горад абл. падпарадкавання ў Гомельскай вобл., цэнтр Добрушскага р-на, на р.Іпуць. За 25 км ад Гомеля. Чыг. станцыя на лініі Гомель—Унеча, аўтадарогамі злучаны з Гомелем, Веткай, Церахоўкай, Навазыбкавам (Расія). 20 тыс.ж. (1997).
Вядомы 3 1560 як вёска Гомельскага староства Рэчыцкага пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 сяло Вылеўскай вол. Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав., цэнтр Добрушскай эканоміі (аб’ядноўвала 14 навакольных вёсак). У 1776—587 ж., 87 двароў, 3 вадзяныя млыны, сукнавальня. У 1775 заснавала Добрушская палатняна-парусная мануфактура, каля 1795 — чыгуналіцейная, медзеапрацоўчая, мукамольная мануфактуры. Да 1834 належаў графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, потым князю І.Ф.Паскевічу і яго нашчадкам. У 1870 заснавана Добрушская папяровая фабрыка. У 1886 больш за 1 тыс.ж., 185 двароў. З 1887 чыг. станцыя Палескіх чыгунак. З 1903 дзейнічала група РСДРП. З крас. 1919 у Гомельскай губ. З 1922 цэнтр воласці Гомельскага пав. З 1926 фабрычна-заводскі пасёлак, цэнтр раёна, з 4.8.1927 горад у Гомельскім р-не. З 1935 цэнтр адноўленага Добрушскага р-на. З 22.8.1941 па 10.10.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 321 чал. Дзейнічала Добрушскае патрыятычнае падполле. З 7.3.1963 Д. — горад абл. падпарадкавання. У 1970—16,8 тыс. ж.
Добрушская папяровая фабрыка, Добрушскі фарфоравы завод, прадпрыемствы харч. прам-сці. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Брацкая магіла чырвонагвардзейцаў і партызан. Помнік Вызвалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКІ РАЁН,
на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 47,9 тыс.чал. (1997), гарадскога 46,6%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал на 1 км². Цэнтр раёна — г.Добруш, г.п.Церахоўка, 101 сельскі населены пункт. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Баршчоўскі, Васільеўскі, Вуцеўскі, Дзям’янкаўскі, Дубраўскі, Жгунскі, Івакаўскі, Кармянскі, Кругавец-Калінінскі, Крупецкі, Кузьмініцкі, Ленінскі, Насовіцкі. Пераростаўскі. Рассветаўскі, Усоха-Будскі і Церахоўскі пассавет.
Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня нізінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 172,9 м (каля в. Леніна). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, сапрапелі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,9 °C. Ападкаў 572 мм за год. Вегетацыйны перыяд 193 сут. Рэкі Іпуць (з прытокамі Хорапуць і Няцёша), Вуць і Церуха. Возера Равучае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя. дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 20,8% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і бярозавыя лясы; пад балотамі 3,2% плошчы. На тэр. раёна біял. заказнік Шабрынскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 83,2 тыс.га, з іх асушана 16,2 тыс.га. На 1.1.1997 калгасаў 15, саўгасаў 4. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, цукр. буракі і лён. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно), цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў прам-сці; вытв-сць фарфору. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Гомель—Добруш—Бранск (Расія), чыгунка Гомель—Церахоўка—Бахмач (Украіна). У раёне 1 гімназія, 20 сярэдніх, 3 базавыя і 5 пач., 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча. 28 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 37 б-к. 2 бальніцы, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Санаторый-прафілакторый «Сонечны». Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Вуць; сядзібны дом (канец 19 ст.) у в. Дзям’янкі, Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Карма; Троіцкая царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Крупец; царква (канец 19 ст.) у в. Чырвоны Партызан. На сумежжы Беларусі, Украіны і Расіі (за 7 км ад в. Кругавец-Калініна) манумент Дружбы народаў. Выдаецца газ. «Добрушскі край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся на ПдУ Беларусі; у Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Лоеўскім, Брагінскім, Рэчыцкім, Жлобінскім, Хойніцкім, Светлагорскім, Калінкавіцкім і Нараўлянскім р-нах. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі на Пн, з Чарнігаўскім на Пд, з Прыпяцкім і Мазырскім Палессем на З, з раўнінамі Бранскай вобл. Расіі на У. Выш. 100—150 м, пл. каля 16,5 тыс.