СКУРАЕ́ДЫ (Dermestidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 900 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, пераважна ў сухіх раёнах. Пасяляюцца на трупах жывёл, у гнёздах птушак, насякомых, норах грызуноў, пад карой дрэў, на жывёльнай сыравіне (скура, шэрсць, футра і вырабы з іх, вяленае мяса і рыба) і інш. На Беларусі 20—30 відаў, сярод іх С.: вяндлінны (Dermestes lardarius), дывановы (Attagenus pissus), залознікавы (Anthirenus scrophulariae), музейны (Anthrenus museorum) і інш.

Даўж. 1,3—12 мм. Цела звычайна авальнае, пакрытае валаскамі або лускавінкамі. Афарбоўка цёмна-карычневая або чорная, часта са стракатым малюнкам. Кормяцца сухімі рэчывамі жывёльнага і расл. паходжання, некат. — пылком кветак. У прыродных умовах — санітары, каля жылля чалавека — шкоднікі.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́КНЫ ПРЫРО́ДНЫЯ, валокны натуральныя,

тэкстыльныя валокны расліннага, жывёльнага і мінер. паходжання для вырабу пражы.

Раслінныя валокны прыродныя (баваўняныя, ільняныя, канапляныя, джутавыя і інш.) складаюцца з цэлюлозы, якой спадарожнічаюць геміцэлюлоза і лігнін. Вылучаюць з насення, лісця ці сцёблаў раслін. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тканін, трыкатажу, нятканых вырабаў, швейных нітак, вяровак, канатаў. Жывёльныя валокны прыродныя — шэрсць (валокны валасянога покрыва авечак, коз і інш.) і шоўк (валокны з выдзяленняў залоз вусеняў тутавага і інш. шаўкапрадаў); іх асновай з’яўляецца бялок — керацін. Шарсцяныя валокны маюць нізкую цеплаправоднасць, эластычныя, гіграскапічныя, але нетрывалыя. Выкарыстоўваюць для вытв-сці касцюмных, палітовых тканін, трыкатажу, лямцавых вырабаў. Шоўк мае высокую трываласць, эластычнасць, гіграскапічнасць, лёгка фарбуецца. З яго вырабляюць тонкія плаццевыя і бялізнавыя тканіны. Мінеральныя валокны прыродныя — азбест.

М.​Р.​Пракаачук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ (Alces alces),

млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі.і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды, больш шматлікі на ПнУ. Трымаецца статкамі па 3—8 (зрэдку да 20) асобін.

Самы буйны з аленяў: даўж. да 3 м, выш. ў карку да 2,3 м, маса да 825 кг, самкі драбнейшыя. Шэрсць грубая, на спіне цёмна-бурая, на бруху і нагах белаватая. Рогі (толькі ў самцоў) вял., пераважна лапатападобныя, масай да 20 кг, на зіму спадаюць. Галава вял., шыя кароткая, тоўстая. На горле скурны выраст. Тулава масіўнае, кароткае. Ногі доўгія, з вузкімі вострымі капытамі. Корміцца травой, парасткамі і карой дрэў. Нараджае 1—2 цялят. Аб’ект спарт. і прамысл. палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Лось.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮФА́ЎНДЛЕНД, вадалаз,

парода службовых сабак. Апісаны ў канцы 15 ст. на аднайм. востраве і ўзбярэжжы п-ва Лабрадор (Канада). Сфарміраваны ў Зах. Еўропе (завезены ў 18 ст.); на Беларусі гадуюць з 1949.

Выш. ў карку 62—75 см, маса 50—68 кг (самцы буйнейшыя). Касцяк і мускулатура магутныя Тулава шырокае. Галава вял., круглявая, з кароткай мысай і вісячымі вушамі. Хвост прамы або шаблепадобна выгнуты. Шэрсць доўгая (акрамя мысы і вушэй), прамая ці злёгку хвалістая, з вельмі густым падшэрсткам, не намакае ў вадзе. Масць чорная, цёмна-бурая ці карычневая, часам з белымі плямамі; у разнавіднасці Н. ландсір (крыху вышэйшыя) — белая з чорнымі ці бурымі галавой, «сядлом» на спіне, крыжам і верхняй ч. хваста. Добра плаваюць і ныраюць. Ураўнаважаныя, пільныя, адважныя; лёгка дрэсіруюцца. Н. ўласцівы моцныя цяга да вады і выратавальны інстынкт. Выкарыстоўваюцца для ратавання на водах, вартаўнічай службы, выцягвання рыбалоўных сетак.

