індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс.чал., у т. л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўна стараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж. царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж. царства» — час найб.культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл.Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.
Літ.:
Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;
Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;
Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.
В.У.Адзярыха.
Да арт.Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́О-ДЭ-ЖАНЕ́ЙРА (Rio de Janeiro),
горад у Бразіліі, на беразе бухты Гуанабара Атлантычнага акіяна. 10 582 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Другі, пасля г. Сан-Паўлу, па колькасці насельніцтва і эканам. значэнні горад у краіне. Буйны знешнегандл. порт, вузел чыгунак і аўтадарог. 2 аэрапорты, у т. л. міжнародны. Прам-сць: чорная металургія, разнастайнае машынабудаванне (суднабудаванне, аўтазборка, эл.-тэхн. і інш. з-ды), хім., тэкст., дрэваапр., харч., буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковая, швейная. Агранка алмазаў. Метрапалітэн. Важны навук. і культ. цэнтр краіны. 4 ун-ты, Бразільская АН, Бразільская філал. акадэмія, Нац. акадэмія медыцыны. Вядомыя пляжы набярэжнай Капакабана з атэлямі і пансіянатамі. Буйны турысцкі цэнтр.
Стараж. насельніцтва — індзейскія плямёны. Першымі з еўрапейцаў бухту Гуанабара наведалі партугальцы (1502). У 1531 на зах. беразе пасяліліся французы, якіх партугальскія канкістадоры выгналі і заснавалі форт Р.-дэ-Ж. У 1555 французы зноў высадзіліся ў бухце і заснавалі калонію пасяленцаў-гугенотаў; у 1567 іх канчаткова выгналі партугальцы. У 1710—11 яны ўмацавалі горад і далі яму назву Сан-Себасцьян-ду-Рыу-ды-Жанейра. Да сярэдзіны 18 ст. важнейшы ў Паўд. Амерыцы порт і цэнтр гандлю рабамі. З 1763 Р.-дэ-Ж. — сталіца віцэ-каралеўства Бразілія (калонія Партугаліі), у 1822—89 — Бразільскай імперыі, у 1889—1960 — рэспублікі Аб’яднаных штатаў Бразіліі. Росквіт горада пачаўся пасля пераезду ў 1808 у Р.-дэ-Ж. двара караля Партугаліі Жуана VI, які адмяніў абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў. Горад стаў гал.гасп., навук. і культурным цэнтрам (засн. тэатр, б-ка і інш.). У 1947 у прадмесці Р.-дэ-Ж. прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін падпісалі міжнар. дагавор аб узаемадапамозе. Пасля пераносу сталіцы ў г. Бразілія (1960) не страціў свайго значэння; цэнтр аднайм, штата.
У цэнтры горада захаваліся арх. помнікі 16—19 ст.: кляштар Сан-Бенту (канец 16 ст., багатая аддзелка інтэр’ера, 18 ст.), у стылі барока — касцёлы Носа сеньёра да Глорыя (1714) і Сан-Франсіску ды Пенітэнсія (1772), ратуша (1743), сабор Ла Кандэларыя (1775, арх. Ф.Ж.Рошыа і інш.); акведук (1750, інж. Ф.Гоміс ды Андрада); класіцыстычны палац Ітамараты (1856, арх. Ж.М.Ж.Рэбелу). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі: Муніцыпальны тэатр.Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац.б-ка. Сярод найб. значных збудаванняў 20 ст.: гідрааэрапорт (1938, арх. А.Карэа Ліма), банк Баавіста (1946, арх. О.Німеер), стадыён Мараканья на 220 тыс. гледачоў (1950, арх. П.П.Б.Бастус, А.А.Дыяс Карнейру і інш.), універсітэцкі гарадок (1955, арх. Ж.Марэйра), Музей сучаснага мастацтва (1958, арх. А.Э.Рэйдзі, Р.Бурле Маркс), гасцініца «Насіянал» (1970, арх. Німеер). Вылучаецца архітэктура асабнякоў і віл 1950—60-х г. У горадзе шмат паркаў, бат. сад (з 1808). Сярод манументаў — статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду (1931, скульпт. П.Ландоўскі), помнік загінуўшым у 2-ю сусв. вайну (1960, арх. Э.Марынью, М.Кандэр Нету) і інш. Музеі: Нац.маст., гіст.-маст., Індзейскі, геаграфіі Бразіліі і інш.
