Імарат аль-Арабія аль-Мутахіда, дзяржава на Блізкім Усходзе. Займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва, абмываецца водамі Персідскага і Аманскага заліваў. Федэрацыя з 7 эміратаў: Абу-Дабі, Дубай (Дыбай), Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма, Эль-Фуджайра, Шарджа. Пл. 83,6 тыс.км². Нас. 1,86 млн.чал. (1992). Афіц. мова арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г.Абу-Дабі. Нац. свята — Дзень утварэння федэрацыі (2 снеж.).
Дзяржаўны лад. ААЭ — федэратыўная дзяржава. Кожны эмірат, які ўваходзіць у яе, — абсалютная манархія і мае значную самастойнасць. Паводле Часовай Канстытуцыі 1971 вышэйшы орган дзярж. улады — Вышэйшы Савет з правіцеляў эміратаў, які са свайго складу выбірае прэзідэнта тэрмінам на 5 гадоў. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае прэзідэнт. Функцыі дарадчага органа выконвае Федэральны нац. сход (40 чал.), куды ўваходзяць прадстаўнікі ўплывовых плямёнаў, дзелавых колаў і інтэлігенцыі.
Прырода. Большая ч.тэр. — пустынная раўніна, на Пд і ПдЗ пераходзіць у пустыню Руб-эль-Халі, на У — адгор’і Аманскіх гор (выш. да 1127 м). Узбярэжжа Персідскага заліва нізіннае, шмат дробных астравоў. Асн. карысныя выкапні — нафта (запасы 13,3 млрд.т) і прыродны газ (5,8 трлн. м³), пераважна ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Знойдзены таксама каменны вугаль, жал. руда, храміты, руды нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны, сухі. Т-ра паветра ў студз. каля 20 °C, у ліп. 30—35 °C (макс. да 50 °C), ападкаў на раўнінах 100—150 мм за год, у гарах 300—400 мм (макс. зімой). Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Раслінны і жывёльны свет бедны. На раўніне рэдкія аазісы з вінаграднікамі, фінікавымі пальмамі, акацыямі, тамарыскамі. У гарах расліннасць тыпу саваннаў. Сярод жывёл — газелі, зайцы, яшчаркі. У прыбярэжных водах тунец, макрэль, стаўрыда, сардзіны, селядцы; водмелі багатыя жэмчугам.
Насельніцтва. За апошнія 30 гадоў насельніцтва павялічылася прыкладна ў 30 разоў, пераважна за кошт іміграцыі. Больш за палавіну насельніцтва складаюць арабы — мясц. ўраджэнцы, выхадцы з Егіпта, Сірыі, Йемена і інш.араб. краін. Жывуць індыйцы і пакістанцы (разам 600 тыс.чал.), іранцы (200 тыс.чал.), еўрапейцы (25 тыс.чал.). Асн.ч. насельніцтва ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Гар. насельніцтва 84% (1986). Буйнейшыя гарады (1985): Абу-Дабі, Дубай (330 тыс.ж.), Эль-Айн (150 тыс.ж.), Шарджа (120 тыс.ж.).
