. Ідэалаг. асновы тут складаюць фундамент адзінства, унутр. цэласнасці і адначасова ўтрымліваюць мэтанакіраваную праграму сац. жыццядзейнасці народа, грамадства і дзяржавы. Ідэалогія, уваходзячы ў паліт. свядомасць людзей, адлюстроўваючы іх інтарэсы і сац. жыццё, выконвае важную мабілізацыйную ролю, выступае ў якасці пабуджальнага матыву паліт. дзеяння.
Літ.:
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Система образования Республики Беларусь в цифрах, 1940—1999. Мн., 1999;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;
Социально-политическая ситуация Беларуси: проблемы и перспективы: По материалам социол. мониторинга: Сб. науч. тр.Мн., 2000;
Образование в Республике Беларусь: Стат. сб. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Политические партии: Беларусь и современный мир. Мн., 2002;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2003;
Республика Беларусь в цифрах: Краткий стат. сб. Мн., 2003;
Шинкарев В.В., Вартанова Л.В. Идеология государственности и общественного развития Республики Беларусь. М., 2003;
Яскевич Я.С.Основы идеологии белорусского государства. Мн., 2003;
Бабосов Е.М. Основы идеологии современного государства. Мн., 2004;
Михеев В.М. Идеология: размышления и выводы. Мн., 2004. І.І.Гвардзееў (народная гаспадарка), Э.С.Ярмусік (грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё), Н.У.Васілеўская (адукацыя, навука), В.В.Шынкароў (ідэалогія беларускай дзяржавы, беларуская мадэль развіцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАГО́РЫЯ (Црна Гора), Рэспубліка Чарнагорыя (Република Црна Гора),
рэспубліка ў складзе Сербіі і Чарнагорыі (гл. Дадатак). Пл. 13,8 тыс.км². Насельніцтва 680,2 тыс.чал. (2000), пераважна чарнагорцы (70%), сербы, баснійцы, албанцы. Сталіца — г. Падгорыца. Размешчана на Пд Дынарскага нагор’я (выш. да 2522 м, г. Бобатаў-Кук). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы Адрыятычнага м. і ўздоўж паўн. ўзбярэжжа воз. Шкодэр (Скадарскае). Карысныя выкапні: баксіты, свінцова-цынкавыя руды, буры вугаль і інш. Клімат умерана кантынентальны, на ўзбярэжжы — міжземнаморскі. Ападкаў 1600—1800 мм за год, каля ўзбярэжжа да 3000 мм. Найб. рэкі Тара і Морача. Схілы гор укрыты хваёвымі і мяшанымі лясамі, на ўзбярэжжы — міжземнаморская хмызняковая расліннасць. Нац. паркі: Біёградска-Гора, Дурмітар, Лоўчан. Гал. галіны прам-сці: горназдабыўная, электраэнергет., металург., дрэваапр., машынабудаванне. Здабыча баксітаў (каля г. Нікшыч), свінцова-цынкавых руд (раёны гарадоў Плеўля і Іванград), бурага вугалю, солі. Каскад ГЭС на р. Зета, ЦЭС у Плеўлі. Чорная металургія (Нікшыч), выплаўка алюмінію (Падгорыца); дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, мэблевая (Мойкавац, Іванград, Падгорыца), эл.-тэхн. (Цэтыне) прам-сць і суднарамонт (Котар). Ёсць тэкст., харч., у т. л. рыбакансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на горна-пашавай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых культур і садоўніцтве. Гадуюць авечак, буйн. раг. жывёлу, птушак. Пасевы збожжавых (кукуруза, пшаніца, ячмень) і тэхн. (тытунь) культур, бульбы, агародніны, пераважна на прыазёрнай раўніне. Садоўніцтва (цытрусавыя, інжыр, гранат, міндаль, сліва). Насаджэнні аліў і вінаграднікаў. Рыбалоўства. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Марскія парты: Бар і Котар. Міжнар. аэрапорт у Падгорыцы. Узбярэжжа — курортная зона. Турызм. Прыродны і культ.-гіст. рэгіён Котар і нац. парк Дурмітар уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Ч. насялялі ілірыйцы. У 1 ст. да н.э. яны заваяваны Стараж. Рымам, з 1 ст.н.э.тэр. Ч. у складзе рым.прав. Далмацыя, з 297 — прав. Прэвалітана. З 493 частка тэр. Ч. ў складзе дзяржавы остготаў, з 536 — Візантыі. У 7 ст. тут рассяліліся славяне (сербскае племя дуклянаў), якія ў 9 ст. ўтварылі княства Дукля і прынялі хрысціянства ўсх. абраду. У часы праўлення кн. Уладзіміра (каля 970—1016] тэр. Ч. трапіла пад уладу Балгарыі, з 1018 — зноў Візантыі, панаванне якой скінуў кн. Ваіслаў [1031—51]. З 1077 Дукля (з 11—12 ст.наз. таксама Зета) — каралеўства. Кароль Бодзін [каля 1082 — каля 1101] стварыў Зецкую дзяржаву, куды ўключыў усе сербскія землі. З канца 12 ст. да 1366 Зета ў складзе сербскай дзяржавы Няманічаў. У 1361—1421 у Ч. правілі кн. Балшычы, пры якіх Зета вызвалілася з-пад улады Няманічаў (1366), потым да 1528 дынастыя Чарнаевічаў. Пад націскам туркаў (з канца 14 ст.) б.ч. насельніцтва Зеты перасялілася ў маладаступныя Чорныя горы, т.зв. Верхнюю Зету, якая з сярэдзіны 15 ст. пачала наз. Чарнагорыяй (пазней назва перайшла на ўсю краіну). У 1396—1443 прыморскімі гарадамі Ч. авалодала Венецыя. У 1470-я г. туркі заваявалі раўнінную ч. Ч., у 1496 падпарадкавалі і Верхнюю Зету. У 1499 Ч. афіцыйна ўключана ў Асманскую імперыю як асобны санджак (адм. адзінка) на чале з Чарнаевічам Скендэр-бегам, які прыняў іслам. Мусульманства прынялі і многія інш. чарнагорскія феадалы, т.зв. патурчэнцы. У 15—18 ст. Ч. фактычна ўяўляла сабой родаплемянное грамадства са слаба развітымі феад. адносінамі. Плямёны падзяляліся, на брацтвы, брацтвы на вял. сем’і — задругі, якім належала значная ч. зямлі. Улада знаходзілася ў руках плем. старшын — кнезаў і ваяводаў. У гэтых умовах гал. і амаль адзінай аб’яднаўчай сілай была правасл. царква. Пад яе кіраўніцтвам у 17 ст. ў Ч. склалася феад.-тэакратычная дзяржава на чале з мітрапалітам-уладыкам (з 1700 дынастыя Негашаў). З краіны былі выгнаны патурчэнцы. Чарнагорцы ваявалі супраць туркаў на баку Венецыі (1645—69) і «Свяшчэннай ліг» (1683—98), удзельнічалі ў рус.-тур. войнах 18—19 ст. на баку Расіі, з якой устанавілі цесныя сувязі (1711). У выніку венецыяна-тур. вайны 1714—18 да Венецыі адышлі прыморскія землі Ч. Перамога чарнагорцаў над туркамі ў бітве пры сяле Крусы (1796) паклала пачатак фактычнай незалежнасці Ч., якая перастала плаціць падаткі Асманскай імперыі. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў Ч. адбывалася цэнтралізацыя ўлады, уведзены нормы бурж. права, умацавалася яе міжнар. становішча. У час напалеонаўскіх войнаў яна выступала на баку Расіі. З 1852 Ч. — спадчыннае свецкае княства на чале з дынастыяй Негашаў.