Э.​Р.​Самусенка.

Ньюфаўндленд.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБЛЮ́ДЫ (Camelus),

род млекакормячых сям. вярблюдавых атр. парнакапытных. 5 відаў, у т. л. 2 сучасныя: вярблюд аднагорбы, або драмедар (Camelus dramedarius), і вярблюд двухгорбы, або бактрыян (Camelus bactrianus). Пашыраны ў пустынях і сухіх стэпах Усх. Еўропы, Азіі, Афрыцы.

Даўж. цела да 3,6 м, выш. ў плячах да 2,5 м, маса да 800 кг. Поўсць вярблюда аднагорбага чырванавата-шэрая, двухгорбага — цёмна-бурая. Шыя доўгая, дугападобная. На запясцях, локцях, грудзях і каленях мазалі, таму вярблюды здольны ляжаць на гарачым (да 70 °C) грунце. Лапы шырокія, мяккія, лёгка ідуць па сыпучых пясках. У гарбах назапашваецца тлушч (да 120 кг), які расходуецца пры нястачы корму. Доўгі час (да 10 сут) могуць абыходзіцца без піцця (трацяць да 25% масы) і піць саленаватую ваду. Кормяцца раслінамі, у т. л. калючымі. Раз у 2 гады нараджаюць 1 дзіцяня. Прыручаны чалавекам больш за 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстоўваюцца як запражныя, уючныя і верхавыя жывёлы. Ад вярблюдаў атрымліваюць малако, мяса, шэрсць, тлушч. Гл. Вярблюдагадоўля.

Вярблюды: аднагорбы (драмедар; злева); двухгорбы (бактрыян).

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛІ,

зборная група ніжэйшых раўнакрылых і разнакрылых матылёў, якія належаць да 3 падатрадаў (больш за 40 сям., каля 15 тыс. відаў). Вядомы з мелавога перыяду (каля 135 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі 11 сям.: М. зубатыя — Micropterygidae, М. сапраўдныя — Tineidae (27 відаў), М.-стракаткі — Gracilariidae, або LithocoUetidae (18 відаў), М. гарнастаевыя — Yponomeutidae, М. выемчатакрылыя — Gelechiidae, М.-чахланоскі — Psychidae (9 відаў), М.-малюткі — Nepticulidae, або Stigmellidae (7 відаў), М. вузкакрылыя — Momphidae, М.-блішчанкі. або М. кружковыя — Heliozelidae (2 віды), М.-мінёры — Tischeriidae (4 віды), М.-мяшочніцы — Talaeporiidae (3 віды).

Матылі дробных і сярэдніх памераў. размах крылаў да 70 мм. Лічынкі (вусені) паядаюць раслінныя і жывёльныя рэшткі, грыбы, лішайнікі; дарослыя не кормяцца. Сярод М. шмат шкоднікаў, напр., М. мэблевая і М. адзежная псуюць шэрсць і футра, М. зерневая, або свірнавая — збожжапрадукты, М. стракатка яблыневая і М. гарнастаевая яблыневая шкодзяць яблыні, М. пупышкава-парасткавая — хвоі і інш.

С.​Л.​Максімава.

Молі: 1 — адзежная; 2 — стракатка яблыневая; 3 — зерневая; 4 — гарнастаевая яблыневая.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТЭЛЬШНА́ЎЦЭР (ад ням. mittel сярэдні + Schnauze морда),

сярэдні шнаўцэр, парода шарсткашэрсных сабак. Выведзена ў Германіі ў 19 ст. У інш. краіны завозілася з 1920—30-х г. На Беларусі з 1980-х г.

Канстытуцыя моцная, кампактная. Выш. ў карку (40—50 см) прыблізна роўная даўж. тулава. Грудзі сярэдне шырокія, выпуклыя. Спіна моцная. Шыя высока пастаўленая, з моцнай асновай. Галава масіўная, з характэрным вуглаватым профілем. Мочка носа буйная, чорная. Вушы і хвост высока пасаджаныя, купіраваныя, стаячыя. Шэрсць густая, няшчыльная, больш доўгая на канечнасцях і галаве (утварае характэрныя вусы, бараду і бровы). Масць чорная або шэрая (т. зв. «перац з соллю») з цёмнай маскай на мордзе. Тып паводзін тэмпераментны, рухавы. Трывалыя, пільныя, добра дрэсіруюцца. Службовыя (выкарыстоўваюцца як вартавыя і суправаджальныя); дэкар.-пакаёвыя сабакі.

