ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

гістарычна вызначаная грамадская форма прысваення (індывідуумам або калектывам) зямлі. Адлюстроўвае вытв. адносіны паміж людзьмі ў сувязі з выкарыстаннем зямлі як натуральнай умовы ўсякай вытв-сці і гал. сродку вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Першай гіст. формай З.у. была абшчынная ўласнасць на зямлю, сродкі яе апрацоўкі і гатовы прадукт. Рабаўладальніцкая форма З.у. ўключала абшчынную, храмавую, дзярж., прыватную (індывід.). У сярэднія вякі пераважала феадальная З.ў. Для таварнай формы грамадскай вытв-сці характэрна прыватная капіталіст. форма З.ў., для сацыяліст. — грамадская, калектыўная, агульнанародная.

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 нетры, вада, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (1990) грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на атрыманне зямельных участкаў і пажыццёвае ўладанне (з перадачай у спадчыну) імі: для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 га, дачнага буд-ва і індывід. садаводства — па 0,1 га, для буд-ва і абслугоўвання жылога дома ў гарадах і пасёлках гар. тыпу — 0,05—0,15 га, у сельскіх населеных пунктах — 0,15—0,25 га. Для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі дазваляецца мець 1 га зямлі (памеры ўчасткаў устанаўліваюцца мясц. органамі ўлады). Паводле закона Рэспублікі Беларусь «Аб праве ўласнасці на зямлю» (1993) прыватная зямельная ўласнасць дазваляецца для вядзення ўсіх відаў асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян, дзярж. — захоўваецца для вядзення таварнай сельскай гаспадаркі (калгасы, дзяржгасы, фермерскія гаспадаркі і інш.).

А.​І.​Ківейша.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

маёмасць, якая належыць дзяржаве на праве ўласнасці; адна з формаў уласнасці. У Рэспубліцы Беларусь да Дз.у. адносяцца т.зв. рэсп. ўласнасць і ўласнасць адм.-тэр. утварэнняў — камунальная ўласнасць. Выключна Дз.ў. складаюць нетры, воды, лясы. Ва ўласнасці дзяржавы знаходзяцца землі с.-г. прызначэння, маёмасць рэсп. органаў улады і кіравання, культ. і гіст. каштоўнасці, сродкі рэсп. бюджэту, дзярж. банкі, страхавыя, рэзервовыя і інш. фонды; могуць знаходзіцца таксама прадпрыемствы і нар.-гасп. комплексы, навуч. ўстановы, аб’екты сац.-культ. сферы, н.-д. і праектныя ін-ты і арг-цыі, інш. маёмасць, якая забяспечвае суверэнітэт, гасп. самастойнасць рэспублікі, яе эканам. і сац. развіццё. Законам могуць быць вызначаны і інш. аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы. Распараджэнне маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці рэспублікі, ажыццяўляе ўрад — СМ Рэспублікі Беларусь.

Ва ўласнасці адм.-тэр. утварэнняў могуць знаходзіцца маёмасць органаў улады і кіравання адм.-тэр. ўтварэння, сродкі мясц. бюджэту, жыл. фонд і жыл.-камунальная гаспадарка мясц. Савета дэпутатаў, а таксама прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, гандлю, быт. абслугоўвання, транспарт, прамысл., буд. і інш. прадпрыемствы і комплексы, установы нар. адукацыі, культуры, аховы здароўя і інш. маёмасць, неабходная для эканам. і сац. развіцця адпаведнай тэрыторыі. Распараджэнне і кіраванне дзярж. маёмасцю, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, ажыццяўляюць ад імя насельніцтва адм.-тэр. утварэнняў адпаведныя Саветы дэпутатаў ва ўстаноўленым законам парадку.