У выніку сербска-чарнагорска-турэцкіх войнаў 1876—78 і рус.-тур. вайны 1877—78 Ч. стала юрыдычна незалежнай дзяржавай (рашэнні Берлінскага кангрэса 1878), пашырыла свае межы і зноў атрымала выхад да мора. З 1910 Ч. — каралеўства. Удзел у Балканскіх войнах 1912—13 дазволіў Ч. значна пашырыць тэр. У 1-й сусв. вайне Ч. ўдзельнічала на баку Антанты, у 1916—18 яна акупіравана аўстра-венг. войскамі. Пасля вызвалення ў ліст. 1918 дынастыя Негашаў адхілена ад улады, 1.12.1918 Ч. ўвайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія) і часова перастала існаваць як дзярж. ўтварэнне. У 1941 яе тэр. акупіравана італьян. войскамі, вызвалена нар.-вызв. арміяй Югаславіі ў канцы 1944. З 1945 Ч. Нар., з 1963 Сацыяліст. рэспубліка ў складзе Югаслаўскай Федэрацыі. Пасля яе распаду (1991) яна разам з Сербіяй 27.4.1992 утварыла новую Саюзную Рэспубліку Югаславію.
На Ч. разам з Сербіяй былі накладзены міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, хоць яна і не ўдзельнічала ў ваен. канфліктах на тэр. Босніі і Харватыі. Гэта паспрыяла нарастанню ў Ч. тэндэнцыі да размежавання з Сербіяй. Прэзідэнт М. Джуканавіч (са студз. 1998) паслядоўна выступае за фактычную незалежнасць краіны. У вер. 2000 большасць чарнагорцаў байкатавала выбары ў Саюзную Скупшчыну Югаславіі. 14.3.2002 падпісаны чарнагорска-сербскі дагавор аб перабудове ўзаемаадносін паміж Сербіяй і Ч. 4.2.2003 парламент Югаславіі прыняў Канстытуцыйную хартыю аб стварэнні новай дзяржавы — супольніцтва Сербіі і Чарнагорыі (СіЧ) як цалкам раўнапраўных дзяржаў.
З паліт. партый Ч. найб. уплывовыя Дэмакр. партыя сацыялістаў Ч. (лідэр Джуканавіч), Нар. партыя Ч. Прафсаюзы ўваходзяць пераважна ў Канфедэрацыю аўт. прафсаюзаў СіЧ і Федэрацыю незалежных прафсаюзаў СіЧ.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Ч. выяўлены неалітычная кераміка, паселішчы ілірыйцаў, рэшткі стараж.-грэч. і рым. гарадоў. У перыяд візант. панавання (6 ст.) традыцыі ант. культуры захоўваліся ў спрошчаным выглядзе. У сярэдневякоўі на мастацтва Ч. ўплывалі культуры Італіі і Далмацыі, Сербіі і Візантыі. У 9—10 ст. узводзілі 1-нефавыя і 3-конхавыя цэрквы; у 12—13 ст. — 3-нефавыя раманскія базілікі з плоскай драўлянай столлю, 1-нефавыя з паўцыркульным скляпеннем, а таксама пад уплывам сербскай арх. школы Рашкі (царква манастыра Морача, 1252). Рысы ант. традыцый праяўляліся ў разьбе па каменю (гал. чынам па мармуры). У 14—16 ст. у пабудовах прыморскіх раёнаў гатычныя дэталі спалучаліся з раманскімі формамі. У манум. жывапісе 11—12 ст. адчувальны ўплыў каралінгскага адраджэння. Мініяцюры 13—14 ст. адметныя спалучэннем элементаў раманскага і гатычнага стыляў з рысамі візант. іканаграфіі. Фрэскі царквы ў манастыры Морача блізкія да сербскага сценапісу. Адраджэнне і барока выявіліся ў дэталях асобных пабудоў, што захоўвалі раманскія і візант. традыцыі (царква манастыра Савіна каля г. Херцагнаві, 18 ст., арх. Н.Фарэтыч). Сярод жывапісцаў Л.М. і В.Дабрычэвічы (15—16 ст.), Дж.Мітрафанавіч, Т.Каколя (17—18 ст.). Жывапісцы сям’і Дзімітрыевічаў-Рафайлавічаў спалучалі познавізант. традыцыі з асобнымі барочнымі прыёмамі. Пасля 1878 у гарадах будавалі ў духу ампіру. З рэгулярнай планіроўкай узведзены г. Падгорыца. Грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. ў стылях эклектыкі і неавізантыйскім. Жылыя дамы пераважна з нечасанага каменю з чарапічнымі дахамі і невял. аконнымі праёмамі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў выяўл. мастацтве сфарміраваўся нац. кірунак. У 1920—30-я г. М.Мілунавіч і П.Лубарда працавалі ў духу постімпрэсіянізму, вылучаліся работы скульптара Р.Стыёвіча. Пасля 2-й сусв. вайны распрацоўваліся планы гарадоў, на Адрыятычным узбярэжжы рэканструяваліся старыя і ўзводзіліся новыя добраўпарадкаваныя гарады з курортнымі комплексамі (асабліва пасля землетрасення 1979). У выяўл. мастацтве вылучаліся нац. пейзажы і нацюрморты Мілунавіча, А.Прыйіча, гіст. кампазіцыі Лубарды. У пошуках маладых мастакоў суіснуюць рэаліст. традыцыі і тэндэнцыі мадэрнізму.