Да М. блізкія паводле паходжання, экстэр’еру і паводзін рызеншнаўцэр, або гіганцкі шнаўцэр (выш. ў карку 60—70 см; выкарыстоўваюцца ў вартавой і вышуковай службах), і цвергшнаўцэр, або мініяцюрны (карлікавы) шнаўцэр (выш. ў карку 30—35 см; дэкар.-пакаёвыя сабакі; таксама выкарыстоўваюцца на мытнях для адшукання наркотыкаў).

Э.​Р.​Самусенка.

Мітэльшнаўцэр.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЗАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коз свойскіх малочнага шэрснага і пуховага кірункаў. Казінае малако — каштоўны дыетычны прадукт для харчавання дзяцей і людзей са страўнікавымі захворваннямі. Яго перапрацоўваюць на сыры, масла, тварог, сыраквашу і інш. Казіны пух — тонкі, мяккі, лёгкі, моцны і цёплы, з яго робяць хусткі, тканіны, трыкатаж. Са шкур вырабляюць лепшыя гатункі шаўро, хрому, саф’яну, замшы, лайкі; з казліны з густой шэрсцю — імітацыю пад пясца, коціка і інш. футра. Мяса пажыўнасцю блізкае да бараніны, але менш тлустае. У свеце пераважаюць малочныя пароды коз: у Паўд.-Зах. Азіі — сірыйская, у Зах. Еўропе — зааненская, тагенбургская, у міжземнаморскіх краінах — мурсійская і мальтыйская, у Паўн. Афрыцы — нубійская, у Расіі — горкаўская, зааненская, мегрэльская. Сярэднія надоі малака на 1 казу да 1 тыс. л за год (рэкардысткі да 3 тыс. л), вытв-сць мяса 20—28 кг. Пуховая К. развіта ў Кітаі (у Тыбеце), дзе гадуюць кашмірскую пароду коз, у Расіі (арэнбургская і прыдонская пароды). Шэрсная К. пашырана ў Турцыі, ЗША, ПАР, дзе вырошчваюць ангорскую пароду, якая дае каштоўную шэрсць (махер), у Расіі, краінах Б. Усходу. Груба шэрсных коз змешанай прадукцыйнасці гадуюць у горных краінах. У цэлым на Азію прыпадае каля палавіны пагалоўя коз, на Афрыку — каля 30%. З краін Амерыкі ў К. вылучаюцца ЗША, Бразілія, Аргенціна, Мексіка, у Еўропе — Італія, Балканскія дзяржавы. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (120 млн. галоў, 1996), потым Кітай, Пакістан, Бангладэш (больш за 30 млн. галоў).

На Беларусі К. на працягу ўсяго гіст. перыяду. была дапаможнай галіной сельскай гаспадаркі. Пераважаюць малочныя пароды коз — зааненская, руская, мясцовая беспародная. На пач. 1998 пагалоўе коз складала 58,8 тыс. галоў, у асноўным у індывід. гаспадарках; яно больш пашырана на Пн Беларусі (Віцебская вобл.) і ў прыгарадных зонах.

Н.​І.​Жураўская.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВАНАТКА́ЦТВА,

ручное ці машыннае тканне дываноў і дывановых вырабаў (габеленаў, шпалераў, дарожак і інш.). У Д. выкарыстоўваюцца шэрсць, баваўняныя, ільняныя і хім. валокны. Асн. аперацыі: падбор валакністых матэрыялаў, фарбаванне пражы і валакна, тканне і апрацоўка дываноў.