Статуя Ісуса Хрыста на гары Каркаваду над г.Рыо-дэ-Жанейра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВАДО́Р (Salvador), Рэспубліка Эль-Сальвадор (República de El Salvador),
дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З з Гватэмалай, на Пн і У з Гандурасам; на Пд абмываецца Ціхім ак.Пл. 21,04 тыс.км². Нас. 6,3 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Сальвадор. Краіна падзяляецца на 14 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. С. — унітарная рэспубліка, дзейнічае канстытуцыя 1983 (з папраўкамі 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея; 84 яе дэпутаты выбіраюцца на 3 гады па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва.
Прырода. Цэнтр.ч. краіны займае вулканічнае нагор’е з выш. 600—700 м, абмежаванае на Пн і Пд вулканічнымі хрыбтамі. На паўд. хрыбце дзейныя вулканы (Санта-Ана, 2381 м, найб. актыўны Ісалька, 1885 м). На Пн тэктанічная ўпадзіна, дзе цячэ р. Лемпа. На ўзбярэжжы раўніна шыр. да 30 км. Частыя землетрасенні. У нетрах С. ёсць золата, серабро, цынк, медзь, сера, нафта. Клімат трапічнага пояса пасатны. На нагор’і т-ры ад 22 (снеж.) да 25 °C (крас.). Ападкаў на нагор’і 1500—2500 мм, ва ўпадзіне Лемпы 600—700 мм за год. Вылучаюцца 2 сезоны — сухі (ліст.—крас.) і дажджлівы (май—кастр.). Шмат кароткіх горных рэк і вулканічных азёр. Пераважае культ. расліннасць. Лясы і лясістая мясцовасць займаюць 5% тэр., у гарах месцамі хваёвыя лясы, у далінах — трапічная расліннасць, участкі саваннаў, другасныя хмызнякі. Жывёльны свет: малпы, ацэлот, апосум, браняносец, шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі: Монтэ-Крыста, Эль-Імпасібле; рэзерват Эль-Хакаталь.
Насельніцтва. Каля 92% складаюць сальвадорцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Каля 5% складае індзейскі народ піпіль. Жывуць таксама гандурасцы, гватэмальцы, мексіканцы, амерыканцы ЗША, кітайцы і інш. 86% вернікаў — католікі, астатнія пераважна пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,02% (2000). Сярэдняя шчыльн. 300 чал. на 1 км². 75% насельніцтва пражывае на нагор’і, дзе шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км². У гарадах 46% насельніцтва. Найб. Сан-Сальвадор — 1408 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Буйныя гарады (тыс.ж., 1993): Санта-Ана — 208,3, Сан-Мігель — 161,2, Сакатэкалука — 81. У сельскай гаспадарцы занята 33% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 14%, у абслуговых галінах — 53%. Значная эміграцыя ў суседнія краіны і ЗША.
