БОЎШ (Віктар Іванавіч) (н. 24.8.1930, г. Брэст),
бел. філосаф і прававед. Д-р філас. н. (1982), праф. (1987). Скончыў Кіеўскі ун-т (1955). Выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (у 1989—95 нам. дырэктара). Даследуе сац. філасофію і тэорыю развіцця грамадства, замежныя ідэйна-паліт. плыні, праблемы футуралогіі, філасофіі, гісторыі, палітыкі, права. Аўтар прац «Сацыяльная тэхналогія» пра будучае: ілюзіі і міфы» (1976), «Футуралогія і антыкамунізм» (1977), «Рэальны сацыялізм і сучасныя «крыжаносцы» (1985) і інш.
т. 3, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́ЛЕЎ (Жэлю) (н. 3.3.1935, с. Весялінава Шуменскай акр., Балгарыя),
балгарскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф. Д-р філас. н. (1987). Скончыў Сафійскі ун-т. З 1960-х г. за ідэйна-паліт. пазіцыі праследаваўся ўладамі, выключаны з Балг. камуніст. партыі. Лідэр Саюза дэмакр. сіл (снеж. 1989 — жн. 1990). У 1990—96 прэзідэнт Балгарыі; праводзіў курс на дэкамунізацыю балг. грамадства. Аўтар прац «Фашызм» (1982, забаронена і канфіскавана з продажу і бібліятэк, зноў выдадзена ў 1990), «Рэальная фізічная прастора» (1989) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Фашизм: Тоталитар. государство. М., 1991.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«25 САКАВІКА́»,
часопіс студэнцкай моладзі Віленскага ун-та. Выдаваўся ў 1936—39 у Вільні на бел. мове. Прытрымліваўся ідэйна-паліт. праграмы групоўкі моладзі, якая імкнулася спалучаць ідэал суверэннай Беларусі з хрысціянствам і элементамі сацыялізму. У «Ідэйнай дэкларацыі маладых адраджэнцаў» выказваўся за кааператыўна-карпарацыйны лад як аснову дзярж. ладу. Сваю мэту бачыў у садзейнічанні фарміраванню «новага тыпу беларуса...» на аснове абвешчанай у 1918 незалежнасці БНР. Прапагандаваў ідэю суверэннасці Беларусі, аддаваў увагу праблемам духоўнага жыцця народа і ролі нар. культуры, асвятляў дыскусійныя пытанні, падзеі ў культ. і грамадскім жыцці Зах. Беларусі і ў Вільні. Выйшла 5 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 6, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МЕРМАН ((Immermann) Карл Лебрэхт) (24.4.1796, г. Магдэбург, Германія — 25.8.1840),
нямецкі тэатр. дзеяч, пісьменнік, драматург. Па адукацыі юрыст. У 1832 стварыў і ўзначаліў (да 1837) т-р у Дзюсельдорфе, дзе ставіліся т. зв. ўзорныя спектаклі па лепшых творах сусв. і нац. драматургіі. Імкнуўся стварыць акцёрскі ансамбль, рэжысёру адводзіў ролю ідэйна-маст. інтэрпрэтатара п’есы, аддаваў увагу афармленню, гуку, святлу, пастаноўцы масавых сцэн. Выступаў як паэт (зб. «Вершы», 1822) і драматург: драмы «Кардэніо і Цэлінда» (1826), «Трагедыя ў Ціролі» (1828), «Мерлін» (1830), драм. трылогія з рус. гісторыі «Аляксей» (1833). Аўтар раманаў «Эпігоны» (1836), «Мюнхгаўзен» (1838), даследаванняў пра т-р.
т. 7, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЯ́РЫ (лац. populares ад populus народ),
ідэйна-палітычная плынь у Стараж. Рыме ў канцы 2—1 ст. да н.э. Абаранялі інтарэсы плебсу, у першую чаргу сельскага, супрацьстаялі аптыматам. У цэнтры барацьбы з аптыматамі былі аграрнае пытанне і дэмакратызацыя рым. дзяржавы. Абапіраючыся на нар. сход, П. імкнуліся абмежаваць буйное і аднавіць сял. землеўладанне, забараніць даўгавую кабалу, адмяніць ліхвярства. Значную ролю сярод П. адыгрывалі браты Гракхі, Апулей Сатурнін. Уплыў П. у сваіх мэтах выкарыстоўвалі Г.Марый, Ліцыній Крас, Цэзар.
Літ.:
Трухина Н.Н. Политика и политики «золотого века» Римской республики (П в. до н.э.). М., 1986. С. 56—59.
т. 12, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАЖЫ́РАВАНАЕ МАСТА́ЦТВА (ад франц. engager, абавязваць),
мастацтва, якое адкрыта выяўляе грамадскую пазіцыю творцы, актыўна ўдзельнічае ў паліт. барацьбе, асабліва ў час крызісных сітуацый і карэнных перамен у жыцці грамадства. Свой пачатак вядзе ад сац.-рэв. рухаў 18 ст. ў Францыі, Рэчы Паспалітай і інш. Развівалася ў 19—20 ст. у рэв., паліт., нац.-вызв., антыфаш. барацьбе. Абвостраны ідэйна-дэкларатыўны характар набыло ў СССР пасля 1917. Актыўна развівалася ў 1920—30-я г. ў тэатралізаваных паказах, прыкладной графіцы, манументальным афармленні і інш. відах і формах. З канца 1980-х г. на Беларусі перажывае новы ўздым у сувязі з паліт. і рэфарматарскімі працэсамі, нац. адраджэннем.
