вобласць павышанага ціску ў атмасферы. Ціск з максімумам у цэнтры дасягае 1025—1070 мб на ўзр. м. У папярочніку ад соцень да 2—3 тыс.км; ахоплівае трапасферу. Вятры накіраваны ад цэнтра да перыферыі антыцыклону, пад уплывам вярчэння Зямлі адхіляюцца ў Паўн. паўшар’і па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. паўшар’і — супраць. Перамяшчаюцца са скорасцю 30—40 км/гадз з З на У, адхіляючыся да нізкіх шырот; некаторыя антыцыклоны маларухомыя.
У антыцыклонах пераважаюць сыходныя токі паветра, пры якіх адбываецца адыябатычнае награванне, таму т-ра на некалькі градусаў вышэй, чым у цыклонах. Аднак у зімовых маларухомых антыцыклонах над кантынентамі ўмераных шырот адбываецца моцнае выстуджванне паветра. Для тэрыторый, занятых антыцыклонамі, характэрны яснае і сухое надвор’е, тэмпературныя інверсіі, слабыя вятры. Узнікаюць антыцыклоны штодзённа, найб. у субтропіках (Азорскі антыцыклон) і над кантынентамі (Антарктычны антыцыклон, Азіяцкі антыцыклон і інш.). Па тэр. Беларусі за год праходзіць 15—16 антыцыклонаў, якія вызначаюць надвор’е каля 150 дзён.
І.Ю.Куляшова.
Антыцыклон. Ізабары і прыземныя лініі плыні паветра: а — Паўночнае паўшар’е; б — Паўднёвае паўшар’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЕНЬ,
моцны, звычайна кароткачасовы дождж канвектыўнага паходжання, або шквалісты дождж пры праходжанні халоднага фронту ў цыклонах умераных шырот. Інтэнсіўнасць Л. — колькасць ападкаў за 1 мін. Пры працягласці 5 мін Л. лічаць дождж з сярэдняй інтэнсіўнасцю 0,5 мм/мін, 30 мін — 0,23 мм/міні г.д. У кожным пункце Беларусі ў сярэднім за год бывае 8 Л. Найбольшы адзначаны 6.8.1970 (г. Бабруйск), дзе за 3 гадз 35 мін выпала 128 мм ападкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
цёплае паверхневае цячэнне ў паўн.ч. Ціхага ак. (паміж 35 і 42°паўн. ш.), працяг цячэння Курасіо. Накіравана на У ад в-ва Хонсю да берагоў Паўн. Амерыкі. Утварае пераходную зону на мяжы трапічных вод і вод умераных шырот. Т-ра вады 7—16 °C зімой, 18—23 °C летам. Скорасць 0,9—1,1 км/гадз. Ва ўсх.ч. Ціхага ак. разгаліноўваецца на Аляскінскае цячэнне і Каліфарнійскае цячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПА́ЎЗА (ад грэч. diapausis перапынак, прыпынак),
стан часовай паніжанай фізіял. актыўнасці жывёл. Характарызуецца рэзкім зніжэннем абмену рэчываў і прыпыненнем формаўтваральных працэсаў. Звычайна Д. назіраецца ў зімовы перыяд і служыць прыстасавальнай рэакцыяй. Вылучаюць формы Д.: эмбрыянальную — на стадыі яйца (напр., у калаўротак, ніжэйшых ракападобных, саранчовых), лічынкавую (зімуюць вусені і лічынкі ў многіх матылёў, жукоў-даўганосікаў, ручайнікаў і інш.), кукалкавую (зімуюць кукалкі капуснай бялянкі, капуснай соўкі і інш.), імагінальную (зімуюць дарослыя асобіны камароў, жукоў-лістаедаў і інш.). Для большасці жывёл умераных і высокіх шырот Д. звязана з даўж. светлавога дня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫЯ МА́СЫ,
вялікія аб’ёмы паветра ў трапасферы, сувымерныя па плошчы з часткамі мацерыкоў і акіянаў. Валодаюць пэўнымі аднароднымі ўласцівасцямі і перамяшчаюцца як цэлае ў адной з плыняў агульнай цыркуляцыі атмасферы, адасоблены ад суседніх пагранічнымі зонамі — франтамі атмасфернымі. Характэрныя ўласцівасці П.м. набываюць у месцах фарміравання з аднароднай подсцільнай паверхняй (трапічны акіян, марскія прасторы умеранага пояса, арктычныя моры, вял. раёны тайгі або пустынь і інш.) і аднародных умовах атрымання сонечнага цяпла. Пры перамяшчэнні некаторы час захоўваюць уласцівасці, атрыманыя ў месцах фарміравання, потым страчваюць іх і трансфармуюцца ў новыя П.м.