Гісторыя Да 7 ст.н.э. С. насялялі плямёны індзейцаў майя. Потым тут пасяліліся блізкія да ацтэкаў плямёны піпіляў, якія называлі краіну і свой гал. горад Кускатлан. У 1524—47 гэта тэр. заваявана іспанцамі на чале з П. дэ Альварада, якія далі ёй назву С. У калан. перыяд С. быў часткай генерал-капітанства Гватэмала. У 1811—14 тут адбылося некалькі антыкалан. паўстанняў. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць С. У 1822—23 С. у складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1841 С. — незалежная рэспубліка. Доўгі час улада ў краіне па чарзе належала то партыі кансерватараў, якая адлюстроўвала інтарэсы латыфундыстаў, то партыі лібералаў, якая абараняла інтарэсы гандлёвай буржуазіі. Барацьба паміж імі суправаджалася шматлікімі ваен. пераваротамі. На першых свабодных выбарах у сак. 1931 перамог А.Араўха, які прапанаваў праграму шырокіх сац. пераўтварэнняў. У снеж. 1931 ён скінуты ген. М.Эрнандэсам Марцінесам, які ўсталяваў сваю дыктатуру (1931—44). У студз. 1932 ён люта задушыў сял. паўстанне на чале з А.Фарабунда Марці (забіта больш за 10 тыс.чал.). Да 1979 С. кіравалі ваен. рэжымы, якія адлюстроўвалі пераважна інтарэсы алігархаў, што дамінавалі ў эканам. і паліт. жыцці краіны. Па іх ініцыятыве створаны ваенізаваныя атрады для запалохвання апазіцыі. У ліп. 1969 С. вёў вайну з Гандурасам, што абвастрыла сац. супярэчнасці. З канца 1970-х г. пачаліся масавыя выступленні супраць рэжыму, партыз. дзейнасць актывізаваў падпольны Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці (ФНВФМ) — шырокі саюз левых арг-цый. У гэтых абставінах, пры дапамозе ЗША, у кастр. 1979 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады ваен.-цывільную хунту. Новы рэжым абяцаў ажыццяўленне рэформ, але ў краіне працягвала панаваць ранейшая алігархія, лютаваў тэрор правых «эскадронаў смерці», якія забівалі незадаволеных рэжымам і сялян, што адважваліся ўзяць зямлю пасля абвешчанай аграрнай рэформы. Правы тэрор прывёў у пач. 1981 да масавага паўстання на чале з ФНВФМ. Пры дапамозе ЗША рэжым цывільнага прэзідэнта Х.Н.Дуартэ (1980—90) здолеў утрымаць уладу, але ён не кантраляваў ні сельскія раёны, дзе панаваў ФНВФМ, ні ўрадавую армію. У выніку грамадз. вайны да 1990 загінула больш за 70 тыс. чал.
Пры пасрэдніцтве ААН 1.2.1992 заключана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ФНВФМ, які стаў паліт. партыяй. У 1994 пад наглядам ААН адбыліся выбары, на якіх перамагла правая партыя Нацыяналіст. рэспубліканскі саюз. Яе прадстаўнікі А.Кальдэрон і Ф.Флорэс выбіраліся прэзідэнтамі С. ў 1994 і 1999. ФНВФМ стаў другой па значэнні паліт. партыяй С., дамогся поспеху на парламенцкіх выбарах 2000. С. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1999. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыяналіст.рэсп. саюз (АРЕНА), Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. С. — аграрная краіна. Аснова эканомікі — вытв-сць і перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва каля 3000 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 12%, прам-сці 22%, абслуговых галін 76%. Эканоміка моцна залежыць ад замежнага, пераважна амер. капіталу. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн.га зямлі — больш за 60% тэр. краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 690 тыс.га, у т. л. 120 тыс.га арашаецца; пад лугамі і пашай каля 610 тыс.га. Традыцыйна развіта латыфундысцкая гаспадарка. Значная частка сялян беззямельная: на долю 90% сельскага насельніцтва прыпадае толькі 4% апрацаваных зямель. Пашыраны розныя формы арэнды і паўфеад. формы эксплуатацыі. Гал. раён земляробства — вулканічнае нагор’е. У 1998 сабрана (тыс.т); кавы (гал. экспартная культура, дае каля 2/3 кошту прадукцыі земляробства, вырошчваецца ў зах. і цэнтр. частках нагор’я) 251,2, цукр. трыснягу 590, кукурузы 1215,2, бабовых (пераважна фасоля) 99,1, рысу 106,2, сорга 366,6. Вырошчваюць таксама бавоўну, тытунь, какаву, індыга, хенекен, проса, кунжут, ямс і маніёк, алейныя культуры, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта па Пн краіны. У 1997 было 1,14 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 335,1 тыс. свіней. Птушкагадоўля (у 1997—8 млн. курэй). Прам-сць прадстаўлена ў асн.