ГРАЦЫЯ́Н (Флавій) (Flavius Gratianus; 13.4.359, Сірмій, рым. прав. Панонія, цяпер г. Срэмска-Мітравіца, Сербія — 25.8.383),
рымскі імператар. З 367 суправіцель свайго бацькі Валентыніяна I, пасля яго смерці (375) правіў зах. ч. імперыі. Пры Грацыяну ў 378—383 вялася барацьба з алеманамі, сарматамі і вестготамі на Рэйне і Дунаі. Ён выступіў таксама супраць язычнікаў, арыян і данатыстаў, у 382 адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка і загадаў вынесці з сената алтар Перамогі — сімвал язычніцтва. У 383 па яго загадзе канфіскавана ўся маёмасць, якая належала храмам стараж. рым. багоў. У час мяцяжу ўзурпатара Максіма ў Брытаніі гальскія войскі зарадзілі Грацыяну, ён быў забіты.
т. 5, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́РАСЬ (ад грэч. hairesis, асобнае веравучэнне, школа, секта),
адыход ад афіц. царк. дактрыны па пытаннях дагматыкі, культу і арганізацыі. Ідэйнымі вытокамі Е. былі іудаізм і іудзейскае сектанцтва (эсены, эбіяніты, неаплатонікі), якія ўплывалі пазней на антытрынітарыяў, хіліястаў, арыян (гл. Хіліязм, Арыянства), а таксама язычніцтва і містыцызм у выглядзе гнастыцызму, маніхейства, ісіхазму і інш. На глебе незадаволенасці палітыкай Ватыкана ў 14—16 ст. узнік шэраг сял. рухаў, якія зліваліся з рэфармац. рухам (гл. Рэфармацыя).
На Беларусі ўсе Е. прыўнесены з-за мяжы: у 15 ст. гусізм; у 16 ст. рэліг.-рацыяналіст. вучэнне (Ф.Касой, Арцемій, М.Башкін), антытрынітарыі, атэісты (К.Бекеш, С.Лован), з 17 ст. сацыніяне.
А.А.Цітавец.
т. 6, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛАГЕ́ТЫКА (ад грэч. apologētikos абараняльны),
1) раздзел хрысц. багаслоўя, які пры дапамозе аргументаў, звернутых да розуму і свядомасці чалавека, адстойвае веравучэнне; у вузкім сэнсе — гал. багаслоўе, грунтоўная тэалогія. Асновы апалагетыкі закладзены ў 2—3 ст. Юсцінам, Тацыянам, Арыгенам, Тэртуліянам і інш. для абароны хрысціянства ад іудзейства, «язычніцтва» (пад ім разумелася ант. філасофія), дзярж. улад, ерасяў. Пашырана гал. чынам у праваслаўі і каталіцызме. Змест апалагетыкі — інтэрпрэтацыя сутнасці рэлігіі, абвяржэнне накіраваных супраць яе абвінавачванняў, абгрунтаванне перавагі той ці інш. канфесіі. Апелюючы да розуму, апалагетыка ўсё ж лічыць, што нават лагічна абгрунтаваная сістэма догматаў павінна прымацца на веру, бо апошняя ў тэалогіі вышэйшая за розум.
2) У пераносным сэнсе апалагетыка — прадузятая абарона, тэндэнцыйнае ўсхваленне чаго-небудзь, каго-небудзь.
А.А.Цітавец.
т. 1, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛХІ́МІЯ (позналац. alchimia ад араб. аль-кімія),
данавуковы кірунак развіцця хіміі; своеасаблівая з’ява культуры. Узнікла ў Егіпце (3—4 ст. н.э.), атрымала пашырэнне ў Зах. Еўропе (11—13 ст.). Гал. мэта — пошукі «філасофскага каменя» для ператварэння звычайных металаў у золата і серабро, атрымання эліксіру неўміручасці, універсальнага растваральніку і інш.
