адно з асн. палажэнняў тэрмадынамікі, якое вызначае характар змены энтрапіі тэрмадынамічнай сістэмы пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Паводле Н.т. прырашчэнне энтрапіі ΔS пры любых абарачальных ізатэрмічных працэсах, што адбываюцца паміж раўнаважнымі станамі пры т-ры, якая набліжаецца да абсалютнага нуля, імкнецца да нуля:
. Устаноўлена В.Нернстам (1906). Вядзе да шэрагу важных тэрмадынамічных вынікаў (напр., недасягальнасць абсалютнага нуля, імкненне цеплаёмістасці і каэфіцыентаў цеплавога расшырэння цвёрдага цела да нуля пры T → 0), таму ў больш агульным сэнсе яе наз.трэцім законам тэрмадынамікі. Мае важнае значэнне ў крыягеннай тэхніцы для дасягнення звышнізкіх т-р і ў фіз. хіміі для разліку хім. раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ (МАЛАДА́Я) ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак эканам. тэорыі, які склаўся ў 1870—80-я г. і развіваўся пераважна ў Германіі да 1930-х. Непасрэдная пераемніца гістарычнай школы. Гал. аб’екты даследаванняў школы — праблемы гіст. вытокаў і лёсу капіталізму, рухаючых сіл і перыядызацыі гіст. працэсу. Прадстаўнікі школы Л.Брэнтана, В.Зомбарт, ням. эканамісты Г.Шмолер, К.Бюхер і інш. разглядалі сац.-эканам. развіццё асобных краін як адлюстраванне рознага ў розных народаў «нацыянальнага духу», што выключала магчымасць агульных для іх законаў, выступалі за «гісторыка-статыстычны» метад у эканам. тэорыі. Адно з асн. паняццяў школы — «сацыяльны арганізм» (ужывалася да грамадства, розных сац. груп і інш.). За адраджэнне канструкцый гэтай школы выступаў У.Ростаў у тэорыі «стадый эканамічнага росту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́БАЛА (ад грэч. parabolē),
геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.
Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВАРА́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць рэчыва ўтвараць у сумесі з інш. рэчывамі (кампанентамі) растворы. Колькасна Р. рэчыва ў дадзеным растваральніку характарызуецца канцэнтрацыяй яго насычанага раствору, якую таксама наз. Р.
Добра раствараюцца адно ў адным рэчывы, падобныя паводле фіз. і хім. уласцівасцей (эмпірычнае правіла «падобнае раствараецца ў падобным»), таму ў палярных растваральніках (вада, этанол, вадкі аміяк) добра раствараюцца рэчывы, утвораныя палярнымі малекуламі і з іонным тыпам сувязі, у непалярных (бензол, серавуглярод) — непалярныя рэчывы. Р. дадзенага рэчыва залежыць ад т-ры і ціску адпаведна агульнаму прынцыпу зрушэння раўнавагі (гл.Ле Шатэлве — Браўна прынцып). Р. вадкіх і цвёрдых рэчываў практычна не залежыць ад ціску. Р. газаў у вадкасцях з ростам ціску павялічваецца, з ростам т-ры звычайна памяншаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. syllogistikos які робіць вывад),
раздзел логікі, які вывучае дэдуктыўныя розумазаключэнні, што складаюцца толькі з катэгарычных суджэнняў. Уключае класіфікацыю розумазаключэнняў у залежнасці ад пасылак, якія ўваходзяць у яго, а таксама ад становішча сярэдняга тэрміна — фігуры сілагізма. Адрозніваюць 4 фігуры: агульнасцвярджальную («усякае А ёсць Б»), агульнаадмоўную («ні адноА не ёсць Б»), прыватнасцвярджальную («некаторае А ёсць Б»), прыватнаадмоўную («некаторае А не ёсць Б») і 256 варыянтаў фігур (правільных 24) — модусаў. У такім выглядзе С. распрацавана стараж.-грэч. філосафам Арыстоцелем, які ўвёў літарныя сімвалы для абазначэння суджэнняў і іх тэрмінаў, класіфікаваў і абгрунтаваў розныя формы сілагізмаў (модусы). Сучасная матэматычная логіка скараціла колькасць модусаў да 15, адкінуўшы тыя, што супярэчаць правілам вываду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГАРЫ́ТМ (Algorithmi — лац. транслітарацыя імя матэматыка аль-Харэзмі),
адно з асноўных паняццяў кібернетыкі; прадпісанне выканання сістэмы аперацый ці дзеянняў у зададзеным парадку для дасягнення выніку, які вызначаецца зыходнымі дадзенымі. Дазваляе праводзіць аперацыі з лікамі, літарамі, дужкамі і інш. сімваламі, атрымліваць рашэнні задач «у агульным выглядзе» (прыдатныя для цэлага класа аднатыпных задач). Напр., правілы арыфм. дзеянняў з рацыянальнымі лікамі, алгарытм знаходжання найб. агульнага дзельніка двух цэлых лікаў (А.Эўкліда), алгарытм перакладу з адной мовы на другую. Уласцівасці алгарытму вывучае алгарытмаў тэорыя.