харч., лёгкай, нафтахім., фармацэўтычнай, буд., металургічнай і металаапрацоўчай галінамі. У 1999 атрымана 4,1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49,3% на цеплавых электрастанцыях, 36,5% на ГЭС, 14,2% на гідратэрмальных электрастанцыях. Харч. прадукты і напіткі складаюць (1998) 36% кошту прамысл. прадукцыі; тэкстыль, адзенне, абутак, скураныя вырабы і мэбля — 13,9%; нафтапрадукты, хімікаты і вырабы з каўчуку — 15,3%; металург. і маш.-буд. галіна — 13,4%, паліграф. і цэлюлозна-папяровыя вырабы — 7,5% і інш.Асн. цэнтры харч. і тэкст. прам-сці — гарады Сан-Сальвадор і Санта-Ана, нафтаперапрацоўка і цэм. з-ды ў г. Акахутла. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, серабра, буд. матэрыялаў, каменнай солі. Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, адзення, абутку, капелюшоў. Замежны турызм у 2000 прынёс даход 211 млн. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. У 1997 было 602 км чыгункі, 10 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1986 км з цвёрдым пакрыццём (327 км аўтастрады — Панамерыканскай шашы). У С. 35,3 тыс. легкавых аўтамабіляў, 44,8 тыс. грузавых і аўтобусаў (2000). Гал. парты Ла-Уньён, Акахутла і Ла-Лібертад. У краіне 85 аэрапортаў, у т. л. 4 з цвёрдым пакрыццём узлётнай паласы (у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Сан-Сальвадор). У 1999 экспарт склаў 2,5 млрд. долараў, імпарт — 4,15 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць кава, цукар, тэкстыль, хімікаты, у імпарце — харч., спажывецкія і прамысл. тавары, нафта і нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (59% экспарту, 51% імпарту), Гватэмала (12 і 9%), Мексіка, Гандурас, Японія. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ЗША і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — калон.
М.Б.Жукава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Сальвадора.Сальвадор. Адзін з вулканаў у цэнтральнай частцы краіны.Сальвадор. Сушка зярнят кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКВАДО́Р (Ecuador), Рэспубліка Эквадор (República del Ecuador),
дзяржава на ПнЗПаўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Калумбіяй, на У і Пд з Перу; на З абмываецца Ціхім акіянам. У складзе Э. а-вы Галапагас і інш. прыбярэжныя астравы. Пл. 283,56 тыс.км². Нас. 12920 тыс.чал. (2002). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Кіта. Краіна падзяляецца на 21 правінцыю. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 жніўня).
Дзяржаўны лад. Э. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая 5.6.1998. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які адначасова з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Выбіраецца насельніцтвам на прамых выбарах на 4 гады. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны Нац. кангрэс, які таксама выбіраецца на 4 гады.
Прырода. Паводле характару рэльефу і прыродных умоў тэр. Э. падзяляецца на 3 часткі: берагавыя нізіны і ўзвышшы на З, высакагорная частка ў цэнтры — нагор’е Андаў, якое складаецца з Зах. і Усх. Кардыльераў, і перадгорныя раўніны на ПнУ. На ўнутр. схілах Кардыльераў — конусы патухлых (Чымбараса, 6267 м — найвыш. пункт Э.) і дзеючых (Катапахі, 5897 м, і Антысана, 5758 м) вулканаў. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, медныя і свінцовыя руды, золата, серабро, сера і інш. Клімат экватарыяльны, на нізінах гарачы і вільготны (сярэднямесячныя т-ры на ўзбярэжжы 25—28 °C, на раўнінах 20—24 °C); у міжгорных катлавінах умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры ў Кіта 12,8—13,2 °C, характэрны вял. сутачныя амплітуды т-ры). Ападкаў на Пн берагавой нізіны і перадгорных раўнін больш за 2000 мм, на Пд перадгорных раўнін да 1000 мм, у міжгорных далінах да 1300 мм на Пн і да 400 мм на Пд. Рачная сетка густая. Рэкі ўсх.ч. належаць бас.р. Амазонка (вярхоўі Путумайо, Напа, Тыгрэ і інш.), зах. — бас. Ціхага акіяна. Найб.гасп. значэнне мае даступная марскім суднам р. Гуаяс. На перадгорных раўнінах і на Пн берагавых нізін пашыраны экватарыяльныя лясы, на Пд — саванны і сухія стэпы. У паўн.ч. міжгорных катлавін — высакагорныя экватарыяльныя лугі, на Пд — стэпавая расліннасць. Вонкавыя схілы Кардыльераў да 3000 м укрыты горнай гілеяй (шмат каштоўных дрэў — хіннае, бальзавае, каўчуканосы), вышэй — горныя экватарыяльныя лясы — парамас, з выш. 4500—4700 м — вечныя снягі. Жывёльны свет разнастайны: малпы, ляніўцы, ягуары, тапіры, мурашкаеды, алені пуду, кажаны, шмат птушак, паўзуноў. Нац. паркі Галапагас, Катапахі, Сангай (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш.