Тэарэт. ўяўленні алхіміі — перапляценне рэлігійна-містычных вучэнняў язычніцтва, хрысціянства, іудаізму і ант. філасофіі. На працягу шматвяковых спробаў іх практычнага ўвасаблення алхімікі адкрылі або ўдасканалілі спосабы атрымання мінер. і раслінных фарбаў, лек. сродкаў, шкла, эмаляў, металаў і іх сплаваў, кіслот, шчолачаў, соляў, а таксама распрацавалі прыёмы хім. аперацый (фільтраванне, перагонка, узгонка і інш.). На аснове назапашаных звестак у 17—18 ст. Пачалося станаўленне хіміі як навукі (працы Р.Бойля, М.В.Ламаносава, А.Лавуазье і інш.).
т. 1, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМО́ЙЦЬ, Жэмайція, Жмудзь, Самагіція,
гістарычная і этнагр. вобласць на З Літвы. З 1260-х г. у складзе ВКЛ (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). На працягу 2-й пал. 13 — пач. 15 ст. вял. князі ВКЛ выкарыстоўвалі Ж. як сродак для вырашэння сваіх знешнепаліт. задач у адносінах з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Дубіскіх (1382), Салінскага (1398) і Рацыёнжскага (1404) дагавораў вял. князі ВКЛ Ягайла, а пасля Вітаўт саступалі Ж. Тэўтонскаму ордэну. У выніку паўстанняў 1401 і 1409 Ж. вызвалілася з-пад улады ордэна. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 і Мельнскага дагавора 1422 канчаткова далучана да ВКЛ. У 1411—1795 існавала асобнае Жамойцкае староства. З 1413 пачалося хрышчэнне Ж. з язычніцтва ў каталіцкае веравызнанне. З 1795 у складзе Літоўскай, з 1801 — Віленскай, 1843 — Ковенскай губ. Рас. імперыі, з 1918 у складзе Літвы.
т. 6, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯДЗВЕ́ДЗЬ»,
гульня-паказ і маска-персанаж у стараж. бел. нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. Мяркуюць, што бярэ пачатак з часоў язычніцтва. Найб. пашыраны на Палессі, дзе захаваўся і ў наш час.
Здольнага да імітацыі хлопца прыбіралі ў 2 чорныя вывернутыя поўсцю наверх кажухі (рукавы аднаго надзявалі на ногі, другога па крыссі сшывалі ці падвязвалі вяроўкай), на галаву надзявалі шапку з аўчыны, твар вымазвалі сажай ці закрывалі маскай. Часам выканаўцу ролі «М.» спавівалі сухімі сцяблінкамі гароху. Гульня пераважна паўтарала паказы скамарохаў-мядзведнікаў (гл. «Мядзведжыя пацехі», сцэна з вучоным «М.» уваходзіла ў рэпертуар батлейкі). Паводле загадаў павадыра «М.» скакаў, імітаваў паводзіны чалавека ў розных жыццёвых абставінах. Разам з «М.» вадзілі «жураўля» ці «казу», часам у паказах удзельнічаў музы́ка з бубнам.
М.А.Каладзінскі.
т. 11, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДВЫЗНАЧЭ́ННЕ,
рэлігійнае вучэнне, паводле якога ўсё у свеце прадвызначана воляй Бога. Ідэя П. ўзнікла ў часы язычніцтва ў форме фаталізму, падпарадкавання чалавека лёсу, касм. неабходнасці. Хрысціянства выступіла з вучэннем пра ласку Божую, якая зыходзіць на абраных. Зыходзячы са спасылкі на недасканаласць і грахоўнасць прыроды чалавека, прыхільнікі Пелагія сцвярджалі магчымасць самаст. выратавання душы праз добрыя справы і заступніцтва царквы. Гэтыя падыходы ў трактоўцы П. ляглі ў аснову правасл. і каталіцкай дактрын выратавання. Ідэі Аўгусціна развіў пратэстантызм у вучэннях М.Лютэра і англіканства. Кальвіністы лічаць, што чалавечы лёс знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Бога, які выбірае ці адвяргае чалавека яшчэ да яго нараджэння. Некаторыя пратэстанты дапускаюць, што сац.-эканам. актыўнасць асобы і высокі ўзровень дабрабыту можа сведчыць аб магчымай абранасці. Вучэнне П. лягло ў аснову некаторых канцэпцый тэалогіі, гісторыі ў якасці абгрунтавання ідэі богаабранасці (яўр. народу, Расіі, ЗША і інш.). Дактрына П. выразна выяўляецца ў іудаізме, ісламе і інш. рэлігіях.