Музыка. Геагр. ізаляванасць Ч. спрыяла захаванню самабытнасці нац.муз. фальклору да 19 ст., але і перашкаджала развіццю прафес. музыкі. Да пач. 20 ст.асн. жанры — нар. песні, у т. л. эпічныя, гераічныя (у суправаджэнні пар. муз. інструмента гусле), лірычныя, абрадавыя, у т. л. жаночыя песні-плачы тужбаліцы. Пашыраны нар. танец ора (разнавіднасць кола). У канцы 19 ст. ўзніклі аматарскія хар. т-вы, у т. л. Рамесніцкае (1904; у 1909 на яго аснове створаны Нац.т-р у г. Цэтыне). Першыя прапагандысты зах.-еўрап. класічнай музыкі — ваен. аркестры. Значная роля ў развіцці музыкі канца 19 — пач. 20 ст. чэха Р.Толінгера, італьянца Д. дэ Сарне Сан-Джорджыо, нац. кампазітараў-аматараў Ш.Агненавіча, М.Негаша. Першы прафес. кампазітар Ч. — І.Іванішавіч, аўтар музыкі Нац. гімна, арк. і фп. п’ес, маршаў і інш. У 1920-я г. адкрыты спец.муз.навуч. ўстановы ў Цэтыне і Падгорыцы. Сярод муз. дзеячаў 1-й пал. 20 ст.: хормайстар і педагог А.Іванавіч; кампазітар, фалькларыст, хормайстар І.Мілошавіч. З 1940-х г. музыка Ч. развівалася ў межах югасл. музыкі. Створаны сімф. аркестр і мяшаны хор радыё ў Цітаградзе (1949), дзярж. ансамбль нар. песні і танца «Ора». Арганізаваны т-вы кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў, саюз культ.-маст. т-ваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НЕ,
найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб’яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання. Размаўляюць на мовах слав. групы (гл.Славянскія мовы) індаеўрапейскіх моў. Падзяляюцца на 3 групы: усходнія (беларусы, рускія, украінцы), заходнія (палякі, чэхі, славакі, лужычане) і паўднёвыя (балгары, сербы, славенцы, харваты, чарнагорцы, баснійцы-мусульмане, македонцы). Складаюць асн. частку насельніцтва Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Югаславіі; жывуць і ў Германіі. Агульная колькасць слав. народаў — каля 300 млн.чал. (сярэдзіна 1990-х г.).
Гісторыю стараж. С. вывучаюць паводле археал., антрапалагічных, лінгвістычных і этнаграфічных даных, звестак стараж.-грэчаскіх, рымскіх і візантыйскіх гісторыкаў (Пліній Старэйшы, Тацыт, Пталамей, Іардан, Пракопій і інш.), раннесярэдневяковых летапісаў і хронік. Найб. старажытныя гіст. звесткі пра С., вядомых тады пад імем венедаў, адносяцца да 1—2 ст.н.э. З сярэдзіны 6 ст. найменне «С.» неаднаразова сустракаецца ў працах Пракопія, Іардана і інш. Этнонім «С.» выводзяць ад «слова» (г. зн. «славяне» — «тыя, хто разумее словы, мову», у адрозненне ад «нямых» — немцаў).