Ручное ткацтва робіцца на верт. або гарыз. варштатах. Выконваецца па нац. узорах або малюнках, зробленых фарбай на спец. паперы ў клетку. Ручныя ворсавыя дываны — шматслойная тканіна палатнянага (міткалёвага) перапляцення трох сістэм нітак — асноўнай, уточнай і ворсавай. Каркаснае палатно тканіны ствараецца перапляценнем асновы і ўтку; вонкавы слой (малюнак дывана) — каляровымі ворсавымі ніткамі, вузлы якіх шчыльна звязваюцца ў гарыз. або верт. парадку на нітках асновы. Бязворсавыя дываны — аднаслойная тканіна, зробленая перапляценнем нітак асновы і рознакаляровых нітак утку. Дываны машыннай вытв-сці падзяляюцца на бязворсавыя (простай і складанай будовы) і ворсавыя. Дываны простай будовы вырабляюцца з адной сістэмы асновы і адной сістэмы ўтку. Узор вытыкаецца на ткацкім станку з Жакарда машынай. Бязворсавыя дываны складанай будовы — гэта двух- або трохслойная тканіна з некалькіх сістэм шарсцяной, баваўнянай ці льняной асновы і шарсцянога ўтку, які стварае ўзор. Найб. вядомыя з такіх дываноў шатландскія і т.зв. «кідэрмінстэрскія» (ням. і англ.). Ворсавыя дываны вырабляюцца звычайна з асноўным, радзей з уточным ворсам. Паводле спосабу ўтварэння асн. ворсу адрозніваюць дываны двухпалотныя з разразным ворсам і т. зв. прутковыя (аднапалотныя). Двухпалотную шматслойную тканіну фармуюць на двухпалотным станку ніткамі карэннай насцільнай і ворсавай асноў і ўтку. Потым ніжняе і верхняе палотны, злучаныя ворсавымі петлямі, разразаюць па ворсавых нітках на 2 дываны. Прутковыя дываны робяць на аднапалотных станках з жакардавымі машынамі (пры набіўных дыванах — без іх). Гатовыя дываны апрацоўваюць, надаюць ім шаўкавісты бляск. змякчаюць фарбавыя тоны ворсавай пражы. ліквідуюць дэфекты ткання і інш.

На Беларусі ворсавыя дываны машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста».

Да арт. Дыванаткацтва: а — вязка вузлоў (двайных і паўтарачных) у ручным дыванаткацтве (1 — гарызантальная, 2 — вертыкальная); б — схема перапляценняў бязворсавых дываноў (1 — палас, 2 — кілім); в — структура двухпалотных дываноў (1, 2, 3 — карэнная, насцільная і ворсавая асновы; 4 — ніткі ўтку; 5 — нож).
Да арт. Дыванаткацтва. Двухпалотны дыванаткацкі станок з машынай Жакарда.

т. 6, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЗЕЛА́НДЫЯ (New Zealand),

дзяржава на аднайм. астравах у паўд,зах. частцы Ціхага ак. Займае 2 вял. астравы (Паўночны — 114,6 тыс. км², Паўднёвы — 151,8 тыс. км²) і шмат дробных (найб. з іх Сцьюарт — 1,7 тыс. км²). Пл. 269,1 тыс. км². Нас. 3662,3 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Уэлінгтан, асн. прамысл. цэнтр, найб. горад — Окленд. Дзярж. мовы — англійская і маарыйская. Краіна падзяляецца на 93 графствы, 9 раёнаў і 3 гар. раёны. Пад кіраваннем Н.З.Кука астравы, Ніуэ, Такелау. Нац. свята — Дзень Вайтангі (6 лют.).

Дзяржаўны лад. Н.З. — парламенцкая канстытуцыйная манархія ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, прызначаны на 5 гадоў па прапанове ўрада Н.З. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — палаце прадстаўнікоў, якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 3 гады (120 дэпутатаў, з якіх 65 выбіраюцца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва, у т. л. 5 месцаў прадастаўляюцца насельніцтву маары, 55 — па партыйных спісах). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе лідэр партыі, якая атрымала на парламенцкіх выбарах большасць месц.