А.А.Цітавец.
т. 12, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ КА́ПІШЧА,
старажытнаславянскае язычніцкае свяцілішча ў Мінску. Праіснавала да пач. 20 ст. У 2-й пал. 19 ст. ўяўляла сабой абгароджаную з 3 бакоў прамавугольную пляцоўку на беразе р. Свіслач, дзе знаходзіліся 4 культавыя прадметы: гранітны валун Дзед (лічыўся галоўным), вял. дуб Волат, выкладзенае з невял. камянёў вогнішча-зніч Жыжа (агонь), крынічка каля валуна (вада з яе лічылася цудадзейнай). Мясц. жыхары, нягледзячы на афіц. вызнанне хрысціянства, ушаноўвалі М.к. як святое месца. Валуну Дзеду ахвяравалі мёд, малако, віно, палатно; дубу Волату — пераважна ручнікі і стужкі, якія развешвалі на ім на 33 дні (жалуды Волата лічыліся лекавымі), агню (Жыжу) прыносілі жывёльную ахвяру. М.к. абслугоўвалі т.зв. чараўнікі (апошнімі былі бацька і сын Севасцеі), якія прадказвалі лёс, лячылі ад хвароб, налівалі святую ваду з крынічкі, давалі амулеты-абярэгі і г.д. У канцы 1880-х г. у сувязі са святкаваннем 900-годдзя хрысціянства на Русі гар. ўлады паспрабавалі закрыць М.к. як апошнюю апору язычніцтва (было патушана і разбурана вогнішча, спілаваны дуб), але канчаткова гэта зроблена ў пач. 20 ст. Валун Дзед захоўваецца ў Парку камянёў.
т. 10, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),
рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.
Літ.:
Современные секты в России. М.; СПб., 1995.
А.А.Цітавец.
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЛО́СЫ»
(«Kłosy», «Каласы»),
навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выходзіў у 1865—90 у Варшаве на польск. мове 1 раз у тыдзень. Рэдактар К.Вуйціцкі (да 1875), А.Пяткевіч (А.Плуг, з 1879 гал. рэдактар). Змяшчаў матэрыялы па л-ры, гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве, а таксама нататкі з падарожжаў, успаміны, біягр. нарысы, тэатр. і муз. агляды, пераклады маст. твораў, мясц. і замежную карэспандэнцыю. Выданне вызначалася высокім графічным і маст. узроўнем (мастакі М.Э.Андрыёлі, С.Віткевіч, Ф.Кастшэўскі, Н.Орда, Ю.Фалат і інш.).
У часопісе апублікаваны працы пра Беларусь Вуйціцкага «Яўстах граф Тышкевіч» (1865), М.Камінскага «Танцы народа Павілля» (1866), В.Поля «На азёрах» (1869), З.Шчэры «Экскурсія ў Пінск і на Піншчыну» і А.Плуга «Руіны замка ў Міры» (абедзве 1877) і «Аляксандр Ходзька» (1881), В.Каратымскага «Ігнат Дамейка» (1877), З.Глогера «Земляробчыя абрады» (1879) і «Колькі слоў пра народныя і нацыянальныя песні» (1881), Э.Хлапіцкага «Апавяданні з вандроўкі па краі» (1887), В.Бютнера «Перажыткі язычніцтва на Палессі» (1890) і інш., маст. творы А.Э.Адынца, Э.Ажэшкі, Ю.Крашэўскага, Я.Лучыны, М.Радзевіча, У.Сыракомлі і інш. У 1890 зліты з час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»).
Літ.:
Szyndler B. Tygodnik ilustrowany «Kłosy» (1865—1890). Wrocław, 1981.
Ю.І.Вашкевіч, А.Ф.Літвіновіч.
т. 8, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)