Звесткі мовазнаўства, у т. л. гідранімікі, звязваюць стараж. С. з шырокай вобласцю Цэнтр. і Усх. Еўропы, ад Эльбы і Одэра на З, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на У. Паўн. іх суседзямі былі германцы і балты, якія разам са С. складалі паўн. групу індаеўрапейскіх плямён; усх. суседзямі — зах.-іранскія плямёны (скіфы, сарматы), паўднёвымі — фракійцы і ілірыйцы, заходнімі — кельты. Пытанне пра найстаражытнейшую «прарадзіму» С. застаецца дыскусійным.
Паводле меркавання многіх археолагаў, стараж. С., таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробчых плямён шнуравой керамікі культуры, што на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. з Паўн. Прычарнамор’я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтр., Паўн. і Усх. Еўропе. У наступныя часы даследчыкі прасочваюць С. сярод носьбітаў некалькіх генетычна звязаных археал. культур, у т. л. тшцінецкай культуры (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), пашыранай паміж Віслай і Сярэднім Дняпром, лужыцкай культуры (15—4 ст. да н.э.) і паморскай культуры (7—2 ст. да н.э.) на тэр. Польшчы, зах. раёнаў Беларусі і Украіны. Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры (10—7 ст. да н.э.) у Падняпроўі, неўраў і скіфаў-земляробаў (паводле Герадота). Існуе меркаванне пра сувязь са С. мілаградскай культуры (7—3 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры, якая існавала з канца 1-га тыс. да н.э. на Прыпяці і ў Сярэднім Падняпроўі; яе пераемніцу кіеўскую культуру (2—5 ст.н.э.) звязваюць з продкамі ўсх. славян.
У 2—4 ст.н.э. ў выніку руху на Пд германскіх плямён (готаў, гепідаў) цэласнасць тэрыторыі С. парушана, што, верагодна, паўплывала на адасабленне заходніх і ўсходніх С. У 3—4 ст. у Сярэднім Падняпроўі і Паўн. Прычарнамор’і жылі плямёны, якія пакінулі чарняхоўскую культуру; мяркуецца, што ў яе складзе быў слав. элемент. Бясспрэчна славянскай была пражская культура, якая ў 5—7 ст. займала вялізную тэр. паміж Дняпром, Прыпяццю, Эльбай і Дунаем.
У канцы 5 ст., пасля падзення дзяржавы гунаў, пачалося прасоўванне С. на Пд (да Дуная, у Паўн.-Зах. Прычарнамор’е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі (гл.Візантыя). Тады плямёны С. падзяляліся на 2 групы — антаў (урываліся на Балканскі п-аў праз нізоўі Дуная, носьбіты пянькоўскай культуры) і склавінаў (нападалі на візантыйскія правінцыі з Пн і ПнЗ, носьбіты пражскай культуры). У 2-й пал. 1-га тыс. С. занялі Верхняе Падняпроўе і яго паўн. перыферыю, што раней належалі ўсх. балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўд.-зах. узбярэжжы Балтыйскага мора (палабскія С.) і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. У 3-й чвэрці 1-га тыс.слав. элементы прасочваюцца ў банцараўскай культуры, калочынскай культуры, доўгіх курганах і інш. помніках лясной зоны Усх. Еўропы. С. распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ужо ў 6 ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і інш.
