МЕРЛО́-ПАНЦІ́ ((Merleau-Ponty) Марыс) (14.3.1908, г. Рашфор-сюр-Мер, Францыя — 4.5.1961),

французскі філосаф, прадстаўнік фенаменалогіі. Адукацыю атрымаў у Вышэйшай нармальнай школе. з 1945 праф. у Ліёне, у 1949—52 у Сарбоне, Калеж дэ Франс. Аўтар прац «Структура паводзін» (1942), «Фенаменалогія перцэпцыі» (1945), «Гуманізм і тэрор» (1947), «Прыгоды дыялектыкі» (1955) і інш. Быццё чалавека (яго экзістэнцыя), паводле М.-П., рэалізуецца ў дыялогу суб’екта са светам; свядомасць чалавека і ўся яго істота перажывае і асэнсоўвае свет, валодае спецыфічнай інтэнцыянальнасцю (здольнасць ствараць свой прадметны свет, напаўняць яго зместам, набываць сэнс і значэнне). Яго філас. ідэі знаходзяць адлюстраванне ў філас. герменеўтыцы, структуралізме, экзістэнцыялізме і інш.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПУСКА́ННЯ КАЭФІЦЫЕ́НТ асяроддзя,

адносіны інтэнсіўнасці выпрамянення, якое прайшло праз асяроддзе, да інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на яго. Найб. пашырана выкарыстанне П.к. ў дачыненні да светлавых патокаў. τ =Φ/Φ0, дзе Φ і Φ0 — адпаведна светлавы паток, які прайшоў праз асяроддзе і які падае на яго паверхню. Значэнне П.к. цела залежыць ад яго памераў, формы і стану паверхні, а таксама ад вугла падзення, спектральнага складу і палярызацыі выпрамянення. Адрозніваюць П.к. накіраванага (выпрамяненне праходзіць праз асяроддзе без рассеяння), дыфузнага (асяроддзе рассейвае ўсё выпрамяненне, што падае на яго) і для змешанага (выпрамяненне часткова рассейваецца) прапускання. Вызначэнне П.к. — адно са светлавых вымярэнняў (гл. Фотаметрыя).

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНС,

адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНАПЛА́СТЫКА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + plastikē фарміраванне],

пластычная аперацыя аднаўлення носа пры яго дэфармацыі і розных дэфектах. Адрозніваюць Р. касметычную, татальную і субтатальную. Касметычныя пластычныя аперацыі робяць пры прыроджаных або набытых дэфармацыях (празмерна вял. памеры носа ці яго асобных ч., напр., пры рынафіме; скрыўленне або асіметрыя носа). Татальную Р. праводзяць пры поўных дэфектах носа рознага паходжання, субтатальную — пры частковых дэфектах (яго касцявога або храстковага аддзелаў, крылаў і інш.).

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ КАЎКА́З,

1) тэр. Каўказа, якая займае Перадкаўказзе, амаль увесь паўн. схіл Вял. Каўказа (за выключэннем яго ўсх. адрэзка ў Азербайджане) і цалкам яго зах. край.

2) Адна з назваў Паўн.-Каўказскага эканам. раёна Расіі.

т. 12, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГУ́Л,

няяўка работніка на работу або адсутнасць яго на рабоце без уважлівых прычын больш за 3 гадз на працягу прац. дня. Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — адна з падстаў для скасавання прац. дагавора (кантракта) да заканчэння тэрміну яго дзеяння па ініцыятыве наймальніка. Існуе таксама паняцце т.зв. вымушанага П., які адбываецца з прычыны незаконнага звальнення работніка. Пры аднаўленні яго на рабоце па рашэнні органа, які разглядаў прац. спрэчку, работніку выплачваецца сярэдні заработак за час вымушанага П.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕШ (Каспар) (1520, Трансільванія — 7.11.1579),

палітычны і ваенны дзеяч, бел. мысліцель. Венгр па паходжанні. Быў сапернікам Стафана Баторыя ў барацьбе за трансільванскае княжанне, пазней — яго сябар і саюзнік. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Бекеш камандаваў венгерскай пяхотай у каралеўскім войску. Свае ваенныя здольнасці паказаў у час Лівонскай вайны 1558—83, асабліва ў бітвах пад Гданьскам (1578) і Полацкам (1579). У апошнія гады жыцця атрымаў шляхецтва ВКЛ, некаторы час быў гарадзенскім ваяводам. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Паводле сведчання сучаснікаў, Бекеш не вызнаваў ніякай рэлігіі. Калі ён памёр у Гродне, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на высокім беразе ракі Вільня. Паводле наказу Бекеша, на яго надмагіллі высечаны надпіс: «...Не веру ў Бога, не прагну яго неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, якая памерла разам са мною...».

Тв.:

У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99.

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЛЕР (англ. dealer),

пасрэднік, які выконвае гандл. аперацыі ад свайго імя і за свой кошт. У фін.-крэдытных адносінах дылерства азначае дзейнасць Д. па ажыццяўленні біржавых і пазабіржавых здзелак ад яго імя і за яго кошт.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАЗІТА́РЫЙ (франц. dépositaire),

1) фізічная або юрыд. асоба, якой перадаюцца каштоўнасці для захавання без пераходу да яго права ўласнасці.

2) Дзяржава або міжнар. арг-цыя, што захоўвае арыгінальны тэкст міжнар. дагавора, дакументы пра яго ратыфікацыю і інш.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКВІЗІ́ТЫ юрыдычныя,

даныя, якія павінны змяшчацца ў акце, дакуменце для прызнання яго сапраўдным. Напр., дагавор, чэк, вэксаль і інш. павінны мець такія Р., як назва дакумента, дата яго складання, сума, што належыць аплаце, найменне плацельшчыка і інш.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)