Прырода. Паверхня пераважна гарыстая і ўзгорыстая. На З в-ва Паўднёвы — Паўд. Альпы (г. Кука, 3764 м), на У — плато і раўніны. На в-ве Паўночны ёсць асобныя хрыбты, раўнінныя і ўзгорыстыя тэрыторыі, у цэнтр. ч. — вулканічнае плато. Шмат вулканаў (ёсць дзеючыя), гейзераў, мінер. крыніц, частыя землетрасенні. Невял. радовішчы вугалю, прыроднага газу, нафты, руд металаў, золата і інш. Шмат тэрмальных вод. Клімат марскі субтрапічны, на Пд умераны. Сярэдняя т-ра ліп. ад 12 °C на Пн да 5 °C на Пд, у гарах -2 °C, часам да -15 °C. У студз. 19 °C на Пн, 14 °C на Пд. Ападкаў за год на зах. схілах гор 2000—5000 мм, на ўсх. схілах і прыбярэжных раўнінах 400—700 мм. На ПдЗ в-ва Паўднёвы ёсць ледавікі. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Шмат горных азёр. Для расліннасці характэрна вял. колькасць эндэмікаў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У жывёльным свеце многа стараж. відаў. У Н.З. 10 вял. нац. паркаў (займаюць 8% тэр., найб. — Ф’ёрдленд на ПдЗ Паўднёвага в-ва, пл. больш за 12 тыс. км²), марскія паркі, шматлікія рэзерваты. Тэ Вахіпунаму — паўд.-зах. раён Паўднёвага в-ва і нац. парк Тангарыра ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Каля 74,5% — англановазеландцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі, каля 9,7% — маары, карэнныя жыхары астравоў. Жывуць таксама эмігранты з Еўропы (4,6%), астравоў Ціхага акіяна (3,8%), азіяцкіх краін і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (больш за 50%) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены раўніны і ўзгоркавыя тэрыторыі, асабліва на Паўночным в-ве (на ім жыве каля 72% насельніцтва краіны). У гарадах 86% насельніцтва. Найб. гарады (з прыгарадамі, тыс. ж., 1998): Окленд — 910,2, Уэлінгтан —326,9, Крайстчэрч — 312,6, Гамільтан — 151,8, Нейпір — 111,2, Данідын — 110,8. У прам-сці занята 25,1% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 9.8%, у абслуговых галінах — 65,1%.

Гісторыя. Паводле палінезійскіх легенд, Н.З. заселена ў 10—14 ст. выхадцамі з а-воў Таварыства. Напярэдадні з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары Н.З. — маары падзяляліся на дзесяткі плямён, якія не мелі ўласных дзярж. утварэнняў. Адкрыта галандскім мараплаўцам А.Я.Тасманам у 1642, названа ў гонар адной з галандскіх правінцый. У 1769—70 даследавана англ. капітанам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. ў Н.З. з’явіліся еўрап. місіянеры, утвораны першыя еўрап. пасяленні. 6.2.1840 прадстаўнікі брыт. ўрада прымусілі правадыроў маары падпісаць дагавор, паводле якога над Н.З. прызнаваўся брыт. пратэктарат, з 1841 — брыт. калонія, месца масавай іміграцыі з Вялікабрытаніі. Захоп зямель маары прывёў да англа-маарыйскіх войнаў 1843—71. Да канца 19 ст. карэннае насельніцтва складала менш за 10% жыхароў краіны. У 1893 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. З 1907 Н.З. атрымала статус дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. імперыі. У 1-ю сусв. вайну больш за 100 тыс. новазеландцаў ваявалі ў Еўропе ў складзе брыт. войск.