км², працягласць з З на У да 126 км, з Пн на Пд каля 180 км. У тэктанічных адносінах прымеркавана пераважна да Прыпяцкага прагіну. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою і антрапагену. Асабліва развіты верхнедэвонскія саляносныя адклады магутнасцю да 3000 м. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць ад 20 м на Пд да 60 м на ПнЗ) складзена з асадкаў 3 ледавіковых і міжледавіковых перыядаў. Паверхня Гомельскага Палесся пласкахвалістая, радзей хвалістая, з нахілам на Пд. Ваганні адносных вышынь 3—5 м/км². Азёрна-алювіяльная і алювіяльная тэрасаваныя раўніны значна пашыраны на У, у межах Прыдняпроўскай нізіны. На Гомельскім Палессі найб. вылучаюцца Хойніцка-Брагінскія вышыні, на левабярэжжы р. Прыпяць — Юравіцкае ўзвышша. Уздоўж правага берага Дняпра вылучаюцца пясчаныя зандравыя раўніны. У далінах рэк Дняпро, Прыпяць і Сож выразныя поймы і 2 надпоймавыя тэрасы. Паверхня тэрас слабахвалістая, ускладненая дзюнамі, астанцамі, марэнамі ў выглядзе ўзгоркаў, лагчынамі, западзінамі. Карысныя выкапні: нафта, соль, торф, гліны, мел, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600 мм за год. Гомельскае Палессе прарэзана Дняпром і нізоўямі яго прытокаў — Сажа, Бярэзіны і Прыпяці. На У нізоўі рэк Беседзь, Іпуць, Уць; у зах.ч. цякуць рэкі Жалонь, Мытва, Віць, Іпа; у паўд. — р. Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя пясчана-супясчаныя, на балотах — тарфянабалотныя, у поймах гал. рэк — алювіяльныя дзярновыя забалочаныя. Найб. лясістасць (да 55%) на ПдЗ, найменшая (да 22%) на ПдУ. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорна-альховыя, бярозавыя лясы і дубровы. У поймах рэк злакавыя астэпаваныя і злакавыя гідрамезафільныя лугі. Пад ворывам 25%, сухадольнымі лугамі і пашай 19%, забалочана 7% тэр. У межах Гомельскага Палесся Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, бат. заказнікі Веткаўскі і Шабрынскі, біял. заказнік Чырковіцкі, ландшафтныя заказнікі Стрэльскі і Смычок.
Да арт.Гомельскае Палессе. Меліяраванае балота ў Хойніцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р.Іпуць на У (тэр.Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.
Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.
Літ.:
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ РАЁН,
на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 73,6 тыс.чал. (1996), гарадскога 3,9%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Гомель, рабочы пас. Бальшавік, 188 сельскіх нас. пунктаў, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чанкаўскі, Яромінскі. Раён моцна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986).
Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. частка — у межах Чачорскай раўніны. Паверхня пераважна нізінная, выш. 120—140 м, найвыш. пункт 160,3 м (каля в. Зябраўка). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Асн. рака Сож з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 34,9% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і дубовыя. Пад балотамі 14,1 тыс.га, найб. масівы — Кабылянскае балота, Вадапой, Жарэбна-Конскае балота.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 95 тыс.га, з іх асушаных 33,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, саўгас «Цяплічны», 8 дапаможных гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, шкляной, харч. і паліўнай прам-сці. Гомель — чыг. вузел, напрамкі на Мазыр, Жлобін, Навазыбкаў (Расія), Бахмач, Чарнігаў (Украіна); аўтадарогі на Магілёў, Бабруйск, Калінкавічы, Чарнігаў, Навазыбкаў. Суднаходства па р. Сож. У раёне (без Гомеля) 2 ПТВ, 24 сярэднія, 13 базавых і 7 пач. школ, 9 муз. школ, школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 б-к, 7 бальніц, 38 фельч.-ак. пунктаў. Курорт Чонкі, турбаза «Сож». Помнікі архітэктуры: царква (1-й пал. 19 ст.) у в. Гадзічава; царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царк.-прыходскай школы (канца 19 ст.) у в. Глыбоцкае; парк (2-й пал. 19 ст.) у в. Грабаўка; сядзібны дом («паляўнічы домік», 2-й пал. 19 ст.) у в. Каралёўка; паштовая станцыя (2-й пал. 19 ст.) за 3 км на У ад в. Сеўрукі; Мікалаеўская царква (1-й пал. 18 ст.) і сядзіба (канца 18 — пач. 19 ст.) у в. Старая Беліца; Успенская царква (1865—68) у в. Чарацянка. Помнік абаронцам Гомеля ў пачатку Вял.Айч. вайны ў в. Пакалюбічы. Выдаецца газ. «Маяк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.