У выніку рассялення С. іх этнічная і моўная супольнасць паступова разбуралася, што прывяло да ўтварэння 3 слав. груповак — заходняй, усходняй і паўднёвай. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых слав. дзяржаў (Першае Балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Карантанія, Кіеўская Русь і інш.) у канцы 1-га тыс. пачалі фарміравацца сярэдневяковыя слав. народнасці: палякі і чэхі, крыху пазней — славакі (зах. С.), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. С.). Ва ўсх. С. ішоў працэс фарміравання стараж.-рус. народнасці. У наступныя стагоддзі тэр. рассялення С. зведала істотныя змены. Мадзьярскія (венгерскія) плямёны, якія ў канцы 9 ст. прасунуліся ў даліну сярэдняга Дуная, адрэзалі зах. С. ад паўднёвых, пры гэтым частка слав. насельніцтва Паноніі асімілявана венграмі. Тэрыторыя зах. С. скарачалася пад націскам немцаў, якія знішчылі або асімілявалі амаль усіх палабскіх і паморскіх С. (акрамя лужычан і кашубаў); палякі на Пн былі ў значнай меры адрэзаны ад Балтыйскага мора, а на Пд, дзе немцы пранікалі ў Сілезію, апынуліся адмежаванымі ад чэхаў. Немцы занялі і частку чэшскіх зямель. Скарацілася і тэрыторыя паўд. С. Большая іх частка на Пелапанескім п-ве асімілявана грэкамі. Ішоў працэс асіміляцыі аўстрыйцамі карынтыйскіх славенцаў. З 9—10 ст. сярод С. пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Браты Кірыла і Мяфодзій распрацавалі літургію на слав. мове, азбуку (глаголіцу), зрабілі пераклад некаторых рэліг. кніг. У большасці паўд. С. і на Русі зацвердзілася хрысціянства ўсх. абраду, у астатніх С. — заходняга. У 10—11 ст. аформіліся раннефеадальныя манархіі ў палякаў, чэхаў, харватаў, у 12 ст. — у сербаў. У 12—13 ст. этнічнае і паліт. развіццё С. затарможана і нават перапынена знешнімі фактарамі: мангола-татарскім нашэсцем на Русь, нападамі візантыйцаў і венграў на балканскіх С. (ужо ў 1-й пал. 11 ст. яны падпарадкавалі славакаў, у канцы 11 ст. — харватаў). У 2-й пал. 14 ст. пачалося наступленне туркаў, якія занялі тэрыторыю балгар і сербаў, прымусілі частку сербаў перасяліцца з т. зв. Старой Сербіі на Пн у вобласць Ваяводзіна. Частка балканскіх С. прыняла мусульманства.
У 1348 у Празе заснаваны першы на слав. землях ун-т. Каля 1470 у г. Пльзень (Чэхія) надрукавана 1-я кніга на чэшскай мове. 1-я кніга глагалічнага шрыфту надрукавана каля 1483 (як мяркуюць, у г. Косцін, Харватыя), кірылічнага шрыфту — у 1491 у Кракаве. Ва ўсх. С. 1-ю кнігу выдаў Ф.Скарына ў Празе ў 1517. Заняцце ў 1526 Габсбургамі трона ў Празе вярнула Чэхію пад нямецкі ўплыў, краіна зноў увайшла ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Ва ўсх. С. у 13 ст. ў выніку мангола-татарскага нашэсця многія паўд. і паўд.-ўсх. вобласці абязлюдзелі. Зах.дзярж. ўтварэнні (княствы) усх. С. з 13—14 ст. аб’яднаны ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У ходзе барацьбы з Залатой Ардой і татарскімі ханствамі, што ўзніклі пасля яе распаду, у выніку ўзмацнення Маскоўскага вялікага княства з 15 ст. аднавілася засяленне С. паўд.-ўсх. абласцей. У гэты час актывізаваўся і працэс фарміравання ўсх.-слав. народнасцей — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пасля заваявання ў 16 ст. Казанскага і Астраханскага ханстваў рускія пашырылі тэрыторыю свайго рассялення, прасунуліся ў Паволжа, Прыуралле і далей — у Сібір. Украінцы пасля вызвалення іх зямель ад татара-манголаў, асабліва пасля падзення Крымскага ханства (канец 18 ст.) засялялі прычарнаморскія стэпы і разам з рускімі — стэпавыя і перадгорныя раёны Паўн. Каўказа. Этнічная тэрыторыя беларусаў пашыралася ў паўн.