У сярэдневяковай Еўропе алгарытмам наз. дзесятковую пазіцыйную сістэму злічэння і майстэрства лічэння ў ёй (лац. пераклад трактата аль-Харэзмі; 12 ст.). Развіццё электронна-выліч. тэхнікі дало магчымасць ствараць і рэалізоўваць складаныя алгарытмы ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́РА,
1) традыцыйная гаспадарчая пабудова на Беларусі для кароў. У 16—пач. 20 ст. будавалі з бярвення ці дыляў («у вянок», «замётам у шулы»), часам сцены плялі з лазовых дубцоў і абмазвалі глінай. У сял. гаспадарках абора — вял.хлеў. У фальварках і маёнтках аборы будавалі звычайна на 4—8 памяшканняў (кожнае мела асобныя вароты), згрупаваных прамавугольнікам вакол двара і звязаных адно з адным у суцэльную забудову. Такі комплекс часта злучаўся варотамі з падвор’ем, гумнішчам. У аборах вылучаліся памяшканні для цельных кароў, маладняку, маглі ўваходзіць таксама птушнікі, стайні, жылыя і гасп. будынкі для парабкоў.
2) Загароджаная частка двара для дзённага ўтрымання хатняй жывёлы (дзяннік).
3) Загон для жывёлы на выпасах.
4) Вяровачка з пянькі, лёну ці раменны пасак для прымацоўвання лапця і анучы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НЗАЎКІ (Cetoniinae),
падсямейства жукоў сям. пласцініставусых. Каля 2700 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі часцей трапляецца бронзаўка залацістая (Cetonia aurata); 2 віды, бронзаўка вял. зялёная (Potosia aeruginosa) і бронзаўка мармуровая (Liocola marmorata), рэдкія, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 0,8—11 см. Колер яркі: зялёныя, медна-чырвоныя, фіялетавыя, з метал. бляскам. У некаторых на галаве рогі. Крылы ў час палёту выпростваюцца праз выемкі ў надкрылах. Лятаюць у маі—верасні. Лічынкі С-падобныя, жывуць у трухлявай драўніне, дуплах, пнях, глебе, мурашніках, норах грызуноў. Жукі кормяцца бутонамі, кветкамі, маладымі пладамі і лісцем пладовых, тэхн. і дэкар. раслін. Зімуюць лічынкі і жукі. За год адно пакаленне. Бронзаўкі — прамежкавыя гаспадары скрэбня-волата, паразіта чалавека і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТО́КАЎ (Аляксандр Хрыстафоравіч) (27.3.1781, г. Кінгісеп, Эстонія — 20.2.1864),
рускі філолаг і паэт.Акад. Пецярбургскай АН (1841). Еўрап. вядомасць Вастокаву прынеслі «Разважанні пра славянскую мову» (1820). У «Апісанні рускіх і славенскіх рукапісаў Румянцаўскага музеума» (1842) даў палеагр. і лінгвістычную характарыстыку 473 рукапісаў розных слав. рэдакцый. У 1843 выдаў помнік 11 ст. «Астрамірава евангелле» з лінгвістычнымі каментарыямі і слоўнікам. Аўтар зб-ка «Спробы лірычныя і іншыя дробныя творы ў вершах» (ч. 1—2, 1805—06), «Слоўніка царкоўнаславянскай мовы» (т. 1—2, 1858—61), «Граматыкі царкоўнаславянскай мовы» (1863) і інш. «Дослед пра рускае вершаскладанне» (1812) — адно з першых навук. даследаванняў сістэмы рус. танічнага вершаскладання.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1935.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1. С. 63—70.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАНСКІ (Іван) (паміж 1545—50, г. Судовая Вішня Львоўскай вобл., Украіна — пасля 1620),
украінскі пісьменнік. Прадстаўнік палемічнай літаратуры. У 1570-я г. стаў манахам-пустэльнікам, перасяліўся на Афон (Грэцыя), дзе пачаў літ. дзейнасць. Творы Вышанскага прымеркаваны да канкрэтных падзей тагачаснага жыцця ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Абараняў праваслаўе, асуджаў нац. і сац. прыгнёт. Прапаведаваў сац. утопію «царства божага», заснаванага на брацтве і роўнасці ўсіх перад Богам, ідэал чалавека бачыў у аскетызме. Аўтар пасланняў і палемічных трактатаў (вядома 16), адметных публіцыстычнай вастрынёй, прастатой мовы, эмацыянальнасцю, багаццем фалькл. сродкаў. Пры жыцці надрукаваў толькі адно пасланне ў «Астрожскай кніжыцы» (1598). На яе ўзор склаў «Кніжку», куды ўключыў 10 твораў канца 16 ст. з дзвюма прамовамі.