Гісторыя. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. тэр. ААЭ была заселена семіцкімі плямёнамі, якія стварылі тут найб.стараж. ў Аравіі матэрыяльную культуру. У 3-м — пач. 1-га тыс. да н.э. гэтая тэр. ў складзе дзяржавы Дыльмун. Тут жылі семіцкія плямёны халдзеяў, узніклі першыя паселішчы фінікійцаў. У канцы 1-га тыс. да н. э. з паўд. і паўд.-ўсх. Аравіі на ўзбярэжжа Персідскага заліва прасунуліся араб. плямёны. На тэр. сучасных ААЭ (наз. Ас-Сір) імі засн. адна з першых араб. дзяржаў Харакен. Пазней яна распалася на дробныя княствы, якія ў 4—6 ст. трапілі ў залежнасць ад дзяржавы Сасанідаў, у 7—11 ст. уваходзілі ў склад Арабскага халіфата (гл.Халіфат), пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 11—15 ст. княствы і султанаты Ас-Сіра ўваходзілі ў бахрэйнскую дзяржаву карматаў, Багдадскі халіфат, Аман, Армуз, Маскат, Асманскую імперыю. У 16 ст. пачалася каланізацыя Ас-Сіра партугальцамі, потым англічанамі і галандцамі. У выніку барацьбы пазіцыі англічан узмацняліся, у 1819 яны атрымалі перамогу над мясц.араб. насельніцтвам, якое называлі піратамі, а тэр. княстваў адпаведна Пірацкім берагам. У 1853 паміж Вялікабрытаніяй і правіцелямі дробных эміратаў падпісаны «Дагавор аб вечным міры», паводле якога Пірацкі бераг атрымаў назву Аман Дагаворны (АД). У канцы 19 ст. Вялікабрытанія ўстанавіла над ім свой пратэктарат, які дзейнічаў да канца 2-й сусв. вайны. У выніку нац.-вызв. руху, а таксама націску амер. нафтавых кампаній брыт. панаванне аслабла. У канцы 1960-х г.брыт. ўрад прыняў рашэнне аб вывадзе сваіх узбр. сіл з раёна Персідскага заліва (завершаны ў 1971). 2.12.1971 6 эміратаў АД (Абу-Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Эль-Фуджайра, Ум-эль-Кайвайн) абвясцілі пра стварэнне федэратыўнай дзяржавы — ААЭ; у лют. 1972 да іх далучыўся эмірат Рас-эль-Хайма. Дзейнасць паліт. партый і арг-цый забаронена. ААЭ — чл.ААН, ОПЕК, Лігі арабскіх краін, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 20.10.1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — нафтагазавая прам-сць. У 1993 здабыта 108 млн.т нафты, 26 млрд.м³ газу, у т. л. ў Абу-Дабі адпаведна 89 млн.т і 20 млрд.м³. Нафтаперапр. з-ды ва Ум-ан-Нары і Рувейсе, газаперапрацоўчыя ў Рувейсе, Джэбель-Алі, на в-ве Дас, у Шарджы (выпрацавана 17 млрд.∙кВтгадзэл. энергіі; 1991); алюмініевы з-д у Джэбель-Алі (156 тыс.т алюмінію ў год); працуе 9 цэментных з-даў (3,1 млн.т у 1990), з-д па вытв-сці азотных угнаенняў (228 тыс.т; 1990/91), буйнейшы ў свеце сухі док для рамонту супертанкераў у Дубаі. Развіты (пераважна ў Дубаі і Шарджы) саматужныя промыслы: выраб дываноў, шарсцяных тканін, залатых і сярэбраных упрыгожанняў. Для вырошчвання с.-г. культур прыдатныя толькі 0,5% тэрыторыі. Пашы і лугі займаюць 2,4%. Крыху лепшыя ўмовы для сельскай гаспадаркі ў горных раёнах эміратаў Эль-Фуджайра і Расэль-Хайма. Пашыраецца аазіснае земляробства са штучным арашэннем (вырошчваюць агародніну, фінікі, вінаград, манга, збожжавыя і інш.). Буйной раг. жывёлы 53 тыс. галоў (1991), авечак 270 тыс. галоў. Гадоўля вярблюдаў, птушкагадоўля, рыбалоўства (95 тыс.т; 1991), здабыча жэмчугу. Забяспечваюць сябе малаком, яйкамі і інш. прадуктамі харчавання. Асн. транспарт — аўтамабільны. Знешнегандл. сувязі забяспечвае пераважна марскі транспарт. Порты Джэбель-Алі і Рашыд у эміраце Дубай, Зейд у Абу-Дабі і Эль-Фуджайра. Міжнар. аэрапорты ў Абу-Дабі, Дубаі, Шарджы, Рас-эль-Хайме, Эль-Айне, Эль-Фуджайры. Рэгулярныя і чартэрныя рэйсы звязваюць ААЭ з многімі краінамі свету, у т. л. з Беларуссю. Свабодная эканам. зона ў аэрапорце Джэбель-Алі (эмірат Дубай). Горад Дубай — цэнтр рээкспарту і турызму. ААЭ — буйны фінансавы цэнтр Б.Усходу. Агульныя дэпазіты 63 дзеючых у краіне камерц. банкаў на пач. 1992 склалі 43 млрд.дол. ЗША. Праз ААЭ (асабліва эмірат Дубай) штогод праходзіць да 170 т золата, з якіх прыкладна 40 т застаецца ў эміратах. ААЭ вывозіць нафту і нафтапрадукты (18,4 млрд.дол. ЗША; 1991), звадкаваны газ, алюміній, цэмент, рыбу, фінікі, жэмчуг. Увозяць машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, быт. тэхніку, гатовыя вырабы, харч. прадукты. Гандаль вядзецца ў асн. з Японіяй, ЗША, зах.-еўрап. і араб. краінамі. Дзякуючы паскоранаму развіццю нафтагазавай прам-сці і прыбыткам ад яе ў эміратах дасягнуты высокія тэмпы эканам. росту, забяспечаны адзін з самых высокіх сярэдніх гадавых даходаў у свеце ў разліку на душу насельніцтва, створаны сучасныя гарады і інфраструктура. ААЭ аказваюць значную фінансавую дапамогу краінам, якія развіваюцца. Грашовая адзінка — федэральны дырхам.
