БЕНЗІ́ЛАВЫ СПІРТ, фенілкарбінол,
C6H5CH2OH, мал. м. 108,14; бясколерная вадкасць з прыемным пахам, tкіп 205,8 °C, шчыльн. 1,04—1,05∙103кг/м³, раствараецца ў этаноле і інш. арган. растваральніках. У свабодным стане і як эфіры ўваходзіць у састаў многіх эфірных алеяў і прыродных бальзамаў (напр., бензілацэтат — састаўная частка алеяў гіяцынту, язміну). Бензілавы спірт і яго эфіры — духмяныя рэчывы для парфумерыі і вытв-сці мыла, фіксатары паху, растваральнікі, кампаненты харч. эсенцый, фотаахоўныя рэчывы ў касметычных прэпаратах.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́, бензолкарбонавая кіслата,
найпрасцейшая араматычная кіслата, C6H5COOH, мал. м. 122,05. Бясколерныя крышталі, tпл 122,4 °C, шчыльн. 1,316∙103 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце, эфіры, бензоле. Складаныя эфіры і солі бензойнай кіслаты (бензааты) ёсць у эфірных алеях (напр., гваздзіковы алей), прыродных бальзамах (талуанскі, перуанскі) і бензойнай смале. Атрымліваюць акісленнем талуолу. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, у медыцыне як процімікробны і фунгіцыдны сродак; кансервант харч. прадуктаў.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫЛА́ТЫ,
вытворныя акрылавай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Акрылаты (эфіры) — бясколерныя вадкасці (напр., метылакрылат CH2=CH-COOCH3, tкіп 80 °C). Акрылаты (солі) — крышт. рэчывы. Лёгка палімерызуюцца пры дзеянні святла, цяпла, кіслароду і пераксідаў (захоўваюцца з інгібітарамі).
У прам-сці акрылаты метылавага і этылавага спіртоў атрымліваюць з этыленцыянгідрыну і адпаведнага спірту: 2CH2OHCH2CN + 2ROH + H2SO4 → CH2 = CHCOOR + (NH4)2SO4, вышэйшых спіртоў — рэакцыяй пераэтэрыфікацыі, а солі — нейтралізацыяй акрылавай к-ты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці палімераў, каўчукоў, як дабаўкі ў друкарскіх фарбах, лаках.
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАЛА́ТЫ,
вытворныя шчаўевай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Аксалаты (эфіры) — вадкасці (напр., дыэтылаксалат C2H5OOC—COOC2H5, tкіп 185,4 °C), растваральныя ў спіртах, эфірах, нерастваральныя ў вадзе. Атрымліваюць этэрыфікацыяй шчаўевай к-ты адпаведным спіртам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смолаў, вытворных цэлюлозы. Аксалаты (солі) — крышт. рэчывы, раскладаюцца без плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. Пашыраны ў прыродзе: водарасці, грыбы, лішайнікі, папараці маюць у саставе аксалаты кальцыю; мінералы — аксалаты жалеза. Выкарыстоўваюцца як рэагенты ў аналітычнай хіміі, як праяўляльнікі ў фатаграфіі і інш. Утварэнне аксалата кальцыю ў арганізме чалавека — прычына ўзнікнення нырачна- і жоўцекамянёвай хваробы.
т. 1, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАТА́ЦЫЯ (ад дэ... + гідратацыя),
адшчапленне вады ад малекул арган. або неарган. рэчываў; рэакцыя, адваротная гідратацыі.
Ажыццяўляецца тэрмічна ў прысутнасці каталізатараў ці пад уздзеяннем рэчываў, якія звязваюць ваду (напр., серная к-та, аксід фосфару P2O5). Адрозніваюць Д. ўнутры- і міжмалекулярную. У выніку ўнутрымалекулярнай Д. арган. злучэнняў утвараюцца кратныя сувязі (напр., сінтэз этылену з этылавага спірту) ці гетэрацыклы (рэакцыі цыкладэгідратацыі). Пры міжмалекулярнай Д. спіртоў утвараюцца простыя эфіры, сумесі спірту і к-ты — складаныя эфіры. Д. арган. і неарган. кіслот атрымліваюць ангідрыды. Да Д. адносіцца таксама абязводжванне — выдаленне крышталізацыйнай вады з крышталегідратаў і вады, адсарбіраванай рэчывам.
т. 6, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЦІСТАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная слабая няўстойлівая кіслата, HNO2. Існуе толькі ў разбаўленых водных растворах, яе солі і эфіры наз. нітрытамі. Утвараецца разам з азотнай кіслатой пры растварэнні NO2 У вадзе. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў.
т. 1, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАШЫ́НАЯ КІСЛАТА́, метанавая кіслата,
найпрасцейшая аднаасноўная карбонавая к-та, HCOOH.
Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tпл 8,4 °C, tкіп 100,7 °C, шчыльн. 1200 кг/м³. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры. Найб моцная аліфатычная к-та (выклікае хім. апёкі скуры), утварае солі і эфіры — фарміяты. Пашырана ў прыродзе: ёсць у ігліцы елкі, крапіве, фруктах, едкіх выдзяленнях мурашак, у якіх М.к. выяўлена ў 17 ст. (адсюль назва). У прам-сці атрымліваюць пераважна гідролізам фармаміду. Выкарыстоўваюць як пратраву пры фарбаванні і апрацоўцы тэкстылю і паперы, вырабе скуры, як кансервант, у вытв-сці лек. сродкаў, пестыцыдаў, растваральнікаў (напр., дыметылфармаміду). Раздражняе верхнія дыхальныя шляхі і слізістыя абалонкі вачэй, ГДК 1 мг/м.
т. 11, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСОЗАФАСФА́ТЫ,
складаныя эфіры, утвораныя гексозамі і адным або двума астаткамі фосфарнай к-ты (гексозамонафасфаты і гексозадыфасфаты); прамежкавыя прадукты гліколізу. Значныя прамежкавыя рэчывы вугляводнага абмену жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Утвараюцца пры фасфарыліраванні гексозаў, пераважна за кошт энергіі адэназінтрыфосфарнай к-ты.
т. 5, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁДАФО́РМ, трыёдметан,
арганічнае злучэнне, ёдвытворнае метану, СНІ3. Зеленавата-жоўтыя крышталі з непрыемным пахам, іпл 123 °C, шчыльн. 4008 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у эфіры, хлараформе, воцатнай кіслаце. Выкарыстоўваюць як вонкавы антысептык у медыцыне.
т. 6, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗЕЛІ́НАВАЕ МА́СЛА,
дыстыляванае высокаачышчанае нафтавае масла. Масляністая празрыстая вадкасць без паху і смаку, раствараецца ў эфіры і хлараформе. Выкарыстоўваюць у медыцыне (слабіцельнае, растваральнік камфары), парфумернай прам-сці (аснова касметычных крэмаў, губной памады), вытв-сці антыфрыкцыйных пластычных змазак, устойлівых да моцных акісляльнікаў.
т. 3, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)