БО́РА РА́ДЫУС,

радыус найбліжэйшай да ядра (пратона) арбіты электрона ў мадэлі атама вадароду Н.​Бора. Абазначаецца a0 a0 = ħ me2 = 5,2917706(44) 10−11 м, дзе ħ = h , h — Планка пастаянная, m і e — маса і зарад электрона. У квантавай механіцы Бора радыус вызначаецца як адлегласць ад ядра, на якой з найбольшай імавернасцю можна выявіць электрон у няўзбуджаным атаме вадароду. Гл. таксама Бора тэорыя.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТЭЛЬСАН ((Mottelson) Бенжамін Рой) (н. 9.7.1926, г. Чыкага, ЗША),

амерыканска-дацкі фізік-тэарэтык. Чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і літаратуры (1958). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1973). Скончыў ун-т Перд’ю (1947). З 1950 у Ін-це тэарэт. фізікі ў Капенгагене, з 1953 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў, з 1957 праф. Сканд. ін-та тэарэт. фізікі. У 1993—97 дырэктар Еўрап. цэнтра тэарэт. ядз. фізікі (Італія). Навук. працы па ядз. фізіцы. Распрацаваў абагульненую (калектыўную) мадэль ядра (разам з О.Борам; 1952). Пабудаваў звышцякучую мадэль ядра (разам з Борам, Д.​Пайнсам; 1958). Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Борам, Дж.Рэйнуотэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Структура атомного ядра. Т. 1—2. М., 1971—77 (разам з О.​Борам);

Элементарные виды возбуждения в ядрах // Успехи физ. наук. 1976. Т. 120, № 4.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯПЛА́ЗМА (ад карыя... + плазма),

карыялімфа, нуклеаплазма, ядзерны сок, асноўная частка змесціва клетачнага ядра, якая ўтварае ўнутрыклетачнае рэчыва (матрыкс). Складаецца з бялковых фібрыл (таўшчыня 2—3 нм), што ўтвараюць сеткападобны каркас, у якім лакалізаваны храмацін, ядзеркі, унутрыядзерныя гранулы, поравыя комплексы ядз. абалонкі і інш. структуры. У жывых клетках К. гамагенная, аднародная, пры фіксацыі мае сеткападобную структуру. Мяркуецца, што К. ствараецца пры кожнай целафазнай рэканструкцыі ядрапач. мітозу пры растварэнні ядз. абалонкі К. пераходзіць у цытаплазму, што акружае ядро, і паніжае яе вязкасць).

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯ... (ад грэч. karyon арэх, ядро арэха), першая састаўная частка складаных слоў, якая ўказвае на іх адносіны да клетачнага ядра, напр., карыялогія, карыяплазма.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛО́ГІЯ (ад карыя... + ...логія),

навука пра будову і функцыі, эвалюцыю і асобныя структуры клетачнага ядра (храмасом, ядзерка, ядзернай абалонкі); раздзел цыталогіі. Даследуе мікраскапічную і субмікраскапічную будову і паводзіны ядзерных структур пры розных формах дзялення ядра клеткі (амітоз, мітоз, меёз, эндамітоз) і ў прамежку паміж дзяленнямі (інтэрфаза), будову і заканамернасці рэпрадукцыі (гл. Рэдуплікацыя храмасом). Выкарыстоўваюць метады аптычнай і электроннай мікраскапіі, цытахіміі, аўтарадыяграфіі, морфаметрыі. К. ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. пасля выяўлення вядучай ролі ядра клеткі ў спадчыннасці. На Беларусі даследаванні па К. праводзяцца з 1960-х г. У БДУ на кафедры генетыкі вывучаюць механізмы дзялення клетак пры мітозе і меёзе, у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі вядуць работы па К. культурных раслін і ракавых клетак жывёл, у Бел. НДІ жывёлагадоўлі — па К. с.-г. жывёл, у Мінскім мед. ін-це — па К. чалавека.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОР ((Bohr) Оге Нільс) (н. 19.6.1922, Капенгаген),

дацкі фізік-тэарэтык. Чл. Дацкай АН (1995). Сын Н.Бора: Скончыў Капенгагенскі ун-т (1946). З 1946 у Ін-це тэарэт. фізікі (Ін-т Нільса Бора), у 1962—70 яго дырэктар. З 1975 дырэктар Ін-т тэарэт. ядз. фізікі. Навук. працы па ядз. фізіцы. Распрацаваў абагульненую (калектыўную) мадэль атамнага ядра, выказаў думку аб магчымасці існавання звышцякучасці адронаў у ядрах атамаў. Нобелеўская прэмія 1975.

Тв.:

Рус. пер. — Структура атомного ядра. Т. 1—2. М., 1971—77 (разам з Б.​Мотэльсанам).

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСФЕ́РА (ад грэч. barys цяжкі + сфера),

унутраная частка зямнога шара, якая складаецца з ядра Зямлі і мантыі Зямлі. Часта пад барысферай разумеюць толькі ядро Зямлі. Гл. таксама Геасферы.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́БАЛАНЬ,

вонкавыя маладыя фізіялагічна актыўныя слаі драўніны, якія знаходзяцца непасрэдна за камбіем. Адрозніваюцца ад унутр. ч. (ядра) больш светлай афарбоўкай, меншай мех. трываласцю і ўстойлівасцю да пашкоджанняў грыбамі і насякомымі.

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТА́РНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

абалонка з разрэджанага іанізаванага газу, якая акружае гарачы белы карлік і расшыраецца. Па знешнім выглядзе падобная на дыск планеты (адсюль назва).

Пры сцісканні ядра зоркі, якім заканчваецца стадыя чырвонага гіганта, яе вонкавыя слаі скідваюцца з вял. скорасцю і аддзяляюцца ад ядра. Паводле сучасных тэорый зорка з вугляродным ядром і масай 0,6—4 сонечныя масы ўтварае П.т. і пераўтвараецца ў белы карлік. Абалонка расшыраецца са скарасцямі да некалькіх тысяч метраў за секунду, паглынае ультрафіялетавае выпрамяненне цэнтр. зоркі і перавыпрамяняе яго ў бачнай частцы спектра праз флуарэсцэнцыю. Стадыя П.т. доўжыцца да 50 тыс. гадоў. Гл. таксама Туманнасці галактычныя.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЫ (ад грэч. poros адтуліна). У раслін — паглыбленні ў другаснай клетачнай абалонцы. Фарміруюцца ў абалонках сумежных клетак адна супраць адной. Адрозніваюць П. простыя — у клетачных абалонках парэнхімных і мех. тканак і абкружаныя — у водаправодных элементах. Адыгрываюць важную ролю ў правядзенні вады і пажыўных рэчываў. У жывёл П. — адтуліны вывадных пратокаў потавых залоз на паверхні эпідэрмісу (потавыя П.); адтуліны каналаў, якімі смакавыя органы злучаюцца з паверхняй эпітэлію слізістай абалонкі ротавай поласці (смакавыя П.). У марфалогіі П. — круглыя ўчасткі ў абалонцы клетачнага ядра, запоўненыя складана арганізаванымі глабулярнымі і фібрылярнымі структурамі. Адыгрываюць важную ролю ў транспарце буйных малекул з ядра ў цытаплазму і назад.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)