Літ.:
Абдалла Я.Ю. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1978;
Географический справочник: новые цифры, факты, названия. М., 1993;
Исаев В.А., Озолинг В.В. Катар;
Объединенные Арабские Эмираты. М., 1984;
Клековский Р.В., Луцкевич В.А. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,
дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.
Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд.м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн.т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.
Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс.чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс.ж.; 1991), Сітра, Іса.
Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.
Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд.м³, нафты каля 2 млн.т. Працуюць: нафтаперапр.з-д (магутнасць 14 млн.т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн.т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс.т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм.з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар.трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд.дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км2. Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На 3 цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т.л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км2, на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км2. На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв. Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т.л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т.л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС i BMC. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́Н, Ліванская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя аль-Лубнанія),
дзяржава ў Зах. Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. На Пн і У мяжуе з Сірыяй, на Пд — з Ізраілем. Пл. 10,4 тыс.км2. Нас. 3,2 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Берут. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 ліст.).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. сходу, 128 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра, якога назначае прэзідэнт. Паводле традыцыі, што ўсталявалася з 1943, прэзідэнта выбіраюць ад хрысціянскай часткі насельніцтва, прэм’ер-міністра прызначаюць ад мусульман-сунітаў, кіраўніка парламента — ад мусульман-шыітаў. Для згоды паміж рэліг. абшчынамі краіны з 1992 усталяваўся прынцып роўнага падзелу паміж хрысціянамі і мусульманамі міністэрскіх і інш. вышэйшых пасад у дзярж. адміністрацыі.
Прырода. Л. — пераважна горная краіна. 2 паралельныя горныя хрыбты перасякаюць Л. з Пн на Пд. На 3 — хр.Ліван (г. Курнет-эс-Саўда, 3082 м), на У — Антыліван (г. Эш-Шэйх, 2814 м); паміж імі — даліна Бекаа (шыр. 8—14 км). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы. Карысныя выкапні: бурыя вуглі, жал., марганцавыя, уранавыя руды. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 13 °C, ліп. 28 °C. У гарах бываюць маразы, снег трымаецца да 6—7 месяцаў. Ападкаў за год 1000 мм на ўзбярэжжы, 3000 мм на зах. схілах Лівана, 700 мм у Антыліване, 400 мм у даліне Бекаа. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Найб.р. Эль-Літані. Расліннасць пераважна хмызняковая. Невял. лясы з ліванскага кедру, алепскай хвоі, дубу, клёну, піхты, ядлоўцу разам з хмызнякамі займаюць 8% тэр. краіны. Ёсць некалькі невял. рэзерватаў.