Насельніцтва. Эквадорцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшэння індзейцаў з ісп. каланістамі, неграмі і еўрап. эмігрантамі. Іспана-індзейскія метысы складаюць 55% насельніцтва, індзейцы (пераважна кечуа) — 25%, белыя (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%, негры — 10%. Пануючая рэлігія — хрысціянства (католікі — 95%, пратэстанты). Большая ч. насельніцтва сканцэнтравана ў бас.р. Гуаяс, на ўзбярэжжы зал. Гуаякіль, у далінах і міжгорных катлавінах. Сярэдняя шчыльн. 45,6 чал. на 1 км², на У — каля 2 чал. на 1 км², на а-вах Галапагас — 1 чал. на 1 км². Натуральны прырост 2,01% (2002). Гар. насельніцтва 64%. Буйныя гарады (тыс.ж.): Гуаякіль — 2118, Кіта — 1616 (2002), Куэнка — 220, Мачала — 160, Партаўеха — 156, Рыябамба — 150, Амбата — 134, Манта — 130, Эсмеральдас — 115. У сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве занята 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 25%, у сферы паслуг — 45% (2000).
Гісторыя. З найстараж. часоў тэр. Э. насялялі індзейскія плямёны кара, шыры, каньяры, тумбе і інш. У канцы 1-га тыс.н.э. саюз плямён кара ўтварыў т.зв. царства Кіту, захопленае ў 15 ст. імперыяй інкаў (гл.Таўантынсую), якія пасялілі тут шмат індзейцаў з тэр. Балівіі і Перу. У 1526 ісп.канкістадоры пачалі заваяванне інкскай імперыі і ў 1534 захапілі гал. горад Э. Кіта. У 1563 тэр. Э. вылучана ў асобную ісп. калонію, якая ўваходзіла ў склад віцэ-каралеўства Перу (да 1718 і ў 1723—39) і віцэ-каралеўства Новая Гранада (1718—23 і пасля 1739). У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Э. вызвалены з-пад улады Іспаніі ў 1819—22 і ўвайшоў у склад Вялікай Калумбіі як Вобласць Кіта. З мая 1830 Э. незалежная рэспубліка. Да канца 19 ст. краінай папераменна кіравалі лібералы і кансерватары, пачалася мадэрнізацыя земляробства, урэзаны прывілеі каталіцкай царквы, уводзілася свецкая адукацыя, будаваліся чыгункі. 1-я пал. 20 ст. — перыяд эканам. і паліт. нестабільнасці Э. Прэзідэнты звычайна змяняліся ў выніку ваен. пераваротаў. Намаганнямі амер. транснац. карпарацыі «Юнайтэд фрут компані» Э. паступова ператвараўся ў «бананавую рэспубліку». У выніку вайны з Перу (1941—42) Э. страціў 278 тыс.км² у бас.р. Амазонка (амаль палова тэр. краіны). Адкрыццё і эксплуатацыя багатых радовішчаў нафты спрыяла правядзенню агр. рэформы і хуткаму росту эканомікі ў 1970-я г У 1980-я г. пачаўся эканам. застой. У 1995 адбылася пагранічная вайна з Перу. У 1990-я г. праведзены эканам. рэформы неаліберальнага кірунку, але яны не палепшылі становішча. З 15.1.2003 прэзідэнт — Л.Гуцьерэс; ва ўрадавы кабінет упершыню ўвайшлі прадстаўнікі індзейскіх меншасцей і партый марксісцкага кірунку.