Паводле Вестмінстэрскага статута 1926 Н.З. атрымала з 1931 поўную самастойнасць ва ўнутр. і знешніх справах. У 2-ю сусв. вайну новазеландскія войскі ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях у Еўропе і на Ціхім акіяне. У 1951 Н.З. далучылася да саюза АНЗЮС (Аўстралія, Н.З., ЗША), у 1954 — да СЕАТО. Удзельнічала ў в’етн. вайне 1964—73 на баку ЗША. У паліт. жыцці Н.З. з 1930-х г. сапернічаюць Лейбарысцкая і Нац. партыі. У 1980-я г. ўрад лейбарыстаў на чале з Д.​Лонгі змагаўся за стварэнне бяз’ядз. зоны ў паўд. ч. Ціхага акіяна. На выбарах 1993 перамагла Нац. партыя, урад якой (з 1997 на чале з Дж.​Шынлі) пачаў рэформу для паскарэння эканам. развіцця краіны. У Н.З. дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая партыя, Нац. партыя, «Н.З. — перш за ўсё». Н.З. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Гаспадарка. Н.З. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 17 тыс. дол. (1998). Аснова эканомікі — высокаразвітая сельская гаспадарка (гал. чынам жывёлагадоўля) і прам-сць, якая перапрацоўвае с.-г. прадукты. Н.З. займае адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце масла, воўны, сыру і мяса. Дзяржава кантралюе закуп і збыт с.-г. прадукцыі, імпарт, асваенне новых зямель, эл.станцыі, чыгункі, вугальныя шахты. У прамысловасці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Вядзецца здабыча прыроднага газу (каля 5 млн. м³ штогод), каменнага і бурага вугалю (каля 3 млн. т штогод), тытанамагнетытавых пяскоў, руд жалеза, медзі, свінцу, цынку і інш. Вытв-сць электраэнергіі 35,5 млрд. кВт гадз (1996). На ГЭС атрымліваюць 75,7% электраэнергіі, на ЦЭС — 18,7%, на геатэрмальных электрастанцыях — каля 5%. Найб. развіта харч. прам-сць экспартнага кірунку. Працуюць шматлікія (больш за 15 значных цэнтраў) бойні, мясакамбінаты, мясакансервавыя прадпрыемствы, халадзільнікі, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, у т. л. маслабойні і сыраварні. Ёсць прадпрыемствы па кансерваванні пладоў і рыбы (Крайстчэрч, Нейпір), млынкамбінаты і інш. У машынабудаванні вылучаюцца аўтазборка (Окленд, Уэлінгтан, Крайстэрч, Нельсан, Уайтара), вытв-сць суднаў для кабатажнага плавання, рыбалоўных траўлераў, лёгкіх трансп. і с.-г. самалётаў (Окленд, Гамільтан). Пашырана вытв-сць разнастайнай с.-г. тэхнікі, абсталявання для малочных ферм, малака- і мясаперапр. прам-сці, а таксама быт. электратэхнікі, халадзільнікаў, тэле-, радыёапаратуры. Піламатэрыялы, цэлюлоза і папера выпускаюцца пераважна на Паўночным в-ве, гал. цэнтр — Уэлінгтан. Працуюць сталеплавільны камбінат (каля Окленда), алюмініевы з-д (каля Інверкаргіла). Прадпрыемствы хім. прам-сці выпускаюць угнаенні, пестыцыды, фарбавальнікі, фармацэўтычныя вырабы, аміяк, мачавіну, метанол. У г. Фангарэі нафтаперапр. з-д, прадпрыемствы нафтахім. прам-сці. На мясц. сыравіне працуюць цэм., шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя з-ды. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае воўну, лён, скуры, імпартныя бавоўну, шаўковую і нейлонавую пражу. У тэкст. прам-сці вылучаецца вытв-сць шарсцяных (Уэлінгтан, Крайстчэрч, Інверкаргіл) і баваўняных (Окленд, Данідын) тканін. У Оклендзе гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. У сельскай гаспадарцы пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 2,4 млн. га, пад кармавымі травамі, лугамі і пашай больш за 13,5 млн. га. Каля 70% прадукцыі даюць буйныя фермы (болей за 400 га). Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Жывёлагадоўля дае каля 80% кошту с.-г. прадукцыі. Н.З. — адзін з буйнейшых экспарцёраў высака-якасных мяса-малочных прадуктаў (кантралюе 25% сусв. рынку малочнай прадукцыі), шэрсці (саступае толькі Аўстраліі), бараніны. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 9, авечак — 47,4, свіней — 0,4, коз — 0,2, свойскай птушкі — 12. Буйн. раг. жывёла гадуецца пераважна на Паўночным в-ве, авечкі размеркаваны раўнамерна паміж астравамі. Штогадовая вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — каля 600, бараніны — каля 200, масла і сыру — прыкладна па 200, кансерваванага малака — каля 500, ачышчанай воўны — каля 200. Земляробства мае другараднае значэнне. Значныя плошчы пад кармавымі культурамі. Збор (тыс. т, 1998): пшаніцы — 250, ячменю — 398, кукурузы — 145, бульбы — 260. Агародніцтва. Садоўніцтва (збор яблыкаў у 1998—475 тыс. т). У Н.З. ўведзена ў культуру расліна ківі. Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1996—421,1 тыс. т). Пчалярства. Лясная гаспадарка. Развіты замежны турызм. Н.З. штогод наведвае каля 1,5 млн. замежных грамадзян, якія расходуюць у краіне каля 2,5 млрд. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (1996): чыгунак 3973 км, у т. л. электрыфікаваных 519 км, аўтадарог 92,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 53,6 тыс. км; нафта- і прадуктаправодаў 310 км, газаправодаў 1000 км. 44 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнародныя. Знешнія сувязі пераважна пры дапамозе марскога флоту. Гал. парты: Окленд, Крайстчэрч, Данідын, Таўранга, Уэлінгтан. У 1998 экспарт склаў 12,9 млрд. дол., імпарт — 13 млрд. дол. У экспарце пераважаюць шэрсць, бараніна, ялавічына, рыба, сыр, хімікаты, драўніна, фрукты і гародніна, малочныя прадукты; у імпарце — разнастайныя машыны і абсталяванне, нафта, спажывецкія тавары, пластмасы. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія (20% экспарту, 27% імпарту), ЗША (адпаведна 10 і 19%), Японія (15 і 12%), Вялікабрытанія (па 6%). Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н.З. больш за 730 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «New Zealand Herald» («Новазеландскі веснік», з 1863), «The Evening Post» («Вячэрняя пошта», з 1865), «The Dominion» («Дамініён», з 1907), «The Press» («Друк», з 1861), «New Zealand Truth» («Новазеландская праўда», з 1904), «New Zealand women’s weekly» («Новазеландскі жаночы штотыднёвік», з 1934), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1965). Інфарм. агенцтвы: Нью Зіленд Прэс Асашыэйшэн (НЗПА, з 1873), Саўт Пасіфік Ньюс Сервіс (з 1948, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1925. Дзейнічаюць 2 агульнанац. і больш за 30 камерцыйных радыёпраграм. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 3 праграмы (2 агульнанац. і 1 прыватная) і 3 каналы спадарожнікавага тэлебачання. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе ўрадавая карпарацыя Новазеландскага дзярж. вяшчання.