Насельніцтва. Ліванскія арабы складаюць 95%, армяне — 4%. Жывуць таксама туркі, грэкі, курды і інш. Вернікі — мусульмане (70%, асн. абшчыны: суніты, шыіты, алавіты, друзы, ісмаіліты) і хрысціяне (30%, праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія абшчыны). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,6 %. Сярэдняя шчыльн. 308 чал. на 1 км2 80% насельніцтва жыве ў прыморскіх раёнах, дзе шчыльн. дасягае 500—1000 чал. на 1 км2. У гарадах жыве 87% насельніцтва (1998). У г. Бейрут пражывае 1826 тыс.чал. (1997), у г. Трыпалі больш за 200 тыс.чал. У прам-сці занята 28% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 12%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Тэр.Л. заселена з часоў верхняга палеаліту. У старажытнасці прыбярэжныя раёны Л. былі часткай Фінікіі, дзе існавалі такія важныя фінікійскія гарады, як Тыр, Берыт, Сідон (адпаведна сучасныя Бейрут і Сайда) і інш.Тэр.Л. ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), Асірыі (8—7 ст. да н.э.), дзяржаў Ахеменідаў (6—4 ст.н.э.), Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), Пталамеяў (4—3 ст. да н.э.), Селеўкідаў (3—1 ст. да н.э). У 64 да н.э. заваяваны Рымам. У 4—7 ст.н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 7 ст. заваяваны арабамі, уваходзіў у склад Амеядаў халіфата, Абасідаў халіфата, Фатымідаў халіфата. З 8—9 ст. у Горным Л. пасяліліся прадстаўнікі хрысц. секты маранітаў, з 11 ст. пашыралася вучэнне шыіцкай секты друзаў.
У канцы 11 ст. прыбярэжныя раёны Л. заваяваны крыжакамі, якія ўступілі ў саюз з маранітамі. З канца 13 ст. пад уладай егіп.мамлюкаў, з 1516 — Асманскай імперыі (да 1842 уваходзіў у яе як Ліванскі эмірат). Друзска-мараніцкія сутыкненні 1840—60-х г. прывялі да ўмяшання еўрап. дзяржаў, пад націскам якіх у 1861 створана аўт. правінцыя Горны Л. (да 1915). У выніку 1-й сусв. вайны ў кастр. 1918 Л. акупіраваны англа-франц войскамі. 1.9.1920 пад франц. пратэктаратам створана дзяржава «Вялікі Л.». У 1922 Ліга Нацый прызнала мандат Францыі на кіраванне Л. У 1926 прынята канстытуцыя, якая абвяшчала Л. рэспублікай. Восенню 1943 лідэры хрысціян і мусульман заключылі неафіц. пагадненне, паводле якога мусульмане прызналі Л. асобнай дзяржавай, а хрысціяне — араб. характар краіны. Замацоўваўся прынцып размеркавання дзярж. пасад паводле рэліг. прынцыпу: прэзідэнт — хрысціянін-мараніт, прэм’ер-міністр — мусульманін-суніт, у парламенце на кожных 6 хрысціян прыпадала 5 мусульман.
22.11.1943 Францыя прызнала незалежнасць Л., 31.12.1946 апошнія франц. войскі пакінулі краіну. У 1940—50-я г. ў ліванскай палітыцы панавала невял. група прадстаўнікоў буйных землеўладальнікаў і фін. буржуазіі. Празаходняя палітыка ўрада прывяла ў маі 1958 да паўстання супраць прэзідэнта К.Шамуна, на дапамогу якому ў ліп. 1958 прыйшлі войскі ЗША. Пры прэзідэнтах Ф.Шыхабе (1958—64) і Ш.Хелу (1964—70) праведзены шэраг рэформаў, якія спрыялі эканам. росту Л. і павышэнню ўзроўню жыцця яго насельніцтва. Нягледзячы на поспехі ў эканоміцы, паглыбіліся супярэчнасці паміж хрысціянамі і мусульманамі, якія патрабавалі больш справядлівага падзелу ўлады. З канца 1960-х г.Л. уцягнуты ў блізкаўсходні канфлікт (на тэр.Л. знаходзілася больш за 300 тыс. палесцінскіх бежанцаў, кіраўніцтва Арганізацыі вызвалення Палесціны; АВП). У адказ на дзеянні палесцінскіх партызан Ізраіль абстрэльваў і бамбіў тэр.Л., што вяло да вял. ахвяр сярод мірных жыхароў. Сутыкненні ў крас. 1975 паміж хрысц. баевікамі і байцамі АВП, на бок якіх сталі мусульмане, перараслі ў грамадз. вайну 1975—90. Загінула больш за 150 тыс. ліванцаў, краіна распалася на шэраг раёнаў пад кантролем розных узбр. груповак і сірыйскіх войск, якія былі ўведзены ў Л. у складзе Міжараб. сіл па падтрымцы міру. У чэрв. 1982 пад выглядам барацьбы з АВП ізраільскія войскі акупіравалі значную частку тэрыторыі Л., дамагаючыся вываду атрадаў АВП. У 1985 Ізраіль вывеў свае войскі (пад ізраільскай акупацыяй засталася т.зв. зона бяспекі на лівана-ізраільскай мяжы). 22.10.1989 у г. Эт-Таіф (Саудаўская Аравія) паміж асн.паліт. сіламі Л. падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту, раўнапраўным прадстаўніцтве хрысціян і мусульман у парламенце і перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта прэм’ер-міністру. У жн. 1990 адпаведныя папраўкі ўнесены ў канстытуцыю Л. 21.9.1990 у Л. абвешчана 2-я рэспубліка. Пры прэзідэнце І.Храўі (1989—98) пачаўся пераход да мірнага жыцця. Значная частка хрысціян байкатавала выбары 1992. У кастр. 1998 прэзідэнтам Л. выбраны Э.Лахуд. Л. — чл.ААН (1945), Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1994.