Я.Ф.Шунейка.
т. 1, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕГА́ЛЬНЫ МАРКСІ́ЗМ»,
ідэйна-палітычная плынь рас. інтэлігенцыі ў 1890-я г. Прадстаўнікі «Л.М.» (П.Б.Струвэ, М.І.Туган-Бараноўскі, С.М.Булгакаў і інш.), выступаючы ў легальных часопісах «Новое слово» (1894—97), «Жизнь» (1897—1901), «Начало» (1899) і інш., выкарыстоўвалі палажэнні марксісцкай эканам. тэорыі для абгрунтавання развіцця капіталізму ў Расіі як прагрэсіўнай з’явы, але адмаўлялі ці рэвізавалі марксісцкую рэв. тэорыю. Яны выступалі супраць самадзяржаўя, за дэмакр. свабоды, развівалі ліберальныя тэорыі сац. рэфармавання капіталіст. грамадства. У сярэдзіне 1890-х г. разам з сацыял-дэмакратамі змагаліся супраць народніцтва і інш. тэорый, якія адмаўлялі капіталіст. шлях развіцця Расіі. З канца 1890-х г. перайшлі ад марксізму да лібералізму, іх лідэры сталі ядром партыі кадэтаў.
т. 9, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́ЗМ,
ідэйна-паліт. плынь і грамадскі рух прадстаўнікоў грамадства, паліт. сіл розных светапоглядаў і ідэалогій, а таксама палітыка дэмакр. урадаў, накіраваная супраць фашызму. Узнік у Еўропе на пач. 1920-х г., каб процідзейнічаць уплыву фаш. арг-цый і партый на паліт. жыццё і дзярж. ўладу. Значнага размаху дасягнуў з устанаўленнем у 1930-я г. адкрытых фашысцкіх дыктатур у Германіі, Італіі, Іспаніі, актывізацыяй фаш. сіл у шэрагу інш. еўрап. краін. У 2-ю сусв. вайну антыфашызм з’явіўся асновай антыгітлераўскай кааліцыі, вызв. барацьбы народаў свету супраць дзяржаў «восі» (Германія, Італія, Японія). Пасля вайны антыфашызм садзейнічаў пераадоленню рэшткаў фашызму ў грамадскім жыцці, нац. аднаўленню і адраджэнню. Захоўвае значэнне як сродак процідзеяння неафашызму.
В.І.Боўш.
т. 1, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ФІЛАСО́ФСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
добраахвотная навук.-грамадская арг-цыя. Аб’ядноўвае навукоўцаў і інш. грамадзян, якія распрацоўваюць фундаментальныя філас. праблемы, умацоўваюць сувязі філас. навукі з грамадскай практыкай або актыўна садзейнічаюць гэтаму. Створана ў 1992 (з 1973 існавала як Бел. аддзяленне філас. т-ва СССР). Асн. задачы: дапамога членам т-ва ў пашырэнні і паглыбленні спец. ведаў, павышэнні іх ідэйна-тэарэт. і метадалагіч. ўзроўню, удзел у рабоце навук. форумаў, укараненне ў практыку вынікаў навук. распрацоўкі праблем філасофіі, актыўных метадаў яе выкладання і прапаганды дасягненняў бел. філосафаў; ажыццяўленне навук. сувязяў з філас. т-вамі інш. краін і міжнар. навук. арг-цыямі ў галіне філасофіі; ажыццяўленне выдавецкай і рэкламнай дзейнасці. Т-вам выдадзены зб. «Праблемы развіцця сучаснай філасофіі» (1994), «Праблемы грамадскай свядомасці» (1995) і інш.
У.К.Лукашэвіч.
т. 2, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ ў музыцы,
гукавая рэалізацыя нотнага тэксту ў працэсе выканання. Залежыць ад сістэмы эстэт. прынцыпаў пэўнага кірунку муз. мастацтва і асаблівасцей нац. школы, да якіх належыць выканаўца. Артыст (спявак, дырыжор, інструменталіст) сродкамі выканальніцкага майстэрства на аснове індывід. падыходу і ўласнай творчай канцэпцыі раскрывае сэнс муз. твора, закладзены аўтарам.
Мастацтва І. вядома з сярэдзіны 18 ст., калі музыканты, акрамя ўласных твораў, пачалі выконваць творы інш. аўтараў. Значэнне яго павялічылася ў 19 ст. з развіццём канцэртнай дзейнасці, узнікненнем розных стыляў муз. выканальніцтва і звязаных з імі псіхал., тэхнал. і ідэйна-маст. праблем. Тэорыя муз. І. з’яўляецца адной з галін музыказнаўства. Вывучаюць І. на падставе даследавання мемуарнай і эпісталярнай л-ры, узораў гуказапісу, аналізу транскрыпцый і апрацовак муз. твораў вядомымі выканаўцамі.
Літ.:
Корыхалова Н.П. Интерпретация музыки. Л., 1979.
Э.А.Алейнікава.
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)