ПЕРАВЕ́РЗЕЎ (Іван Фёдаравіч) (3.9.1914, в. Кузьмінкі Арлоўскай вобл., Расія — 23.4.1978),
расійскі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1938). З 1938 у маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1945 у Т-ры-студыі кінаакцёра кінастудыі «Масфільм». У характарах персанажаў імкнуўся раскрыць драматызм, супярэчлівасць, кантрастнасць і павароты лёсу. Зняўся ў фільмах «Марскі ястраб» (1942), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (1953), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1963), «Фронт без флангаў» (1975), «Фронт за лініяй фронту» (1977); на кінастудыі «Беларусьфільм» — «Маё каханне» (1940), «Палеская легенда» (1957). Дзярж. прэмія СССР 1952.
В.С.Іваноўскі.
т. 12, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДРЫ,
запаведнік у Малдове, на тэр. ўзв. Кодры. Засн. ў 1971 для захавання прыроднага комплексу шыракалістых лясоў. Пл. 5,1 тыс. га. Рэльеф — плато (выш. да 430 м), лагчыны, схілы. Ландшафт: лясны масіў (грабавыя і букавыя дубровы), крыніцы, ручаі. У флоры больш за 900 відаў. Звычайныя дубы скальны і чарэшчаты, бук, ясень, граб, ліпы серабрыстая і драбналістая, клён, груша, чарэшня; у падлеску — ляшчына, брызгліна, глог, кізіл і інш. Травяное покрыва з асок, сніткі, фіялак, чарамшы і г.д. У фауне звычайныя барсук, заяц, воўк, дзік, ліс. Акліматызаваны высакародны і плямісты алені, марал, лань. Каля 100 відаў птушак, у т. л. беркут, арол-магільнік, ястраб, курапатка. Рэдкія віды — лясная куніца, еўрапейскі дзікі коч, малы падворлік, арол-карлік, філін.
т. 8, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́НДСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.
На Кольскім п-ве ў бас. воз. Імандра, у Мурманскай вобл., Расія. Засн. ў 1930 з мэтай аховы дзікага паўн. аленя, асяроддзя яго месцаў пражывання. Пл. больш за 278 тыс. га. Рэльеф гарысты. Схілы, цясніны, абрывы, азёрныя катлавіны, рэкі і горныя ручаі. Рэдкастволыя хваёвыя і яловыя лясы з прымессю бярозы. Горныя тундры. Месцамі забалочаныя ўчасткі. У флоры 530 відаў сасудзістых раслін, 184 імхоў, 106 лішайнікаў. Пераважаюць вечназялёныя расліны. Шмат ягаднага кустоўя, насякомаедных раслін (расянка, тлушчанка, плывунец). У фауне 30 відаў млекакормячых, у т. л. паўн. алень, лось, буры мядзведзь, ліс, куніца, вавёрка, заяц; 180 — птушак, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, белая і тундравая курапаткі, ястраб, сава.
т. 9, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЕЦ ((Kawalec) Юльян) (н. 11.10.1916, мяст. Вжавы Тарнабжэскага ваяв., Польшча),
польскі празаік і публіцыст. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це. Першы зб. апавяд. «Сцежкі сярод вуліц» (1957). У зб. навел «Звалены вяз» (1962), мікрараманах «Да зямлі прыпісаны» (1962), «Танцуючы ястраб» (1964), «Шэры арэол» (1973), раманах «Вясельны марш» (1966), «Пераплывеш раку» (1973), аповесцях «Шукаю дом», «Заклік» (абедзве 1968), «Выкрасці брата» (1982), зб. апавяд. «Гітара з райскай чарэшні» (1990) паказаў жыццё вёскі ў складаных гісторыка-сац. умовах, змены ў побыце і свядомасці сялян пасля 1945, пошукі гармоніі з сял. светам і інш. Прозе ўласцівы сімволіка, часовыя інверсіі, біблейская стылізацыя. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Гапава, Я.Брыль, А.Бажко, П.Стафановіч.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1986.
Літ.:
Гапава В.І. Зменлівае і спрадвечнае. Мн., 1975.
М.М.Хмяльніцкі.
т. 7, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛЫ ШКО́ДНЫЯ,
жывёльныя арганізмы рознага паходжання, узроўню арганізацыі, сістэматычнай прыналежнасці і экалагічных умоў месцапражывання, якія прама або ўскосна, часова або пастаянна, перыядычна або неперыядычна шкодзяць гаспадарцы, здароўю чалавека, свойскім і дзікім жывёлам і раслінам. Вылучаюць Ж.ш. у залежнасці ад аб’ектаў, якім яны шкодзяць: гасп. (шкоднікі сельскай, рыбнай, паляўнічай гаспадаркі і інш.), ландшафтным (шкоднікі поля, саду, агарода, лесу і інш.), групам і відам раслін і жывёл (шкоднікі с.-г. раслін, хвойных і лісцевых парод дрэў і інш.). Назва «Ж.ш.» даволі ўмоўная, для канчатковай ацэнкі пэўнага віду жывёл у кожным выпадку неабходны дакладны эколага-эканам. аналіз. Аднак біягеацэнатычнае значэнне віду вызначыць цяжка. Абсалютных Ж.ш. у прыродзе няма. На Беларусі да Ж.ш. належаць некат. віды млекакормячых (палёўкі звычайная і рыжая, дамавая мыш, чорны пацук і інш.), птушак (мышалоў балотны, шэрая варона, ястраб-цецяроўнік, верабей дамавы і інш.), рыб (напр., джгір), малюскаў (напр., дрэйсена) і інш.; найбольшую шкоду гаспадарцы прычыняюць Ж.ш. з класа насякомых (напр., шаўкапрады, пільшчыкі, пядзенікі, караеды, пухаеды, сляпні, каларадскі жук, шведская муха, бураковая блыха, гарохавы зерняед і інш.) Для барацьбы з Ж.ш. выкарыстоўваюцца гасп. (напр., агратэхн. прыёмы рэгуляцыі колькасці), біял. (натуральныя ворагі), механічныя (непасрэднае знішчэнне пасткамі і інш.), фізічныя (знішчэнне з дапамогай высокіх або нізкіх тэмператур, ультрагуку і інш.), хім. (ядахімікаты), генетычныя (масавы выпуск лятальных мутацый, якія парушаюць нармальны цыкл размнажэння Ж.ш.) метады.
т. 6, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)