У краіне дзейнічаюць: Фалангісцкая партыя (Катаіб), рух абяздоленых (Амаль), Сірыйская сацыяліст.нац. партыя, Ліванскі фронт, партыя свабодных патрыётаў (Нац. ліберальная).
Гаспадарка. Л. — краіна з развітой банкаўска-фін. сістэмай, транзітна-трансп. гандлем і сферай абслугоўвання, якім вял. страты нанесла грамадз. вайна. У 1990-я г. становішча палепшылася. Валавы нац. прадукт у 1996 склаў 13 млрд.дол., па 3400 дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца каля 28% нац. даходу, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 59%. Асн. галіны прам-сці: нафтаперапр., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Вытворчасць электраэнергіі 7,1 млрд.кВт ∙ гадз (1997), 98,5% атрымліваюць на цеплавых электрастанцыях, якія працуюць на імпартным мазуце. Частка электраэнергіі (у 1997—1,2 млрд.кВт ∙ гадз) экспартуецца ў Сірыю. Прам-сць арыентавана ў асноўным на задавальненне ўнутр. патрэб. Больш за палавіну прадпрыемстваў у Бейруце і яго наваколлі. Вылучаюцца тэкст. камбінат, алюмініевы з-д, кандытарская ф-ка. Працуюць цукр. і тытунёвыя прадпрыемствы, папяровыя ф-кі, сталеплавільны з-д, машыназборачныя з-ды, дзе з імпартных дэталяў збіраюць легкавыя аўтамабілі, тэлевізары, халадзільнікі, электраматоры і інш. Суднаверфі. 2 нафтаперапр. з-ды (Трыпалі і Сайда). У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сць мыйных сродкаў і фарбаў. Фармацэўтычныя прадпрыемствы. Вядомы ліванскія ювелірныя вырабы і біжутэрыя. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. 75% сялян не мае сваёй зямлі і арандуе яе ў буйных землеўласнікаў, якія валодаюць больш як 50% апрацаваных зямель. Плошча апрацаваных зямель складае каля 400 тыс.га, арашаецца 86 тыс.га. (1993). Гал. роля належыць садоўніцтву і земляробству. Пад шматгадовымі насаджэннямі каля 40% с.-г. зямель. Развіта пладаводства (вінаград, яблыкі, цытрусавыя, бананы, аліўкі). На экспарт вырошчваюць агародніну і тытунь, на ўнутр. патрэбы — пшаніцу і ячмень (займаюць 65 тыс.га, задавальняюць патрэбы на 20%), цукр. буракі і інш.Асн. раёны садоўніцтва і земляробства — узбярэжжа і паўд.ч. даліны Бекаа. Жывёлагадоўля слаба развіта. Пад пашай і лугамі каля 10,4 тыс.га. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 500. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (2—5 тыс.т рыбы штогод). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 6,4 тыс.км, у т.л. 6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 222 км. Нафтаправодаў 72 км (не працуюць). Гал. парты Бейрут і Трыпалі. Л. мае гандл. флот — 241,6 тыс. брута-рэг.т. У краіне 7 аэрапортаў, у т.л. 2 міжнар. (каля Бейрута і Трыпалі). Знешнегандл. баланс адмоўны. У 1996 экспарт склаў 1 млрд. дол, імпарт — 7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць свежыя фрукты і агародніна, тэкстыль, прамысл. вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тавары шырокага ўжытку, хімікаты і інш. Значная частка імпарту рээкспартуецца ў араб. краіны Аравійскага п-ва. Гал.гандл. партнёры: Італія (19% імпарту), Францыя (13% імпарту), Саудаўская Аравія (13% экспарту), Швейцарыя (16% экспарту), ЗША (12% імпарту). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца пераважна за кошт даходу ад трансп. і банкаўскіх аперацый, пераводаў замежнай валюты ліванцамі, якія жывуць у інш. краінах. Л. атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. устаноў і асобных араб. краін. Замежныя авуары ліванцаў складаюць 30 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліванскі фунт.