Літаратура. Развіваецца на мове народа маары і англійскай. У запісах 19 ст. збярогся багаты фальклор маары (міфы, легенды, песні, прыказкі). Першыя творы (1850—80-я г.) створаны ў рэчышчы англ. літ. традыцый. Рамант. характар мела паэзія А.​Домета і Т.​Брэкена. Вольналюбівымі матывамі прасякнуты вершы У.​Голдэра і Дж.​Бара. Пад уплывам віктарыянскага рамана пра калан. падарожжы зарадзіліся аўтабіягр. проза (М.​Э.​Баркер) і т.зв. калан. раман (Дж.​Уайт, Дж.​Г.​Уілсан). Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны нац.-патрыят. і дэмакр. тэндэнцыямі, адлюстраваннем сац. і расавых праблем (Дж.​Макей, У.​Сатчэл). Стваральніца рэаліст. псіхал. навел — К.​Мэнсфілд. Феміністычнымі матывамі адметная творчасць Дж.​Мандэр. У 1930-я г. развівалася паэзія сац. пратэсту (Р.​Мейсан, А.​Фэрберн, Д.​Гловер). У вершах А.​Кэрнаў — асэнсаванне гіст. лёсаў краіны. Медытатыўнасць, рэліг. бачанне свету характэрны для паэзіі Дж.​Р.​Херві, М.​У.​Бетэл. Вызначальная рыса л-ры 1930—40-х г. — станаўленне і развіццё рэаліст. сац. рамана (Дж.​Лі, Дж.​Малган, Р.​Хайд, Ф.​Сарджэсан) і апавядання (Р.​Фінлейсан). Пасля 2-й сусв. вайны спектр тэм, жанраў і літ. сувязей пашырыўся. У паэзіі пераважалі маральна-філас. праблематыка (Дж.​Бакстэр, А.​Кэмпбел), тэмы нац. і паэт. самавызначэння, пейзажная лірыка. Рэаліст. тэндэнцыі развівалі раманісты Д.​Дэвін, М.​Джозеф, Н.​Хіліярд, С.​Аштан-Уорнер, Б.​Пірсан. У 1960—70-я г. папулярным жанрам стала навела, у т. л. псіхал. (М.​Шэдбалт, Б.​Міткаф, А.​Мідлтан). Пачынальніцай новазел. мадэрнізму лічыцца Дж.​Фрэйм. Новая з’ява ў новазел. л-ры — творчасць пісьменнікаў-маары (Х.​Туварэ, В.​Іхімаэра, П.​Грэйс), для якіх характэрна пільная ўвага да еўрапейска-новазел. і інш. маст. традыцый з захаваннем маарыйскай культ. спадчыны.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Н.З. захаваліся стараж. помнікі мастацтва маары — арнаментальная разьба па косці, пятрогліфы і наскальныя размалёўкі. Да часоў англ. каланізацыі для культуры маары былі характэрны буд-ва жытлаў з бярвення, дамоў сходаў, расквечаная разьба пабудоў, лодак, быт. прадметаў. Вёскі часам абносілі агароджамі і равамі. У 2-й пал. 19 ст. ўзніклі гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мноствам адкрытых прастораў і зеляніны ў цэнтры. У 1920—40-я г. неакласіцыстычныя і неагатычныя пабудовы змяніліся сучаснымі (жал.-бетонны, стальны каркас, у аздабленні — дрэва). На англ. ўзор будуюцца 1-павярховыя дамы з мясц. асаблівасцямі (вял. навесы, шырокія спальныя балконы і інш.) і звязаныя з навакольным пейзажам. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася мясц. школа жывапісу: Г.​Ліндаўэр, Ф.​Ходжкінс, Ч.​Ф.​Голдзі адлюстроўвалі побыт і тыпы маары, П. ван дэр Велдэн і Дж.​Нейрн, П.​Макінтайр — прыроду краіны. Дэкар. абагульненасць уласціва пейзажам «кентэрберыйскай школы» (А.​Ф.​Нікал і інш.). Развіваюцца манумент. (Л.​Мітчэл) і акварэльны (Э.​Лі-Джонсан) жывапіс, скульптура (Р.​О.​Грос), гарадскі (Э.​Пейдж) і індустрыяльны (Дж.​Уікс) пейзаж. У разьбе па дрэве і ксілаграфіях М.​Тэйлара ўвасоблены жыццё краіны і легенды маары, іх паэт. фантазія.