У Э. дзейнічаюць 3 найбуйнейшыя паліт. аб’яднанні: Эквадорская радальсісцкая партыя, Патрыят.т-ва 21 студзеня, індзейскі рух Пачакутык. Асн.прафс. аб’яднанні: Канфедэрацыя працоўных Э., Аб’яднаны фронт працоўных, Эквадорскія канфедэрацыя класавых арг-цый і канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў. Э. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), інш.міжнар. арг-цый, асацыіраваны чл. Арг-цыі краін — экспарцёраў нафты. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.5.1993.
Гаспадарка. Э. — краіна з сярэднеразвітой шматукладнай залежнай эканомікай. Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 2000 склаў 37,2 млрд.дол. (па 2,9 тыс.дол. на душу насельніцтва). Важную ролю адыгрываюць прадпрыемствы замежнага і сумеснага капіталу, значная ўдзельная вага дробнатаварнай вытв-сці і невял. — дзярж. сектара. Э. — пастаўшчык сыравіны і харч. прадуктаў. Аснова эканомікі — прамысловасць (30% ВУП). Вядучая галіна — горназдабыўная. Найб. значэнне мае здабыча нафты (запасы 183 млн.т), якая сканцэнтравана на ПнУ (Лага-Агрыо) і п-ве Санта-Элена (каля 15 млн.т штогод, 4-е месца ў Лац. Амерыцы пасля Венесуэлы, Мексікі і Аргенціны). Разведаныя запасы газу каля 10 млрд.м³, здабыча — 480 млн.м³. Распрацоўка радовішчаў золата, серабра, плаціны, ванадыю, жалеза, медзі, цынку, сурмы, серы і інш. Агульная магутнасць электрастанцый 2 млн.кВт, вытв-сць электраэнергіі 10,4 млрд.кВт∙гадз (2000), у т. л. 66% на ГЭС. Рост даходаў ад экспарту нафты паскорыў развіццё апрацоўчай прам-сці. Павялічылася магутнасць нафтаперапр., нафтахім. і хім. прам-сці (Эсмеральдас, Салінас, Ла-Лібертад, Балао), развіваецца машынабудаванне, у т. л. аўтамабілебудаванне, і металургія. Традыц. галіны — харч., у т. л.цукр., рыбакансервавая, алейная, мукамольная (Куэнка, Гуаякіль, Манта), тэкст. (Кіта, Куэнка, Амбата), гарбарна-абутковая, швейная. Ёсць прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, цэм. прам-сці. Пашыраны рамесныя промыслы (вытв-сць капелюшоў-панам, шэрсцяткацтва і інш.). У сельскай гаспадарцы (14% ВУП) пераважае буйное землеўладанне. Апрацоўваецца каля 8,9% тэр., пад пашай 16,9%, лясамі 43,7%. Гал. экспартныя культуры (збор, 1998): бананы (5,7 млн.т, 3-е месца ў свеце, 9,8% сусв. збору), кава (130 тыс.т), какава (80 тыс.т). На свае патрэбы вырошчваюць (тыс.т, 2001): рыс (1377), кукурузу (642), пшаніцу (20), ячмень, сою, бульбу (360), маніёк, фасолю, цукр. трыснёг (5562), бавоўну, алейныя культуры (афр. пальма). Жывёлагадоўля дае больш за 20% кошту с.-г. прадукцыі. Гадуюць (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлу (5,57), авечак (1,98), коз (0,27), свіней (2,39). Птушкагадоўля (138,43 млн. галоў). Рыбалоўства (688 тыс.т, 1999), лоўля крэветак, лангустаў. Нарыхтоўка бальзавага дрэва, збор арэхаў тагуа, соку гевеі. У спецыялізацыі сельскай гаспадаркі існуюць значныя адрозненні: на прыморскай раўніне развіваецца інтэнсіўнае таварнае раслінаводства і плантацыйная гаспадарка, у міжгорных катлавінах цэнтр.