Літаратура развіваецца на араб., часткова франц. мовах. З 7 ст. цесна звязана з л-рамі Егіпта, Сірыі і інш.араб. краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Працэс адраджэння ў сярэдзіне 19 ст. звязаны з дзейнасцю асветнікаў — паэта Н.аль-Языджы, педагога і энцыклапедыста Б.аль-Бустані, пісьменніка А.Ф.аш-Шыдзіяка, драматурга М.Накаша і інш. Развіваліся публіцыстыка і звязаныя з ёй ідэйна і традыц. па форме паэзія, проза: публіцыстычны раман «Кніга пра жыццё і прыгоды Фарыяка» аш-Шыдзіяка, зб. макам «Збор двух мораў» і дываны вершаў аль-Языджы. Ліванскія эмігранты Дж.Зейдан, Антун Фарах, Я.Саруф — пачынальнікі гіст. рамана. Новы этап у развіцці л-ры Л. (пач. 20 ст.) звязаны з творчасцю пісьменнікаў-эмігрантаў у Паўн. і Паўд. Амерыцы (Х.Дж.Джубран, А. ар-Рэйхані, М.Нуайме) і адзначаны ўсталяваннем рамантызму ў паэзіі і рэалізму ў прозе. У паэзіі 1920—30-х г. узмацніўся ўплыў франц. сімвалізму (Б.аль-Хуры, С.Акль). З канца 1930 — пач. 1940-х г. бярэ пачатак рэаліст. і рэв.-дэмакр. кірункі: творчасць А.Фахуры, Т.Ю.Авада (зб.апавяд. «Кульгавы хлопчык», патрыят. раман «Аладка»), М.К.Карама (раманы «Хворы на сухоты», «Крык пакут»). У 1940—50-я г. ўзніклі абноўленыя паэт. формы, жанры навелы і вершы ў прозе, значнае месца занялі пераклады. Асн. тэмы — барацьба супраць фашызму, каланіялізму, крытыка сац. несправядлівасці (апавяданні М.Абуда, М.І.Дакруба, аповесці Ж.Ханы, паэзія Р.аш-Шахаля). Барацьба супраць імперыялізму і ізраільскай агрэсіі — гал. тэма прозы 1960—70-х г. (М.Айтані, Э.Бустані). У творчасці Э.Насар Алах (раман «Алеандр»), Л.Баальбекі (раман «Я жыву»), Л.Асаран выявіўся ўплыў зах.-еўрап. мадэрнісцкай л-ры і філасофіі экзістэнцыялізму. Набылі вядомасць творы франкамоўных паэтаў (Ф.Г.Нафах, Ш.Горм) і празаікаў (Ф.Хаік, Ж.Шэхадэ). У пач. 1980-х г. з абвастрэннем блізкаўсх. канфлікту ў л-ры распрацоўвалася тэма палесцінскага і араб. супраціўлення (Дакруб, Х.Муруве, Х.Садэк, А.Сувейд). У 1955 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі адносяцца да 5—3-га тыс. да н.э.: рэшткі каменных умацаванняў і жылых дамоў Бібла, керамічныя вырабы з грабеньчатым арнаментам і схематычнымі выявамі звяроў. 3—2-м тыс. да н.э. датуюць помнікі фінікійскага мастацтва: храм Рэшэфа, саркафаг цара Ахірама, дробная пластыка (ідалы Баала і Іштар), ювелірныя вырабы, зброя. На мастацтва 2—1-га тыс. да н.