Адносіны Дз.у. ў Рэспубліцы Беларусь рэгулююцца Канстытуцыяй і Законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990, інш. прававымі актамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дзяржаўная капіталістычная ўласнасць, гл. Дзяржаўны капіталізм, Уласнасць

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

тэрмін, характэрны для заканадаўства шэрагу краін і міжнар. пагадненняў Уключае правы на вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі, знакі абслугоўвання, фірменныя найменні і ўказанні паходжання або наймення месца паходжання тавару, а таксама правы, што тычацца абароны супраць нядобрасумленнай канкурэнцыі. Міжнар. прававая ахова П.у. ажыццяўляецца шляхам замежнага патэнтавання па ўстаноўленых нормах, гал. з якіх замацаваны ў Парыжскай канвенцыі па ахове П.у. 1883 (з папраўкамі 1900, 1911, 1925, 1934, 1958, 1967).

т. 13, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

форма ўласнасці, пры якой маёмасць належыць калектывам грамадзян. Паводле Закону «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990 К.ў. маюць арэндныя і калект. прадпрыемствы, кааператывы, акц. і гасп. т-вы, асацыяцыі, грамадскія, рэліг. і інш. арг-цыі і аб’яднанні.

Ва ўласнасці арэнднага прадпрыемства знаходзяцца прадукцыя і даходы, атрыманыя ў выніку выкарыстання арандаванай маёмасці, а таксама інш. маёмасць, набытая на законных падставах. Уласнасць калект. прадпрыемстваў узнікае, калі прац. калектыў поўнасцю набудзе маёмасць адпаведнага прадпрыемства. Уласнасцю акц т-ва з’яўляюцца маёмасць і грашовыя ўзносы яго ўдзельнікаў, вырабленая ім прадукцыя, атрыманыя даходы і інш. Удзельнікамі гасп. т-ва могуць быць прадпрыемствы, установы, арг-цыі, дзярж. органы і грамадзяне, іх уласнасць складаецца з укладаў і маёмасці ад гасп. дзейнасці. Грамадскія арг-цыі маюць права мець ва ўласнасці будынкі, жыллёвы фонд, грашовыя сродкі і інш. Ва ўласнасці рэліг. арг-цый закон прадугледжвае знаходжанне будынкаў, культавых рэчаў, грашовых сродкаў і інш. Уласнікамі маёмасці, якая адносіцца да К.ў., з’яўляюцца толькі прадпрыемствы, арг-цыі і аб’яднанні са статусам юрыд. асобы.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Грамадская сацыялістычная ўласнасць 1/318, 499, 525; 3/208, 595; 5/316, 317; 8/525; 9/9, 384; 10/463

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Асабістая ўласнасць у СССР 1/499, 526; 8/525; 10/463

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АКТ НА ПРА́ВА ВАЛО́ДАННЯ (КАРЫСТА́ННЯ) ЗЯМЛЁЙ,

дзярж. пасведчанне пра наяўнасць права на ўласнасць, валоданне або карыстанне зямельным участкам. Выдаецца мясц. Саветамі дэпутатаў, інш. дзярж. органамі Рэспублікі Беларусь. Складаецца ў 2 экзэмплярах: 1-ы экз. выдаецца ўласніку, землеўладальніку або землекарыстальніку, 2-і захоўваецца ў адпаведным Савеце дэпутатаў. Парадак перадачы зямельных участкаў у карыстанне, валоданне або адчужэнне іх у прыватную ўласнасць рэгулюецца дзярж. зямельным заканадаўствам.

Н.​А.​Карповіч.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Гомельскае староства,

буйное феад. ўладанне. Цэнтр — г. Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав. У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г. дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 у Рас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ. У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.​А.​Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.​Ф.​Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗГАСПАДА́РНАЯ МАЁМАСЦЬ,

у цывільным праве маёмасць, у якой няма ўласніка (гаспадара) або ён невядомы. Згодна з бел. заканадаўствам безгаспадарная маёмасць паступае ва ўласнасць дзяржавы паводле рашэння суда, якое выносіцца па заяве фін. органа. Парадак выяўлення і ўліку безгаспадарнай маёмасці вызначаецца Мін-вам фінансаў Рэспублікі Беларусь.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)