ч. — экстэнсіўнае спажывецкае земляробства і жывёлагадоўля, на У — ачаговае земляробства сярод трапічных лясоў. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 45 тыс.км, у т. л. асфальтаваных каля 10 тыс.км. У краіне 255,6 тыс. легкавых аўтамашын і 424,1 тыс. грузавых і аўтобусаў. Даўж. чыгунак 965 км. Буйныя марскія парты: Гуаякіль, Балао, Манта, Эсмеральдас. 14 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Кіта і Гуаякілі. Нафтаправод Лага-Агрыо — Балао. Экспарт (5,6 млрд.дол., 2000): нафты і нафтапрадуктаў (50%), бананаў (18%), рыбы і морапрадуктаў (19%), кавы, какава, драўніны. Імпарт (3,4 млрд.дол., 2000): машын, прамысл. і нафтавага абсталявання, тэкстылю, харч. прадуктаў, хімікатаў. Асн.гандл. партнёры: ЗША (37% экспарту і 30% імпарту), Калумбія (5% і 13%), краіны ЕС, Японія, Рэспубліка Карэя. Даход ад турызму 343 млн.дол. Грашовая адзінка — сукрэ.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад стараж. часоў захаваліся керамічныя статуэткі, размаляваныя вазы, стэлы, каменныя статуі з прамавугольных блокаў, вырабы з золата і серабра, каменныя ўмацаванні, дамы, храмы. З 16 ст. ў архітэктуры храмаў спалучаліся формы позняга ісп. Адраджэння з матывамі араб. дойлідства (наборная драўляная столь, аркады ўнутр. дворыкаў). Асн.буд-ва вялося ў Кіта (арх. Ф.Бесары, А.Радрыгес, Х.Рыке). Будынкі 17—18 ст. спалучалі формы барока з мясц. традыцыяй плоскай арнаментальнай разьбы (храм Ла Кампаньія, узведзены на ўзор касцёла Іль Джэзу ў Рыме; Каралеўская аўдыенцыя, цяпер Дом урада). Традыц. творчасць індзейцаў звязана з керамікай, ткацтвам, размалёўкамі, аздабленнем з пер’я і інш.Рэліг. жывапіс 16 ст. фарміраваўся пад уплывам ісп., італьян. і флам. мастацтва (П.Бедон, Ф. дэ ла Крус, М. дэ Сант’яга, П.Гасеаль). Сярод скульптараў вылучаліся Б. дэ Легарда і індзеец Каспікара (сапр. М.Чылі). У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры выкарыстоўвалі старыя ўзоры, з 1950-х г. пачалі будаваць у сучасных стылях (будынак Мін-ваўнутр. спраў, атэль «Кіта» і інш.). У выяўл. мастацтве 19 ст. панаваў акадэмізм (А.Салас, Л.Кадэна). У творах жывапісца К.Пінта рысы рамантызму. У 1904 у Кіта засн.Нац. школа прыгожых мастацтваў, прадстаўнікі якой сцвярджалі імпрэсіянізм (К.Эгас), містыцызм (В.Мідэрас), памяркоўны кубізм (М.Рэндон). Сярод мастакоў-рэалістаў А.Гуаясамін, Э.Кінгман, Д.Парэдэс і інш. З 1960-х г. развіваюцца розныя мадэрнісцкія плыні (сюррэалізм, абстрактнае мастацтва і інш.). У нар. мастацтве пашыраны ткацтва, ганчарства, выраб масак, апрацоўка серабра, разьба па дрэве і камені. Стары горад Кіта ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Эквадора.Да арт.Эквадор. Наваколле г. Ібара.Да арт.Эквадор. Сучасная забудова г. Кіта.