Характар трансфармацыі залежыць ад розніцы т-ры подсцільнай паверхні і т-ры ў П.м. Паводле агульнай класіфікацыі П.м. падзяляюць на цёплыя, халодныя і мясцовыя. Цёплыя рухаюцца ў больш халоднае асяроддзе, халодныя — у больш цёплае, мясц. знаходзяцца ў ачагу фарміравання. Паводле паходжання вылучаюць занальныя тыпы П.м.: арктычнае паветра, антарктычнае паветра, умераных шырот паветра (палярнае), трапічнае паветра і экватарыяльнае паветра. Кожны тып па ўласцівасцях падзяляецца на марское і кантынентальнае паветра ў залежнасці ад вобласці фарміравання або трансфармацыі. На Беларусі пераважае вільготнае марское паветра ўмераных шырот, якое фарміруецца над Атлантычным акіянам. Паступленне яго абумоўлена дзейнасцю цыклонаў на палярным фронце і арктычным фронце. Найб. халоднае арктычнае паветра прыходзіць з ПнЗ і мае ўласцівасці вільготнага марскога, радзей з ПнУ паступае кантынентальнае паветра. Трапічнае паветра абумоўлена ўплывам азорскага антыцыклону, часцей бывае на Пд рэспублікі, вельмі рэдка ў цэнтр. і паўн. раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́РА ЗАКО́Н, Бэра—Бабінэ закон,
тлумачыць адхіленне цячэння і падмыў берагоў рэк уплывам сутачнага вярчэння Зямлі. Абгрунтаваны ў 1857 К.М.Бэрам, які паказаў, што руславы паток рэк мерыдыянальнага напрамку пад уздзеяннем Карыяліса сілы адхіляецца ў Паўн. паўшар’і ўправа і падмывае правы бераг, у Паўд. — улева і падмывае левы бераг. Франц. вучоны Ж.Бабінэ даказаў, што так адхіляюцца ўсе рэкі, незалежна ад напрамку цячэння. Сіла Карыяліса на экватары роўная нулю і павялічваецца ў напрамку да полюсаў, а сіла адхілення патоку прапарцыянальная масе вады, таму Бэра закон найб. праяўляецца на вял. рэках сярэдніх шырот (Дняпро, Волга, Дунай, Парана, Уругвай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія ўтвараюць бальзамы. Найб. вядомыя ў тропіках і субтропіках (т.зв. «бальзамныя» дрэвы, радзей кусты). «Бальзамным» дрэвам называюць паўднёваамер. віды з роду Myroxylon сям. бабовых (Myroxylon balsamum, Myroxylon pereira), якія даюць талуанскі і перуанскі бальзамы. З некаторых відаў роду Copaifera таго ж сямейства атрымліваюць капайскі бальзам. Многія бальзамныя расліны вядомы сярод прадстаўнікоў сям. бурзэравых, клюзіевых, ці святаяннікавых, дыптэракарпавых і інш. Да бальзамных раслін належаць некаторыя дрэвы і кусты ўмераных і паўн.шырот, якія даюць жывіцу, — хвоя, елка, ядловец, піхта, лістоўніца, кедр і інш. На Беларусі бальзамныя расліны — хвоя, елка, ядловец і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, інтэргляцыял,
адрэзак часу паміж 2 ледавікоўямі ў антрапагенавым перыядзе. Працягласць М. каля 10—30 тыс. гадоў. Пачаткам з’яўляецца канец рэгрэсіўнай фазы папярэдняга ледавікоўя, заканчэннем — пачатак трансгрэсіі наступнага ледавіка. Характарызуецца пацяпленнем клімату, вызваленнем тэрыторый умераных шырот ад ледавіковага покрыва і ў сувязі з гэтым падняццем тэрыторыі (працэсы гляцыяізастазіі, гл.Ізастазія); ажыўленнем эразійных працэсаў, намнажэннем алювіяльных, азёрных і балотных адкладаў, развіццём расліннасці ад хвойных, мяшаных да шыракалістых лясоў (у перыяд кліматычнага оптымуму), а ў канцы М. — зноў хвойных. На тэр. Беларусі вылучаюць 4 М.: белавежскае (самае старажытнае), александроўскае, шклоўскае і муравінскае (гл. адпаведныя артыкулы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫ ФРОНТ,
лінія падзелу паміж арктычным паветрам і паветрам умераных шырот (палярным паветрам), паўд. мяжа арктычнай паветранай масы. Фарміруецца ў Арктыцы на Пн ад Еўропы і Паўн. Амерыкі паміж 60° і 75°паўн. ш. У залежнасці ад напрамку руху арктычнага фронту на адным з участкаў можа быць цёплым, на другім халодным, з ім звязана інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць. На тэр. Беларусі прыходзіць з ПнЗ (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — з Пн і ПнУ. На клімат Беларусі найб. уплываюць халодныя ўчасткі арктычнага фронту, якія выклікаюць ападкі, паўн. вятры, паніжэнне т-ры паветра, зімой — мяцеліцы. За год пад уплывам халоднага арктычнага фронту ў сярэднім бывае 21—24 дні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,
прыродны вышынны пояс у гарах пераважна ўмераных і субтрапічных шырот. Размешчаны вышэй за субальпійскі пояс, пры значнай вышыні гор змяняецца нівальным поясам. Вышыннае знаходжанне альпійскага пояса вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах А.п. знаходзіцца на выш. 2200—3000 м, на Цянь-Шані — 1000—1800 м, у Гімалаях — 3600—5000 м). Клімат суровы высакагорны. Сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 14 °C, ападкаў 1000 мм і больш за год. Снегапады, моцныя вятры, снегавыя лавіны. Снегавое покрыва 6—10 месяцаў. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. Характэрны бязлессе, альпійская расліннасць на горна-лугавых глебах.