рака ў Смаленскай вобл. Расіі, у Магілёўскай і Гомельскай абл. і на мяжы Беларусі з Расіяй і з Украінай, левы прыток р. Дняпро. Даўж. 648 км, пл. вадазбору 42,1 тыс.км², у межах Беларусі адпаведна 493 км і 21,5 тыс.км². Пачынаецца за 12 км на Пд ад г. Смаленск, вусце каля г.п. Лоеў. Верхняе цячэнне на паўд.-зах. ускраіне Смаленскага ўзв., сярэдняе — на Аршанска-Магілёўскай раўніне, ніжняе — у межах Гомельскага Палесся. Даліна пераважна трапецападобная, ад вытоку да вусця р. Проня — выразная, глыбокаўрэзаная (20—30 м). Шыр. ў вярхоўі 0,3—3 км, пры зліцці з далінай р. Дняпро — да 20 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія (радзей стромкія), выш. 15—25 м (месцамі да 40 м), парэзаны ярамі, лагчынамі, далінамі прытокаў. Правы схіл больш адкрыты, левы зарос лесам і хмызняком. На Беларусі амаль на ўсім працягу вылучаюцца поймы з нізкім (1,5—2,5 м над урэзам вады) і высокім (3—4 м) узроўнем і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная або чаргуецца па берагах, шыр. 60—400 м у вярхоўі, пры ўпадзенні р. Асцёр 4 км, ад упадзення р. Проня да вусця 0,7—6 км. Паверхня яе перасечана лагчынамі і старыцамі. Затапляецца на 5—10 сут на глыб. 0,5—2,5 м, у вусцевай ч. — да 4—5 м. Рэчышча звілістае, да ўпадзення р. Проня шыр. 15—180 м, на астатнім працягу 90—230 м. Каля г. Слаўгарад, дзе на правабярэжжы знаходзяцца канцавыя марэны, утварае буйны выгін. У ніжнім цячэнні вял. колькасць лукавін, рукавоў, старыц. Да г. Гомель трапляюцца астравы (даўж. 30—300 м, шыр. 10—50 м). Шыр. ракі ў вярхоўі 40—80 м, у нізоўі 90—125 м, месцамі да 230 м. Перакаты ў выніку падтрымання суднаходных глыбінь выражаны слаба. Дно роўнае, пясчанае, радзей пясчана-ілістае. Берагі да вусця р. Проня пераважна стромкія, выш. 1,5—4 м, ніжэй — спадзістыя; на лукавінах, дзе рэчышча падыходзіць да карэннага берага (напр., каля в. Гайшын Слаўгарадскага р-на) стромкія, выш. 12—15 м, месцамі да 35 м. Ніжэй г. Ветка па берагах пясчаныя пляжы. Асн. прытокі: Віхра, Волчас, Проня, Уза (справа), Хмара, Асцёр, Беседзь, Іпуць, Вуць (злева). Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Ледастаў з пач.снеж. да канца сак. — пач. красавіка. Найб. таўшчыня лёду 65 см. Веснавы крыгаход 3—5 сут. На перыяд разводдзя прыпадае каля 57% гадавога сцёку. Пад’ём узроўню вады пачынаецца ў канцы сак. — пач. красавіка, у верхнім цячэнні доўжыцца 10—15 сут, у нізоўі 20—25 сут. Сярэдняя выш. над межанным узроўнем 4—5 м, найб. 7,5 м. Летне-асенняя межань часта парушаецца дажджавымі паводкамі, якія доўжацца 25—35 сут. Зімовыя ўзроўні на 10—20 см вышэй за летнія, у нізоўі ў асобныя гады павышаюцца да 2,5 м. Сярэднегадавы расход вады каля г. Слаўгарад 105 м³/с, каля г. Гомель 210 м³/с, у вусці 219 м³/с. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Рэгулярнае суднаходства ад г. Слаўгарад, у перыяд высокіх узроўняў ад в. Барысавічы Клімавіцкага р-на. У сярэднім і ніжнім цячэнні С. працякае праз тэр., забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На рацэ гарады: Крычаў, Чэрыкаў, Слаўгарад, Чачэрск, Ветка, Гомель (Беларусь). Уздоўж берагоў біял. заказнікі: Веткаўскі, Струменскі, Чачэрскі, Шабрынскі. Зоны адпачынку.