-зах. напрамку за кошт асіміляцыі літоўскага насельніцтва. Ператварэнню Расіі ў магутную еўрапейскую дзяржаву садзейнічала імперская палітыка Пятра I [1682—1725] і Кацярыны II [1762—95]. У выніку заняпаду Рэчы Паспалітай яе землі ў 1772—95 былі захоплены і падзелены паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. На мяжы 18—19 ст. адзінай незалежнай слав. дзяржавай засталася Расійская імперыя. Слав. народы знаходзіліся пад нямецкай (Прусія, Аўстрыя), турэцкай і рас. уладай. Адраджэнне ў 19 ст.нац. самасвядомасці слав. народаў і ідэі іх моўна-культурнай супольнасці, якую прапагандавалі гал.ч. чэхі і славакі (Я.Колар і інш.), а таксама ажыўленне нац.-вызв. рухаў на Балканах спрабавала выкарыстаць рас. самадзяржаўе, якое высунула лозунг аб’яднання пад сваёй уладай усіх С. Розныя падыходы ў дачыненні да шляхоў нац. і паліт. вызвалення заняволеных слав. народаў сфарміравалі мноства ідэйна-паліт. кірункаў, якія разам з ідэяй слав. агульнасці (гл.Панславізм) прапаноўвалі таксама ідэі лаялізму ў адносінах да дзяржаў-захопнікаў. Пытанне пра слав. вызваленне было ў цэнтры ўвагі Слав. з’езда ў Празе ў 1848. На працягу 19 ст. ў выніку нац. паўстанняў, падтрыманых Расіяй, паліт. незалежнасць здабылі балканскія народы: чарнагорцы (1796, поўны суверэнітэт з 1878), сербы (1804—29, поўны суверэнітэт з 1878), балгары (1878—1906). Нац. прыгнёт і цяжкае эканам. становішча слав. народаў у канцы 19 — пач. 20 ст. выклікалі моцную іх эміграцыю ў інш. краіны Еўропы (напр., у Францыю) і за акіян (гал.ч. у ЗША і Канаду). Агульная колькасць слав. народаў на пач. 20 ст. складала каля 150 млн.чал., у т. л. рускіх — больш за 65 млн., украінцаў — каля 31 млн., беларусаў — каля 7 млн., палякаў — больш за 19 млн., чэхаў — больш за 7 млн., славакаў — больш за 2,5 млн., сербаў і харватаў — больш за 9 млн., балгар — 5,5 млн., славенцаў — 1,5 млн.Асн. маса слав. насельніцтва знаходзілася ў Рас. імперыі — 107,5 млн.чал., у Аўстра-Венгрыі — каля 25 млн.чал., Германіі — больш за 4 млн., у краінах Амерыкі — больш за 3 млн. чал.
Пераломнымі момантамі для С. былі Лют. і Кастр. рэвалюцыі ў Расіі (1917), крах Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі (1918), у выніку якіх незалежнасць здабылі Польшча і народы, што знаходзіліся пад уладай Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, харваты, славенцы. Утварыліся шматнацыянальныя слав. дзяржавы — Чэхаславакія, Югаславія, а таксама СССР. У 1939 адбылося ўз’яднанне ўсіх бел. і ўкр. зямель, пасля 2-й сусв. вайны — аднаўленне спрадвечнай этнічнай тэрыторыі палякаў і чэхаў. У канцы 20 ст. ў выніку распаду СССР, ЧССР і СФРЮ утварыліся новыя незалежныя слав. дзяржавы, і цяпер усе буйнейшыя слав. народы (у якіх насельніцтва больш за 1 млн.чал.) маюць уласную дзяржаўнасць.
Літ.:
Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1—2. М., 1991—95;
Славянские древности: Этнолингвистич. словарь: В 5 т. Т. 1—2 М., 1995—99;
Седов В.В. Славяне в древности. М., 1994;
Яго ж. Славяне в раннем средневековье. М., 1995;
Славянское движение XIX—XX вв.: съезды, конгрессы, совещания, манифесты, обращения. М., 1998;
Славянская идея: история и современность. М., 1998;
Słownik starożytności słowiańskich: Encyklopedyczny zarys kultury Słowian od czasów najdawniejszych do schyłku wieku XII. T. 1—7. Wrocław etc., 1961—82;
Łowmiański H. Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85.