Музыка. У вуснай традыцыі захаваліся маарыйскія рытуальныя песні і танцы, эпічныя, любоўныя, прац. песні, звязаныя з пластыкай. Сярод муз. інструментаў: розныя трубы (пу; з ракавін, дрэва, гарбуза), разнавіднасці флейт (з ільняной саломкі, скуры і інш.), гудзёлкі, драўляныя гонгі паху, кастаньеты, з пач. 20 ст. — канцэрціна, акардэон, скрыпкі, фп. Значную ролю ў развіцці нац. муз. культуры адыгралі А.​Нгата, кампазітары і спевакі К.​Тахаві, В.​Гуата, Тэ Рэме Карэпа, Т.​Нгаваі, А.​Аватэрэ. Музыка перасяленцаў засн. пераважна на муз. традыцыях Вялікабрытаніі. З канца 19 ст. ў гарадах наладжваліся аматарскія сімф. канцэрты і оперныя спектаклі. У 1882 адкрыты ф-т музыкі ў Кентэрберыйскім ун-це (г. Крайстчэрч). Пасля 2-й сусв. вайны створаны сімф. аркестр Новазеландскай радыёвяшчальнай карпарацыі, нац. оперная і балетная трупы, муз. ф-ты адкрыты ў шэрагу ун-таў. З 1974 працуе Асацыяцыя новазеландскіх кампазітараў. У станаўленні нац. кампазітарскай школы вял. ролю адыграў аўстралійскі кампазітар А.​Хіл, які выкарыстоўваў у творчасці элементы маарыйскай музыкі (опера «Флейта-прадказальніца», «Маарыйская сімфонія» і інш.). Сярод кампазітараў: Дж.​Казінс, Д.​Лілбёрн, Э.​Локвуд, Дж.​Маклаўд, К.​Смол, Р.​Трымейн, Д.​Фаркуар.

Літ.:

Малаховский К.В. Британия южных морей. М., 1973;

Яго ж. История Новой Зеландии. М., 1981;

Грудзинский В.В., Олтаржевский В.П. Новая Зеландия в международных отношениях 1939—1945 гг. Иркутск, 1993.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура).

Герб і сцяг Новай Зеландыі.
Новая Зеландыя. Геатэрмальная электрастанцыя ў цэнтральнай частцы Паўночнага вострава.
Да арт. Новая Зеландыя. Ледавік Фокс у нацыянальным парку Уэстленд.
Новая Зеландыя. Пейзаж паўночнай часткі Паўднёвага вострава.
Новая Зеландыя. Статак кароў на пашы.

т. 11, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)