э. паўплывалі культура Стараж. Егіпта, Асірыі, Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў. У рым. перыяд спалучаліся ант. і ўсх. традыцыі (храмавы комплекс у Баальбеку, трыумфальная арка і каланады ў Тыры, мазаікі т-ра ў г. Бібл). У візант. перыяд (4 — пач. 7 ст.) будавалі манастыры, цэрквы, катакомбы (многія з мазаікамі). З пачаткам ісламізацыі Л. (7 ст.) з’явіліся мячэці (Вялікая мячэць у Баальбеку), медрэсэ, рынкі, караван-сараі, замкі (каля Анджара, 7—8 ст.). Будавалі абарончыя збудаванні (крэпасці ў Джубейлі, Трыпалі, Сайдзе; замак Бафор, 1139), манастыры (Бельмонт), цэрквы (св. Фокі ў Аміуне, захаваліся рэшткі размалёвак). У мамлюкскі перыяд (13 — пач. 16 ст.) будавалі невял. купальныя мячэці, інтэр’еры якіх аздабляліся сталактытамі, разьбой па дрэве, інкрустацыяй з мармуру, арнаментальнымі мазаічнымі пано і надпісамі, а таксама крэпасці: замак у Рашаі (13 ст.), ільвіная вежа ў Трыпалі (15 ст) і інш. Архітэктура і мастацтва часоў Асманскай імперыі (1516—1918) развіваліся пад уплывам тур. культуры. Былі пашыраны вітражы, арнаментальная разьба. У 17—18 ст. працавалі жывапісцы Абдала Захір, Несцер Тарабулсі, Стэфан Дэйрані. Хрысціянскія храмы ўпрыгожвалі мазаікай, размалёўкай і абразамі візант. ўзору. У 19 — пач. 20 ст. будаваліся палацы з развітым дэкорам (Бейт-эд-Дзін), пашырыўся манум. і станковы жывапіс на рэліг. і быт. тэмы (размалёўкі Н.аль-Маадзі, партрэты і жанравыя кампазіцыі Х.Срур і Х.Салібі). Пасля 1-й сусв. вайны мастацтва Л. зазнала моцны франц. ўплыў. У 1930 пачалі працаваць ліванскія архітэктары А.Табет, Ж.Абушар, Ф.Трад і інш. У выяўл. мастацтва 1930—40-х г. пераважаў рэаліст. кірунак (М.Фарух, А.Онсі і інш.). Пасля 1943 праводзіліся рэканструкцыі гарадоў, буд-ва жылых кварталаў і грамадскіх пабудоў з выкарыстаннем мясц. традыцый (пансіянат у Сайдзе, 1946—48) і дасягненняў сусв. архітэктуры. У мастацтве 1950—60-х г. праявіліся ўплывы сюррэалізму, кубізму, абстракцыянізму. З 1980-х г. на яго развіццё ўздзейнічае рост нац. самасвядомасці, пачалі развівацца паліт. плакат і карыкатура. Уклад у развіццё мастацтва зрабілі жывапісцы С.Бальтаксе, П.Кіракасян, І.Шамут, А.Раес, Ж.Халіфе, Р.Шараф, скульптар Ю.Хааек, графікі Р.Шахаль, А.Марыні і інш.Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва прадстаўлена ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, пляценнем з афарбаванай саломкі, дыванаткацтвам, інкрустацыяй косцю і перламутрам па метале і дрэве.
Літ.:
Салиби К.-С. Очерки по истории Ливана: Пер. с англ.М., 1969;
Адзярыха В.У. Ліванскае грамадства ў 1943—1975 гг.: Прабл. развіцця // Бел.гіст.часоп. 1997. № 2;
Крымский А.Е. История новой арабской литературы, XIX — нач. XX в. М., 1971.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Лівана.Да арт.Ліван. Узбярэжжа Міжземнага мора.Да арт.Ліван. Бібл. Унутраны двор «Храма Абеліскаў».Да арт.Ліван. Малы храм з комплексу Баальбек. 1—3 ст.